Главная Случайная страница


Полезное:

Как сделать разговор полезным и приятным Как сделать объемную звезду своими руками Как сделать то, что делать не хочется? Как сделать погремушку Как сделать так чтобы женщины сами знакомились с вами Как сделать идею коммерческой Как сделать хорошую растяжку ног? Как сделать наш разум здоровым? Как сделать, чтобы люди обманывали меньше Вопрос 4. Как сделать так, чтобы вас уважали и ценили? Как сделать лучше себе и другим людям Как сделать свидание интересным?


Категории:

АрхитектураАстрономияБиологияГеографияГеологияИнформатикаИскусствоИсторияКулинарияКультураМаркетингМатематикаМедицинаМенеджментОхрана трудаПравоПроизводствоПсихологияРелигияСоциологияСпортТехникаФизикаФилософияХимияЭкологияЭкономикаЭлектроника






Тэма 7.Сучасная культура Беларусі





План.

  1. Асаблівасці стану культуры Беларусі ў першае пасляваеннае дзесяцігоддзе.
  2. Супярэчнасці ў развіцці беларускай культуры, выкліканыя палітычнай адлігай і адыходам ад яе.
  3. Адыход ад жорсткай ідэалагічнай абмежаванасці з канца 80-х гадоў. Культура і рынак. Пашырэнне “масавай культуры”.
  4. Праблемы вяртання беларускіх культурных нацыянальных каштоўнасцей Беларусі.

 

І. У папярэдняй тэме ішла гаворка аб тым, што ў перыяд 1941–1945 гадоў культура і мастацтва Беларусі былі падпарадкаваны інтарэсам вайны, ваенная тэматыка іграла вядучую ролю ў першае пасляваеннае дзесяцігоддзе, што яна займае пачэснае месца і ў сённяшнім культурным жыцці нашай краіны. Пагэтаму мы не будзем кранаць тыя бакі і напрамкі сучаснай культуры і мастацтва, у якіх адлюстроўваецца Айчынная вайна.

Пераможнае заканчэнне Вялікай Айчыннай вайны 1941–1945 гадоў спрыяла небываламу ўзлёту культа асобы Сталіна. Афіцыйная прапаганда, а яна тады была практычна ідэйнай, звязвала прычыны перамогі толькі з заслугамі аднаго чалавека: з правадыром усіх прыгнечаных і “бацькам” усіх народаў таварышам Сталіным. А “палкаводзец усіх часоў і ўсіх народаў” стаў яшчэ больш капрызным, зласлівым і грубым, стаў дзейнічаць толькі аднаасобна, не лічачыся ні з кім і ні з чым. Вядома, што ў СССР, у тым ліку і БССР, стаў нараджацца стыхійны, глухі пратэст. Ён ішоў перш за ўсё ад франтавікоў, якія пазнаёміліся з жыццём у многіх еўрапейскіх краінах і маглі гэта параўноўваць з рэчаіснасцю ў сябе дома. Тое, чым раней ганарыліся, ідэалізавалі, цяпер выглядзела зусім па-іншаму. Франтавікі яшчэ ў разгар вайны гаварылі аб неабходнасці роспуску калгасаў і верылі, што яны будуць ліквідаваны пасля вайны. Але калгасны лад стаў яшчэ больш жорсткім.

Супраць узмацнення таталітарнай сістэмы стала выказвацца і моладзь, асабліва з ліку навучэнцаў і студэнтаў. Вясной 1946 года ўзнікла падпольная арганізацыя пад назваю “Чайка” у Слоніме, затым яна ўстанавіла сувязі з такімі ж гурткамі ў Баранавіцкім настаўніцкім інстытуце, з моладдзю на Брэсцкім чыгуначным вузле. У гэтым жа годзе ў Глыбоцкім педвучылішчы ўзнікла падпольная арганізацыя “Саюз беларускіх патрыётаў”, затым да яе далучылася група навучэнцаў з Пастаўскага педвучылішча. Маладыя людзі імкнуліся абараніць правы і свабоды ў краіне, стварыць спрыяльныя ўмовы для захавання і развіцця беларускай культуры, мовы, гісторыі. Сродкам дасягнення гэтай мэты павінна стаць дзейнасць па павышэнню нацыянальай свядомасці: спярша саміх навучэнцаў, а затым іх работа сярод беларускага насельніцтва.

У 1947 годзе большасць членаў гэтых аб’яднанняў была арыштавана. Іх судзілі закрытымі ваеннымі трыбуналамі ў глыбокай тайне. Жорсткія прыгаворы былі вынесены за тое, што быццам бы гэтыя маладыя людзі рыхтавалі захоп улады.

Разам з узмацненнем рэпрэсій супраць вольнадумцаў, на поўную магутнасць быў уключаны прапагандысцкі дзяржаўны апарат. Ідэалогія пасляваеннага сталінізму стала абсалютна непрымірымай да любых поглядаў, якія хоць крыху ў чым-небудзь з ёю не супадалі. З мэтай падтрымання пастаяннага псіхалагічнага напружання ў грамадстве рэгулярна сталі праводзіцца палітычныя кампаніі і выкрыццё розных “адшчапенцаў”. У літаратуры і мастацтве былі навязаны жорсткія стэрэатыпы, былі поўнасцю выключаны агульначалавечыя каштоўнасці. Сталінскі рэжым бязлітасна падаўляў нацыянальную свядомасць народаў, абмяжоўваў міжнародныя кантакты інтэлігенцыі.

Пачатак ідэалагічнага прэсінгу на інтэлігенцыю паклалі пастановы ЦК УКП(б) “Аб часопісах “Звязда” і “Ленінград” 1946г.), у якіх груба і абразліва была ахарактарызавана творчасць выдатнай паэтэсы Ганны Ахматавай і пісьменніка-гумарыста Міхаіла Зошчанкі.

Іх творы “бацька народаў” назваў “тошнотворным порошком”. Гэтая пастанова зрабіла свой адмоўны адбітак і на пасляваенную літаратуру Беларусі. Тут разгарнулася крытыка з паследуючымі за ёю “аргвывадамі” для многіх пісьменнікаў і паэтаў. Галоўная іх віна была ў тым, што яны не лакіравалі рэчаіснасць, як гэта рабілася ў прымусова напісаным і ўсхваляючым вышэй нябес дыктатара пісьме “Вялікаму Сталіну” у слаўную 70-ю гадавіну з дня нараджэння ад беларускага народа. Мы цяпер ведаем, што і каго з сябе ўяўляў Сталін – гэты палітычны гангстэр і бязлітасны кат народаў. А тады ў гэтым пісьме лепшыя паэты Беларусі пісалі яму:

“ Як чыстая, празрыстая крыніца

Струменнем несціхаючым бруіць,

Так з сэрцаў нашых да цябе бруіцца

Любоў жывым струменнем, як з крыніц.

Ты наша сонца, наша красаванне.


Жыві ж, наш бацька любы, многа год,

Прымі ж ад сэрцаў чыстых прывітанне,

Што беларускі шле табе народ!”

Між тым за час сталіншчыны было рэпрэсіравана 238 беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, з якіх толькі 20 засталіся жыць пасля ГУЛАГа. Гэтыя страты непараўнальныя нават з Айчыннай вайной, на якой загінула 30 пісьменнікаў. Некаторыя пісьменнікі па два разы прайшлі пекла сталінскіх канцлагераў. Гэта беларускі паэт Станіслаў Шушкевіч, бацька былога спікера нашага парламенту. Гэта Андрэй Аляксандровіч, Сяргей Грахоўскі, Рыгор Бярозкін, Барыс Пальчэўскі і інш.

Рэпрэсіравалі нават паэтэсу Ларысу Геніюш, нягледзячы на тое, што яна ніколі не была грамадзянкай СССР, а Чэхаславакіі. Чэкісты выкралі яе, тайна прывезлі з Прагі ў Мінск і тут прыгаварылі да 25 гадоў зняволення ў лагерах.

Абвінавачванні беларускіх творчых людзей вельмі часта былі прад’яўлены за недастатковы паказ перавагі сацыялізму над капіталізмам, за лірычны без класавага пачуцця настрой, нават за патрыятызм, які расцэньваўся як нацыяналізм. Напрыклад, лічыліся небяспечнымі такія цудоўныя радкі:

Зямля мая далёкая,

Зямля мая цудоўная,

Радзіма сінявокая

Якая ж табе роўная?

Мо ёсць і прыгажэйшая,–

Каму што ў свеце глянецца,

Мая ж – найдаражэйшаю

Да смерці мне астанецца.

Паэтэсу Канстанцыю Буйло, аўтара гэтых цудоўных радкоў, якая доўгі час жыла ў Маскве, абвінавацілі ў тым, што яна ўсхваляе не ўвесь Савецкі Саюз, а нейкую невялікую нацыянальную часцінку. А гэта ўжо кваліфікавалася як праяўленне нацыяналізму.

У тэатральным мастацтве пачаўся “пагром” пасля пастановы ЦК УКП(б) у жніўні 1946 года “Аб рэпертуары драматычных тэатраў і мерах іх паляпшэння”. У выніку чысткі з рэпертуараў зніклі нават п’есы заходнееўрапейскай класікі.

Палітыка наступлення на інтэлігенцыю Беларусі ўзмацнілася пасля пленума ЦК КП(б)Б (лістапад 1947 г.), які разгледзеў пытанне “Аб палітычнай і ідэалагічнай рабоце сярод інтэлігенцыі”. На ім канстатавалася, што ніякага “залатога веку” у гісторыі Беларусі ў ХУ–ХУІ стагоддзях не было, і хто будзе лічыць адваротнае, той стане на шлях, які з’яўляецца “найбольш небяспечным відам нізкапаклонства перад Захадам, перад капіталізмам”. У гэтым накірунку крытыкаваўся вучоны-біёлаг А.Жэбрак: навошта ён надрукаваў у амерыканскім часопісе “Навука” артыкул. А ён ў гэтым артыкуле абараняў “савецкую навуку ад ганьбы “лысенкаўшчыны”. Вучоны гэта зрабіў таму, што заходняя прэса сцвярджала, быццам усе савецкія навукоўцы з’яўляюцца прыхільнікамі ці паслядоўнікамі Лысенкі, гэтага ілжэ-вучонага.

Адмоўны адбітак на развіццё навукі зрабілі таксама арганізаваныя ўладай дыскусіі па філасофіі, мовазнаўству і палітычнай эканоміі. Яны зацвердзілі і абаснавалі ідэалагічны дыктат і дагматызм у гэтых галінах навукі. Вельмі негатыўныя вынікі на доўгі час мела шэльмаванне такіх навуковых напрамкаў, як генетыка і кібернетыка.

Нягледзячы на рэпрэсіі, страты ў вайне, беларуская культура і асабліва літаратура, папоўнілася новымі талентамі. Калі ў 1945 годзе ў Саюзе савецкіх пісьменнікаў БССР налічвалася 47 членаў, то ўжо ў 1949 годзе – 91 чалавек. У яе прыйшлі Янка Брыль, Іван Мележ, Анатоль Вялюгін, Мікола Гамолка, Рыгор Няхай, Мікола Аўрамчык, Кастусь Губарэвіч, Аляксей Кулакоўскі, Іван Шамякін, Андрэй Макаёнак, Мікола Ткачоў і інш. Гэта ў асноўным было франтавое пакаленне, і ў іх творчасці ў першае пасляваеннае дзесяцігоддзе дамініравала ваенная тэматыка. Аб гэтым мы ўжо вялі гаворку ў папярэдняй тэме. Але ўсё ж тут трэба дадаць, што за 1946-1952 гады ў рэспубліцы было выдадзена 180 назваў літаратурных твораў беларускіх пісьменнікаў агульным тыражом 1433 тысячы экземпляраў. Лепшыя з іх атрымалі прызнанне не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Да сярэдзіны 50-х гадоў каля 80 кніг былі перакладзены на мовы народаў СССР, на польскую, венгерскую, кітайскую, чэшскую, нямецкую і іншыя мовы.


У культурным жыцці пасляваеннага часу вельмі важнай справай было аднаўленне разбураных вёсак і гарадоў. Большасць гарадской забудовы трэба было не аднаўляць, а ствараць усё новае. Нагадаем, што зруйнавана было 209 гарадоў (з 270 даваенных) і спалена 9200 вёсак.

У 1946-1949 гадах Белдзяржпраектам былі распрацаваны праекты генеральных планаў адбудовы Мінска, Віцебска, Магілёва, Гомеля і інш.

У Мінску прыйшлося ствараць новы цэнтр горада, новыя архітэктурныя ансамблі. Кампазіцыйнай воссю забудовы стаў праспект імя Сталіна (потым быў імя Леніна, а цяпер імя Ф.Скарыны). Праспект павінен меў быць арганічна звязаным з жылым раёнам Прывакзальнай плошчы, спартыўным паркам і стадыёнам “Дынама”, плошчай Свабоды, сістэмай паркаў уздоўж ракі Свіслач. Архітэктурнае аблічча цэнтра Мінска фармавалі буйныя грамадскія будынкі: Дом урада, акруговы Дом афіцэраў, палац культуры прафсаюзаў, цырк, Дзяржбанк, галоўны ўнівермаг (ГУМ), Галоўпаштамт, разналікія і мнагалікія пяці-сямі павярховыя дамы.

Прайшло ўжо многа гадоў пасля адбудовы Мінска, але і цяпер, калі ідзеш па яго галоўнай магістралі, заўсёды ўражвае веліч і непаўторнасць хараства, якое быццам бы пераходзіць ад аднаго ансамбля да другога на працягу ўсяго 9-ці кіламетровага шляху. Прайдзіце пешшу па праспекце імя Скарыны, каб спецыяльна паглядзець на яго архітэктуру. Не пашкадуеце! І ў Вас таксама з’явяцца добрыя пачуцці да Мінска, да тых, хто ў цяжкіх умовах стварыў такое хараство. А гэта архітэктар М.Паруснікаў. Ён ажыццяўляў кіраўніцтва творчым калектывам па забудове першай чаргі праспекта (ад плошчы Незалежнасці да плошчы Перамогі – 2,9 км) і другой чаргі (ад пл. Перамогі да пл. Калініна – 2,7 км). Акрамя распрацоўкі праектаў забудовы сталічнай магістралі жылымі дамамі, кожны з якіх мае толькі асабістае аблічча, амаль усе з калектыва архітэктараў спраектавалі персанальна свой аб’ект. М.Паруснікаў – будынак КДБ, дзяржбанк, мост праз раку Свіслач, В.Кароль – галоўпаштамт, цэнтральны тэлеграф, Г.Багданаў– гасцініцу “Мінск”, А.Воінаў – будынак абкама і ЦК кампартыі, В.Жукаў – цырк, М.Боршч спланаваў забудову плошчаў Перамогі і Якуба Коласа, М.Бакланаў разам з інжынерам К.Івановым спраектавалі адзін з прыгажэйшых куткоў Мінска – набярэжную зону Свіслачы, дзе яна штучна расшырана перад мастом праспекта імя Ф.Скарыны. Своеасаблівай “візітнай карткай” Мінска сталі “вароты горада”, якія стварыла забудова на прывакзальнай плошчы двума 11-ці павярховымі дамамі абапал пачатку вуліцы Кірава (архітэктары Рубаненка, Л.Галубоўскі, А.Карабельнікаў і інш.). Хуткімі тэмпамі і арыгінальнай забудовай аднаўляліся і іншыя разбураныя гарады Беларусі: Гомель, Магілёў, Віцебск, Брэст і інш.


Удзялялася значная ўвага развіццю бібліятэчнай справы. Да мая 1946 года ўжо працавалі амаль усе абласныя і раённыя бібліятэкі. Праўда, іх фонд скрупулёзна ачышчаўся ад “шкоднай літаратуры”, у шэраг якой звычайна траплялі лепшыя творы беларускіх нацыянальных пісьменнікаў. У сельскай мясцовасці хутка расла колькасць хат-чытальняў, якія звычайна размяшчаліся ў вясковых дамах. Павялічваўся выпуск газет і журналаў. Іх разавы тыраж за 10 гадоў (да 1955 года) павялічыўся ўдвая і склаў 1314 тысяч экз. Расла колькасць гурткоў мастацкай самадзейнасці, у якіх удзельнічала ўжо ў 1955 годзе больш за 80 тысяч чалавек.

Такім чынам, пасляваенны перыяд, нягледзячы на складаныя палітычныя і эканамічныя ўмовы, быў азначаны даволі актыўным культурным жыццём і прынёс значны плён у развіцці духоўнага і матэрыяльнага багацця беларускага народа.

ІІ. З сярэдзіны 50-х гадоў пачаўся новы этап у развіцці беларускай культуры. Пачатак яму даў ХХ з’езд КПСС (люты 1956 г.), на якім пачаўся разрыў з многімі сталінскімі пастулатамі і традыцыямі. Духоўнае жыццё таго часу адлюстроўвала складаны і супярэчлівы працэс барацьбы двух тэндэнцый: дэмакратычнай, якая імкнулася да вызвалення ўсіх сфер жыцця ад сталіншчыны і кансерватыўнай, якая хацела зберагчы і прыстасаваць старыя падыходы і ацэнкі да новых рэалій грамадскай свядомасці. Носьбітамі першай тэндэнцыі была інтэлігенцыя, якая асэнсоўвала прычыны і маштабы грамадска-палітычных і маральных дэфармацый эпохі культу асобы і шляхі дэмакратызацыі жыцця. Другую, недэмакратычную тэндэнцыю ўвасаблялі бюракратычныя колы дзяржаўных інстытутаў і партыйнай эліты, хто ва ўмовах палітычнай або “хрушчоўскай адлігі” страціў прывілеі, уладу, ці перспектывы хуткага паляпшэння свайго ўласнага дабрабыту ва ўмовах сталіншчыны. Многія проста баяліся расплаты за ўдзел у беззаконным дэспатызме. І ўсе яны ненавідзелі М.Хрушчова. Між тым, гэты час вызначаецца бурнай актывізацыяй культурнага жыцця, асабліва ў акрэсе літаратуры і мастацтва. Зноў пачалі друкавацца забароненыя творы рэпрэсіраваных пісьменнікаў, у тым ліку і беларускіх: Ц.Гартнага, П.Галавача, М.Зарэцкага, М.Чарота і інш. Са сталінскіх засценкаў вярнуліся Ю.Гаўрук, С.Грахоўскі, У.Дубоўка, Ал.Звонак, С.Новік-Пяюн, А.Александровіч, Я.Пушча, Я.Скрыган, М.Хведаровіч, С.Шушкевіч і іншыя літаратары. Яны не маглі маўчаць. У сваіх творах сталі расказваць праўду аб іх жыцці і аб ГУЛАГу.

Крытычнае пераасэнсоўванне рэчаіснасці пачалі як ужо добра вядомыя паэты і пісьменнікі, так і маладыя. У гэты час у літаратуру прыйшла цэлая плеяда таленавітых майстроў слова: А.Адамовіч, В.Быкаў, Р.Барадулін, Г.Бураўкін, А.Вярцінскі, В.Зуёнак, Ул.Караткевіч, І.Навуменка, Б.Сачанка, І.Чыгрынаў і інш. Калі ў 1959 годзе Саюз пісьменнікаў БССР налічваў 170 членаў, то ў 1985 годзе – 364.

У сярэдзіне 60-х гадоў кансерватыўная тэндэнцыя перамагла і пасля адстаўкі М.Хрушчова стала фактычна пануючай. Зноў узмацнілася патрабаванне ад творчых майстроў паказа толькі станоўчых герояў, прыгожай і шчаслівай рэчаіснасці. Зноў пачалося праследванне за “ачарненне светлай сацыялістычнай явы”.

Нягледзячы на ўскладненне палітычнай сітуацыі ў краіне, разглядаемы перыяд культурнага жыцця, які існаваў амаль 30 гадоў (1955–1985 гг.), даў беларускай культуры многа каштоўнага. Убачылі свет раманы “Людзі на балоце” і “Подых навальніцы” з трылогіі І.Мележа “Палеская хроніка”. За гэту працу ён у 1972 годзе атрымаў Ленінскую прэмію. Такую ж узнагароду атрымаў М.Танк у 1978 годзе за зборнік вершаў “Нарачанскія сосны”.

Цікавасць айчыннага і замежнага чытача выклікалі раманы І.Шамякіна “Сэрца на далоні” (1963 г.), “Атланты і карыятыды” (1974 г.) і інш. У 1981 годзе яму было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай працы. У 1975 годзе такое ж званне было прысвоена К.Крапіве. Яго п’есы “Людзі і д’яблы” (1958 г.), “Брама неўміручасці” (1973 г.), “На вастрыні” (1982 г.) набылі шырокую папулярнасць. Званне герояў атрымалі за сваю творчасць П.Броўка, М.Танк, В.Быкаў. Дзяржаўнымі прэміямі БССР была адзначана творчая дзейнасць Ул. Караткевіча. Увогуле, яго жыццё і праца – гэта яркая з’ява ў культурным жыцці Беларусі. Ён – выдатны паэт, драматург, публіцыст і перакладчык. Але самы непаўторны і заслугоўвае вялікай павагі, як празаік. Пісьменніку характэрна рамантычнае, фальклорна-легендарнае асэнсаванне беларускай мінуўшчыны. Гэта – раман “Каласы пад сярпом тваім (1965 г.), драма “Кастусь Каліноўскі” (1963 г.), раман “Ладдзя Роспачы” (1964 г.), “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” (1966 г.). Ул. Караткевіч вельмі ўдала спалучаў жанр дэтэктыва і гістарычнай літаратуры (“Дзікае паляванне караля Стаха”, “Чорны замак Альшанскі”). Напэўна ў такім падыходзе да паказу нашай старажытнай даўніны закладзены адзін з сакрэтаў яго папулярнасці нават сярод моладзі.

Дзяржаўнымі прэміямі БССР была адзначана творчая дзейнасць Я.Брыля, І.Навуменкі, І.Чыгрынава, паэтаў Р.Барадуліна, Г.Бураўкіна, А.Вялюгіна, Н.Гілевіча, В.Зуёнка, К.Кірэенкі, М.Лужаніна, П.Панчанкі, драматургаў А.Макаёнка (камедыі “Лявоніха на арбіце “, “Зацюканы апостал”, “Трыбунал”, “Таблетку пад язык” і інш.), і М.Матукоўскага (“Амністыя”).

У 70-я – пачатку 80-х гадоў у літаратуру прыйшло новае пакаленне: Г.Далідовіч, А.Дудараў, С.Законнікаў, В.Іпатава, У.Някляеў і іншыя. Вельмі характэрна, што большасць з іх у сваёй творчасці стала звяртацца да розных падзей мінулага Беларусі. Вольга Іпатава выдала аповесць пра Еўфрасінню Полацкую (“Прадслава”), Л.Дайнэка напісаў раманы “Меч князя Вячкі” і “След Ваўкалака”, К.Тарасаў – аповесць “Пагоня на Грунвальд”, В.Чаропка – кнігі “Імя ў летапісе” і “Уладары Вялікага княства”.

На жаль, многія творы беларускіх літаратараў не даходзілі да чытача на роднай мове. Працяглая ў пасляваенны час і ў перыяд так званага “застою”, русіфікацыя звузіла асяроддзе беларускамоўных людзей. Парадаксальна, але факт, што на Беларусі многія беларускія чытачы пазнаёміліся з творчасцю В.Быкава і Ул. Караткевіча толькі ў перакладзе іх кніг на рускую мову! І што тут зробіш, калі з выдадзенага ў 1985 годзе тыража ў 53,5 млн. экз. кніг і брашур на беларускай мове было толькі 5 млн. Як бачым, колькасць рускамоўных кніг перавысіла беларускамоўныя ў 10 разоў! З 212 газет – 130 беларускамоўныя, з 107 часопісаў – 32 на беларускай мове. Дадайце сюды яшчэ многія дзесяткі цэнтральных перыядычных выданняў на рускай мове, і баланс будзе проста трагічным для нацыянальнай культуры.

Палітыка русіфікацыі наклала свой адбітак і на стан тэатральнага мастацтва. Хаця з 1960 па 1985 год колькасць тэатраў у рэспубліцы павялічылася з 11 да 17, але толькі тры тэатральныя калектывы з’яўляюцца беларускамоўнымі. У іх плённа працавалі рэжысёры і акцёры: К.Саннікаў, І.Раеўскі, П.Кармунін, Б.Платонаў, Г.Глебаў, З.Стома, Л.Ржэцкая, Г.Макарава, С.Станюта, Ул. Уладамірскі і інш. Значнай падзеяй у культурным жыцці Беларусі з’явілася адкрыццё Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР (1971 г.) і тэатра-студыі кінаакцёра (1982 г.) у Мінску, пабудова новага памяшкання драматычнага тэатра ў Гродне.

Разглядаемы перыяд культурнага жыцця нашай краіны азначаны пэўнымі поспехамі і ў развіцці музычнага мастацтва. Былі напісаны і прайшлі з поспехам на сцэне беларускіх тэатраў оперы Ю.Семянякі “Калючая ружа” (1960 г.), “Зорка Венера” (1970 г.), “Новая зямля” (1982 г.); Г.Вагнера – “Сцежкаю жыцця” (1980 г.) і інш.

Вялікім поспехам карыстаўся і карыстаецца кампазітар Яўген Глебаў. Ён аўтар балетаў “Мара”, “Альпійская балада”, “Ціль Уленшпігель”. Стварыў многа рознага роду вялікіх музыкальных твораў ад сімфоній да п’ес для эстраднага аркестра. Аб ім Васіль Быкаў сказаў: “Кампазітар самага высокага класа, ад народзін надзелены талентам, які не часта сустракаецца нават на нашай ніколі не беднай на таленты зямлі... Ні на кога не падобны, нікога не паўтарыўшы, ён упісаў сваю, надта глебаўскую старонку ў гісторыю беларускага, ды і ўсяго сусветнага музычнага мастацтва”.

У песенным жанры працуюць кампазітары Э.Ханок (“Малінаўка”, “Солнышко смеётся”, “Вы шуміце, бярозы”, “Завіруха”); І.Лучанок (“Памяць сэрца”, “Жураўлі на Палессе ляцяць”, “Дударыкі”, “Матылі”, “Пацалунак”); В.Раінчык (“Калыханка”, “Белае віно і чырвонае”, ”Малады і нежанаты”); Л. Захлеўны (“Асенні накцюрн”, “Зорачка мая”, “Вяргіня”); А.Чыркун (“Пахне чабор”, “Цыганка”, “Чараўніца”); В.Іваноў (“Гуляць дык гуляць”); Зм. Яўтуховіч (“Даставай, Язэп, гармонік”).

Сталі шырока вядомымі выканаўцы музыкальных твораў і песень Л. Александроўская, М.Ворвулеў, Т.Ніжнікава, Л.Балоцін, С.Данілюк, І.Сарокін, Т.Шымко, Н.Гайда, М.Адамейка, В.Вуяціч, Н.Багуслаўская, Т.Раеўская, А.Ярмоленка, Я.Еўдакімаў і інш.

Значныя дасягненні за разглядаемы трыццацігадовы перыяд мае беларускае кінамастацтва. Тут трэба адзначыць экранізацыі вядомых твораў беларускіх пісьменнікаў. Гэта кінадылогія (4 серыі) рамана І.Мележа “Людзі на балоце” (1981, 1982 гг.) рэжысёра В.Турава, У.Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха” (1980 г., рэж. В.Рубінчык), “Чорны замак Альшанскі” (1984 г., рэж. М.Пташук), В.Быкава “Знак бяды” (1986 г., рэж. М.Пташук) і інш.

Гісторыка-рэвалюцыйнай тэматыцы прысвечаны стужкі кінарэжысёра В.Корш-Сабліна “Масква-Генуя”, “Крушэнне імперыі”; Л.Голуба і Я.Нячаева “Анюціна дарога” (1968 г.). Асабліва часта рэжысёры сталі звяртацца да выкарыстання тэлеэкрана. Паявіліся шматсерыйныя тэлефільмы-эпапеі: “Руіны страляюць...” (1970–1971 гг.), “Полымя”(1975 г.) рэж. І.Чацверыкаў “Дзяржаўная граніца”, “Доўгія вёрсты вайны” (1975 г.), “Блізкае і далёкае” (1984 г.) і інш. Папулярнымі сталі сярод гледачоў фільмы пра дзяцей і падлеткаў, а таксама для іх: “Мяне клічуць Арлекіна”, “Прыгоды Бураціны”. Многа цікавых дакументальных стужак было зроблена ў Беларусі, у тым ліку на гістарычную тэматыку: пра Е.Полацкую, Усяслава Чарадзея, Л.Сапегу, Я.Купалу, М.Багдановіча, пра мастака В. Бялыніцкага-Бірулю.

Характэрнай рысай навукі разглядаемага перыяда з’яўляецца развіццё перш за ўсё фундаментальных даследванняў. За дасягненні ў галіне спектраскапіі, люмінесцэнцыі, квантавай электронікі і матэматыкі лаўрэатамі Ленінскай прэміі (вышэйшай у той час) былі адзначаны М.Барысевіч (прытым ён быў абраны членам Еўрапейскай акадэміі, у якой да гэтага часу было толькі 5 чалавек ад СССР), М.Яругін, У.Платонаў, Л.Кісялеўскі, У.Лабуноў і інш. Вялікай групе вучоных за дасягненні ў галінах сельскай гаспадаркі, машынабудавання, геалогіі, медыцыны і гуманітарных навук было прысвоена званне герояў сацыялістычнай працы, у тым ліку прафесару Мінскага медінстытута Таццяне Васільеўне Бірыч.

Навуковыя даследванні ў Беларусі вяліся ў сценах 167 навуковых установаў і 33 ВНУ. За 20 гадоў (з 1965 па 1985 гг.) колькасць вучоных вырасла ў 1,5 раза, і наша краіна па гэтаму паказчыку стала займаць 3-е месца ў СССР пасля Расіі і Ўкраіны. Рэспубліка ператварылася ў краіну з велізарным навуковым патэнцыялам, які ў поўнай меры не быў выкарыстаны. Галоўнай прычынай было тое, што ўкараненне распрацовак адбывалася вельмі марудна: затратны, экстэнсіўны характар эканомікі не рабіў яе зацікаўленай да тэхналагічных навацый, спрыяў абыякавасці народнай гаспадаркі да навукі.

У акрэслены перыяд значных поспехаў дасягнула адукацыя, нягледзячы на шматлікія рэформы і рэарганізацыі. Многія з іх сябе не апраўдалі, у тым ліку і таму, што праводзіліся строга цэнтралізавана, з Масквы, без уліку нацыянальных і мясцовых асаблівасцей. Да канца 80-х гадоў сярэдняя адукацыя стала абавязковай, адбыўся пераход да 11-ці класнага тэрміну навучання, і ўзрост школьніка пачынаўся з 6-ці гадоў. Акрамя існуючых ВНУ, пачалі працаваць новыя: гэта ў Мінску інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі (1954), Радыётэхнічны інстытут (1964), Інстытут культуры (1975), Віцебскі тэхналагічны інстытут лёгкай прамысловасці (1965), Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут (1966), Гродзенскі медінстытут (1958) і Гомельскі медінстытут (1992 год). Шэраг педагагічных інстытутаў былі ператвораны ва ўніверсітэты. З пачатку 60-х гадоў сталі прыязджаць сотні іншаземных студэнтаў, каб атрымаць вышэйшую адукацыю, або вучыцца ў аспірантуры.

Вось такі кароткі абрыс развіцця беларускай культуры ў перыяд так званай “хрушчоўскай адлігі” і адыходу ад яе, які існаваў амаль 30 гадоў.

ІІІ. Адыход ад жорсткай ідэалагічнай абмежаванасці звязаны перш за ўсё з ходам “перабудовы” у СССР, калі пачаўся працэс паступовага адказу ад найбольш дыскрэдытаваўшых сябе палітычных і эканамічных метадаў гаспадарання. Гэты працэс суправаджаўся расшырэннем дэмакратыі, вядучую ролю ў якой іграла “галоснасць” ў сродках масавай інфармацыі.

Кіруючыя колы БССР не толькі пляліся ў хвасце перабудоўчых працэсаў, а нават стараліся іх затармазіць. Напрыклад, тагачасны першы сакратар ЦК КПБ Я. Сакалоў безпадстаўна заяўляў, што быццам бы ў рэспубліцы створаны ўсе магчымасці для развіцця беларускай мовы і беларускай нацыянальнай культуры. А таму, “хто памыляецца ў гэтых пытаннях”, - са змрочным намёкам гаварыў ён, - “трэба дапамагчы разабрацца”. А між тым, у выніку інтэнсіўнай русіфікацыі беларускай культуры, як і ўсяго жыцця за апошнія дзесяцігоддзі існавання БССР, вырасла не адно пакаленне людзей, цалкам ці ў значнай ступені адарваных ад нацыянальна-культурнай глебы. Практычна амаль усё насельніцтва гарадоў Беларусі жыло як рускамоўны народ, выхоўваючыся ў асяроддзі рускай культуры. Адсюль абыякавасць да свайго нацыянальнага, адсутнасць гістарычнай памяці, пагарда да нацыянальных каштоўнасцей. Нацыянальны нігілізм ахапіў практычна ўсе пласты беларускага грамадства, а нават сціплыя спробы захаваць ці абараніць нацыянальнае – расцэньваліся, як нацыяналізм. На паўсядзённым, бытавым узроўні мянушка “ нацыяналіст” гучала як абраза, або пракляцце.

У склаўшыхся ўмовах, калі ва ўсіх рэспубліках СССР сталі ўзнікаць розныя партыі, арганізацыі і грамадскія рухі, шэраг актыўных, патрыятычна накіраваных літаратараў, артыстаў і прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі Беларусі стварылі ў чэрвені 1989 года (г. Вільнюс) Беларускі народны фронт (БНФ) “Адраджэнне”. Гэты грамадскі рух ставіў перад сабою мэту – адраджэнне і далейшае развіццё беларускай нацыянальнай культуры і прыняцце закона аб дзяржаўнасці беларускай мовы. Папярэднічала гэтаму руху дзейнасць маладзёжных аматарскіх аб’яднанняў “Талака” ў Мінску, “Паходня” у Гродне і інш. Актыўная грамадская пазіцыя гэтых суполак спалучалася з дзейсным удзелам у рэстаўрацыйных работах у Мінску, Гродне, Лідзе, Оршы і інш. У 1989 годзе распачало сваю дзейнасць Таварыства беларускай мовы (ТБМ) імя Ф.Скарыны, на чале якога стаў выдатны паэт Ніл Гілевіч. Пад уплывам гэтых рухаў у студзені 1990 года, Вярхоўны Савет БССР прыняў закон аб дзяржаўнасці беларускай мовы і аб свабодным карыстанні рускай мовай, як мовай міжнародных і міжнацыянальных зносін. Гэтае палажэнне аб мовах было зацверджана і ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, прынятай 15 сакавіка 1994 года.

Кардынальна змяніліся ўмовы для развіцця нацыянальнай культуры пасля абвяшчэння ў жніўні 1991 г. незалежнасці і суверэнітэта Беларусі і стварэнне ў снежні гэтага ж года Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД). Цяпер ужо адсутнічаў “цэнтр”, ад якога ўсё залежала і амаль усё яму падпарадкавалася. Лёс беларусаў цяпер стаў залежыць ад саміх беларусаў.

У далёкай старажытнасці рымляне сцвярджалі: “Рым будзе жыць, нават калі будуць дрэнныя шаўцы, але калі будзе дрэнная школа – Рым загіне”. Гэтая ісціна гаворыць, што ад стану адукацыі ў першую чаргу залежыць поспех нацыянальна-культурнага адраджэння. У рэспубліцы была распрацавана і пачала ажыццяўляцца праграма дашкольнага і школьнага навучання і выхавання. Ужо ў 1993/94 навучальным годзе 80% першакласнікаў у Беларусі вучыліся на роднай мове. Сталі стварацца прынцыпова новыя навучальныя ўстановы: гімназіі, ліцэі і каледжы. На пачатак 1992 года працавала 33 гімназіі, 12 ліцэяў і 2 каледжы. З’явіліся прыватныя гімназіі. Узніклі і пашырылі сваю дзейнасць недзяржаўныя вышэйшыя навучальныя ўстановы. У звычайных школах ішло вызваленне праграм ад празмернай заідэалагізаванасці, здзяйснялася вывучэнне нефальсіфікаванай гісторыі Беларусі. У беларускіх ВНУ былі ўведзены навучальныя курсы “Беларусазнаўства”, “Паліталогія”, “Гісторыя культуры” і “Культуралогія”. Нягледзячы на эканамічна-фінансавыя цяжкасці, беларуская дзяржава на 10% павялічыла нават заробак для заахвочвання тых выкладчыкаў і настаўнікаў, якія выкладалі прадметы на беларускай мове (У 1996 годзе гэтая надбаўка была адменена прэзідэнтам). Ва ўсіх вышэйшых навучальных установах уведзены ўступны экзамен па беларускай мове, а ў педагагічных інстытутах на ёй сталі праводзіцца дзяржаўныя экзамены. У шэрагу ВНУ, у тым ліку і ў медуніверсітэце, было ўведзена вывучэнне беларускай мовы, як прадмета, (сацыялагічныя даследаванні, пацвердзілі, што большасць студэнтаў адносяцца да гэтага станоўча). На жаль, развіццю працэса перашкаджае інертнасць і нацыянальная абыякавасць значнай часткі выкладчыкаў.

З мэтай прыбліжэння вышэйшай школы да ўзроўню яе ў перадавых краінах, у пачатку 90-х гадоў пачаўся працэс стварэння ўніверсітэтаў на базе існуючых інстытутаў. Так, былі створаны Беларускі тэхнічны аграрны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. Беларускі педагагічны ўніверсітэт, Беларускі лінгвістычны ўніверсітэт, Мінскі ўніверсітэт культуры і інш. Акадэміямі сталі Мінская кансерваторыя і інстытут фізкультуры. Ва ўніверсітэтах і акадэміях стала вучыцца больш 60% усіх студэнтаў дзённай формы і больш за 70% ад усіх выкладчыкаў ВНУ – працаваць у іх. Гэтыя навучальныя ўстановы сталі весці падрыхтоўку па 145 спецыяльнасцях, што складала 80% ад агульнай колькасці.

Галоснасць, што пачалася на хвалі перабудовы, прынесла новыя, не звыклыя для простых людзей, з’явы ў культурным жыцці. Зніклі кантроль і забарона на творчую працу і яе прадукцыю. Дзякуючы гэтаму, са спецхранаў і сховішчаў былі вернуты і надрукаваны творы М.Гарэцкага, А.Гаруна, П.Галавача, В.Ластоўскага, І.Дварчаніна, Я.Чачота, Т.Зана, Я.Лучыны, Л.Геніюш, К.Буйло і інш.

У той жа час рэзка скарацілася дзяржаўнае фінансаванне культуры, бо эканоміка рэспублікі стала крута ісці пад адхон, у бяздонную яму ўсеагульнага крызіса. Гіперінфляцыя абясцэніла ўсе духоўныя здабыткі. З пачаткам рыначных адносін галоўнай каштоўнасцю сталі грошы, прыбытак. Лексіка простага беларуса папоўнілася новымі, нязвыклымі для беларускага вуха словамі: брокер, дылер, спонсар, рэкет, кідала, кілер, путана і інш. Нецэнзурныя выразы ўжо перасталі шакіраваць нашых жанчын не толькі на вуліцы, а нават у кінакарціне, кнізе, па тэлебачанню. Многія з задавальненнем сталі слухаць такія пошлыя песні, як “... вот такая, вот, зараза, девушка моей мечты”, або

“ Чё ты хошь?..” Гэта яскравыя прыклады бязгустоўнасці, дурнога густу, або “кліч”. Іх суб’ект – аснова, асяроддзе для так называемай “масавай культуры”. Сённяшняя “масавая культура” распаўсюджваецца больш за ўсё праз:

а) ПОП-музыку (горшую яе частку);

б) дызайн адзення і прамысловых вырабаў;

в) парнаграфічную, і ўвогуле, літаратуру для “лёгкага чытання”, баявікі і бястселеры.

г) Многія тэлеперадачы: рэкламу, бясконцыя прымітыўныя тэлесерыялы, розныя шоў.

Вядома, што “масавая культура”, і ў тым ліку горшыя яе гатункі, не вычэрпваюцца вышэй названымі каналамі. Яны існуюць і ў жывапісе, і ў скульптуры, нават ў прыкладным мастацтве.

Каб просты чалавек быў неўспрыймальным, асабліва да горшай праявы так называемай “масавай культуры”, кіча і пошласці, трэба выхоўваць у яго высокі густ з маленства. Уся сістэма адукацыі грамадзяніна павінна мець прадуманую і навукова абаснаваную сістэму фарміравання высокіх пачуццяў і добрага густу. Такую мэту мае ўвядзенне навучальных прадметаў “Гісторыя культуры Беларусі” і “Культуралогія”.

На сучасным этапе культурнага жыцця нашай рэспублікі плённа працуюць Р.Барадулін, Г.Бураўкін, Я.Брыль, А.Дудараў, С.Законнікаў і інш. Высокай грамадзянскай пазіцыяй вызначаюцца творы В.Быкава і Н.Гілевіча. Пісьменнік Вячаслаў Адамчык за цыкл раманаў (“Чужая бацькаўшчына”, “Год нулявы”, “І скажа той, што нарадзіцца”) у 1988 годзе атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР імя Я.Коласа.

У 80-я – пачатку 90-х гадоў у беларускую літаратуру прышло новае таленавітае папаўненне. Гэта Адам Глобус, Андрэй Федарэнка, Анатоль Казлоў, Алесь Наварыч, Вітаўт Чаропка, Мікола Мятліцкі, Ул.Някляеў, Анатоль Сыс, Сяржук Сакалоў–Воюш, Леанід Дранько–Майсюк, Людміла Рублеўская, Ірына Багдановіч, Люба Тарасюк і многія іншыя. Саюз беларускіх пісьменнікаў стаў налічваць у 1994 годзе аж 454 чалавекі, гэта значыць, што за 5 гадоў арганізацыя ўзрасла на 141 удзельніка.

Нягледзячы на складанасці эканамічнага жыцця ў сучасны перыяд, назіралася тэндэнцыя павелічэння колькасці тэатральных калектываў. Калі ў 1985 годзе іх было ў рэспубліцы 17, то ў 1993 – стала працаваць 24. Прафесійныя беларускамоўныя драматычныя тэатры сталі працаваць ў Маладзечна, Слоніме, Мазыры. Новай з’явай тэатральнага жыцця стала яўленне прыватных тэатраў. Гэта незалежны тэатр у Гомелі, мецэнатам якога з’яўляецца расійска-амерыканскі прадпрымальнік. Не мае аналагаў у рэспубліцы Мінскі Альтэрнатыўны тэатр. Ён не атрымлівае дзяржаўнай грашовай датацыі, а існуе за кошт падтрымкі спонсараў. Рэпертуар гэтага тэатра пачаў складвацца з драматургіі абсурду – абсалютна новага накірунку для нас, але даўно ўжо асвоенага ў Еўропе. У тэатрах сённяшняга часу пладатворна працуюць рэжысёры В.Раеўскі, М.Пінігін, В.Маслюк, В.Мазынскі, В. Грыгалюнас, М.Трухан, Р.Таліпаў. Па – ранейшаму прыносяць радасць людзям старэйшыя акцёры Беларусі А.Клімава, Р.Янкоўскі, З.Браварская. На беларускай сцэне з’явіліся таленавітыя маладыя сілы: В.Глазкоў, І.Ларын, П.Будрыс, Г.Пшэнік і іншыя.

Музычнае мастацтва на Беларусі вызначаецца тым, што вядучым жанрам застаецца сімфонія. У гэтым напрамку працуюць: Дз.Смольскі, В.Войцік, Ул.Дамарацкі, С.Бельцюкоў, А.Сонін. У Дарохін, К.Цесакоў. Гэтыя майстры музыкальнай справы добра вядомы ўжо і сусветнай грамадскасці.

Новыя творы паявіліся і ў оперным жанры. Сярод іх опера Ул.Солтана “ Дзікае паляванне караля Стаха”, якая упершыню была паказана ў двары Троецкага прадмесця пад адкрытым небам, С. Картэса “Візіт дамы”, А. Бандарэнкі “Князь Наваградскі” і інш.

Вялікую работу праводзіць пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга створаны ў 1987 годзе Дзяржаўны канцэртны аркестр Беларусі. Традыцыйным стала правядзенне музычных фестываляў – “Славянскі базар”, “Мінская вясна”, “Беларуская сакавіца”.

У сучасным выяўленчым мастацтве выразна пашырыліся нефармальныя тэндэнцыі. Адкрыліся недзяржаўныя галерэі: “Арт-творчасць”, “Вітанова”, “Жыльбел”, “Верхні горад” і інш. З’явіліся неафіцыйныя творчыя аб’яднанні. У складзе адной з такіх суполак “Пагоня” працуюць відныя майстры А.Марачкін, Я.Кулік, К.Харашэвіч, А.Шатэрнік.

Такім чынам, 80-я – 90-я гады адрозніваюцца значна большай стракатасцю жанраў, форм, напрамкаў у культуры Беларусі, чым папярэднія дзесяцігоддзі. У гэты час змяняюцца абставіны культурнага жыцця, што ўносіць неабходнасць пошуку новых рашэнняў у творчасці. Дзейнасць жа па нацыянальна-культурнаму адраджэнню Беларусі, нягледзячы на пэўныя поспехі, не прывяла да кардынальных незваротных зрухаў, а ў апошнія гады стала нават тармазіцца.

 

ІУ. За сваю тысячагаддовую гісторыю беларускі народ унёс значны ўклад у сусветную культурную скарбніцу, стварыўшы выдатныя ўзоры матэрыяльных і культурных каштоўнасцей.

Адным з выразных і яскравых фактараў сусветнага значэння нашай культуры з’яўляецца тое, што большасць мастацкіх каштоўнасцей, створаных беларусамі ў Беларусі, незаконна знаходзіцца за яе межамі. У свеце цяжка знайсці другую такую краіну, духоўныя і матэрыяльныя скарбы якой так бязлітасна і інтэнсіўна рабаваліся б на працягу стагоддзяў. Гэта адбывалася асабліва пад час шматлікіх войнаў і сацыяльных катаклізмаў. Вялікую шкоду нанесла і заганная практыка абыякавасці многіх беларусаў у адносінах да гісторыка-культурнай спадчыны, нігілістычныя стаўленні да свайго нацыянальнага. Пагэтаму вельмі часта проста і лёгка ўступалі суседзям сваё багацце. Знаходкі археалагічных раскопак з золата – у Маскву ці ў Ленінград. Якое-небудзь рарытэтнае выданне, калі яно на польскай мове – аддавалі ў Варшаву, калі на рускай – у Расію. У выніку мы сталі самым абрабаваным у культурным плане народам. Да нядаўнага часу з 300 вядомых слуцкіх паясоў, Беларусь не мела ніводнага. Цяпер ужо адзін ёсць, дзякуючы таму, што падарыў яго адзін з грамадзян Англіі – патомак князёў Радзівілаў.

У сённяшні час, калі беларускі народ атрымаў уласную дзяржаўнасць, настала пара пошуку і вяртання усіх нацыянальных культурных каштоўнасцей, што па праву законна належаць нам. З гэтай мэтай яшчэ ў красавіку 1987 года пры Беларускім фондзе культуры (БФК) была створана камісія “Вяртанне”. На чале камісіі (старшынёй) стаў выдатны беларускі культурны дзеяч, вучоны, прафесар А.І.Мальдзіс. Дзейнасць гэтай камісіі дазволіла акрэсліць работу беларускай дзяржавы і па канкрэтнаму плану весці перагаворы з другімі краінамі аб вяртанні нашых каштоўнасцей. Сёння вельмі важным з’яўляецца падпісаная 14 лютага 1992 года усімі кіраўнікамі дзяржаў Садружнасці (СНД) “Пагадненне аб вяртанні культурных і гістарычных каштоўнасцей дзяржавам іх паходжання”.

Але прайшоў значны час, а беларускія каштоўнасці вяртацца сталі вельмі марудна. Найбольшае нежаданне і розныя рагаткі стала выстаўляць Расія. У ход пайшлі такія аргументы, як:

а) маўляў, па-за даўнінай часу знаходжання даных каштоўнасцей яны сталі расійскімі;

б) сталі гаварыць, што такіх каштоўнасцей у іх не лічыцца;

в) што многія каштоўнасці з’яўляюцца агульнымі для ўсіх усходніх славян і павінны быць там, дзе яны знаходзяцца.

Было многа і іншых аргументацый, каб нічога не вяртаць з фондаў і запаснікаў. Нават паважаны акадэмік, патрыярх расійскай культуры Д.С.Ліхачоў выступіў супраць прынятага кіраўнікамі СНД дакумента аб узаемным вяртанні культурных каштоўнасцей. Між тым, менавіта ў Расіі знаходзіцца большасць прапаўшага культурнага багацця беларускага народа. Там знаходзяцца дзесяткі розных калекцый толькі з Магілёва. Гэта 280 адзінак старажытнай халоднай і агнястрэльнай зброі, калекцыя фарфоравых вырабаў ХІV-XVIII стагоддзяў, 6 кг сярэбраных і залатых візантыйскіх манет, 1200 гістарычных тамоў кніг, там шмат ёсць старадаўніх беларускіх абразоў у залатых і сярэбраных акладах і многае іншае. Акрамя гэтага, даследаванні паказалі, што прапаўшы з Магілёва ў 1941 годзе крыж Еўфрасінні Полацкай згубіў свай след у Расіі: яго там ці хаваюць наўмысна, ці прадалі ў перыяд Айчыннай вайны 1941-45 гг. у ЗША. Мы тут назвалі толькі нязначную частку таго, што трымае і хавае ў розных гарадах Расія.

Вельмі многа каштоўнасцей знаходзіцца ў Польшчы, Літве і на Украіне. Праўда многія з каштоўнасцей маюць па закону як-бы некалькі гаспадароў або ўласнікаў. На такія рэчы неабходна канкрэтная дамова аб сумесным карыстанні. Многія культурныя каштоўнасці былі набыты другімі краінамі законным способом (куплены, падараваны). Такія рэчы вяртанню не падлягаюць, але і пра гэта павінна быць дамова аб магчымасці карыстання імі беларусам. Асабліва многа такіх каштоўнасцей у Заходняй Еўропе – Германіі, Францыі, Англіі, Італіі і інш., а таксама ў Злучаных Штатах Амерыкі і Канадзе. Поспех вяртання беларускіх нацыянальных каштоўнасцей цяпер у многім залежыць ад жадання і актыўнай дзейнасці беларускага ўрада.

Падводзячы рысу пад вышэйсказаным, можна адзначыць, што культура беларускага народа з’яўляецца важнай састаўной часкай сусветнай культуры, і здабыткамі нашых таленавітых суайчыннікаў паўсямесна карыстаюцца знаўцы і аматары культуры і нават многія, у тым ліку і дзяржавы, хочуць быць іх уласнікамі незаконна.

 

 







Date: 2015-08-24; view: 432; Нарушение авторских прав



mydocx.ru - 2015-2024 year. (0.029 sec.) Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав - Пожаловаться на публикацию