Полезное:
Как сделать разговор полезным и приятным
Как сделать объемную звезду своими руками
Как сделать то, что делать не хочется?
Как сделать погремушку
Как сделать так чтобы женщины сами знакомились с вами
Как сделать идею коммерческой
Как сделать хорошую растяжку ног?
Как сделать наш разум здоровым?
Как сделать, чтобы люди обманывали меньше
Вопрос 4. Как сделать так, чтобы вас уважали и ценили?
Как сделать лучше себе и другим людям
Как сделать свидание интересным?
Категории:
АрхитектураАстрономияБиологияГеографияГеологияИнформатикаИскусствоИсторияКулинарияКультураМаркетингМатематикаМедицинаМенеджментОхрана трудаПравоПроизводствоПсихологияРелигияСоциологияСпортТехникаФизикаФилософияХимияЭкологияЭкономикаЭлектроника
|
Мы 3 Санькам - сеньёры
Дзядзька Скок часта гаворыць, што нашай вёсцы шанцуе. Стаіць яна на шашы пад горадам, вакол лугі ды палі, ад лесу далека, і таму пабывала ў ёй амаль уся Еўропа. Апранутая ў салдацкія мундзіры, гэтая самая Еўропа начавала ў нашых хатах, смяялася з нашых звычаяў, з ахвотай ела нашых курэй, страляла сабак і людзей, крала вёдры, трушчыла платы. Еўрапейскія коні са смакам хрумсталі наша сена. Не лічачы немцаў, мы бачылі ўжо славакаў і мадзьяр. Нам не хапала яшчэ італьянцаў. Цяпер у нас і італьянцы будуць. Яны прыйшлі сярод дня ў нядзелю. Нягледзячы на нудны, дробны дождж, які імжыў з самай раніцы, я, Санька і іншыя хлапчукі пабеглі паглядзець, што там за яны. Дзядзька Скок казаў, быццам італьянцы любяць, жаб. Бяды ў гэтым вялікай няма. Нам такога дабра не.шкада — няхай ядуць. У нашым раўчаку іх хопіць на ўсю Італію! Але на жаб італьянцы не кінуліся. Яны строем прайшлі па вуліцы, мінулі раўчак і накіраваліся да царквы. Потым лавіць, напэўна, будуць, калі разыдуцца па хатах. Нічога асаблівага ў гэтых італьянцах няма. Мундзіры амаль такога ж колеру, як і нямецкія. Здзівілі нас толькі зорачкі, белыя пяцівугольныя зорачкі на пілотках і каўнярах мундзіраў. Гэта нас нават збянтэжыла: зорачкі — і супраць нашых? Свет, аказваецца, не такі просты. Не ўсе ворагі з крыжамі. Нам спадабаліся іх карабіны. Самыя па нашай сіле: намнога карацейшыя і лягчэйшыя за нямецкія вінтоўкі. А гранаты ў іх, як велікодныя яйкі, расфарбаваныя ў розныя колеры: палавіна — сіняя, палавіна — чырвоная. 3 аднаго канца гузік, каб шморгаць. Словам, нядрэнныя гранаты. Салдаты ўсе невысокага росту, зато афіцэр, які крочыць перад калонай, нібы пажарная каланча. Шыю выцягнуў, як гусак, і тонкімі нагамі ў бліскучых ботах перабірае. Цот у цот скакун, што быў да вайны ў калгасе. — Дылда! — сказаў пра яго Санька, і ўсе хлопцы згадзіліся — лепшай мянушкі не прыдумаеш. Італьянцы раскватараваліся па хатах вакол новай школы. У самой школе ўжо і не пражывеш. У ёй ніводных дзвярэй, ніводнага акна, узадрана драўляная падлога, павыпільваны падмоснікі і бэлькі, на якіх трымалася столь. На школьным двары спынілася толькі палявая кухня. Повар наліў у катлы вады, насыпаў макарону, спрытна вялікім нажом адкрыў кансервавыя бляшанкі. Па сялу пайшоў мясны пах. Выдумаў, мабыць, дзядзька Скок пра жаб. Дылда спыніўся на кватэры ў майго дзеда Мікалая. Яму спадабалася, што дзедава хата непадалёку ад шашы і ў гразь не трэба будзе пэцкаць бліскучыя боты. Дзяншчык, спрытны, каржакаваты салдат, з падводы ў хату бясконца цягае чамаданы, пакункі, скрынкі. Мы з Санькам таўчомся ў сенцах, спадзеючыся ўбачыць што-небудзь цікавае. Нарэшце падвода разгружана, на канапе зроблена пасцель. Дылда развесіў па сценах свае манаткі: бінокль, рыпучую папругу з пісталетам, і салдат пачаў збіраць абед. Да Дылды прыйшлі ў госці два афіцэры, толькі не такія доўгія: адзін з чорнай барадой венікам, а другі зусім яшчэ малады. Яны сядзяць за сталом, п'юць нейкую рудую гарэлку. Дзед кажа — каньяк. — Напэўна, конская,— зразумеў Санька.— Ёсць жа конскае шчаўе. Італьянцы махаюць рукамі, штосьці бубняць, а што — не разбярэш. Толькі два словы мы з Санькам разумеем: сеньёр і дучэ. Сеньёр — гэта па-іхняму пан, а дучэ — гэта іхні Гітлер. У сенцах на стале салдат адкрываў кансервы ды ўсё новыя бутэлькі. Вось ён дастаў нейкую невялікую дзежачку, калупнуў з яе на нож — масла. Лізнуў італьянец нож языком — зморшчыўся. Дзеду пальцам ківае: ідзі паспрабуй. — Можа атручанае якое? — апасаецца і дзед, але падкруціў свае вусы і таксама лізнуў. Дзед зморшчыўся яшчэ больш за італьянца, нават плюнуў і рот далонню выцер. — Нікс гут! — сказаў ён чамусьці па-нямецку, а потым ужо па-нашаму дадаў: — Дрэнь, адным словам, скура з языка аблазіць. Тады салдат калупнуў з другой дзежачкі. Дзед зноў лізнуў, доўга прыслухоўваўся да смаку і сказаў: — Можна есці. Італьянец радасна заківаў галавой, аддаў дзеду сапсаванае масла і пачаў штосьці гаварыць і махаць рукамі. — Ды закапаю, закапаю, не бойся,— зразумеў стары і, праходзячы міма нас на двор, прабурчаў: — Самі баяцца атруціцца, а нам з вамі можна. Мы — не людзі... Дылдавы госці выжлукцілі сваю конскую гарэлку і пайшлі па хатах. Дылду стала сумна. Заўважыўшы нас з Санькам у парозе, ён паківаў пальцам, каб падышлі. — Сеньёр Антоніо, — паказаў на сябе Дылда рукой. Мы кіўнулі галовамі: зразумела — Антон. I тут Дылда ткнуў у Санькаў нос. — Санька, — працадзіў мой прыяцель. — Сеньёр Санька,— паправіў яго Дылда і зарагатаў. Калі Дылдаў палец нацэліўся на мяне, я сам бойка адрапартаваў: — Сеньёр Іван! Дылду гэта так спадабалася, што ён аж пасінеў ад смеху. Мне здавалася, што італьянец вось-вось захліпнецца. Як гляне на Санькавы босыя, парэпаныя ногі, дык проста з услона валіцца. — Сеньёр Санька! А потым пакажа на мае рудыя, з нямецкага мяшка штаны і за жывот бярэцца. — Сеньёр Іван. I тут нас ахапіла злосць: насміхаецца, гад. Відаць, ад гэтай злосці мой прыяцель набраўся храбрасці і пекануў: — Сеньёр Дылда. Тут ужо мы давімся смехам. Праўда, так не заліваемся, а фыркаем і пырскаем слінай. — Но-о, — не згадзіўся афіцэр, — сеньёр Антоніо. Яшчэ фанабэрыцца. Сказаў бы проста Антон, а то Антоніо. Мне стала яшчэ больш смешна, таму што ўспомніўся прыдуркаваты Антон Глінаед, за якім часта бегаюць дзеці і дражняцца: Антон — Харытон Набіў бабу хамутом. Баба плача, Антон скача. Звычайна тады Антон спыняецца, прыстаўляе пальцы да лба, быццам гэта рогі, і мычыць бугаём, палохае. I тут Дылда, відаць, жадаючы нас задобрыць, зрабіў прамашку. Ён узяў відэлец і дзеўбануў у нейкую смажаніну, што не даелі яго госці. Санька лбом адчыніў дзверы, следам коркам вылецеў я. Станем мы есці. Каб мы бачылі, што яны напіхвалі ў свае бляшанкі, а то, можа, налавілі дзе ў Італіі ў раўчаку. Следам за намі коціцца звонкі рогат. Выскачылі ў сенцы, аглянуліся — не даганяе. На двор выйшлі спакойна. Тут на прызбе салдат чысціць афіцэрскія боты. Ён робіць гэта так спрытна, нібы цыркач. Шчотка раз-пораз вырываецца ў яго з рукі, пераварочваецца ў паветры і сама скача італьянцу ў руку. Мы з Санькам аж раты разявілі. Салдата звалі Педра. — Педра, Педра, — паказаў ён на сябе бліскучым ботам, нацягнутым на руку, потым плюнуў на яго і зноў зашморгаў шчоткай. — Пятро, значыць, — пераклаў мне Санька салдацкае імя, хоць я і без яго гэта зразумеў. Мы таксама назвалі сябе: сеньёр Санька і сеньёр Іван. Дзяншчык аказаўся гаваркім і вясёлым хлопцам. Кінуўшы чысціць боты, ён дастаў з кішэні карты і паказаў нам фокус: быў туз і няма туза. Затым сцягнуў з пальца пярсцёнак, выцер яго аб штаны, паклаў у рот і на нашых вачах праглынуў. Колькі мы ні заглядвалі яму ў рот, пярсцёнка там не было. Пярсцёнак аказаўся ў Санькавым вуху. Мы проста аслупянелі ад здзіўлення. Адным словам, Педра нам спадабаўся. Ён свой чалавек. Магчыма, гэта той самы Пепа, пра якога мы чыталі ў адной кніжцы. Падрос, вядома. Таму мы і адважыліся пусціцца ў размовы пра палітыку. Нам карціць ведаць, якія думкі ў італьянцаў пра ўсё тое, што, робіцца на свеце. Атрымалася гэта так. — Дучэ гут? — пытае Санька. Педра ўзняў ад здзіўлення бровы, чамусьці прыплёў нейкую мадонну, а потым прыклаў да лба пальцы, як прыдуркаваты Антон, і смешна забэкаў: — Бэ-э! — Дучэ — баран, — пераклаў Санька. На развітанне Педра даў нам па сухой, як костка, галеціне і панёс боты ў хату. А ў сенцах нас пачаставала яшчэ і баба Мікалаіха. Яна дала нам па скібцы хлеба з маслам. 3 той самай дзежачкі, якую дзед быццам бы закапаў. Масла як масла, скура з языка не аблазіць. Дзед сядзіць на ўслоне, хітра ўсміхаецца і мацае свае белыя вусы, ці не згубіліся. Ён толькі напалохаў італьянца. Калі італьянцы такія, як Педра, то ўвогуле яны неблагія людзі. Так думаюць, вяртаючыся дамоў, два сеньёры: сеньёр Санька і сеньёр Іван.
27. ЯК САНЬКУ «АЖАНІЛІ»
Італьянцам вельмі падабаюцца савецкія сярэбраныя паўрублі. За адзін такі паўрубель яны могуць даць суконны салдацкі фрэнч або штаны, чаравікі або пару новай бялізны. Цётка Скачыха выменяла, напрыклад, яшчэ зусім новую салдацкую коўдру. Нам італьянцы таксама набіваліся рознымі рэчамі: адзін раз салдат прыносіў боты, а ў другі — пару просцін. Мая бабуля вельмі шкадуе, што ў яе няма ніводнага паўрубля. Глядзіш, і прыабула б нас, абшыла б крыху. У манашкі Чмышыхі аднаму начальніку спадабаліся абразы. Дакладней кажучы, не ўсе абразы, а толькі багамацер. — Прычапіўся ён да мяне, як сляпы да плота, — скардзілася Чмышыха, прыйшоўшы да нас пазычыць рэшата. — Ты мне, кажа, мадонну дай, а я табе кувадла. А на якую хваробу мне тое кувадла? Ды і грэх гэта, мая дзеўка, бога прадаваць. Вось і паказала я яму дарогу да Цімоха Каваля. Можа яму кувадла трэба. — Ён табе каня даваў, — падказаў я манашцы, бо мы з Санькам па-італьянску — рэпу грызём. — Ах, божа ж ты мой, — спалохалася чамусьці Чмышыха і, забыўшы пра рэшата, бягом пабегла з хаты. — Грэх ёй бога прадаваць, — недаверліва паківала галавой бабуля. — Языком толькі. Бабуля Чмышысе не верыць. Усё жыццё манашка гаварыла, што калгасы ад д'ябла, а потым, калі прыйшлі немцы, з парнікоў перацягала цэлы штабель колікаў, да якіх падвязвалі памідоры. Не паглядзела, што яны ад д'ябла. Праз дзень пасля размовы пра мадонну ў Чмышысіным двары хадзіла здаравеннае, вымазанае чымсьці смярдзючым ад каросты, «кувадла». Трубіла яно траву, як у трубу. Манашка была ў роспачы: хутка і вушы аб'есць. У бабы Гапы аднаму італьянцу спадабалася курыца. Праўда, «кувадла» ён за яе не даваў, а пакуль баба была на агародзе, адкруціў курыцы галаву, схапіў пад паху і ўцёк. 3 гэтага мы таксама зрабілі вывад, што італьянцы лепшыя за немцаў. Яны не бяруць нахабна. Спадабалася ім і наша возера: шырокае і глыбокае. Якая ў ім глыбіня, дык гэтага і сказаць немагчыма, бо яшчэ ніхто ніколі пасярэдзіне не дасягаў дна. Старыя людзі кажуць, што калісьці на месцы возера і балота з сітнягамі і аерам стаяла высокая гара, а на гары — царква. Аднойчы, калі ў царкву набілася процьма народу, бог чамусьці раззлаваўся, і царква з людзьмі правалілася пад зямлю. 3 таго часу летам па вечарах, перад захадам сонца, калі добра прыслухацца, нібыта можна пачуць, як пад вадой спяваюць малітву. Мы з Санькам не раз прыслухоўваліся. Сапраўды чуваць спевы, толькі яны чамусьці падобныя на крумканне жаб. Італьянцы доўга тапталіся ля возера, выбіралі сухое месца, а потым грымнуў выбух, і над люстранай гладдзю слупам узнялася вада. Гахнула другі раз, над вадой пракацілася рэха і сціхла ў сітнягах. А ў трэці раз толькі булькнула, як хто шпурнуў камень. Салдаты кінулі гранат з дзесяць. Тры не ўзарваліся. Мы з Санькам добра прыкмецілі, куды яны ўпалі. Салдаты адабралі буйнейшую рыбу і пайшлі, а на нашу долю засталася розная драбяза. Цэлая армія басаногіх хлапчукоў, паскідаўшы штаны, з гоманам і вясёлым крыкам рынулася ў цвілую, ужо добра такі халодную ваду. Мы з Санькам не ганяемся за рыбай. Рыбу з'ясі і ўсё, а граната — іншая рэч. Аднак не адны мы такія разумнікі. Гранаты шукаюць і другія хлопцы. Асабліва Міцька Малах стараецца. За ім нідзе не паспееш. — Ага! — крычыць Міцька. — Вось яна пад нагой! А праз мінуту вылазіць з-пад вады ўрачысты і радасны. У валасах поўна ціны, з галавы сцякаюць мутныя раўчакі, а ў руцэ расфарбаванае ў яркія кодеры «яйка». Толькі без гузіка, за які шморгаюць. Міцькаў поспех нас раззлаваў: шанцуе ж гэтаму Манголу. Мы зусім адубелі. Саньку калоціць, у мяне таксама скура пагусінілася, але вылазіць на бераг з пустымі рукамі ніхто не збіраецца. Ад зайздрасці і адчаю я даю доўгага нырца. Вада на дне, як у калодзежы, рукі і ногі зводзіць, аднак вылазіць нельга: я абмацваю і абмацваю мох, перамешваю твань з вадой. Усё дарэмна. Следам за мной вынырнуў Санька. Па праўдзе кажучы, ён і не вынырнуў па-людску, а неяк высунуўся з-пад вады, быццам пры гульні ў жмуркі. Спачатку паказалася цэлая купіна водарасцей, а потым ужо адно вока, другое завешана травой. Як вадзянік. — Наглытааўся вады,— сказаў Санька, адплёўваючыся, і сцягнуў з галавы травяную шапку. У руцэ граната. Трэцюю ніхто не знайшоў. Мабыць, яна закацілася куды-небудзь пад куст або хто затаптаў у твань. Дамоў ідзём радасныя. Калі лічыць тую гранату, што выменялі ў Храбрага Зайца на процівагаз, ды бабулін таўкачык, ды італьянскае «яйка», то ў нас іх ужо тры. — Толькі гэта можа не ўзарвацца, — бядуе Санька, мацаючы кішэню, куды ён схаваў знаходку. — Мабыць, адсырэла ў вадзе. — Давай пакладу дома на чарэнь, каб высахла, — прапанаваў я. — А ў нас што, няма чарэні? — адвёў маю руку Санька і пры гэтым яшчэ дадаў, што няма чаго рот разяўляць на чужыя гранаты. Трэба было мне самому шукаць, калі хачу сушыць. Мяне ахапіла злосць. Як жа гэта так? Шукаем боепрыпасы разам, разам збіраемся ў партызаны, і раптам італьянская граната — мне чужая? Калі на тое пайшло, дык я першы заўважыў процівагаз, якім мы заплацілі Зайцу; калі ўжо лічыць, дык нямецкі таўкачык цэлы, а гэтая так сабе, без гузіка... Слова за слова, і я назваў Саньку скнарай, а ён мяне варонай. Паспрачаліся і разышліся. А раніцой на другі дзень, калі ад сэрца адлягло і мы з Міцькам зайшлі ў Санькаў двор, цётка Марфешка сустрэла нас, як доўгачаканых гасцей: — А-а, прыйшлі, бісавы дзеці, каб вы сказылыся, каб вас зямля не насіла. Палюбуйцеся! Стаім. Любуемся. У вокнах ніводнай шыбы, бітым шклом усыпана сцежка на двары. У хаце, як гаворыцца, і бог адступіўся: разбурана печ, па падлозе валяюцца залітыя вадой галавешкі, у парозе разбіты надвае шчарбаты чыгун і рассыпана абабраная бульба. Пахне гарэлай анучай і мокрым попелам. Санька сядзіць у кутку на ўслоне, вочы заплаканыя, пад адным з іх здаравенны сіняк, нос расквашаны, апухлы і блішчыць, як шкло. Хадзіць Санька не можа: баліць нага. — Цэ і вы такія безгаловыя? — пытае нас з Міцькам цётка Марфешка. — Вы таксама ў печ бомбы пхаеце? Мы маўчым, толькі насамі шморгаем. — Цэ ж добра, цэ ж добра, што так яшчэ абышлося. Мне як наканована, як хто штурхнуў у бок — ідзі вады! А цэй біс, — і яна добра скубанула Саньку за саламяную грыву,— ляжаў на печы. Не скруціла табе галаву, нячыстая сіла... Санькава маці месца сабе не знаходзіць. Яна збіраецца паклікаць Санькавага дзядзьку Харытона. Той можа паладзіць печ і заадно добра «ажэніць» самаго Саньку. — Ён ажэніць, — з новай сілай разгараецца яе злосць, — ажэніць і долю дасць, хай табе грэц. I, выходзячы за парог, зноў бядуе: — Ішла да калодзежа — быў комін, іду назад — няма коміна. Ах, каб ты... Калі справа даходзіць да жаніцьбы, нам тут з Міцькам няма чаго рабіць. Мы заглянулі ў праём столі, праз які комін выходзіў на дах,— свеціць неба, паспачувалі Саньку і пабеглі: прыйдзе Харытон, будзе і нам тая ж чарка. У тым, што італьянская граната нарабіла шкоды, Санька, між намі кажучы, і не вінаваты. Ён паклаў «яйка» ў печ на цёплы под да раніцы. Жару там не было, а толькі лёгкі дух. Ён разлічваў устаць раней за маці, узяць ужо сухую гранату і занесці ў хованку, ды праспаў. Маці наклала ў печ дроў, наставіла чыгуноў, падпаліла сухія трэскі і пайшла па ваду. Пакуль яна гаманіла з суседкай ля калодзежа, штосьці гахнула. Падышла да хаты — коміна няма. А Санька наогул спачатку нічога не зразумеў. Невядомая сіла падхапіла яго, з грукатам шпурнула на падлогу і агрэла па твары цаглінай. Навокал дым, галавешкі. Ля дзвярэй стаіць да смерці перапалоханая маці і галосіць, як па нябожчыку. Толькі Санька не чуе яе ляманту, у галаве яго гудзе, быццам ён прыклаў вуха да тэлеграфнага слупа. Тыдні праз два выйшаў Санька на вуліцу, ды і то яшчэ кульгаючы. — Ну, а дзядзька цябе ажаніў? — спытаў Міцька. — Хацеў, — сціпла прызнаўся мой прыяцель. Мне ён расказаў больш. Харытон усё ж накруціў яму вушы, асабліва пасля таго, як, складваючы новую печ, знайшоў у саломе нашу хованку: прапалі нашы патроны, прапаў наш таўкачык. Цяпер мы зусім абяззброеныя.
Date: 2016-05-16; view: 431; Нарушение авторских прав |