Полезное:
Как сделать разговор полезным и приятным
Как сделать объемную звезду своими руками
Как сделать то, что делать не хочется?
Как сделать погремушку
Как сделать так чтобы женщины сами знакомились с вами
Как сделать идею коммерческой
Как сделать хорошую растяжку ног?
Как сделать наш разум здоровым?
Как сделать, чтобы люди обманывали меньше
Вопрос 4. Как сделать так, чтобы вас уважали и ценили?
Как сделать лучше себе и другим людям
Как сделать свидание интересным?
Категории:
АрхитектураАстрономияБиологияГеографияГеологияИнформатикаИскусствоИсторияКулинарияКультураМаркетингМатематикаМедицинаМенеджментОхрана трудаПравоПроизводствоПсихологияРелигияСоциологияСпортТехникаФизикаФилософияХимияЭкологияЭкономикаЭлектроника
|
Мы збіраемся у паход
Санькава маці хоча ісці ў адступленне. Не заставацца ж тут пад фашыстам. Яна насыпала ў торбы сухароў, наклала ў іх рознага адзення. Кожны дзень яна думае, што б яшчэ такое ўзяць, і торбаў становіцца ўсё больш. Хто іх панясе, мы з Санькам нават не ўяўляем. Мая маці таксама надумалася адступаць. — Цю-у! — замахала на яе рукамі бабуля.— Няхай ужо гэтая хахлушка, дык ёй, можа, ёсць куды ісці. А я чаго пайду ў белы свет са сваей хаты? У тую вайну, калі прыйшлі немцы, я не адступала і зараз не буду. Не дажывуць яны таго дня, каб я ім усё кінула-рынула. Не хочам адступаць і мы з Санькам. Цяпер кожны дзень па радыё гавораць, што трэба ісці ў партызаны і рабіць так, каб зямля гарэла пад нагамі ў ворага. Там, куды прыйшлі фашысты, партызаны ўжо ваююць. Як гэта робіцца, мы прыблізна ведаем. Да вайны кіно сто разоў бачылі. «Валачаеўскія дні». Партызаны ходзяць па лесе са сцягам. Наперадзе камандзір. Яны робяць на дарогах засады і страляюць. Ад іх так уцякалі японцы, што глядзець любата. Мы з Санькам, калі што, таксама пойдзем у партызаны. Пра гэта мы нікому не расказваем. Мая бабуля так адпартызаніць, што месца не знойдзещ. Падрыхтоўка ідзе ў глыбокай тайне. У Санькавай маці ёсць швейная машына. Цётка Марфешка шые на ёй дзяўчатам кашулі і хлопцам штаны. Санька таксама ўмее абыходзіцца з машынай: заправіць нітку, паставіць на месца чаўнок і нават зрабіць шоў. Да гэтага яго прывучае маці. Санька вырасце і будзе мець кавалак хлеба. Калі дома нікога не бывае, мы што-небудзь шыем. Асабліва нам падабаецца рабіць кашалькі. Матэрыялам для кашалькоў служыць цырата, якой накрываюць стол. Мы адразаем ад яе невялікія кавалкі, і пакуль што ніхто гэтага не прыкмячае. Аднак кашалькі — дробязь у параўнанні з тым, што мы робім зараз. А зараз мы шыем сабе чырвонаармейскія ранцы. I сапраўды, як вы пойдзеце ў партызаны, калі ў вас няма чырвонаармейскага мяшка з супонькамі? Куды вы будзеце класці сухары, бінты і ёд? Без бінтоў і ёду ісці нельга. Могуць параніць. Чым вы перавяжаце тады свае раны? I вось, калі Санькава маці пайшла да суседзяў і заседзелася, мы пачалі. Я стаю каля акна і назіраю, каб нас не засталі знянацку, а Санька перабірае на швейнай машыне кавалкі матэрыі, што прынеслі суседзі для шыцця. Тут і паркаль, і сацін, і мультан. Але больш за ўсё нам спадабаўся кавалак чорнага чартакожу, трывал ы, дзябёлы — самы раз на мяшкі. Гэты чартакож прынесла ўчора Малашыха — Міцькі-Мангола маці. Яна сказала цётцы Марфешцы: — Пашый ты майму бандыту штаны. Сам «бандыт» так задаваўся будучымі штанамі з кішэняй, што на нас з Санькам і глядзець не хацеў. Ён паслухмяна круціўся, калі з яго здымалі мерку. Тоўстыя Міцькавы губы расплыліся ў лагоднай усмешцы. Аднак Міцьку давядзецца пакуль што бегаць у старых штанах. Вайна ёсць вайна. Санька ўзяў вялікія кравецкія нажніцы, прымераўся і спрытна разрэзаў чартакож на дзве часткі. Затым ад кожнага кавалка адхапіў яшчэ па два доўгія паскі. Гэта на супонькі. I работа закіпела. Я стаю на пасту, а Санька шые і шые. На шырокім, як у качкі, Санькавым носе выступілі кропелькі поту. Часам нітка то рвецца, то блытаецца, і Санька злосна чартыхаецца. Пакуль маці прыйшла ад суседзяў, у нас было ўжо ўсё гатова: мяшкі пашыты, напоўнены сухарамі і схаваны на гарышчы ў саломе. Яна ўбачыла нас толькі тады, калі мы ўжо злазілі па лесвіцы ўніз. — Чаго гэта вас тут носіць? — пацікавілася цётка Марфешка. Ад нечаканасці Санька прамінуў адну перакладзіну, грымнуўся на падлогу і ляснуўся лбом аб ступу. — Чаго-чаго! — са злосцю адказаў ён маці.— Проста так! Цётка падазрона агледзела нас і паківала галавой: — Ой, глядзі, біс, шчоб я цябе не ажаніла... А мы ўжо на вуліцы атрасаем з галоў кастрыцу і павуцінне. Санька, апрача гэтага, яшчэ і гладзіць новы гуз.
8. НА ВЫПАДАК РАНЕННЯ...
Цяпер нам патрэбны бінты і ёд. Іх можна купіць толькі ў нашага фельчара Цімафея Іванавіча. I зрабіць гэта — не чхнуць. Нас могуць параніць не адзін раз, таму і бінтоў трэба багата. Значыць, фельчар або хто іншы можа здагадацца, навошта нам столькі, і тады тайна будзе раскрыта. Да таго ж сам фельчар ведае нас з Санькам як аблупленых. Мы са школы не раз уцякалі, калі ён прыходзіў то са сваімі ўколамі, то з воспай, то з пілюлямі. Воспу і пілюлі яшчэ можна было цярпець, а вось уколы нам не падабаліся. Нехто іншы, як я, мінулай зімой катаўся на жалезных санках з гары і ўрэзаўся ў плот. Давялося сшываць верхнюю губу. I рабіў гэта Цімафей Іванавіч. Не так даўно ў Санькі вырасла на шыі скула з яблык. 3 гэтай скулой ён няньчыўся цэлы месяц. Яго некалькі разоў вадзілі ў медпункт. Цімафей Іванавіч мазаў скулу нейкімі мазямі. Мазаў, мазаў, а потым узяў і разрэзаў. Санька і войкнуць не паспеў. Ужо сёлетняй вясной я наеўся зялёных яблык, дык Цімафей Іванавіч, неяк даведаўшыся пра гэта, ледзь не па ўсёй вёсцы ганяўся за мной з касторкай. Дудкі — не злавіў! I вось да такога чалавека мы ідзём купляць бінты і ёд. У калідоры медпункта пахне карболкай, спіртам і яшчэ чымсьці. На невялікім услончыку сядзіць чырвонаармеец з забінтаванай рукой, а па калідоры, не спыняючыся ні на хвіліну, ходзіць жанчына з грудным дзіцем на руках. Дзіця крычыць, аж захліпаецца. Яно не хоча ні малака з бутэлечкі, ні соскі-падманкі. — А гора ж ты мае, гора,— прыгаварвае маці, гушкаючы малое. Мы з Санькам парахманелі, ціхенька сталі ў куток, трымаем у потных кулаках свае капейкі. — Скажам, што хто-небудзь што-небудзь парэзаў,— шапнуў я Саньку на вуха. Той моўчкі кіўнуў галавой. Каб прабавіць час, мы пачалі разглядаць плакаты, развешаныя ў калідорчыку па сценах. На адным з іх напісана «Мыйце рукі перад ядой», і над літарамі малюнак: з-пад крана тугім струменем свішча вада на намыленыя рукі дзядзькі. Дзядзька ўсміхаецца на ўвесь рот — напэўна пасля мыцця рук яго чакае смачны абед. На другім плакаце цётка, выскаліўшы белыя, як цукар, зубы, трымае ў руках парашок і зубную шчотку. Яе не датычыць, што ў вокнах медпункта дрыжаць шыбы, уздрыгвае зямля. Страляюць ужо зусім недалёка — мабыць пад Стараселлем, а то і яшчэ бліжэй. Чуваць, як разрываюцца зенітныя снарады. Чырвонаармеец прапусціў уперад цётку з дзіцем, потым пайшоў і сам. Калі ён выйшаў ад Цімафея Іванавіча з новенькай, беласнежнай павязкай, на прыём рушыў Санька. «Муха — разносчык заразы. Знішчайце мух!» — прачытаў я, а потым пачаў разглядаць вялізнага малярыйнага камара. — Ёсць! — радасна далажыў у гэты момант Санька і ўрачыста ткнуў мне пад нос пакуначак бінту і бутэлечку ёду. Я заходжу і баюся, а што калі Цімафей Іванавіч успомніць пра зялёныя яблыкі і дасць мне касторкі? Мусіць, давядзецца выпіць: вайна ёсць вайна. Але ўсё абышлося добра. Цімафей Іванавіч сустрэў мяне ветліва, быццам узрадаваўся, што даўно не бачыў: — А-а, малады чалавек, гэта вы? Лысая галава блішчыць, як люстэрка. На кончыку носа акуляры з адной аглабелькай. Замест другой — шнурочак, зачэплены за вуха. Сівая рэдкая бародка клінам тырчыць наперад. Агледзеўшы мяне з ног да галавы паверх акуляраў, Цімафей Іванавіч спытаў: — Ну, на што скардзіцеся, малады чалавек? — Бабка нагу парэзала,— прыдумаў я на хаду.— Бінт трэба і ёд. Мне здалося, што Цімафей Іванавіч здзівіўся. Ён падазрона паглядзеў на мяне і перапытаў, быццам недачуў: — Бабка? — Ага. — Нагу нарэзала? — Нагу,— пацвердзіў я. Цімафей Іванавіч развёў рукамі. — Што гэта сёння ўсе ногі рэжуць? Мабыць, і Санька тое ж самае яму сказаў. Ухнула дзесьці блізка. Задрыжалі шыбы, зазвінелі ў шафе з лякарствамі бутэлечкі і шклянкі. — Тэк-с, тэк-с,— у роздуме вымавіў фельчар. Затым ён устаў з-за стала, патупаў да шуфлядкі і падаў мне бутэлечку і пакуначак. Усё было б добра, каб мы на гэтым спыніліся. Аднак нам здалося, што бінтоў мала, і пад вечар мы зноў прыйшлі ў медпункт. Цімафей Іванавіч ужо збіраўся дахаты: схаваў у футляр свае акуляры, зняў халат. Ну і хітры ж Санька. На гэты раз ён першы не пайшоў, а паслаў мяне. Маўляў, ён ужо хадзіў першы. Цяпер фельчар сустрэў мяне холадна. — Ну, што яшчэ? — буркнуў ён. — Глыжка нагу парэзаў, — паведаміў я, трымаючыся, на ўсякі выпадак, бліжэй да дзвярэй. — Дык я вам даў ужо і бінт і ёд. — Бабка ўсё вымазала. Нічога не засталося,— пусціўся я на хітрыкі. — Што? — спалохаўся чамусьці Цімафей Іванавіч.— Так парэзала? — Да самай косці! — выдумаў я і пальцамі паказаў, якой шырыні і глыбіні рана на бабульчынай назе. Фельчар раззлаваўся. — Варвары! Цемрадзь! — грымнуў ён на ўвесь свой медпункт.— Так скалечылі нагу і маўчаць! Фельчар схапіў чамаданчык, з якім ён хадзіў па хатах, узяў чорны, лакіраваны кіёк і падаўся да дзвярэй. Я выскачыў у калідор і разам з Санькам пусціўся наўцёкі. Адбегшы за трансфарматарную будку, мы з-за вугла паглядалі, што будзе далей. А далей адбылося якраз тое, чаго мы так баяліся. Фельчар з заклапочаным выглядам выйшаў з медпункта і жвава падыбаў у бок нашай хаты, апіраючыся на кіёк. Спіна сагнута крукам, барада тырчыць наперад. — Пайшоў лячыць тваю бабку,— усміхнуўся Санька. А вечарам яму было не да смеху. Не да смеху было і мне. Дарослым хацелася ведаць, куды дзеўся чартакож і навошта я ўвёў у зман фельчара. Мы мужна перанеслі ўсе выпрабаванні, якія выпалі на нашу долю ў тэты дзень.
Date: 2016-05-16; view: 544; Нарушение авторских прав |