Главная Случайная страница


Полезное:

Как сделать разговор полезным и приятным Как сделать объемную звезду своими руками Как сделать то, что делать не хочется? Как сделать погремушку Как сделать так чтобы женщины сами знакомились с вами Как сделать идею коммерческой Как сделать хорошую растяжку ног? Как сделать наш разум здоровым? Как сделать, чтобы люди обманывали меньше Вопрос 4. Как сделать так, чтобы вас уважали и ценили? Как сделать лучше себе и другим людям Как сделать свидание интересным?


Категории:

АрхитектураАстрономияБиологияГеографияГеологияИнформатикаИскусствоИсторияКулинарияКультураМаркетингМатематикаМедицинаМенеджментОхрана трудаПравоПроизводствоПсихологияРелигияСоциологияСпортТехникаФизикаФилософияХимияЭкологияЭкономикаЭлектроника






Першая сусветная вайна. Становішча на Беларусі





Першая сусветная вайна пачалася 1 жніўня 1914 г. Яе прычынай з'явіліся супярэчнасці паміж буйнейшымі вядучымі краінамі. Галоўнай была супярэчнасць паміж старой каланіяльнай Англіяй і маладым драпежнікам-германскім мілітарызмам, суперніцтва паміж Германіяй і Расіяй з-за ўплыву на Балканах, а таксам спрэчкі з-за таго, што Германія хацела адарваць ад Расіі і захапіць Польшчу, Фінляндыю, Беларусь і Украіну. У канцы ХІХ - пачатку ХХ стст. утварыліся два саюзы краін: Германія - Італія - Аўстра-Венгрыя (Траісты саюз) і Англія - Францыя - Расія (Антанта).

Падставай для развязвання вайны з'явілася забойства ў Сербіі наследніка аўстра-венгерскага трона Франца Фердынанда. Сусветная вайна працягвалася 4 гады і 4 месяцы і дорага абышлася чалавецтву. Паводле няпоўных звестак, было забіта, паранена і скалечана 30 млн. чалавек. У вайне ўдзельнічала 38 краін з насельніцтвам звыш 1,5 млрд. чалавек, г. зн. 75% усяго насельніцтва зямнога шара.

Германія намервалася шляхам маланкавай вайны перамагла Францыю, а потым "узяцца" за Расію. Аднак войскі Антанты скаардынаванымі дзеяннямі перашкодзілі гэтаму. Германія і Астра-Венгрыя з першых тыдняў вайны мусілі ваяваць адразу на Заходнім і Усходнім франтах.

Расійская армія пацярпела некалькі паражэнняў ва Усходняй Прусіі саступіла немцам царства Польскае, фронт імкліва набліжаўся да Беларусі. У жніўні 1915 г. пачалося нямецкае наступленне ў накірунку Коўна - Вільня - Мінск. У пачатку верасня 1915 г. расійская армія пакінула Вільню, Гродна, Брэст і іншыя гарады Заходняй Беларусі. У кастрычніку 1915 г. фронт стабілізаваўся па лініі Дзвінск - Паставы - Баранавічы - Пінск.

Беларусь заставалася галоўным тэатрам вайны. Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандавання расійскіх войскаў знаходзілася спачатку ў Баранавічах, а потым у Магілёве. Вярхоўным галоўнакамандуючым спачатку быў блізкі сваяк цара, а потым сам цар. У Мінску кватараваў штаб Заходняга фронту, месціліся іншыя штабы. Гарады і мястэчкі былі перапоўнены штабамі, шпіталямі, складамі і майстэрнямі па рамонту зброі. Афіцэры і салдаты, пакліканыя з усёй Расіі, складалі большую частку дарослага мужчынскага насельніцтва Беларусі. Яны цяпер уплывалі на лёс гэтага краю.

Вайна прынесла бедствы беларускаму народу. Гінула мірнае насельніцтва, руйнаваліся гарады і вёскі, знішчаліся матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці. У сувязі з наступленнем германскіх войскаў велізарная колькасць бежанцаў пацягнулася на ўсход. З Польшчы, Літвы і заходніх паветаў Беларусі рушыла ў бежанцы больш за 1 млн. 700 тыс. чалавек. Да восені 1915 г. бежанцы запоўнілі ўсю ўсходнюю частку Беларусі. Становішча гэтых людзей было надзвычай цяжкім. Яны ператварыліся ў масу жабракоў, галодных і бяздомных, пазбаўленых сродкаў існавання.

Цяжка адбілася вайна на гаспадарцы тэрыторыі Беларусі, што заставалася за Расіяй. У 1917 г. доля прадукцыі мясцовай прамысловасці, прызначанай для цывільнага насельніцтва, складала толькі 15-16% даваеннага ўзроўню. У выключна цяжкім становішчы апынулася сельская гаспадарка Беларусі. Больш як палова ўсіх працаздольных мужчын беларускай вёскі былі мабілізаваны і адпраўлены на фронт. Цяжкім ярмом для сялян Беларусі з'яўляліся масавыя рэквізіцыі жывёлы, прадуктаў харчавання і фуражу. Цэны на прадукты харчавання і адзенне на Беларусі да 1917 г. павялічыліся ў 5-8 разоў у параўнанні з 1913 г.

Вайна аказала ўплыў і на стан грамадска-палітычнага жыцця, пазіцыі розных палітычных партый, арганізацый, груповак. Манархічныя і ліберальныя партыі падтрымалі вайну і царскі ўрад, выступілі з заклікам "абароны айчыны". Правыя эсэры фактычна выступілі за падтрымку царскага ўрада пад заклікам "Спачатку перамога - потым рэвалюцыя". Леваэсэраўская плынь лічыла, што ваенныя паражэнні самадзяржаўя паскораць перамогу рускай рэвалюцыі і трэба працягваць рэвалюцыйную барацьбу. Бальшавікі вылучылі лозунгі пераўтварэння імперыялістычнай вайны ў грамадзянскую, паражэння царскага ўрада. Правыя і ліберальныя партыі абвінавачвалі бальшавікоў у здрадніцтве і адсутнасці патрыятызму.

Немцы захапілі заходнюю частку Беларусі, імкнуліся дзейнічаць больш гнутка ў параўнанні з царскім урадам у адносінах да нацыянальных праблем. Больш таго, нямецкая адміністрацыя паспрабавала выкарыстаць беларускі нацыянальны рух у сваіх мэтах.

Беларускія дзеячы пастараліся таксама атрымаць выгаду з той сітуацыі. У 1915 г. браты Луцкевічы з рэшткаў грамадаўскіх гурткоў у Вільні стварылі Беларускую сацыял-дэмакратычную рабочую групу, якую афіцыйна аб'явілі філіяй БСГ. Пасля таго як кіраўніцтва Германіі заявіла, што "вызваленыя ад Расіі землі не вернуцца зноў пад маскоўскае ярмо", віленскія грамадаўцы разгарнулі актыўныя дзеянні наконт дзяржаўнага самавызначэння. Але ім адразу прыйшлося сутыкнуцца з супрацьдзеяннем каталіцкай царквы і польскіх дзеячаў. Моцны польскі ўплыў не задавальняў германскія акупацыйныя ўлады. У пачатку 1916 г. фельдмаршал Гіндэнбург у загадзе пра школы ў акупіраваным краі абвясціў беларускую мову раўнапраўнай з польскай, літоўскай і яўрэйскай мовамі. У гэтым беларускія дзеячы ўбачылі адраджэнне беларускай ідэі, сталі ўтвараць шэраг легальных арганізацый. На акупіраванай тэрыторыі адкрылася каля 300 беларускіх школ, пачалося выданне на беларускай мове заклікаў, брашур, газеты "Гоман". У Вільні пачалі працаваць "Беларускі камітэт дапамогі пацярпелым ад вайны", "Беларускі клуб", таварыствы "Золак", "Навуковае таварыства", "Беларускі вучыцельскі саюз", "Цэнтральны саюз беларускіх нацыянальных грамадскіх арганізацый".


Каардынацыйным палітычным цэнтрам беларускага руху на акупіраванай тэрыторыі з'яўляўся Беларускі народны камітэт (БНК), які ўзначаліў А. Луцкевіч. Віленскія грамадаўцы ўвайшлі ў кантакт з мясцовымі дэмакратычнымі арганізацыямі літоўцаў, палякаў, яўрэяў. У выніку ў снежні 1915 г. з'явіўся "Універсал Вялікага княства Літоўскага". У гэтым дакуменце падкрэслівалася, што літоўскія, беларускія, польскія і яўрэйскія арганізацыі прыступілі да ўтварэння канфедэрацыі на аснове незалежнасці Літвы і Беларусі як адзінай дзяржавы, якая забяспечыць усім нацыям усе правы ў межах дзяржавы. Але Германія не была зацікаўлена ў такой дзяржаве літоўцаў і беларусаў. У рэшце рэшт немцы далі перавагу літоўцам, якія ў пачатку 1917 г. пры падтрымцы нямецкай ваеннай адміністрацыі абвясцілі літоўскую Раду (Тарыбу) як вярхоўны орган Літвы. Супрацьлеглую пазіцыю заняў В. Ластоўскі, які ў канцы 1915 г. у Вільні стварыў арганізацыю "Сувязь незалежнасці і непадзельнасці Беларусі". Мэта - стварэнне незалежнай беларускай дзяржаўнасці.

Беларускі народны камітэт накіраваў свае дэлегацыі на канферэнцыі сацыялістаў у Стакгольме (красавік 1916 г.) і Лазане (чэрвень 1917 г.). У Лазане А. Луцкевічам быў выкладзены спецыяльны мемарандум, у якім беларусы заяўлялі аб сваім бяспраўі ў Расійскай дзяржаве і прасілі спачування і падтрымкі ў цывілізаваных народаў, каб прымусіць царызм паважаць іх (беларусаў) нацыянальныя і культурныя правы. Але сацыялісты розных краін, у тым ліку і Расіі, не адгукнуліся на заклікі беларускіх дзеячаў.







Date: 2016-05-14; view: 886; Нарушение авторских прав



mydocx.ru - 2015-2024 year. (0.006 sec.) Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав - Пожаловаться на публикацию