Главная Случайная страница


Полезное:

Как сделать разговор полезным и приятным Как сделать объемную звезду своими руками Как сделать то, что делать не хочется? Как сделать погремушку Как сделать так чтобы женщины сами знакомились с вами Как сделать идею коммерческой Как сделать хорошую растяжку ног? Как сделать наш разум здоровым? Как сделать, чтобы люди обманывали меньше Вопрос 4. Как сделать так, чтобы вас уважали и ценили? Как сделать лучше себе и другим людям Как сделать свидание интересным?


Категории:

АрхитектураАстрономияБиологияГеографияГеологияИнформатикаИскусствоИсторияКулинарияКультураМаркетингМатематикаМедицинаМенеджментОхрана трудаПравоПроизводствоПсихологияРелигияСоциологияСпортТехникаФизикаФилософияХимияЭкологияЭкономикаЭлектроника






Мой кажушок I Германія





 

На дварэ зіма, а мне трызніцца спякотная, сонечная Афрыка. Я начытаўся пра яе ў кніжках, што нацягаў са школы. У Афрыцы душна і страшна і навокал ні кропелькі вады. Я прабіраюся праз непралазныя джунглі, галіны дзівосных дрэў б'юць мяне па твары гарачым лісцем.

— Вады! Вады! — крычу я.

А за маёй спіной трашчыць буралом. Гляджу — тыгр! Вялізны тыгр падрыхтаваўся да скачка. У маіх руках вінтоўка і побач скрынка патронаў, якія мы знайшлі з Санькам, але ў вінтоўкі не адкрываецца затвор... Цэлюся, а тыгр шэпча:

— Госпадзі, божа мой, і за што такая напасць...

А потым кідаецца на мяне і абдымае гарачымі, ласкавымі лапамі.

— Не раскрывайся,— просіць ён.

Тыгр пахне кажухом.

Затым у нейкім ружовым тумане ўзнікае баба Гапа. Яна водзіць перад маім тварам гарачым вугальком, плюе ў розныя бакі і шэптам загадвае, каб хтосьці з мяне выйшаў, ды на чыстае поле, ды на сухі лес...

А потым загарэлася наша хата. Я кідаюся па печы, хачу выскачыць з полымя і куды ні ткнуся — сцяна.

— Пакладзіце яму на лоб мокрую анучу,— замест таго каб тушыць пажар, раіць Гапа. I ўсё сціхае.

А раніцой мне стала дзіўна: хата цэлая, і знаходжуся я не ў афрыканскіх джунглях, а на печы. Побач сядзіць мурзаты Глыжка і спалоханымі, круглымі вачанятамі глядзіць на мяне. На вокнах снежныя лахматыя кажухі. Шыпяць і страляюць у печы сырыя дровы, грукае ў парозе качарга. Па хаце ходзіць певень з чорным, абмарожаным грэбнем.

— Баб, снедаць, — папрасіў я і сам не пазнаў свайго голасу: нібы сляпое кацяня прапішчала.

Бабуля жвава ўскарабкалася на прыпечак, і мне стала аж смешна: нос вымазаны ў сажу, з-пад хусткі, якую яна сабе зрабіла са старой байкавай коўдры, звісае на лоб рэдкая пасмачка валасоў.

— Ну, значыць, выкараскаўся, — узрадавалася яна.— Гэта ж трэба, паўзімы праваляўся.

Зашорхала па драчцы бульба, загрымела перад печчу патэльня, і вось ужо дымяцца ў місцы гарачыя драчонікі з ружовай скарыначкай. Для такога выпадку ста­рая дзесьці раздабыла нават скварку здору. Я яго ўжо сто гадоў, мабыць, не еў.

Сядзіць бабуля побач са мной на краі чарэні і глядзіць мне ў рот.

— Еш, унук, еш. Бачыш, як Грыша ўмінае...

Добрая ўсё ж у нас бабуля, хоць іншы раз і сварыцца, хоць ёй часта і здаецца, што ў нас растуць рогі, што мы нячысцікі і ідалы... А вось сёння ласкавая, спагадлівая. Шкада толькі, што і яна збіраецца паміраць. Пра гэта бабуля часта гаворыць, асабліва, калі мы з Глыж­кам не слухаемся.

— Вось будзеце такімі неслухамі,—пагражае яна,— вазьму і памру. Будзе вам тады воля, хоць галовы паскручвайце.

На печы, на гладкай бярозавай жэрдачцы, побач з цыбуляй вісіць вялікі чорны клунак. Вісіць ён даўно, мабыць, з таго часу як і печ зрабілі. Што ў гэтым клунку, бабуля хваліцца не любіць. Хіба што вельмі назаляць станеш. Тады яна адмахнецца, нібы ад надакучлівай мухі, і скажа:

— Адчапіся, смала. Пасаг мой там вісіць. Як да бога на суд пайду — прыбрацца трэба будзе.

Сама бабуля ўсё жыццё ходзіць у чыіх-небудзь неданосках, а свой пасаг не чапае нават у вялікае свята. Асабіста я лічу, што гэта няправільна, і часта даю па­рады:

— Ды знасі ты, баб. Новае купім.

Калі пры такіх размовах дома былі дарослыя,— бацька, маці або гасцявала цётка Марына — бабуля крадком паглядвала на іх і папракала нас з Глыжкам:

— Вы, унукі, купіце... Ад вас дачакаешся. Выпхнеце потым у рыззі...

Бацька тады браўся за цыгарку, а цётцы Марыне раптам трэба было некуды ісці.

Аднойчы бабуля пераглядала свой клунак, ці не па­ела яго моль, і я падгледзеў, што ў ім было. Там ляжалі чорная сацінавая спадніца, расшытая па падоле вузенькай зялёнай стужкай, белыя брызентавыя спартыўныя тапачкі з гумавай падэшвай, сподняя кашуля з тонкага льнянога палатна, сіняя паркалёвая кофта ў гарошыну і самая прыгожая рэч — гарусавая хустка. Хустка, відаць, і бабулі падабалася больш за ўсё. Пераклаўшы, ператросшы іншую адзежу, яна доўга, асцярожна гладзіла яе на каленях сваімі каравымі, кашчавымі рукамі. Пры гэтым бабуля схіляла галаву то ў адзін бок, то ў другі. Яна не магла налюбавацца.

А хустка сапраўды была прыгожая: уся ў буйных ружовых кветках, рассыпаных па зялёным полі. Сцяблінкі і лісточкі руж былі такія яркія, як траўка вясной.

Калі бабуля крадком накінула хустку на галаву, я не вытырмаў:

— Баб, а ты прыгожая!

Яна сапраўды быццам памаладзела, упалыя шчокі паружавелі, радаснымі іскрынкамі засвяціліся вочы. Пачуўшы мой голас, бабуля чамусьці спалохалася, хуценька сцягнула гаруску з га лавы і няветліва адгукнулася:


— Прыбяры і пень, дык прыгожы стане.

Так і вісіць з той пары чорны клунак побач з цыбуляй.

Сёння бабуля ў добрым настроі. Яна хутка выпаліла ў печы, зачыніла комін, каб дарма не грэць неба, падмяла ў хаце, загнала пад печ курэй, а потым немаведама з якога свята дала нам з Глыжкам па жмені гарбузовых семак. Астатнія зноў кудысьці схавала. Гэта на насенне.

Глыжка не ўмее лузгаць семкі. Ён іх есць з шалупінамі. Вось бабуля і калупае яму старымі чорнымі пазногцямі: абшчыпле беражкі, спрытна расшчэпіць белыя створкі і пакладзе семку на падушку.

— Гусачка,— гаворыць яна.

Семкі сапраўды падобныя на маленькіх гусянятак, зялёненькія, доўгенькія і з дзюбачкай. Глыжка бярэ гэтых гусачак з падушкі і ў рот. Добра, што ў бабулі няма зубоў,— сама ніводнай не з'есць.

Застукалі ў сенцах боты, рыпнулі дзверы, і па хаце пракацілася белае воблачка марознага паветра. Няўмыка паляпаў рукавіцамі, пацёр імі пунсовыя вушы і сказаў:

— Эх і мароз. Пячэ...

— Пячэ,— адгукнулася бабуля, жвава злазячы з печы.— Пячэ, аж з носа цячэ.

У парозе за Няўмыкам таўкуцца два немцы. Яны згорбіліся, пасінелі, у аднаго з іх сапраўды з носа цячэ. Пастукаўшы крыху абцасамі, немцы падышлі да печы і растапырылі рукі перад засланкай.

— Холёд,— сказаў бабулі той, у якога з носа цячэ, калі яна выйшла насустрач.

Бабуля ім растлумачыла, чаму так:

— Гэта ж вам не пятроўка. У пятроўку — голадна, а ў піліпаўку — холадна.

— Ну, хопіць,— груба перабіў яе Няўмыка.

Ён ходзіць па хаце ў добрых валенках, у доўгім дубленым кажуху, на плячы вінтоўка ўгару прыкладам. Пад яго цяжкімі крокамі рыпаюць масніцы.

— Паступіў загад збіраць для нямецкага войска цёплыя рэчы. Калі хочаце, каб бальшавікі не вярнуліся, трэба дапамагчы Германіі,— аб'явіў ён і выцягнуў з кішіэні зашмальцаваны школьны сшытак.

— Сырцовы? — грозна спытаў ён і, паслініўшы аловак, пачаў штосьці крэмзаць на паперы чырвонымі адубелымі пальцамі.

— Гэта чым жа я дапамагу той Ярманіі? — здзівілася бабуля.— Хіба што спадніцу аддам... Вось світка ёсць.— Яна наказала паліцаю латаную-пералатаную ватоўку.

Няўмыка скрывіўся, быццам нешта кіслае з'еў.

— Ды я ведаю. Ва ўсіх адна і тая ж песня, а кажухі і валёнкі пахавалі. Вось мы зараз паглядзім...

— Холёд,— умяшаўся ў размову немец. Ён паказау бабулі на замёрзлае акно і растлумачыў:

— Эс іст кальт... Бр-р-р!

I паказаў, як яго прабірае мароз.

— А чаму ж ваш Гітлер вам не даў кажухоў? — спытала бабуля.— Хіба ён не ведаў, куды пасылае?

Пачуўшы слова «Гітлер», немцы насцярожыліся і запытальна паглядзелі на Няўмыку, што той скажа. А Няўмыка глянуў спадылба і буркнуў:

— Прыкусі язык, старая качарга...

I прыступіў да справы. Ён перавярнуў усё дагары нагамі ў скрыні. Ніякіх кажухоў там, зразумела, не было. Ператрос матчыну пасцель, заглянуў пад ложак і палез да нас з Санькам на печ.

— Дзіця там хворае,— кінулася наперарэз бабуля. Няўмыка адпіхнуў яе ўбок, нібы сухую былінку.

— Ведаем мы вас...

I сцягнуў з мяне мой кажушок.

Гэта быў не бог ведае які кажух. Яго перашылі мне са старога бацькавага. Было на ім некалькі латак, былі ў ім і дзве-тры дзіркі. Руды Няўмыка доўга круціў адзежыну ў руках, быццам ён не забіраў проста так, а купляў на базары і баяўся пераплаціць.


— Швах...— адгукнуўся ад печы адзін з немцаў.— Зэр швах.

— Вось і я кажу,— радасна падтрымала яго бабу­ля,— па швах ледзь ліпіць... Ды і сіроцкі гэта. Грэх браць...

— А мы за грэх ды ў мех,— крыва ўхмыльнуўся Няўмыка і кінуў кажушок на падлогу.

— Гут,— падбадзёрыў ён немцаў.— На рукавіцы можна перашыць...

I паказаў ім свае аўчынныя рукавіцы.

I раптам бабуля спалохана вохнула і з лямантам кінулася на печ. Там Няўмыка развязваў яе чорны клунак.

— Што ты робіш, ірад? — загаласіла старая.— Я ж на смерць берагу...

Ад моцнага штуршка ў грудзі яна адляцела на сярэдзіну хаты і зноў коршакам учапілася за Няўмыкаў кажух.

— Не руш, Аўдзеіч. Не крыўдзі старога чалавека. Бог цябе пакарае. У чым жа на могілкі мяне панясуць?..

На гэты раз бабуля адляцела яшчэ далей, паваліла ўслон. Грымнуўся аб падлогу гладыш і рассыпаўся на чарапкі.

Немцы стаялі на тым жа месцы і з цікавасцю назіралі за гэтай няроўнай барацьбой. Глыжка са страху зашыўся за комін, я хацеў злезці з печы, заступіцца за бабулю, ды сарваўся з прыпечка і разбіў аб жалезны ложак скроню.

Апрытомнеў я зноў на чарэні. Расплюшчыў вочы — ляжу ўкрыты посцілкай, зірнуў на жэрдку — няма клунка, толькі пляцёнка цыбулі. Нада мной заплаканы бабульчын твар.

— А дурненькі ты,— ласкава папракае яна мяне.— Хіба так можна? Табе ж ляжаць трэба...

— Забралі? — спытаў я, хоць і так было ўсё ясна. Бабульчыны вочы наліліся слязьмі. Яна гучна высмаркалася ў фартух і ўздыхнула:

— Каб іх за жывот так узяло ды не адпусціла.

Мне шкада кажушка, шкада і бабульчынага клунка: такая прыгожая была гаруска. Толькі, калі добра падумаць, тут ёсць чаму і радавацца. Немцам холад­на, так ім і трэба. Справы ў іх неважнецкія, калі Германіі спатрэбіўся мой кажушок.

Ды і бабулька, мабыць, цяпер не будзе так часта збірацца паміраць. Няма пасагу — трэба нажыць.

Але яна, напэўна, думае інакш. Цэлы дзень ходзіць сама не свая. За што ні возьмецца — усё з рук валіцца. Увесь час уздыхае ды вохкае. I толькі пад вечар старая крыху супакоілася. Нарэзала сечкі карове, прынесла вады, а потым села ў парозе на ўслон, склала на прыпале рукі і ўз дыхнул а:

— Нічога не зробіш. Для чаго я сабе яго берагла — няхай ім для таго будзе...

Гэта яна пра свой пасаг.

 

 

НЯМЕЦКІЯ ЖАРТАЧКІ

 

Калі зіма сустракаецца з летам, гэта называецца стрэчаннем. Так нам бабуля казала. У гэты дзень трэба, каб певень напіўся пад страхой вады. Тады будзе добра. Тады на нейкае там свята вол пад'есць травы. У нас, праўда, вала няма, але ёсць карова. Яна траву таксама любіць.

Вокны ўжо адталі, скінулі калматы снежны кажух, і ў хаце светла ад сонца. Яго праменні заглядваюць у вядро з вадой, і па столі бегаюць палахлівыя зайчыкі.

Глыжка з самай раніцы прыліп да шыбы. Яму вельмі хочацца ўбачыць, нап'ецца певень з-пад страхі ці не. Яму надакучыла зіма.


Надакучыла зіма і мне. Я доўга качаўся пасля хва­робы на печы, а потым, калі крыху ачуняў, не мог выйсці на вуліцу — не было чаго апрануць. Кажушок забраў Няўмыка на патрэбы Германіі. Праўда, Германія атрымала дулю, а не кажух. Яго адрамантавалі, пацягнулі зверху матэрыяй. У ім цяпер катаецца на каньках Рудзька, Няўмыкаў вырадак. А Сава раскашуецца ў бабульчынай хустцы. Кажуць, у нядзелю ў царкву прыходзіла: зверху цёплая хустка, а спадыспаду — гаруска.

Я таксама сяджу побач з Глыжкам і з захапленнем гляджу на вуліцу. Там радуюцца цеплыні вераб'і, скачуць, весела жыўкаюць: жыў-жыў! Мне б іхнія клопаты.

Падставіўшы бок пад сонца, грэецца карова. Яна ад здавальнення жмурыць вочы і штосьці жуе. У расталым смецці капаюцца нашы тры яшчэ няз'едзеныя нем­цамі куры і певень. Чорны, абмарожаны грэбень у яго, мабыць, баліць, але ён трымаецца гогалем, расхаджвае важна, як паліцай, і ўсё павышае голас на курэй, увесь час да іх прыдзіраецца. А вось ісці піць ваду пад стра­хой ён і не думае.

Затое напілася рабая.

— Баб, а калі кулыца? — крычыць ад акна Глыжка.

Бабуля сядзіць пад падлогай, перабірае бульбу. На братаў голас яна высунула галаву, абвешаную павуціннем.

— Што курыца?

— Калі кулыца нап'ечча, будзе вол тлаву ешці?

Бабуля на хвіліну задумалася, а потым упэўнена сказала:

— Будзе!

I зноў схавалася пад падлогу. Ёй няма часу з намі тачыць лясы — трэба бульбу перабраць: што варыць, што на насонне.

Пад ложкам са шчыліны ў падлозе выцягнуўся на святло парастак. Расце ён ужо даўно. Спачатку пака­гаўся сіняваты зубок, дужы і ядраны, поўны сілы, якую дала яму маці-бульбіна, поўны надзеі, што пусціць карэнне ў зямлю, што будуць ліць на яго цёплыя дажджы, што будзе над ім сонца. Але парастак паспяшаўся. Над ім няма неба, а толькі донікі ложка ў павуцінні, не льюць дажджы, а стаіць затхлае, сухое паветра, няма і сонца. Парастак не хоча з гэтым мірыцца, ён расце і расце насуперак лёсу. Але абставіны мацней за яго. Ён выцягнуўся і пабялеў, стаў кволы і вялы — у бульбіны ўжо не хапае соку. Не сёння дык заўтра яе знойдзе бабульчына рука, абарве крохкую сцяблінку, белыя мяккія карэньчыкі. Бульбіну пакладуць у чыгун і звараць, а парастак выкінуць на смецце...

Мы таксама з Глыжкам падраслі за зіму, як той па­растак. Глыжка стаў худы, твар у яго зеленаваты, плечы вострыя, вострыя і лапаткі. А я, на думку бабулі, і зусім зацвіў. Гора ды хвароба нікога не красяць.

Сёння на вуліцы вясна звоніць пад стрэхамі ледзяшамі, сонца адбірае вочы, і бабуля дазволіла крыху пабыць на двары. Я апрануў яе світку, выскачыў на вуліцу і пабег да Санькі. Мы не бачыліся аж з мінулага тыдня. Тады Санька заходзіў да мяне на водведы і прынёс цэлы абярэмак навін.

У Санькавай хаце ўжо месяц жыве трое немцаў. Ба­булю, маці і самога Саньку яны выгналі ў трысцен, а ў хату нацягалі нейкіх скрынь з радыёлямпамі. У двары немцы паставілі доўгую жэрдку і на самы яе верх прычапілі дрот з нейкім абручом. Другі канец дроту правялі ў хату.

— Дык гэта ж радыё,— здагадаўся я.

Цяпер немцы па чарзе ў навушніках дзяжураць ка­ля самай вялікай скрыні, над якой устаноўлена нейкая хвароба ў выглядзе рамкі з жалезнага тоўстага дроту. Немец спакваля паварочвае гэтую хваробу то ў адзін бок, то ў другі, а скрыня пішчыць, быццам у ёй поўна пацукоў і мышэй. Гэты піск і слухае немец ды штосьці ў сшытак запісвае.

Усё гэта Санька ўласнымі вачыма бачыў праз шчыліну ў дзвярах, і ён думае, што гэта тое, чым знаходзяць, адкуль гавораць па радыё партызаны. Так і большыя хлопцы гавораць: Косцік Буслік, напрыклад, з сёмага класа. Больш таго, Санька паказаў мне чорную, відаць, перагарэлую радыёлямпу. Праўда, ён бажыўся, што лямпа цэлая, што ён яе сцягнуў з-пад самага носа фашыстаў.

I вось мы з прыяцелем сядзім у кухні на прыпечку, праз адчыненыя дзверы назіраем, што робіцца ў пярэдняй хаце. Сапраўды, Санька не выдумаў. Скрыня пішчыць, мігае лямпачкамі, а даўганосы, з прылізанымі русымі валасамі радыст без мундзіра, у сподняй кашулі курыць цыгарэты і круціць раму.

— Гэта Рауль,— шэптам пазнаёміў мяне Санька з немцам.

Другі, у акулярах, тоўсты, з абвіслымі, налітымі са­дам шчокамі, рассеўся за стадом і абедае. На стале кавалак сала, з дзесятак яек і цагліна нямецкага хлеба, загорнутага ў празрыстую паперу.

— А гэта Пауль,— прадставіў таўстуна Санька.— Есць, як карова, і вясёлы, гад! Усё яму жартачкі.

Пауль, нібы кот, мармыча сабе пад нос напханым ротам песеньку і падміргвае нам. Сапраўды, весялун. Вось ён бярэ са стала яйка, раскалупвае і вылівае ў рот:

— Оп!

Пры гэтым ён зноў падміргвае нам маленькім, прыпухлым вокам, калупае другое яйка і зноў:

— Оп!

Па-мойму, ён нават забыўся ўкусіць хлеба. Хіба так яйкі ядуць? Мы з Санькам, калі здараецца, з адным мо­жам аплесці па лусце хлеба. Можам нават хлеб без яйка. Толькі бабуля дае па мерцы. Прыкіне на вока, адрэжа к баршчу, і больш не прасі.

А Пауль:

— Оп!

3 печы саскочыў лянівы Санькаў кот. Ён пацягнуўся, пазяхнуў ва ўсю сваю каціную пашчу і, падняўшы хвост клічнікам, падаўся да Пауля. Абышоўшы пару разоў вакол стала, кот як бы без ахвоты мяўкнуў і пачаў церціся аб немцавы боты. Пауль не адштурхнуў ката, а заглянуў пад стол і заўсміхаўся.

— О! — узрадаваўся ён.— Рускі кошка. Гутэн таг! Рускі кошка хацел кушат?

I ён кінуў на падлогу кавалачак сала. Санька ўздыхнуў. У іх зусім дрэнна з ежай. У нас хоць бульбы хопіць да шчаўя, а цётка Марфешка ўжо зараз па родзічах ходзіць: хто ячменю з паўвядра дасць, хто пуд бульбы. Яна зараз не шые. Немцы не дазваляюць. Ім не чуваць, як піпкае ў навушніках, калі на кухні строчыць машына.

— Каб яго чарвякі елі,— сказаў Санька ці то пра немца, ці то пра ката і ўздыхнуў. Дома маці няма, і калі будзе той абед, яшчэ невядома.

— Во, паразіт, меліць,— кіўнуў я на ката.

— Вельмі мне трэба смярдзючы шпэк! — з пагардай адазваўся Санька і нават зморшчыўся.

А кату хоць бы хны: есць на поўны рот і толькі хыркае ад здавальнення. Наеўшыся, Пауль адкінуўся на спінку крэсла, сыта ікае, назірае за катом, за намі, дыміць цыгарэтай і ўвесь час усміхаецца. Відаць, штосьці смешнае надумаў.

Нарэшце кот соладка аблізаўся, панюхаў падлогу, крыху яшчэ пасядзеў і, зразумеўшы, што нічога больш не выседзіш, хацеў падацца на печ. Але Пауль не збіраўся адпусціць яго проста так. Ён вырашыў паказаць да канца сваю гасціннасць.

— Рускі кошка карашо кушаль. Рускі кошка даваць айн цыгарэт!

I пачалася шумная валтузня. Кот вырываецца, жаласліва мяўкае, а тоўсты Пауль рагоча на ўсю глотку, пхае яму ў зубы цыгарэту і падміргвае нам вокам. Вось, маўляў, які я жартаўнік!

Нарэшце прылізаны Рауль, які сядзеў з навушнікамі за скрыняй, не вытрымаў, штосьці злосна буркнуў і паказаў на апарат. Відаць, яму з-за шуму дрэнна чу­ваць, як пішчыць скрыня.

Пауль выйшаў на кухню, зноў пхае кату цыгарэту. Той круціцца, адварочвае морду і не хоча курыць. На­рэшце, злаўчыўшыся, ён драпнуў немца за руку.

Пауль перастаў рагатаць. У вачах яго мільганулі злосныя агеньчыкі. Але толькі на адзін момант, мільганулі і патухлі. Яго тоўстыя, масляныя губы зноў рас­плылся ва ўсмешцы. Фашыст падміргнуў нам з Сань­кам і сказаў ці то жартам, ці то сур'ёзна:

— Рускі кошка іст партызан...

Кот заверашчаў, быццам з яго жывога здзіралі шку­ру. Ён ірвануўся з апошніх сіл, яшчэ раз драпнуў немца за руку і маланкай сігануў за комін: Пауль прысмаліў яму гарачай цыгарэтай нос.

— Партызан капут! — паведаміў нам пасля гэтага фашыст і, разглядаючы сваю руку, пайшоў у пярэднюю хату. А тут, ля печы, застаўся толькі непрыемны пах паленай кацінай поўсці.

Мне трэба ўжо ісці дамоў, ды вельмі ж цікава, што будзе далей, якога коніка яшчэ выкіне Пауль. Па ўсім відаць, справа з катом не скончылася. Насвістваючы нейкую песеньку, Пауль падышоў да скрынкі і пачаў перабіраць тонкія, рознакаляровыя дроцікі, шнуркі, спрабаваць іх рукамі, ці трывалыя. Мы з Санькам трывожна пераглянуліся. Што ён збіраецца рабіць? Хоча звязаць ката, а можа... павесіць? У гэты час прылізаны немец зняў навушнікі і паклікаў Пауля. Ён тыцнуў пальцам у свой наручны гадзіннік і нешта сказаў. Пауль паказаў свой гадзіннік і агрызнуўся. Яны пачалі спрачацца. Аднекуль з-за сцяны выйшаў трэці немец, заспа­ны і злосны. Пазяхнуўшы так, што ў роце аж нешта хруснула, ён гыркнуў на Пауля і Рауля, і тыя, як нашкодзіўшыя хлапчукі, вінавата змоўклі, выцягнулі рукі па швах.

— Курт,— растлумачыў мне Санька.— Ух, і злы, як ваўкадаў!

У яго знешнасці сапраўды ёсць нешта такое ад ваўкадава. Асабліва ніжняя сківіца. Я падумаў, што ў ёй будзе, мабыць, з паўпуда. Яна адвісае пад уласным цяжарам, і каб закрыць пашчу, ваўкадаву даводзіцца, напэўна, ужываць немалую сілу.

Пагыркаўшы, Курт-ваўкадаў апрануў мундзір, і яны з прылізаным выйшлі з хаты. Па дарозе абмацалі нас з Санькам вачыма, але нічога не сказалі.

— На разжыву,— упэўнена заявіў Санька.— Кожны дзень ходзяць па хатах. Пакуль яек па касцы не назбіраюць, не вернуцца.

Каля апаратуры застаўся адзін Пауль. Але не паспелі зачыніцца дзверы, як ён таксама скінуў навушнікі і падаўся на двор. Тут Санька пацягнуў мяне за рукаў і прапанаваў:

— Пойдзем паглядзім.

Санька тут, як гаспадар, папстрыкаў нейкімі кнопкамі на апараце. Пстрык — лямпачкі патухлі, пстрык — загарэліся.

— А гэта вось батарэі. Вазьміся пальцам.

Я ўзяўся — крыху тарганула. А потым Санька схапіў навушнікі, паслухаў сам і дазволіў мне. Нічога не разбярэш — толькі піпкае.

Каля сцяны, на падстаўцы, збітай з дошак, тры вінтоўкі. Вядома, не паглядзець іх таксама нельга. Урэшце, мы павінны ведаць і зброю ворага — гэта нам не пашкодзіць. Я схапіў першую, якая трапілася мне пад рукі, вінтоўку і павярнуў затвор. 3 задняй яго часткі высунулася нейкая круглая штука. Я паставіў ручку за­твора на месца, а штука так і засталася, не схавалася. Ну, цяпер усё, цяпер нам капут. Паспрабавалі запхнуць штуку пальцам! — не паддаецца.

— Трэба націснуць на спуск,— сказаў я Саньку.

— А калі там патрон? — спалохаўся ён.

Калі там патрон — грымне стрэл. Тады і зусім нашы справы дрэнь.

Можа мы і выйшлі б неяк з цяжкага становішча, мо­жа мы і засунулі б як-небудзь тую штуку на месца, ды ў гэты час зарыпеў ганак. Нас нібы злізала карова языком.

Адчыняюцца дзверы, а мы з Санькам ужо зноў сядзім на прыпечку, і выгляд у нас самы рахманы.

Калі б Пауль паглядзеў на нас, ён убачыў бы самых дабрачынных людзей, якім няма справы да розных там вінтовак, якія і не думаюць ісці ў партызаны. Але ён не павярнуў у наш бок і галавы. Жаласна зарыпела пад яго цяжкай тушай падлога. Пауль падыходзіць да падстаўкі, бярэ тую самую вінтоўку, якую мы толькі што разглядалі з Санькам, цэліцца ў наш бок і, не спяшаючыся, ідзе да прыпечка. Ён свідруе мяне вузенькімі, заплыўшымі вачыма, а па налітых салам шчоках ходзяць злосныя жаўлакі. Я не адводжу позірку ад яго лютых вачэй і думаю: зноў жартуе ці не? Чорнае вочка дула ўсё бліжэй і бліжэй. На спускавым кручку тоўсты палец, на пальцы белы бліскучы пярсцёнак. Зараз палец уздрыгне і гэтая жалязяка плюне ў мяне агнём. Мы з Санькам нібы прымерзлі да цёплых цаглін, сядзім, не дыхаем.

Немец прыставіў вінтоўку да майго носа, стаіць і маўчыць. Маўчу і я, пазіраю, як вол з-пад абуха. I рап­там:

— Пу!

Гэта быў не стрэл. Гэта Пауль крыкнуў на ўсю сілу сваей луджанай глоткі. Я падскочыў, як абвараны, а Па­уль ледзь не поўзае па падлозе.

— Ха-ха-ха-ха!

Трасецца тоўсты жывот.

— Гы-гы-гы-гы!

Твар стаў чырвоны, як бурак. Крывёю наліліся шчокі.

— Аха-ха-ха-ха!

Ад смеху на вачах з'явіліся слёзы.

— Іхі-хі-хі-хі!

Праўду Санька казаў — вясёлы, гад, усё яму жартачкі. Санька сядзіць побач, белы, як палатно, а на яго носе выступілі кропелькі поту. У мяне, відаць, выгляд таксама не вельмі геройскі, і таму немец ніяк не можа суняцца.

— Ого-го-го-го!

Калі ён крыху супакоіўся, то пачаў чытаць нам мараль:

— Рускі кнабе нікс карош. Рускі кнабе іст партызан. Партызан — пу!

Я іду дамоў і думаю пра тое, што бачыў і што перажыў у Санькавай хаце. Вядома, гэты Пауль крыху ненармальны, як гэта гаворыцца, цопнуты з-за вугла мяшком, а ў мяшку калун быў. Нават есці па-людску не ўмее: па цэламу яйку вылівае ў рот і хлеба забывае ўкусіць.

Ката Санькавага Пауль усё-такі павесіў. На другі дзень ён узяў тоненькі гнуткі дроцік, зрабіў пятлю і задавіў на галіне бэзу перад акном. Усім траім радыстам было вельмі смешна.

Кот, схіліўшы галаву набок і выскаліўшы тонкія вострыя зубы, цэлы дзень матляўся на халодным ветры.

 

 

23. «НАВОШТА МНЕ ТВОЙ ЦУРЫК?»

 

Неяк вясной, калі з палёў ужо збегла вада, а на два­ры раніцой яшчэ хрупалі пад нагамі кволым лядком рэдкія лужыны, у нашай хаце спыніліся два немцы-фурма­ны. У двор яны заехалі з падводай, распраглі коней і пачалі распараджацца, як гаспадары. Адзін з іх злазіў на гарышча, знайшоў курынае кубло, і ў хаце зашквірчала яечня.

Мы з Глыжкам сядзім на печы, выглядаем з-за коміна і думаем: няўжо яны ўсё падужаюць з'есці? З'елі.

— Каб ім шкулля ў бок,— сказаў на гэта мой брат і, уздыхнуўшы, лёг спаць.

Але Глыжкавы праклёны не дапамаглі. Скулло ў немцаў не павыскаквала. Раніцой яны адкруцілі яшчэ галаву нашай рабой курыцы, засмажылі яе, з'елі і толькі пасля гэтага сабраліся ехаць. Адзін выносіць з хаты свае манаткі: шынялі, каскі, бляшанкі процівагазаў, а другі запрагае коней.

Калі падвода выехала за вароты, бабуля з палёгкай уздыхнула, паслала ім услед сваё «каб вас пераехала...» і, бразнуўшы вядром, пайшла да калодзежа. Мы з Глыж­кам злезлі з печы і давай шныпарыць па хаце: можа немцы што забылі. Але забылі яны небагата: пусты па­чак з-пад цыгарэт ды скамечаную нямецкую газету. У газеце на фотаздымку быў Гітлер. Ён вешаў салдату на грудзі крыж. Пачак я аддаў Глыжку, а сабе ўзяў з яго толькі белую бліскучую паперку. Газету пакруцілі-павярцелі — нічога не разбярэш — кінулі ў парог.

Неўзабаве прыбягае дамоў бабуля, разгубленая, заплаканая і злосная.

— А дзе вядро? — пытаюся я.

— Адчапіся хоць ты! — злуецца яна.— Вядро паехала.

— Куды паехала? — цікавіцца Глыжка.

— Можа ў Ярманію, можа яшчэ куды,— разводзіць рукамі бабуля і сварыцца сама на сябе.— Гэта ж трэба мне быць такой: старая, а дурная. Мазгі высахлі.

А ля калодзежа адбылося вось што. Толькі бабуля набрала вады, як пад'ехалі нашы начлежнікі. Адзін з іх саскочыў з падводы і да бабулі:

— Гіб!

Выхапіў вядро з рук і панёс каню. Біцюг выжлукціў поўнае вядро за мінуту. Бабуля зачэрпала новае. А не­мец зноў:

— ГІб!

Другі біцюг таксама са смакам напіўся, паскрыгатаў зубамі. Пасля гэтага немец шпурнуў вядро на падводу, махнуў лейцамі. Бабуля спачатку разгубілася. Яна бы­ла ўражана такім нахабствам і не ведала, што рабіць, а калі схамянулася, пабегла следам:

— Пан, а вядро? Немец смяецца.

— Вядро, кажу, давай,— не сунімаецца старая і працягвае рукі да падводы. Тут немец раззлаваўся.

— Цурык!

Бабуля не адстае. Яна не можа ўцяміць, што кры­чыць гэты пан. Ёй шкада вядра. Яно амаль новае, ацынкаванае, перад самац вайной купленае ў сельмагу. За­раз такое днём з агнём не знойдзеш, ні за якія грошы не купіш.

— Аддай, нечысць, вядро! — настойліва патрабуе яна, а немец свае:

— Цурык!

Тут бабуля таксама не на жартачкі раззлавалася.

— Навошта мне твой цурык? Ты мне, нехрысць, вяд­ро вярні!

Немцу надакучыла крычаць, ён зняў з шыі аўтамат.

— Каб ты ўтапіўся ў гэтым вядры, ідал! — крыкнула бабуля ўслед падводзе і пайшла дамоў. Цяпер сядзіць і журыцца.

— Вось дурная дык дурная! Трэба было хоць той цурык узяць, пакуль даваў. А цяпер ні вядра, ні цурыка.

Я як умею тлумачу бабулі, што такое гэты самы цу­рык. Калі немец крычыць цурык, тут варон не лаві, а ўцякай, пакуль цэлы. У іх розуму хопіць: бабахне — і ўсё табе. Бабуля крыху збянтэжылася, але ўсё ж знайшла сабе апраўданне.

— Дык чорт іх разбярэ, калі яны гавораць не па-людску, а гергечуць.

— Як гэта гелгечуць?— дапытваецца Глыжка, і ба­буля з ахвотаю тлумачыць:

— Вядома як, мой унучак. Збяруцца — І гер-гер-гер, што сабакі.

А сама спрытна хапае вілкамі чыгунок з печы і ставіць яго на ўслон. Смачна пахне адцэджаны ў міску бульбяны адвар. Як карова перастала даіцца, бабуля яго не вылівае ў ражку, а накрышыць у яго цыбулі, і мы лыжкамі сярбаем гэтую юшку з бульбай. Ежа не пан­ская, ды ўсё ж лепш, чым есці нішчымную бульбу.

Пакуль мы зверху чыгунка здымалі і елі пахкія, саланаватыя прыгаркі, бабуля схадзіла ў сенцы і прыйшла адтуль з... нямецкай гранатай. Я, як абвараны, выскачыў з-за стала.

— Баб, што гэта? Дзе ты ўзяла?

Яна хітра паглядзела на мяне і, здаволеная сама са­бой, пахвалілася:

— Ды прыхавала, пакуль яны курыцу ганялі. Вядро забралі, дык няхай хоць гэта будзе. Добры таўкачык!

Не паспеў я і рота раскрыць, як граната была ўжо абмыта ў вадзе, выцерта ручніком і раз ці два паспела таўкануць гарачую бульбу ў чыгунку.

— Гэта ж граната! — закрычаў я, кідаючыся да ста­ла, каб выхапіць з рук таўкачык.

Бабуля войкнула і адскочыла ў парог. Выгляд у яе разгублены, рукі цярэбяць зашмальцаваны фартух, а вочы з жахам глядзяць на стол. Там дыміць бульба і з чыгунка тырчыць драўляная ручка гранаты. Глыжка за­лез пад стол і маргае там спалоханымі вачыма.

Я выхапіў гранату з чыгунка і выбег на двор. Да шэрай металічнай бляхі прыліпла камякамі таўчонка. За хлевам я выцер гранату саломай, схаваў яе ў кучу леташняга бульбоўніку, а бабулі сказаў, што выкінуў у раўчак.

— I правільна,— пахваліла яна мяне.— Трэба было, каб ніхто і не знайшоў. Гэта ж дзіва, што робіцца на свеце: гляджу — рэч такая акуратная, ну, думаю, буль­бу добра таўчы, аж яно вунь што!..— усё ніяк не можа супакоіцца бабуля.

У той жа дзень граната была перахавана. Яна апынулася на гарышчы Санькавай хаты разам са скрынкай патронаў.

Дзякуючы бабульчынай прамашцы мы з Санькам ця­пер узброены значна лепш.

 

 

ШТАНЫ 3 АРЛОМ

 

Гэта я маю на ўвазе свае новыя штаны. Але і старым штанам будзе крыўдна, калі не ўспомніць іх добрым словам. Таму я раскажу ўсё па парадку.

Мае старыя штаны мне купіў бацька, калі яны былі зусім новыя. Гэта адбылося яшчэ да вайны, перад Першамайскім святам. Вельмі спадабаліся мне ў іх кішэні: шырокія, глыбокія. У гэтыя кішэні можна пакласці паўвоза розных гаек, старых цвікоў, каменьчыкаў для рагаткі і ўсялякага іншага дабра.

Штаны спадабаліся мне яшчэ і сваёй незвычайнай трываласцю. Бацька ўмеў выбіраць матэрыю. Ён не звяртаў асаблівай увагі на колер тканіны, абы не маркія, а спрабаваў на разрыў. Дзябёлыя, не трашчаць — значыць, добрыя. Аднойчы я павіс, зачапіўшыся штанамі, на плоце і правісеў там з паўгадзіны, пакуль не зняў дзед Мірон. I вы думаеце, штаны разадраліся па жывому? Нічога ім не зрабілася, толькі па шву трэснулі.

Праўда, другі раз, калі я напароўся на цвік, яны ўсё ж паддаліся. Але Санька прыладзіў на дзірку доб­рую латку, і штаны сталі лепш за новыя.

Аднак бабуля лічыць, што калі б у мяне былі і жалезныя штаны, дык, мабыць, і тым бы я даў рады. Я ду­маю, што ў яе цэлая скрыня адзежы, што яна зараз выцягне мне абнову і скажа:

— На, насі, Іван!

А дзе яе ўзяць, у мяне галава не баліць.

Толькі дарэмна бабуля мяне папракае: баліць гала­ва, яшчэ і як баліць! Ад старых магазінных штаноў засталіся адны добрыя ўспаміны. На іх нават латкі латаныя. Яны ледзь ліпяць і свецяцца, як сіта. Зараз яшчэ нічога сабе, на печы можна коўзацца, а летам і на людзі не выйдзеш. Гэта зараз самая галоўная перашкода на маім шляху ў партызаны. Без штаноў, мабыць, не прымуць. Дык як жа тут не балець галаве?

I вось аднойчы прыносіць бабуля ў хату нямецкі мех, рассцілае яго на стале і кліча мяне з печы, дзе я чытаю кніжку пра дзеда Талаша.

— Паглядзі-тка, мой хлопец! — просіць яна.

Я гляджу. Мяшок новы, шчыльны, трывалы. Крыху дзябелаваты, праўда, але ж немцы не ведалі, што тако­му пану, як я, будуць з яго шыць адзежыну. Дзе бабуля здабыла гэты мяшок, яна не гаворыць. На ўсе мае пытанні толькі адмахваецца:

— Дзе ўзяла, там і ўзяла...

Але нарэшце не вытрымала і растлумачыла больш падрабязна:

— У Ярманію збегала і купіла!

3 гэтага мяшка будуць раскошныя штаны. Адно мне толькі не падабаецца: чорны арол са свастыкай. Бабулі ён таксама не па душы, ды што ты зробіш? Яна спрабавала яго адмыць, празаліла нават у жлукце, а арлу — хоць бы што, як сядзеў, так і сядзіць. Штаноў з нямецкім арлом я насіць не буду. Няхай бабуля на гэта не спадзяецца.

Бабуля пакрыўджана падбірае губы і злуецца:

— Вялікі асэсар! Зносіш, калі прыпрэ...

Аднак яна ўсё ж паабяцала зрабіць так, каб гэты арол не вельмі кідаўся ў вочы. Яна яму месца знойдзе, тым больш, што зусім не абавязкова, каб ён свяціў наперадзе.

Мая бабуля — чалавек беражлівы. Яна кроіць мяшок так, каб дарэмна не прапала ніводнага кавалачка. Матэрыі цяпер не купіш, а выткаць няма з чаго. Ды і хто гэта мне будзе ткаць? Вось ажанюся, тады няхай жонка і тчэ.

Да вайны я аднойчы бачыў каля сельсавета матроса ў белай кашулі, у бесказырцы са стужкамі, але больш за ўсё мы, хлапчукі, зайздросцілі, пазіраючы на шырачэзны чорны клёш. Цяпер, напэўна, той матрос пазайздросціў бы майму клёшу. Першы раз я нават у ім заблудзіўся і трапіў абедзвюма нагамі ў адну калашыну, а потым неяк усё ж выблытаўся.

Штаны пашыты трывала суровымі, вошчанымі ніткамі. Праўда, сцяжкі велікаватыя і няроўныя, дык чаго ж я хацеў ад старой бабы? Яна ж не машына. Доб­ра, што яшчэ так зляпіла. А што велікаватыя — не бяда. Мне хопіць іх навек. Я буду ў іх жаніцца.

Бабуля пакруціла, павярцела мяне, крытычна агледзела справу сваіх рук і здаволена адзначыла:

— Ну вось, зусім іншы хлопец. На чалавека падобны. Скідай, гузік прышыю.

Не, сапраўды добрыя штаны, і арол не мазоліць во­чы. Калі сядзіш, дык яго і зусім не відаць.

Хлапчукі спачатку смяяліся з майго арла. А Санька дык яшчэ і крытыкаваў бабульчыну працу: і пояс не так прышыты, і кішэня касабокая. Санька — спец. Але паступова на маю абнову перасталі звяртаць увагу. Толькі мянушка да мяне новая прыліпла — Матрос.

Аднойчы ў нядзелю я, Санька і Міцька Малах сабраліся на вуліцы, супраць нашай хаты, пагуляць у чыжыка. Глыжка пад нагамі таўчэцца, шморгае носам і крыўдзіцца:

— Ушо шамі ды шамі, і я буду...

Мая чарга біць, а Санькава ісці ў поле пасвіць. Толькі гэта я прыладзіўся добра ўрэзаць па чыжыку, як чыясьці дужая рука балюча ўзяла мяне за вуха. Гэта была рука Няўмыкі. Ён заўсёды з'яўляецца там, дзе яго не чакаюць, заўсёды прыходзіць туды, куды яго ніхто не кліча. Сёння ён нават без вінтоўкі, толькі гумавая палка пры ім. Руды твар яго раздаўся ў шырыню ад добрага харчу. Вочы прыжмураныя, пякучыя і злыя.

— Больш не буду! — заенчыў я, бо вуха аж затрашчала.

Мне здавалася, што яно там ледзь трымаецца: вось-вось адарвецца.

За вуха ён і прывалок мяне ў хату.

Бабуля перапалохалася. Яна думае, што я натварыў там бог ведае чаго. Ад мяне, бязбатчынца, можна ўсяго чакаць, апрача, хіба, дабра.

— Гэта што такое? — грозна паказвае паліцай на мае новыя штаны.

— Штаны! — усё яшчэ нічога не разумеючы, нясмела адказвае бабуля.

— Штаны-ы! — здзекліва цэдзіць скрозь зубы Няўмыка.— Прыкідвайся дурніцай! Адкуль ваеннае імушчаства, я пытаю?

Тут бабуля ўсё зразумела і пачала клясціся:

— Няхай мяне маланка заб'е на гэтым месцы, Аўдзеіч, у салдата на яйкі выменяла.

Няўмыка не верыць. Ён кінуў мае вуха і збіраецца скласці пратакол. Ён добра ведае, чым мы дыхаем і што мы за народ. Мы народ такі, што спім і думаем, як бы пагрэць рукі на маёмасці нямецкай арміі. Мы пры бальшавіках занадта распусціліся, а цяпер нам лейцы нацягнуць.

Бабуля паспешліва выходзіць у сенцы і вяртаецца адтуль з запыленай бутэлькай пад фартухом. На стале з'яўляюцца сырыя яйкі і акраец хлеба.

— Слухай, Аўдзеіч, ну яго к чорту гэты протакал. Ты ж наш чалавек, падлюбскі,— просіць старая.— Вось спытай у каго хочаш — выменяла.

Няўмыка коса глянуў на стол, крыху памуляўся, а потым выпіў адну шклянку — ахнуў, выпіў другую — таксама ахнуў і ледзь-ледзь паверыў,

— Ну, глядзі, старая качарга,— ужо больш міралюбна сказаў ён,— другі раз — усё! Протакал — і ўсё!

А потым павярнуў мяне да бабулі спіной і зноў спытаў:

— А гэта што такое?

— А ліха ж яго ведае, Аўдзеіч. Непісьменная. Птушка нейкая быццам намалявана, ці што.

— Я табе дам — птушка! — зноў раз'юшыўся паліцай.— Вось пацягну пару разоў — паразумнееш. Гэта сімвал нямецкай улады!

Бабуля вінавата разводзіць рукамі.

— Глядзі ж, каб не было! I выйшаў з хаты.

Вось тут бабуля і дала сабе волю.

— Каб цябе п'яўкі пілі, ірад. Берагла аратаму, дык вось выжлукціў, руды сабака. Ну і прычапіўся, сатана: імушчаства, імушчаства. У Ярманію збегала і купіла.

Потым пачала мяне зноў разглядаць, як на прымерцы, паціскаць плячыма.

— Хм, і чым яму тут паганае месца, сіньвалу гэтаму самаму?

Але штаны ўсё ж пафарбавала. Фарбу сама прыду-мала: намяшала шалупіння з цыбулі, альховай кары, яшчэ чагосьці. Доўга ўсё гэта варыла, пераварвала, моршчылася ад непрыемнага паху. Потым узяла мае шта­ны, кінула іх у чыгун, сказала:

— Дай бог у добры час...

Штаны зрабіліся рудыя, як наша карова, і нават з такімі ж плямамі. У іх мяне спачатку і наш Жук не пазнаў, разы два гаўкнуў, а потым доўга прынюхваўся: не мог зразумець, я гэта ці не я. Але затое ў іх можна гойсаць цяпер дзе хочаш, пэцкаць у гліну, у попел — нічога не відаць, Хіба што ў дзёгаць залезеш, тады іншая справа.

 

 







Date: 2016-05-16; view: 513; Нарушение авторских прав



mydocx.ru - 2015-2024 year. (0.076 sec.) Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав - Пожаловаться на публикацию