Главная Случайная страница


Полезное:

Как сделать разговор полезным и приятным Как сделать объемную звезду своими руками Как сделать то, что делать не хочется? Как сделать погремушку Как сделать так чтобы женщины сами знакомились с вами Как сделать идею коммерческой Как сделать хорошую растяжку ног? Как сделать наш разум здоровым? Как сделать, чтобы люди обманывали меньше Вопрос 4. Как сделать так, чтобы вас уважали и ценили? Как сделать лучше себе и другим людям Как сделать свидание интересным?


Категории:

АрхитектураАстрономияБиологияГеографияГеологияИнформатикаИскусствоИсторияКулинарияКультураМаркетингМатематикаМедицинаМенеджментОхрана трудаПравоПроизводствоПсихологияРелигияСоциологияСпортТехникаФизикаФилософияХимияЭкологияЭкономикаЭлектроника






Тэма 9. Славутасці Беларусі (Х–ХІХ стагоддзі)





План.

  1. Выдатныя грамадска-палітычныя і вайсковыя дзеячы з Беларусі.
  2. Сусветна вядомыя навукоўцы і вынаходнікі, філосафы і літаратары,

мастакі і музыканты беларускага паходжання.

І. Драматычны лёс беларускага народа мае безліч адценняў і мноства праяў. Яскравым фактам гэтага з’ўляецца тое, што сёння нават добра адукаваныя беларусы не ведаюць сваіх знакамітых продкаў. Напрыклад, яны звычайна добра дасведчаны аб жыцці і дзейнасці Аляксандра Неўскага і Дзмітрыя Данскога, Суворава і Кутузава, Ламаносава і Паўлава, Пушкіна і Чайкоўскага і аб многіх, многіх іншых славутасцях суседняга народа. Не выпадкова, што многія вуліцы нашых гарадоў носяць прозвішчы людзей, якія ў лепшым выпадку ніякага дачынення да Беларусі не мелі. Толькі ў Мінску ёсць вуліцы Мініна, Пажарскага, Балотнікава, Разіна, Кулібіна, нават адміралаў Ушакова і Нахімава, хоць Беларусь ніколі не была марскою дзяржаваю і не мела свайго ваеннага флоту.

Між тым, беларусам ёсць чым і кім ганарыцца. За шматвяковую гісторыю беларускі народ даў свету вельмі многа таленавітых дзеячаў, якія ўнеслі значны ўклад у скарбонку сусветнай культуры. Гэта былі людзі непаўторныя, як у сваіх заслугах перад чалавецтвам, так і ў сваіх гістарычных лёсах адносна сваёй айчыны – Беларусі.

Паспрабуем пазнаёміцца з некаторымі славутасцямі Беларусі з розных галін грамадскай і культурнай сферы, гэта значыць з тымі гістарычнымі асобамі, якімі могуць ганарыцца беларусы. Вядома, што ў данай рабоце мы будзем удзяляць больш увагі тым, чые імёны не трапілі ў кароткую гісторыю БССР, ці па кан’юнктурна-гістарычных меркаваннях увогуле замоўчваліся. Такіх людзей было вельмі многа.

Сярод шэрагу добра вядомых князёў сярэднявечнай Русі, такіх як Алег, Ігар, Уладзімір – “Хрысціцель”, Яраслаў Мудры, Уладзімір Манамах і іншых, неяк згубілася імя не менш слаўнага і вядомага ў тыя часы князя Усяслава Брачыславіча. Ні аб якім другім князі не гаворыцца так многа і так цікава ў “Слове аб палку Ігаравым” (1186 г.), як аб гэтым чалавеку. Яму прыпісваюцца нават нечалавечыя якасці, быццам ён “...уначы воўкам рыскаў, з Кіева паспяваў да пеўняў да Тмутараканя, Хорсу вялікаму шлях перацінаў”. Так, у мастацкай форме ахарактарызаваў аўтар “Слова” полацкага князя Ўсяслава, які за свае незвычайныя здольнасці і выдатную дзяржаўную дзейнасць атрымаў прозвішча “Чарадзей”.

Усяслаў “Чарадзей” 57 гадоў узначальваў Полацкую дзяржаву (1044 – 1101 гг.), некаторы час (7 месяцаў) быў нават Кіеўскім князем па жаданню кіяўлян, але хутка збег у свой родны Полацк. У часы яго княжання ў Полацку быў пабудаваны новы магутны замак, велічны Сафійскі сабор, квітнелі рамёствы і гандаль. Амаль 18 гадоў правёў ён у бітвах і ваенных паходах. Яго паважалі і баяліся суседзі.

У полацкі перыяд гісторыі Беларусі было многа цікавых і знакамітых дзеячаў. На жаль мы мала ведаем аб дзейнасці першага полацкага князя Рагвалода. Ён быў дзедам Усяслава Чарадзея і бацькам знакамітай прыгажуні Рагнеды, якая стала нявольніцай–жонкай кіеўскага князя Уладзіміра “Хрысціцеля” ці “Красное солнышко”. Яна нарадзіла ад яго шасцёра дзяцей, у тым ліку заснавальніка роду Яраславічаў, кіеўскага князя Яраслава Мудрага. Яе дочкі і ўнучкі сталі князёўнамі ў Чэхіі, Венгрыі, Нарвегіі, Даніі і Францыі. Як нябесную заступніцу беларускай зямлі здаўна шануюць Еўфрасінню Полацкую (1110-1173 гг.). За падзвіжніцкую дзейнасць праваслаўная царква зрабіла яе святой. Аб ёй гаварылася: “Дан бяше таков дар Евфросинии от Бога: аще кто ея вопрошаше о которой вещи, она же ему разрешаше чему есть быти». Еўфрасіння заснавала ў Полацку мужчынскі і жаночы манастыры, стварыла выдатную бібліятэку ў Полацкім Сафійскім саборы, пабудавала (1160 г.) царкву Спаса (цяпер Спаса-Еўфрасіннеўская), па яе заказу выдатным полацкім майстрам Лазарам Богшам у 1161 годзе быў зроблены шасціканцовы крыж, што стаў нашай найкаштоўнейшай святыняй.

Многа выдатных грамадска-палітычных і вайсковых дзеячаў даў перыяд існавання Вялікага Княства Літоўскага. За ўвесь час больш чым 550-гадовага існавання гэтай дзяржавы на вялікакняжацкім прастоле пабывалі некалькі дзесяткаў князёў. Амаль кожны з іх пакінуў прыкметны след у гісторыі нашай радзімы. Гэта князь Міндоўг (1246-1254 гады княжання), стаўшы пасля хрышчэння праваслаўным і заняўшы ў Навагародку княжацкую пасаду, пачаў далучаць другія землі, у тым ліку і гістарычную Літву. Яго справу падоўжыў сын Войшалк (1254-1266 гг.). Ён з дапамогай воінаў з Пінска канчаткова скарыў Літву (не трэба блытаць з сучаснай Літвою!), затым другія балцкія народнасці: Нальшчаны і Дзяволтву (прыблізна тэрыторыя сучасных Ашмян і поўнач возера Нарач). Вельмі мала звестак захавалася аб выдатным князі Віцені (1291-1315 гг.). Пры ім адбылося аб’яднанне ВКЛ з Полацкім княствам каля 1307 года, пры ім быў прыняты дзяржаўны герб “Пагоня”. У Густынскім летапісе гаворыцца, што “А Витен нача княжити над Литвою, измысли себе герб и всему князству Литовскому печать: рыцарь збройны на коне з мечем, еже ныне наречут «погоня». За 24-гадовы час свайго княжання ён правёў 11 паходаў у Прусію, 5 – у Лівонію, 9 – у Польшчу. У адным з апошніх паходаў быццам бы загінуў ад удара маланкі. Сын Віценя (па другіх звестках – брат) – Гедымін (1315-1341 гг.) таксама быў забіты, але ўжо на полі бітвы з крыжакамі. Каменнае ядро з гарматы ўдарыла яму ў плечы, калі ён кіраваў асадай горада Баербурга. За 26 гадоў гаспадарства ў ВКЛ Гедымін зрабіў шмат карыснага для дзяржавы. Пры ім было пабудавана для абароны многа замкаў-крэпасцяў: у Вільні, Лідзе, Крэве, Навагрудку, Гародні, Тракаі і інш. Ён далучыў да ВКЛ Мінскае, Віцебскае, Берасцейскае і Турава-Пінскае княствы, перанёс у 1323 годзе сваю сталіцу ў Крыў-горад і назваў яго Вільняю. Па меркаванню многіх гісторыкаў заснаванне новай сталіцы бліжэй да балцкіх тэрыторый Аўкштайціі і Жамойці (асноўныя народы сучаснай Літвы) тлумачыцца тым, што Гедымін хацеў тым самым паскорыць працэс іх славянізацыі. Сам Гедымін размаўляў на старабеларускай (рускай мове), як і ўсе яго продкі, а потым нашчадкі, для якіх ён стаў заснавальнікам дынастыі князёў Вялікага Княства Літоўскага.


Сынам Гедыміна быў князь Альгерд (1345-1377 гг.). Яму належыць слава вялікай перамогі ў 1362 годзе (за 18 гадоў да Кулікоўскай бітвы) – разбіць ушчэнт аб’яднаныя войскі татарскіх орд, якія ўзначальвалі тры ханы: Катлубей, Кацібей-Бекер і Дзмітр-Салтан. Дзякуючы гэтай перамозе, большая частка тэрыторыі сённяшняй Украіны была вызвалена і далучана да Вялікага Княства Літоўскага. Гэтая перамога натхніла рускі народ на бітву супраць хана Мамая ў 1380 годзе.

Вялікага князя літоўскага Вітаўта яго сучаснікі называлі “слаўны ва ўсіх землях”. Ён пражыў складанае і доўгае (80 гадоў) жыццё. Княжыў 38 гадоў (з 1392 па 1430 год). Узначальваў літоўскія войскі пры Грунвальдскай бітве ў 1410 годзе, а фактычна кіраваў усёй бітвай, бо польскі кароль Ягайла (Ягелло) праяўляў часам нерашучасць. Поўны разгром войск ордэна крыжакоў на 500 гадоў спыніў набегі нямецкіх захопнікаў з Усходняй Прусіі на беларускія і сённяшняй Літвы землі. Дагэтуль крыжакі часта цярпелі паражэнне ў бітвах, але вайну прайгралі толькі ў 1410 годзе. Вельмі крыўдна, калі ў школьнай “Хрэстаматыі па гісторыі Беларусі” для студэнтаў гістарычных факультэтаў ВНУ рэспублікі аб гэтай бітве не сказана ані слова. Між тым, многа сказана пра Неўскую бітву 1240 і пра “Лядовае пабоішча” 1242 года. А гэтыя бітвы ні ў якое параўнанне з Грунвальдскай не ідуць. Гэта ж факт, што крыжакі пры Грунвальдзе ў 1410 годзе страцілі 40000 забітымі і 15000 палоннымі, а на Чудскім возеры было забіта ці патанула 500 і ўзята ў палон Ал. Неўскім 50 рыцараў. Другі факт. Ва ўсіх падручніках гаворыцца, што ўратавалі ад паражэння польска-літоўскіх войск рускія Смаленскія палкі. Яны не пабеглі пад ударамі крыжакоў, як гэта зрабілі літоўскія палкі, а мужна прынялі ўдар на сябе, тым самым далі магчымасць перастроіцца і зноў кінуцца ў бой літоўцам. На самой справе, літоўскія палкі, якіх было 40, і асноўнай масай іх ваяроў былі продкі беларусаў, не пабеглі, а першымі наступалі і знішчылі ўсю артылерыю крыжакоў. Затым зрабілі манёўр адступлення, каб заманіць у лес браніраваных рыцараў. Смаленскія палкі сапраўды не рабілі падобнага манёўра і былі амаль цалкам вынішчаны крыжакамі. Гэта былі ўсяго тры палкі: Смаленскі, Мсціслаўскі і Аршанскі. Камандаваў імі князь Сямён Мсціслаўскі, родны брат Ягайлы і стрыечны – Вітаўта. Ад маскоўскага княства там не было ніводнага чалавека. А смаленская зямля была далучана да Вялікага княства Літоўскага яшчэ ў 1404 годзе, пры тым, смаляне нічым не адрозніваліся па мове, культуры і менталітэту ад палачан, віцебчан, магіляўчан і іншых беларусаў, бо былі беларусамі, продкамі крывічоў.


Беларуска-літоўскай дзяржаве ўвесь час прыходзілася змагацца. Гэтыя абставіны спрыялі вылучэнню з асяроддзя князёў і шляхты выдатных палкаводцаў і знатакоў вайсковай справы. Такім быў Давыд Гарадзенскі (1282-1326 гг.). Нарадзіўся ў Пскове, бацьку якога Міндоўг прагнаў з ВКЛ, маці – унучка Аляксандра Неўскага – Марыя. Бацька добра падрыхтаваў яго да вайсковай справы. Ён віртуозна валодаў мячом, дзідай (кап’ём), выдатна страляў з лука. Будучы князем Гародні (кашталянам), ні разу не дапусціў ворагаў у Гарадзенскі замак, ні разу нікім не быў пераможаны. На чале параўнаўча невялікіх атрадаў рабіў імклівыя набегі на ворагаў і атрымліваў бліскучыя перамогі. А ў 1314 годзе ён ушчэнт знішчыў дзве арміі крыжакоў, якія аблажылі Навагародак. Ён тады не ўступіў з імі ў адкрыты бой, бо сілы крыжакоў у многа раз былі большымі, а знішчыў іхнія боезапасы і склады, спаліў усе лодкі, на якіх рыцары прыплылі па Нёману.Толькі адзінкі дыстрофікамі вярнуліся назад у Прусію. Палкаводзец Давыд Гарадзенскі быў па здрадніцку забіты нажом у спіну падкупленым польскім рыцарам Анжэем Горстам.

Сын вялікага князя Альгерда Андрэй Полацкі не стаў галавою дзяржавы, але праславіўся як выдатны воін, палкаводзец, бліскучы камандзір правага флангу рускіх войск у бітве на Куліковым полі 1380 года. У выдатным памятніку рускага народа таго часу “Задоншчыне” аб Андрэі Полацкім і яго браце Дзмітрыі гаворыцца: “О, соловей, летняя птица, вот бы тебе, соловей, пеньем своим прославить великого князя Дмитрия Ивановича..., и из земли Литовской двух братьев Ольгердовичей, Андрея и брата его Дмитрия..! Те ведь – сыновья Литвы храбрые, кречеты в ратное время и полководцы прославленные, под звуки труб их пеленали, под шлемами лелеяли, с конца копья они вскормлены, с острого меча вспоены в Литовской земле”. Слаўны князь гераічна загінуў у бітве з татарамі пад Ворсклай у 1399 годзе.


Амаль на сто гадоў пазней жыў Канстанцін Іванавіч Астрожскі(1460-1530гг.). Па бацьку паходзіў з князёў Тураўскіх. У 37 гадоў стаў гетманам найвышэйшым – галоўнакамандуючым усімі ўзброенымі сіламі Вялікага Княства Літоўскага і на гэтай пасадзе здабыў сабе заслужаную еўрапейскую славу. Ён 63 разы дабіваўся перамогі ў бітвах з ворагамі Айчыны. У краінах Еўропы яго называлі “Сцыпіёнам” (рымскі палкаводзец), “Другім Ганібалам”. Паказальная перамога над войскам маскоўскай дзяржавы пад Оршай 8 верасня 1514 года, калі Астрожскі з 30 тыс. воінаў ушчэнт разбіў 80-ці тысячную армію цара Васілія Ш. Сказалася не толькі лепшае ўзбраенне і вывучка літоўскіх ваяроў, але і тонкі тактычны разлік камандуючага. (Для параўнання: Аляксандр Неўскі атрымаў перамогу над нямецкімі “псамі-рыцарамі” пад час “лядовага пабоішча” у 1242 годзе, маючы 15 – 17 тыс. воінаў над 10 – 12 тысячамі супраціўніка).

Не меншую славу меў гетман ВКЛ Ян Кароль Хадкевіч (1560-1621 гг.) са слаўнага роду быхаўскіх магнатаў. У 1601 годзе ён з 2 тыс. воінаў перамог 14- тысячнае шведскае войска пад Белым Камяком. А пра перамогу пад Кірхгольмам у 1605 годзе ў еўрапейскіх газетах пісалі, што “нашчадкі будуць хутчэй дзівіцца гэтаму трыумфу, чым верыць у яго”. У гэтай бітве была атрымана перамога 4-тысячнага войска ВКЛ над 14-тысячным войскам шведаў. Пры тым, страты пераможцаў саставілі ўсяго каля 100 ваяроў. З гэтай перамогай Хадкевіча віншавалі многія еўрапейскія манархі і асабіста папа рымскі Павел У. Аб папулярнасці яго ў народзе сведчыць тое, што дзеці, калі ў той час гулялі ў “вайну”, то абавязкова героем быў Хадкевіч.

Зоркай першай велічыні на небасхіле палітычнай гісторыі Беларусі лічыцца Леў Сапега(1557-1633 гг.). Гэта быў выдатны палітык, ваенны і грамадскі дзеяч, мог выдатна гаварыць на 5-ці мовах. Ён аўтар і рэдактар славутага на ўвесь свет “Статута Вялікага княства Літоўскага” (1588 года). Менавіта Леў Сапега выказаў думку, што закон – гэта “найвышэйшы вартавы ўсеагульнай свабоды”. Як па-сучаснаму гучаць гэтыя словы!

Многа карыснага для нашай айчыны зрабіў магутны старажытны магнацкі род Радзівілаў, з якога выйшла цэлая кагорта знакамітых і ў добрым, і ў дрэнным сэнсе гэтага слова асоб. Згодна летапісу, яшчэ пры Вялікім князі Гедыміне, быццам бы малады чалавек знатнай фаміліі з Жамойці па імені Радзівіл прыйшоў на тэрыторыю сучаснай Беларусі ў саставе ваяроў, якія хацелі паспытаць сябе ў бойцы супраць “Залатой Арды”. Потым і засталіся тут і, як сказана ў летапісе, “пакумаваўшыся і пабратаўшыся з Руссю”. Ёсць яшчэ і другая легенда, быццам у славяніна Крыва-Крывейшы, што быў вярхоўным жрацом у язычнікаў-літоўцаў нарадзіўся сын, які ўмеў тлумачыць сны. І калі з гэтай нагоды звярнуўся да яго Гедымін, хлопчык параіў князю заснаваць горад, што атрымаў назву Вільні. З цягам часу мянушка “Радзівіл” ад слова “радзіць” перайшла ў прозвішча.

На працягу амаль 500 гадоў з рода Радзівілаў выйшлі канцлеры, дыпламаты і гетманы; кампазітары, мастакі і пісьменнікі; мецэнаты, разумныя і прыдуркаватыя асобы. Гэта былі прадстаўнікі самага багатага і ўплывовага роду магнатаў Вялікага Княства Літоўскага, без знаёмства з якім немагчыма пазнаць гісторыю ўсёй дзяржавы. На наш погляд, цікавым будзе нават просты пералік некаторых з іх. Звярніце ўвагу на мянушкі. Радзівіл Мікалай Чорны (1515- 1565 гг.). (Быў яшчэ “Руды”, “Доўгая барада” і інш.), дзяржаўны дзеяч, рэфарматар, першы перайшоў у пратэстанцтва. Мікалай Крыштоф Сіротка (1549-1616гг.). Таксама дзяржаўны дзеяч, знатны падарожнік. Ён напісаў кнігу, у якой з навуковых пазіцый, вельмі вобразна апісаў Егіпет, Сірыю, Ліван, Мёртвае мора, Крыт і інш. Кніга вытрымала 19 выданняў на розных мовах Еўропы. Цікавая яна і цяпер. Міхаіл Казімір Рыбанька (1702-1762 гг.) – выдатны дзяржаўны дзеяч, будаўнік Нясвіжскага замка, стваральнік першых на Беларусі мануфактур, у тым ліку і нясвіжскай габеленавай, фаянсавай у Новым Свержні і Слуцкай, якая вырабляла цудоўныя паясы. Кароль Станіслаў “ПанеКаханку” – (? - 1790) – вядомы на ўсю Еўропу авантурыст, дзівак, фантаст і ілгун тыпа барона Мюнхаўзена, бабнік, абжора і п’яніца. Гэта ён гарачым летам, калі госці млелі ад спёкі, паабяцаў ім назаўтра зіму са снегам. А раніцай госці, прачнуўшыся, убачылі снег і паехалі да касцёла на санях. На самой справе князь усё наваколле ў замку пасыпаў соллю, якая тады вельмі дорага каштавала. Але ж надта багаты быў Радзівіл.

Усім вядома слаўнае імя Тадэвуша Касцюшкі (1746-1817 гг.). Сын беларускага шляхціча, і ганарыўся тым, што ён літвін. Змагаўся за незалежнасць Паўночнай Амерыкі і ўзнагароджаны вышэйшым ордэнам ЗША Цынцынаці, кіраваў паўстаннем у Польшчы і Літве 1794 года. Нацыянальны герой Польшчы і ЗША.

Кастусь Каліноўскі (1838 – 1864 гг.) – гонар беларускага народу. Зусім невядомы саратнік К.Каліноўскага Урублеўскі Валерый Антоній(1836-1908 гг.). Нарадзіўся ў сям’і беззямельнага шляхціча ў мястэчку Жалудок Лідскага павету. Разам з Каліноўскім выдаваў газету “Мужыцкая праўда”. Быў кіраўніком паўстанцкага атрада і ў часе бою 7 жніўня 1864 года быў пасечаны шаблямі казакоў. Цудам выжыў і эміграваў у Францыю. У час рэвалюцыйных падзей, калі была створана “Парыжская камуна”, актыўна яе падтрымаў. Кіраваў абаронай паўднёвай часткі Парыжа. Яму прысвоена званне генерала. Пасля паражэння рэвалюцыі з фальшывым пашпартам пераехаў у Англію, дзе пазнаёміўся з К.Марксам і Ф.Энгельсам. Быў членам Генеральнага Савета І Інтэрнацыянала. Да канца сваіх дзён захаваў вернасць ідэям сацыялізма.

Дзеля ідэі аб вызваленні прыгнечаных ахвяраваў сваё жыццё рэвалюцыянер-народаволец Грынявіцкі Ігнат. 1 сакавіка 1881 года ён самаробнай бомбай узарваў сябе і цара Аляксандра ІІ. Нарадзіўся ён у Бабруйскім павеце ў 1856 годзе, вучыўся ў Пецярбургскім тэхналагічным інстытуце, разам з А.Жалябавым і С.Пяроўскай быў членам арганізацыі “Народная воля”.

Вось такі кароткі пералік дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў нашай Айчыны. Анатацыя зместу іх слаўнага жыцця, вядома, не можа быць у адной такой публікацыі, каб гэта адпавядала вартасці іх асоб.

 

ІІ. Беларуская ніва навукі і культуры таксама была багатай на таленавітых людзей. З самых старажытных часоў яны засвяціліся яркімі зоркамі. Аб многіх з іх вядома яшчэ са школы. Гэта вялікі гуманіст старажытнасці Кірыла Тураўскі (1130-1184 гг.). Прапаведнік і пісьменнік, які пакінуў пасля сябе многа твораў, у асноўным царкоўнага характару. Напісаныя ім пропаведзі, малітвы і павучанні вызначаюцца багатай паэтычнай вобразнасцю і ўзнёсласцю. Сучаснікі яго называлі “залатавустам”. Яго тэксты малітваў гучаць і сёння ў цэрквах. Напрыклад, кожную нядзелю пасля ранішняй літургіі гаворыцца:“Ведаю, што ты прывёў мяне з нябыту ў быццё і ўпрыгожыў падобнасцю да вобраза Свайго, надзяліў мяне словам і розумам. Ты ўзнёс мяне вышэй за ўсё жывое і паставіў мяне валадаром усяго тварэння”.

Ідэйным апанентам Кірылы Тураўскага па пытанню залежнасці рускай царквы ад Канстанцінопаля выступаў Клім Смаляціч (пачатак ХІІ – 1164 г.). Летапісец называе яго кніжнікам і філосафам, якіх не было дагэтуль на рускай зямлі. З 1148 па 1155 год займаў пасаду Кіеўскага мітрапаліта.

Эпоха Вялікага Княства Літоўскага вылучыла з асяроддзя нашых продкаў многа выдатных дзеячаў навукі і культуры. Зоркай першай велічыні быў ужо даволі вядомы Францыск Скарына (1490 – 1551 гг.). Мы ўжо абумовіліся, што ў даннай публікацыі будзем рабіць акцэнты толькі на менш вядомых выдатных асобах даўнасці, але не менш заслужаных. Пагэтаму аб Ф.Скарыне скажам толькі, што 1990 год у гонар 500-годдзя яго нараджэння аб’яўлены ЮНЭСКА (арганізацыя ААН) годам Скарыны. Гэта знак сусветнага прызнання заслугі нашага продка перад усім чалавецтвам.

Прадаўжальнікам справы Ф.Скарыны былі Іван Фёдараў (Федаровіч) – (1510–1583 гг.) і яго паплечнік Пётр Мсціславец (даты яго жыцця невядомы). Абодва яны з ВКЛ. Іван Фёдараў з магнацкага роду Рагозаў, меў іх фамільны герб, а прозвішча Пятра азначала, што ён родам з Мсціслаўля. Іх заслугі перад усімі ўсходнімі славянамі вядомы: яны першадрукары. Ніколькі не прыніжаючы іх заслугі, адзначым, што яны сталі друкавць свае кнігі ў Маскве амаль на 50 гадоў пазней Ф.Скарыны.

Вялікая заслуга ў развіцці друкарскай справы, а таксама асветніцтва і філасофскай думкі належыць Сымону Буднаму (1530-1593 гг.) і Васілю Цяпінскаму (Амельяновічу) (1530-1600 гг.). У шэраг выдатных людзей варта паставіць Сімяона Полацкага (1629-1680 гг.), сапраўднае імя якога Самуіл Гаўрылавіч Пятроўскі-Сітніяновіч. Акрамя роднай старабеларускай, ён добра ведаў лацінскую, польскую і царкоўна-славянскую мовы, нават пісаў на гэтыхмовах вершы і прамовы. У 1664 годзе ён вымушаны быў пераехаць у Маскву, дзе ў хуткім часе становіцца выхавацелем і настаўнікам царскіх нашчадкаў, у тым ліку і Пятра Першага. Спецыяльна для апошняга падрыхтаваў і выдаў “Буквар”, які ўвогуле стаў першым падручнікам і на доўгі час для дзяцей Расіі. Паколькі ў той час самым надзейным сродкам заахвочвання дзяцей да навукі былі розгі, то Полацкі напісаў у гэтым падручніку як бы змякчаючы такую жорсткасць верш: «Плевела от пшеницы жезл тверд отбивает, Розга буйство от сердец детских прогоняет.

Та орудия глупых исправляют,

Плоти целости ничтоже вреждают.

Целуйте розгу, бич и жезл лобзайте,

Та суть безвинна, тех не проклинайте».

Сімеон Полацкі задумаў стварыць у Маскве першую вышэйшую навучальную ўстанову накшталт Віленскага ўніверсітэта і самому стаць рэктарам. Але здзейсніць не паспеў. Па яго ідэі і распрацоўках у 1686 годзе адкрылася славяна-грэка-лацінская акадэмія, у якой пазней вучыўся М.В.Ламаносаў. С.Полацкі стаў першым прафесіянальным рускім пісьменнікам–паэтам, першым рускім інтэлігентам, для якога тады яшчэ не склалася належнае асяроддзе. У гэтым сэнсе ён на цэлае стагоддзе абагнаў расійскую рэчаіснасць. А па яго завяшчанню пасля смерці набытую працай значную маёмасць перадалі дзевяці беларускім манастырам, у тым ліку Полацкаму, Менскаму, Віленскаму, Міёрскаму і іншым. Гэта была яго апошняя даніна радзіме, і пасільная дапамога аднадумцам.

Многія напэўна памятаюць, што Міхайла Ламаносаў, калі вучыўся ў Славяна-грэка-лацінскай акадэміі, пасцігаў навуковыя прамудрасці з вельмі папулярных у той час падручнікаў: “Арыфметыкі” Магніцкага і“Граматыкі” Сматрыцкага, называючы іх “вратамі маёй вучонасці”. Аўтар “Граматыкі” Мяленцій Сматрыцкі (свецкае імя Максім Герасімовіч) (1575-1633 гг.) – царкоўны дзеяч на тэрыторыі Беларусі, мысліцель, доктармедыцыны,пісьменнік. Сваю працу “Граматыкі славенскія...” ён выдаў у Іўі ў 1619 годзе, як абагульненне сваёй багатай навуковай і педагагічнай практыкі. Аб высокім узроўні гэтага падручніка сведчыць тое, што ім карысталіся амаль 150 гадоў. Нават больш пазнейшыя граматыкі з’яўляліся ў той ці іншай меры перапрацоўкамі гэтага твора М.Сматрыцкага.

Доўгі час не было вядома нам, што сённяшні шрыфт стварыў не Пётр Першы, а аўтарам яго быў наш суайчыннік з Мсціслаўля Ілля Капіевіч (Капіеўскі) (1651-1714 гг.). У 1697 годзе, калі Пётр Першы быў у Галандыі, да яго перакладчыкам быў пастаўлены Капіевіч, які ведаў шмат моў і служыў тады ў Амстэрдамскім саборы. Рускаму цару спадабаўся перакладчык, і ён быў запрошаны ў Расію, дзе зрабіў новы шрыфт. У 1703 годзе на яго аснове Пётр І правёў рэформу расійскай азбукі. Новымі літарамі Капіевіча, або “беларускай азбукай”(капіеўкай) і сёння карыстаюцца рускія, украінцы, сербы, балгары, македонцы і інш. Капіевіч стварыў першы рускі народны каляндар і інш.

Навуковыя эксперыменты і прапановы Казіміра Семяновіча (1600 – 1651 гг.)на многія гады прадвызначылі шляхі развіцця еўрапейскай артылерыі і ракетабудавання. У 1650 годзе ў Амстэрдаме вышла яго фундаментальная кніга “Вялікае майстэрства артылерыі. Частка першая”. Яна была перакладзена на большасць еўрапейскіх моў. У кнізе навукова абгрунтавана залежнасць калібру гармат, вагі ядраў ад матэрыала, з якога яны зроблены, апісана тэхналогія вырабу розных гатункаў, пораху. Семяновіч навукова абаснаваў канструкцыі больш дзесяці тыпаў ракет, у тым ліку з хвастамі ў выглядзе дэльты. Але самае цікаўнае, што ён амаль за 300 гадоў да асваення космасу падрабязна апісаў у сваёй кнізе многаступенчатую ракету, а таксама ракеты ў звязцы з некалькіх штук. Ён вынайшоў прыцэльнае прыстасаванне для артылерыі тыпу сённяшняй бусолі. Усё гэта сведчыла аб даволі высокім узроўні артылерыйскай справы ў Вялікім Княстве Літоўскім. Асабліва каліулічыць, што беларусАндрэй Чохаў (альбо Чэхаў),пераехаўшы ў Расію, стварыў там многа выдатных бронзавых гармат, у тым ліку ў 1586 годзе знакамітую “ Цар-Гармату”, вагою ў 40 тон.Цяпер яна побач з “Цар-колакалам” дэманструецца ў Маскоўскім Крамлі. Мы можам ганарыцца таксама тым, што заснавальнікам школы рускіх доменшчыкаў, аўтарам сучаснага доменнага працэсу выплаўкі чыгунубыў нашзямлякКурка Міхаіл Канстанцінавіч (1872 – 1920 гг.). Са смаленскіх беларусаў паходзіў Тацішчаў Васіль Нікіціч (1686–1750), напісаў першую фундаментальную работу “История Российская с самых древнейших времён”. А якія выдатныя людзі насілі прозвішчы Кавалеўскіх! Перш за ўсё, гэта матэматык сусветнага маштабу першая жанчына член-карэспандэнт Пецярбургскай Акадэміі навук Соф’я Васільеўна Кавалеўская (1850–1891 гг.). Яна паходзіла са старажытнага шляхецкага роду Корвін-Крукоўскіх. Цікава, што нават вышла замуж яна фіктыўна, каб пазбавіцца бацькоўскай апекі і прадоўжыць сваю адукацыю ў Германіі, дзе жанчына магла вучыцца ва ўніверсітэце горада Гейдэльберга. Згадзіўся стаць фіктыўным супругам Кавалеўскі Уладзімір Ануфрыевіч (1842 – 1891 гг.) родам з Віцебскай вобласці. Крыху пазней гэты шлюб стаў сапраўдным. За сваё кароткае жыццё (41 год) Уладзімір Ануфрыевіч паспявае прыняцьудзел у паўстанні 1863 года, затым увызваленчым паходзе Гарыбальдзі. Пасля гэтага абараняе дысертацыю па палеанталогіі і становіцца прафесарам Маскоўскага ўніверсітэта. За важкі ўклад у навуку яго лічаць заснавальнікам эвалюцыйнай палеанталогіі. Бліскучым даследчыкам у вобласці біялогіі быў брат Уладзіміра Аляксандр Кавалеўскі (1840–1901гг.). Прафесар Пецярбургскага ўніверсітэта, член Расійскай Акадэміі навук, ён зрабіў важнае адкрыццё, даказаўшы эвалюцыйнае адзінства хрыбетных і бесхрыбетных жывёлін.

Мала хто ведае, што народным героем у далёкім Чылі названы беларус Ігнат Іпалітавіч Дамейка (1802 – 1889 гг.). Яго імем названы партовы горад (Пуэрта – Дамейка), вулканічны ланцуг гор у Андах, аткрыты ім мінерал (дамейкіт), фіялкавая кветка (віёлка дамейкона), у Сант’яга пастаўлены памятнік “Грэндэ Эдукатору” (вялікаму асветніку), самая высокая ў Чылі пенсія носіць таксама яго імя. За што такія вялікія пашаны чалавеку, дыяшчэчужынцу з далёкай Беларусі? А ёсць за што, чаго нават пералічыць сёння немагчыма. Калі вельмі коратка, то гэта была вымушаная эміграцыя пасля паражэння паўстання 1830–31 гг.: з 1838 жыццё ў Чылі, дзе ён арганізаваў у Сант’яга ўніверсітэт і стаў яго рэктарам аж на 16 гадоў. Акрамя гэтага стварыў вышэйшую горную школу, якая стала сапраўднаю кузняю нацыянальных кадраў у горнай справе; увёў метрычную сістэму мер, па яго праекту быў пабудаваны першы ў Чылі вадаправод; распрацаваў асновы прамысловага пошуку і эксплуатацыі карысных выкапняў серы, срэбра, золата і медзі; апублікаваў больш за 130 навуковых работ, у тым ліку падручнік “Мінералогія”, якім многа дзесяцігоддзяў карысталіся ва ўсіх лацінаамерыканскіх краінах. Яго з вялікай павагай называлі “Дон Ігнаціо”, і яго добраведаюць сучасныя чылійцы.

Чалавекам-легендай можна назваць Судзілоўскага Яўгена Канстанцінавіча (1850-1930 гг.), ураджэнца Магілёва. Як рэвалюцыянер-народнік, ён “хадзіў у народ”, удзельнічаў у грамадскім руху Швейцарыі, Англіі, ЗША, Францыі, Румыніі, Балгарыі, Японіі і Кітая. Нават выбіраўся сенатарам на амерыканскіх Гавайскіх астравах і каля двух гадоў быў прэзідэнтам гавайскага сената, у Японіі выдаваў штотыднёвік “ Японія і Расія”. Па прафесіі ён быў медык, з яго іменем звязаны навуковыя дасягненні ў галіне хірургіі і тэорыі туберкулёзу. За выратаванне сотняў параненых быў узнагароджаны ў Румыніі залатым медалём. “Доктар Русель”, так ягозвычайна называлі, валодаў 10 мовамі, у тым ліку японскай і кітайскай. За дасягненні ў галіне этнаграфіі, энтамалогіі, хіміі, біялогіі і аграноміі яму былі прысвоены ганаровыя званні члена Амерыканскага таварыства генетыкаў, навуковых таварыств Японіі і Кітая.

Адным з першых іншаземцаў, якім было дазволена наведаць унутраную Японію быў Іосіф Антонавіч Гашкевіч (1814-1872 гг.). Ён скончыў Мінскую духоўную семінарыю, затым духоўную акадэмію ў Пецярбургу. Працаваўпершым консулам у Японіі, выдаў першы ў Расіі “Японска-рускі слоўнік”. Імя яго ўшаноўваюць у Японіі.

За выдатныя навуковыя работы імёны многіх нашых землякоў замацаваны ў назвах іх адкрыццяў. Гэта “конь Пржавальскага” ў гонар Мікалая Міхайлавіча Пржавальскага (Прывальскага) (1839-1888 гг.); горныя храбты Чэрскага ў Забайкаллі, Якуціі і Магаданскай вобласці як дань той заслугі, якую набыў віцебскі жыхар Іван Дзяменцьевіч Чэрскі (1845-1892 гг.). У тэорыі адноснасці існуе паняцце “прастора” Мінкоўскага”. Гэта паняцце ўвайшло ў навуковы абарот, дзякуючы працам нямецкага матэматыкаі фізіка беларускагапаходжанняГермана Мінкоўскага(1826-1909 гг.)

Стварыў навуку аб глебе, як спецыфічным прыродна-гістарычным феномене, распрацаваў методыку павышэння яе ўрадлівасці, прапанаваў план абароны ад засухі і іншыя агранамічныя меры Васіль Васільевіч Дакучаеў (1846-1903 гг.).

Важным доказам музыкальнасці беларускага народа з’ўляецца не толькі яго найбагацейшы ў свеце песенны і танцавальны фальклор, але і веліч таленту музыкантаў, якія выйшлі з яго нетраў. Да нас не дайшлі імёны многіх выдатных музыкантаў сярэднявечча. А ў эпоху Асветніцтва найбольш ярка засвяціўся музычны талент беларуса Агінскага Міхала Клеафаса (1765-1833 гг.). Ён быў аўтарам выдатных вальсаў, маршаў, паланэзаў і мазурак. Асабліва папулярны і сёння паланэз “Развітанне з Радзімай”, а таксама песня “Яшчэ Польша не загінула”, якой ён верагодней усяго быў аўтарам. У гэты ж час на карысць расійскай культуры тварыў другі музыкант з Беларусі Казлоўскі Іосіф Антонавіч (1757-1831 гг.). Ён кіраваў музычнай часткай тэатра Расіі ў Пецярбургу. Гэты кампазітар з’ўляецца адным з стваральнікаў рускага раманса, аўтарам папулярнага марша, які потым стаў гімнам “Гром победы, раздавайся!”. Помніце, памешчык Траякураў у пушкінскай аповесці “Дуброўскі” любіў напяваць гэтую мелодыю ў розных варыянтах.

Усё сваё жыццё працаваў на тэрыторыі Беларусі выдатны піяніст, кампазітар і дырыжор Юзаф Дашчынскі (1781-1844 гг.) Ён аўтар больш 100 музычных твораў, якія выконваліся ў той час амаль па ўсёй Еўропе. Лепшыя яго паланэзы не ўступалі па прыгажосці паланэзам Агінскага. Амаль 30 гадоў ён узначальваў сімфанічны аркестр у Гарадзішчы пад Мінскам.

Кампазітар, дырыжор, педагог, класік беларускай і польскай музыкі, стваральнік нацыянальнай беларускай і польскай оперы Станіслаў Манюшка (1819-1872 гг.). Нарадзіўся ў шляхецкай сям’і Ігуменскага (Чэрвеньскага) павета Мінскай губерніі. Ён шырока выкарыстоўваў беларускі і польскі фальклор. Найбольш папулярнымі з’ўляюцца оперы “Ідылія”, “Галька”, “Слова гонару”, “Парыя” і “Страшны двор”. Напісаў больш 300 песен, у тым ліку на вершы А.Міцкевіча, Я.Чачота і інш.

Вялікі ўклад у рускую і сусветную музыкальную культуру зрабілікампазітары беларускага паходжанняГлінка Міхаіл Іванавіч(1804-1857 гг.),Мусаргскі МадэстПятровіч (1839-1881 гг.). Гэтыя музыкантынапэўна вядомыя ўсім.

У беларускага народа ёсць “свая ніша” ў сусветным мастацтве і скульптуры. Адзначым найбольш вядомых мастакоў. Аляшкевіч Іосіф Іванавіч (1777-1830 гг.). Знатныя яго партрэты А.Міцкевіча, Л.Сапегі, М.Радзівіла. За карціну “Апека сірот” ён атрымаў званне акадэміка жывапісу. Добра вядомы яго карціны, выкананыя ў стылі позняга класіцызму. Гэта “Мадона з дзіцем”, “Групавы партрэт”, “Развітанне гетмана Хадкевіча з маладой жонкай” і інш.

Смуглевіч Францішак (1745-1807 гг.). Працаваў у стылі класіцызму і ў жанры гістарычным, батальным, выкарыстоўваў міфалагічныя тэмы. Тут карціны “Прысяга Т.Касцюшкі на Кракаўскім рынку”, “Бітва пры Хоціне ў 1673 годзе”, “Юдзіф”, “Смерць Марыі” і інш. Многа зрабіў размалёвак у храмах Мінска, Гродна, Полацка, Рэчыцы, у гарадах Польшчы і сучаснай Літвы.

Ваньковіч Валенцій Мельхіоравіч (1799-1842 гг.). Пасля заканчэння з залатым медалём Пецярбургскай мастацкай акадэміі вярнуўся ў Мінск іпрацаваў у сваёй майстэрні ў Сляпянцы. Стварыў многа выдатных партрэтаў сваіх блізкіх і сучаснікаў. У карцінах маляваў вобразы святых як натуральных людзей. Яго карціна-абраз “Дзева Марыя Вострабрамская” упрыгожвае алтар касцёла св. Севярына ў Парыжы, карціна “Мадона з дзіцем” знаходзіцца ў Луўры, некаторыя палотны захоўваюцца ў Нацыянальным музеі Варшавы, а таксама ў Дзяржаўным мастацкім музеі Беларусі ў Мінску. Знясілены працай, без падтрымкі мясцовых улад, ён вымушаны быў эміграваць у Францыю, дзе і памёр.

Орда Напалеон(1807-1883 гг.). Аб гэтым таленавітым чалавеку можна ў роўнай ступені гаварыць як аб музыканце, так і аб мастаку. Як кампазітар і музыкант, ён напісаў многа паланэзаў, вальсаў, мазурак, серанад і песен. Быў некаторы час дырэктарам італьянскай оперы ў Парыжы, напісаў і выдаў “Граматыку музыкі”, высока ацэненую С.Манюшкам. Як мастак, пакінуў многа карцін, у якіх з дакументальнай дакладнасцю адлюстраваны помнікі архітэктуры, якіх сёння ўжо няма.

Заранка Сяргей Канстанцінавіч(1818-1870 гг.). Вучань А.Венецыянава, акадэмік жывапісу, настаўнік вядомых рускіх мастакоў В.Пярова, У. Макоўскага і В.Пукірава. Напісаў выдатныя партрэты сваіх сучаснікаў.

Гараўскі АпалінарГіляраевіч(1833-1900 гг.). Пейзажыст і партрэціст. Творы яго адметныя жыццёвай праўдай, глыбокай народнасцю, высокім тэхнічным майстэрствам, асабліва “Балота”, “Вечар”, “На Радзіме”, “Свіслач”, “Вечар у Мінскай губерні”, “Пейзаж з каровамі”, “Старая моліцца” і інш.

Андрыёлі Міхаіл Эльвіра(1836-1895 гг.). Нарадзіўся ў Вільні, вучыўсяна медыцынскім факультэце Маскоўскага ўніверсітэта, але ў хуткім часе перайшоў ў маскоўскае вучылішча жывапісу. Удзельнічаў у паўстанні 1863 года. Уцёк за граніцу, а калі ў 1866 годзе вярнуўся, то быў арыштаваны і сасланы ў Вятку. Там быў настаўнікам будучых рускіх мастакоў братоў Васняцовых, зрабіў многа жывапісных і графічных работ на гістарычнуютэму: “Смерць Кейстута”, “Сутычка ліцвінаў з крыжаносцамі”, “Гусляр”,“Хрышчэнне язычнікаў” і інш., напісаў партрэты А.Міцкевіча, У.Сыракомлі, Э.Ажэшкі, Ф.Багушэвіча.

У вобласці скульптуры і мастацтва працаваў Мікешын Міхаіл Восіпавіч (1835-1896 гг.). Усерасійскую вядомасць прынесла яму работа над помнікам “Тысячагоддзе Расіі”. Ён аўтар помніка Кацярыне ІІ у Пецярбургу, Багдану Хмяльніцкаму ў Кіеве, у Севастопалі – У.Карнілаву і П.Нахімаву. Аўтар шэрагу замалёвак з жыцця беларусаў: “Каханне”, “Паштовая эстафета, Беларусь”, “Жабрачка”, “Банкір і шляхціч” і іншыя. Вось такі кароткі абрыс круга людзей – выхадцаў з Беларусі, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё сусветнага мастацтва.

На ніве літаратуры ў Беларусі талентаў было яшчэ больш. У далёкім сярэднявеччы звонка на ўсю Еўропу прагучаў паэтычны голас Міколы Гусоўскага(1470-1533 гг.), аўтара паэтычнага зборніка “Песня пра зубра”. У гэтым зборніку, акрамя аднайменнай паэмы, змешчаны 11 вершаў. Паэт першы ў славянскай літаратуры ўбачыў і адлюстраваў пачатак крызісу сацыяльна-палітычнага ладу Вялікага Княства Літоўскага. Акрамя выдатнай паэмы “Песня пра зубра”, яго пяру належаць яшчэ паэмы “Новая і славутая перамога над туркамі ў ліпені месяцы” і “Жыццё і подзвігі св. Гіяцынта”. Міжнародная арганізацыя ЮНЕСКО ў знакпрызнання паэтычнага таленту ўключыла М.Гусоўскага ў спіс найвыдатнейшых дзеячаў славянскага свету. У 1980 годзе чалавецтва адзначала 500-гадовы юбілей гэтага паэта.

Вельмі цікавым дзеячам беларускай культуры канца ХУІ – пачатку ХУІІ стагоддзя з’яўляецца пісьменнік і перакладчык Будны Беняш (не трэба блытаць яго з Сымонам Будным). Даты яго жыцця невядомы. Галоўным творам Беняша Буднага была фундаментальная праца “Кароткія аповесці”, якія па-грэчаску называюцца Апафегматамі”, выданая першы раз у 1599 годзе. Затым яна выдавалася шмат разоў і ў розных краінах, у тым ліку больш 7 разоў у Расіі. Пятру Першаму спадабалася, што ў гэтай кнізе ў яснай і даступнай форме апавядалася пра антычных філосафаў, іх вучэнні, іх асабістае жыццё і ён стаў як бы “хросным бацькам” першага яе выдання ў 1712 годзе.

Адным з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры таго часу, якая спалучала рысы асветніцтва і рамантызму, быў ураджэнец Навагрудчыны Тамаш Зан (1796-1855гг.). Ён адыграў таксама важную ролю ў станаўленні новага накірунку ў літаратуры – рэвалюцыйнага рамантызму. У сваёй творчасці шырока выкарыстоўваў беларускі фальклор, беларускія абрадавыя традыцыі. Гэта камедыя “Грэцкія піражкі”, паэмы “Табакерка”, “Цыганка”, “Свіцязь-возера”, “Твардоўскі”і інш. Зан аказаў значны ўплыў на паэтычнуютворчасць Адама Міцкевіча (1798-1855 гг.). Гэта быў польскі паэт, класік польскай літаратуры, але з беларускаю душою. Ён не лічыў сябе палякам, а толькі ліцвінам. Сваю галоўную працу “Пан Тадэвуш” пасвяціў апісанню беларускага жыцця. Нездарма сучаснікі гэту паэму назвалі “энцыклапедыяй жыцця ліцвінаў”, гэта значыць беларусаў. У паэмах “Конрад Валенрод” і “Гражына” Міцкевіч паказаў барацьбу ліцвінаў з крыжакамі. Знаходзячыся далёка ад радзімы, ён адчуваў як губляецца ўяго паэтычнае натхненне. Аб гэтым сведчаць радкі з яго паэмы:

Літва, айчына мая

Ты што здароўе...

Як цаніць цябе трэба,

Толькі той спазнае,

Хто цябе страціў.

Сёння тваю прыгажосць

У поўнай меры я бачу і апяваю,

Бо вельмі сумую па табе.

Прабачце за вольны пераклад з польскай мовы. Гэтыя радкі яскрава сведчаць, што для паэта радзіма Літва і Навагрудчына прынамсі з’яўляюцца бясконца блізкімі і дарагімі.

Польскім паэтам быў таксама беларус Уладзіслаў Сыракомля сапраўднае прозвішча Кандратовіч Людвік (1823-1862 гг.). Ён, як і Міцкевіч, быў адметным патрыётам сваёй радзімы, захапляўся прынёманскімі краявідамі, падкрэсліваючы, што яны яму даражэй за ўсе замежныя. Сыракомля больш вядомы сучаснаму чытачу як аўтар слоў папулярнай песні:”Когда я на почте служил ямщиком…». Гэта песня прадстаўляе сабою скарочаны варыянт вершаванай гутаркі пад назваю «Паштальён», перакладзенай рускім паэтам А.Трэфалёвым.

Беларуская зямля ўзгадавала таленавітую польскую пісьменніцу Элізу Ажэшка, дзявочае прозвішча якой Паўлоўская (1841-1910 гг.). Да вяршынь тагачаснай еўрапейскай культуры паднялася яна ў асноўным, дзякуючы самаадукацыі. Напісала многа аповесцей і раманаў, удачна спалучала прыёмы сатырычнага гратэску ў адносінах да шляхецкай арыстакратыі. Яе творы стаяць ля вытокаў беларускай драматургіі. Іх інсцэніроўкі «У зімовы вечар» і «Хам» многа разоў ставіліся на сцэнах прафесійных тэатраў Беларусі і ў самадзейных калектывах.

Арыгінальны паэт і драматург, прызнаны трэцім паэтам пасля А.Міцкевіча і Т.Зана на паэтычным турніры 1818 года быў Чачот Ян Антоні Тадэвушавіч (1796–1847 гг.). У адрозненне ад першых двух, ён пісаў не толькі на польскай, але і на беларускай мове. У сваіх баладах і вершах ён адстойваў інтарэсы самых бяспраўных, беларускіх сялян. Вельмі цаніў беларускі фальклор, нават склаў 6 зборнікаў «Сялянскія песні», куды ўвайшло больш за 1000 песень.

Не толькі польскую культуру, але і расійскую, абагачалі сваім талентам выхадцы з беларускай зямлі. Адным з такіх быў Нестар Васільевіч Кукальнік (1809-1868 гг.). Ён заявіў сябе пладатворным пісьменнікам. Ёсць творы пра маральны стан і палітычнае становішча ў Вялікім княстве Літоўскім ХІУ стагоддзя. За тое, што ў сталым узросце пачаў усхваляць самадзяржаўе, а народ паказваў, як пасіўны і бязлікі натоўп, яшчэ прыяго жыцці многія творыпачалі забывацца. Найбольш вядомыя дайшлі і да нас. Гэта тэксты песень, пакладзеныя на музыку М.Глінкі: “Жаваранак”, “Калыханка”,”Сумненне” і інш.

Вялікім рускім пісьменнікам, прынёсшым Расіі сусветную славу, быў Фёдар Міхайлавіч Дастаеўскі (1821–1881 гг.). У яго творчасці спалучаўся грунтоўны філасофскі разгляд сацыяльных кантрастаў у грамадстве і глыбокае пранікненне ў псіхалогію паводзін людзей, асабліва ў трагічных сітуацыях. Сваімі фамільнымі карэннямі ён паходзіў з Беларусі, а дакладней з Дастоева, што недалёка ад г. Пінска. Адсюль і прозвішча Дастаеўскі. Беларускага паходжання былі таксама пісьменнік і журналіст Тадэвуш (Фадзей) Булгарын (1789 – 1880 гг.), аўтар шырока вядомых песень “Тройка” (Вот мчится тройка почтовая вдоль по дороге столбовой) і “Узник” (Не слышно шума городского...).

Аляксандр Грыбаедаў (з Грыбоўскіх) – (1795 – 1829 гг.), аўтар сатырычнай камедыі “Горе от ума”. Найбольш яркі прадстаўнік рамантычнай фантастыкі Аляксандр Грын (сапр. Грынеўскі) (1880 – 1932 гг.). Хто не захапляўся ў маладосці героямі “ Алых парусов” і “Бегущей по волнам”?

Французскі паэт Гіём Апалінэр (Кастравіцкі) – (1880–1918 гг.). Яго вершы адметныя арыгінальнасцю і эксперыментатарствам па форме, а па зместу – трагічным успрыманнем вайны і скрухай па гуманізму.

На завяршэнне данай тэмы яшчэ раз звяртаем увагу на тое, што мы канцэнтравалі ўвагу на менш вядомых, але не менш таленавітых людзей беларускага паходжання. Таму мы нічога не сказалі аб такіх пісьменнікахі паэтах, як Вінцук Дунін – Марцінкевіч (1808–1884 гг.), Францішак Багушэвіч (1840 – 1900 гг.) і многіх іншых асобах.

 

Літаратура.

Баландзін К.І. Культурнае развіццё Беларусі ў ХУІІ – ХУІІІ ст.ст. Вучэбны дапаможнік. Мн., БДПА, 1994.

Барока ў беларускай культуры і мастацтве. Мн., Бел. думка, 1998.

Бырышев Г.И. Театральная культура Белоруссии ХУІІІ ст. Мн., Наука и техника, 1992.

Вабішэвіч А. Нацыянальная школа ў Заходняй Беларусі (1921 – 1939 гг.) // Беларускі гістарычны часопіс, – 1994, № 2.

Гісторыя Беларусі: Дапаможнік для паступаючых у ВНУ. / Пад рэд. А.Г. Каханоўскага і інш. – Мн., «Экаперспектыва», 1998.

Гісторыя Беларусі: курс лекцый. У 2 ч. / І.П. Крэнь, І.І. Коўпель і інш., ч. І, Мн., РІВШ, 2000.

Гісторыя Беларусі: Вучэбны дапаможнік. У 2 ч. / Аляксандрд рэд. А.К. Новіка, Г.С. Марцуля. – Мн., Універсітэцкае, 1998.

Зуева З.І. Беларусь у складзе Рэчы Паспалітай. Культура Беларусі (1569 – 1795 гг.). Мн., Навука і тэхніка, 1994.

История белорусского кино (1924 – 1945 гг.) / А.В. Красинский и др. – Мн., Наука и техника, 1969.

История белорусской советской литературы. / Н.С. Перкин и др.– Мн., Наука и техника, 1977.

Канфесіі на Беларусі. Мн., 1988.

Качаноўскі У.У. Гісторыя культуры Беларусі: Вучэбны дапаможнік. – Мн., “Экаперспектыва”, 1994.

Ковкель И.И., Ямусин Э.С. История Беларуси. Уч. пособие. – Мн., Аверсэв, 2000.

Лазука Б.А. Гісторыя мастацтваў. Вучэбны дапаможнік. – Мн., Беларусь, 1996.

Ліс А.С. Заходняя Беларусь. Культурная спадчына забытага дваццацігоддзя: 20 – 40-я гады ХХ ст. // Спадчына, – 1994, № 6.

Лыч Л.М., Навіцкі У.І. Гісторыя культуры Беларусі. – Мн., “Экаперспектыва”, 1997.

Музычны тэатр Беларусі: 1917 – 1959 гг. / Пад рэд. Г.Р. Куляшова і інш. – Мн., Навука і тэхніка, 1993.

Мысліцелі і асветнікі Беларусі. Энцыкл. даведнік. Мн., 1995.

Міцкевіч А.М. і др. Кароткі курс гісторыі рэлігіі і царквы ў Беларусі. Вуч. дапаможнік: БДПУ, 1995.

Нарысы гісторыі Беларусі. У 2 ч. / Пад рэд. М.П. Касцюка. Мн., Беларусь, 1994 – 1995.

Очерки истории науки и культуры Беларуси. / Петриков П.Т. и др. Мн., 1996.

Пилиста Г.М. Введение христианства на Руси: предпосылки, обстоятельства, последствия. – Мн., Беларусь, 1988.

Рагойша В. Прысутнасць беларускай культуры ў свеце. // Роднае слова. – 1996, № 10, 12.

Страчаная спадчына. / Т.В. Габрусь і інш. – Мн., Полымя, 1998.

Ткачоў М.В. Замкі і людзі. Мн., навука і тэхніка, 1991.

Францыск Скарына і яго час. Мн., БелСЭ, 1988.

Чантурия В.А. История архитектуры Белоруссии. Мн., Вышэйшая школа, 1985.

Чигринов П.Г. История Беларуси. – М., «Полымя», 2001.

Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 1 – 6. Мн., Белэн., 1993 – 2001.

 

 

 

Вучэбнае выданне

 

 

Саўко Мікалай Паўлавіч

Бобер Мірон Антонавіч

Карнацкая Ванда Іосіфаўна

 

Культура беларускага народа

Вучэбны дапаможнік

 

 

Пад рэдакц. М.П. Саўко, М.А. Бобер, В.І. Карнацкай

 

 

Рэдактар Л.І. Жук

Карэктар

 

Камп’ютарны набор

Камп’ютарная вёрстка

Падпісана ў друк. Фармат 60 х 84/ 16. Бумага пісчая.

Умоўна др. с.. Ул-выд. с Тыраж Заказ

Выдавецтва і паліграфічнае выкананне –

Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт

ЛВ № 410 от 08. 11. 99; ЛП № 51 от 17. 11. 97.

220050, г. Мінск, вул. Ленінградская, 6.

 

 

 


[1] Кніга жыцій і хаджэнняў. Мн., 1994, с. 46.

[2] Кніга жыцій і хаджэнняў. Мн., 1994, с. 52







Date: 2015-08-24; view: 513; Нарушение авторских прав



mydocx.ru - 2015-2024 year. (0.062 sec.) Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав - Пожаловаться на публикацию