Главная Случайная страница


Полезное:

Как сделать разговор полезным и приятным Как сделать объемную звезду своими руками Как сделать то, что делать не хочется? Как сделать погремушку Как сделать так чтобы женщины сами знакомились с вами Как сделать идею коммерческой Как сделать хорошую растяжку ног? Как сделать наш разум здоровым? Как сделать, чтобы люди обманывали меньше Вопрос 4. Как сделать так, чтобы вас уважали и ценили? Как сделать лучше себе и другим людям Как сделать свидание интересным?


Категории:

АрхитектураАстрономияБиологияГеографияГеологияИнформатикаИскусствоИсторияКулинарияКультураМаркетингМатематикаМедицинаМенеджментОхрана трудаПравоПроизводствоПсихологияРелигияСоциологияСпортТехникаФизикаФилософияХимияЭкологияЭкономикаЭлектроника






ХХст.ст





План.

  1. Асаблівасці культурнага развіцця Беларусі ў канцы ХУІІІ – пачатку ХХ стагоддзяў.
  2. Стан адукацыі на Беларусі ў канцы ХУІІІ стагоддзя, яе развіццё і рэформы.
  3. Архітэктура, скульптура і мастацтва Беларусі. Мастацкія стылі.
  4. Музычна-тэатральнае жыццё канца ХУІІІ – пачатку ХХ ст.ст.

Станаўленне беларускай нацыянальнай літаратуры.

 

І. У канцы ХУІІІ – пачатку ХХ стагоддзяў беларуская культура развівалася ў новых умовах. У ёй праходзілі значныя якасныя змены, звязаныя з неабходнасцю пераарыентацыі на новую палітычную і сацыяльна-этнічную сітуацыю, на фарміраванне капіталістычных адносін, далейшую кансалідацыю беларускай народнасці.

Развіццё беларускай культуры ажыццяўлялася ў складаных умовах. Моцнае становішча на Беларусі займала польская культура. Польская мова была мовай большасці адукаванага насельніцтва, мовай адукацыі, літаратуры, кнігадрукавання.

У гэты час з канца ХУІІІ ст. у культурнае жыцце Беларусі пасля яе далучэння да Расіі ўсё больш пранікае руская культура. З яе прыходам жыхары краіны сталі знаёміцца з рускімі кніжкамі, перакладзенымі на польскую мову, у тэатрах пачалі ставіцца п¢есы рускіх аўтараў. Расійскі ўплыў адчуваецца і ў архітэктуры. Уплыў рускай культуры асабліва пашырыўся з сярэдзіны ХІХ ст. пасля падаўлення паўстанняў 1830 – 1831 і 1863 - 1864 гадоў. Пасля паўстанняў расійскія ўлады насаджалі ў Беларусі адміністрацыйны прыгляд за ўстановамі культуры, бібліятэкамі, тэатрамі, творчымі дзеячамі, друкарнямі, праводзілі палітыку русіфікацыі.

Разам з тым важна адзначыць, што ХІХ стагоддзе – гэта час фарміравання беларускай нацыянальнай культуры, новай літаратурнай беларускай мовы. Нягледзячы на імкненне расійскіх улад затрымаць беларускую культуру на ўзроўні фальклору, культура Беларусі ў гэты час перажывае перыяд адраджэння. Разам з новай літаратурнай мовай складваюцца нацыянальны тэатр, літаратура, іншыя галіны мастацтва, навукі і асветы.

У канцы XVIII–першай палове ХІХ стагоддзяў узнікла таксама навуковае беларусазнаўства. Пачынальнікамі вывучэння беларускай гісторыі і культуры стаў Віленскі ўніверсітэт, Віленскі музей старажытнасцей, Віленская археалагічная камісія, Расійская акадэмія навук і іншыя.

Значны ўклад у вывучэнне мінулага нашага народа, яго жыцця ўнеслі І. Даніловіч, Т.Нарбут, М. Без-Карніловіч, І. Насовіч, Я. і К.Тышкевічы, А. Кіркор, Я. Карскі, М.Доўнар-Запольскі, А. Багдановіч і іншыя. Гісторыю, этнаграфію, фальклор беларусаў вывучалі рускія вучоныя К.Калайдовіч, П.Кірэеўскі, Н.Кастамараў, польскія – Т.Чацкі, Ю.Нямцэвіч, І.Лялевель.

Вынікі даследаванняў знайшлі адлюстраванне ў шматлікіх публікацыях. Былі выдадзены «Беларускі архіў» (1824 г.), «Летапісец Літвы і Руская хроніка», «Кнігі польскай метрыкі Вялікага Княства Літоўскага» (1843 г.), «Вандраванне па Палессю і беларускаму краю» (1853-1855 гг.), іншыя творы.

Намаганнямі гэтых вучоных як бы нанава адкрыта Беларусь, багацце матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага народа, сабраны і апісаны яго паданні, легенды, побыт, прылады працы, звычаі, абрады, песні і казкі. Распаўсюджванне ведаў пра родны край спрыяла абуджэнню народа, развіццю яго нацыянальнай самасвядомасці. Шырокія колы беларускага грамадства звярталіся да сваіх гістарычных і этнічных каранёў, ўсё больш асэнсоўвалі сваю прыналежнасць да беларускага народа.

Культурнае жыццё Беларусі канца XVII – пачатку ХХ ст.ст. характарызавалася рознымі стылямі, напрамкамі, станоўчымі і адмоўнымі момантамі, дасягненнямі і стратамі. У выніку палітыкі русіфікацыі, праследвання за ўдзел у вызваленчым руху сядзібы беларускай шляхты разам з культурнымі каштоўнасцямі канфіскоўваліся на карысць царскіх уладаў, апошнія вывозіліся ў Расію. Былі канфіскаваны каштоўнасці больш 130 памесцяў, у тым ліку Радзівілаў, Сапегаў, Чартарыйскіх і іншых. Шмат каштоўнасцей трапілі на Захад разам з тымі, хто быў вымушаны эміграваць. Вялікая колькасць настаўнікаў, ўрачоў і іншых адукаваных і творчых людзей высылаліся на працу ў Сібір, паўночныя раёны Расіі. За межы Беларусі былі высланы Я.Чачот, Ф.Савіч, Р.Падбярэзкі, на 25 гадоў у рэкруты быў забраны П.Багрым. Вымушаны быў з¢ехаць за мяжу А.Рыпінскі, Н.Орда, Я.Сухадольскі, В.Дмахоўскі і шматлікія іншыя. Аднак, нягледзячы на гэта, культура Беларусі развівалася ва ўсіх накірунках.

 

ІІ. Далучаныя да Расіі беларускія землі ў галіне культуры былі больш развітымі, чым расійскія. Даволі высокую адукацыю мела шляхта, духавенства, мяшчанства, пэўная частка сялянства. Сотні з іх атрымалі адукацыю за мяжой у еўрапейскіх навучальных установах. Развіццём адукацыі беларусаў займаліся багатыя і ўплывовыя манаскія ордэны, у першую чаргу езуіцкі.


Вялікую ролю ў распаўсюджванні адукацыі іграў Віленскі ўніверсітэт, створаны ў 1803 г. на базе Галоўнай школы. У ім, напрыклад, у 1803 годзе працавала 34 прафесары і 12 ад´юнктаў (памочнікаў), вучылася 324 студэнты. Станоўчая роля ўніверсітэта заключалася і ў тым, што пад яго кіраўніцтвам ў кожным губернскім горадзе дзейнічалі гімназіі, а ў цэнтрах уездаў – вучылішчы. У 1804 г. на Беларусі было 6 гімназій і 17 павятовых вучылішчаў. Існавалі і манастырскія вучылішчы.

Акрамя гэтага ў краіне дзейнічала дадаткова 130 пачатковых, 33 сярэднія і няпоўныя сярэднія школы, больш за 40 школ каталіцкіх ордэнаў і значная частка яўрэйскіх школ.

Адукацыі спрыяла і створаная пазней Полацкая (1812–1820 гг.) езуіцкая акадэмія, а таксама Іўеўская іўдзейская акадэмія.

Высокаму ўзроўню адукацыі спрыяла і праца Адукацыйнай камісіі, якая рэфармавала ўсю сістэму ў бок большага вывучэння эканамічных і фізіка-матэматычных дысцыплін. Гэтага патрабавалі новыя капіталістычныя адносіны, развіццё навукі, тэхнікі.

Адставанне ў сістэме адукацыі, распаўсюджванне ідэй свабоды, дэмакратыі прымусілі цара пасля далучэння Заходніх зямель правесці некаторыя рэформы ў гэтай галіне. У 1802 годзе ў Расіі было створана Міністэрства народнай асветы. Па яго Статуту на беларускіх землях у 1804 годзе замест існуючых народных вучылішчаў, створаных Адукацыйнай камісіяй, школ каталіцкіх ордэнаў, стваралася новая школьная сістэма па прынцыпу цэнтралізму, адзінства і пераемнасці. Кожная школьная ступень была звязана з папярэдняй і наступнай, пераход з школы ў школу ажыццяўляўся без экзаменаў, на аснове дакумента аб заканчэнні папярэдняй школы. Сістэма адукацыі ўключала ў сябе прыходскія аднагадовыя вучылішчы, чатырохгадовыя гімназіі і ўніверсітэты.

Стваралася цэнтралізаванае ўпраўленне навучальнымі ўстановамі. Еўрапейская частка Расійскай імперыі дзялілася на шэсць вучэбных акруг. Віцебская, Гродзенская, Мінская і Магілёўская губерні ўвайшлі ў склад Віленскай вучэбнай акругі. Навуковым і адміністрацыйна-метадычным цэнтрам якой застаўся Віленскі ўніверсітэт. Дзейнічаючыя пад яго кіраўніцтвам гімназіі мелі 6 класаў навучання, павятовыя вучылішчы – 3 класы. Выкладанне вялося на польскай мове, руская вывучалася як адна з вучэбных дысцыплін.

У 1828 г. быў выдадзены новы Статут вучэбных устаноў, па якім змянялася школьная сістэма, створаная ў 1804 г. Замест адзінай сістэмы ўводзіліся дзве – па саслоўнаму прынцыпу: першая сістэма ўключала элементарную адукацыю для ніжэйшых саслоўяў (прыхадскія вучылішчы з 1 – 2 гадамі адукацыі і трохгадовае над імі павятовае вучылішча), другая – сістэму сярэдняй і вышэйшай адукацыі, пераважна для дваран (дамашняе навучанне, сямігадовая гімназія, універсітэт). Устаноўленая Статутам 1804 г. пераемнасць паміж павятовымі вучылішчамі і гімназіямі скасоўвалася.

Трэба адзначыць, што ў канцы ХУШ – першай чвэрці XIX ст.ст. у Беларусі моцныя пазіцыі займала польская культура. Польская мова была мовай пераважнай часткі адукаванага насельніцтва, мовай асветы, тэатра, кнігадрукавання. На карысць польскай культуры працавала і шмат акаталічаных беларусаў.


Сітуацыя пачала мяняцца ў другой чвэрці XIX ст. ва ўмовах росту апазіцыйных грамадска-палітычных настрояў і рухаў. Урад Расіі быў вымушаны ажыццявіць мерапрыемствы, накіраваныя супраць паланізацыі, на пашырэнне рускага ўплыву. У 1829 г. замест Віленскай ствараецца Беларуская вучэбная акруга з цэнтрам у Віцебску. У 1832 г. закрываецца Віленскі ўніверсітэт, як расаднік антырускіх ідэй і вальнадумства. Спачатку ў навучальных установах Віцебскай і Магілёўскай губерняў, а потым Мінскай і Гродзенскай у абавязковым парадку ўводзілася навучанне на рускай мове. Дадаткова для ўсіх навучэнцаў прадугледжваліся "літаратурныя гутаркі" на рускай мове (палітінфармацыі).

З сярэдзіны ХІХ ст. пашырылася свецкая форма адукацыі. Замест ЦПШ адкрываліся народныя вучылішчы. Аб'яднанне ўніяцкай царквы з праваслаўнай (1839 г.) прывяло да закрыцця каталіцкіх манастыроў і іх навучальных устаноў. Манастырскія вучылішчы ператвараліся ў гімназіі.

У першай палове XIX ст. на Беларусі ўзнікаюць школы і прыватныя пансіёны для дзяўчынак. Яны знаходзіліся на ступені пачатковых вучылішч. Дзейнічалі Гродзенская, Мінская, Слуцкая, Пінская, Навагрудская, Віцебская, Магілёуская, Мазырская гімназіі; Свіслацкая і Маладзечанская прагімназіі, 5 аднакласных дваранскіх вучылішч, 9 трохкласных.

Усяго ў 1856 годзе на Беларусі налічвалася 576 навучальных устаноў рознага тыпу: 12 сярэдніх і 45 няпоўных сярэдніх школ, 45 прыватных і дзяржаўных жаночых вучылішчаў, 21 духоунае вучылішча і 453 пачатковыя школы. У іх навучалася 16.500 чалавек, што складала 0,5 % усяго насельніцтва.

Складвалася сістэма прафесійнай адукацыі. З канца 30-х гадоў пры гімназіях адкрываліся агранамічныя курсы, курсы землямераў. У 1840 г. пачало дзейнічаць Гары-Горацкае земляробчае вучылішча, ператворанае у 1848 г. у інстытут. Гэта была першая ў Расіі вышэйшая агранамічная навучальная ўстанова. Больш шырокую вышэйшую адукацыю беларусы маглі атрымаць пераважна ў расійскіх навучальных установах.

У сярэдзіне 60-х гадоў была праведзена трэцяя рэформа сістэмы адукацыі. Па ёй Палажэннем аб пачатковых народных вучылішчах 1864 г. грамадскім установам і прыватным асобам дазвалялася адкрываць пачатковыя народныя школы, дзе вучылі пісьму і чатыром дзеянням арыфметыкі. Скасоўваўся саслоўны прынцып адукацыі: усім слаям насельніцтва дазвалялася вучыцца ў гімназіях і прагімназіях. Але высокая плата за вучобу фактычна закрывала доступ да сярэдняй адукацыі шырокім масам. Пры гэтым, гімназіі дзяліліся на класічныя і рэальныя. Выпускнікі класічных гімназій маглі паступіць без экзаменаў ва ўніверсітэты, а рэальных – па конкурсу ў вышэйшыя тэхнічныя навучальныя ўстановы. У 187I г. быў зацверджаны новы Статут гімназій, які прадугледжваў дзеянне толькі класічных гімназій. Тэрмін навучання ў іх павялічваўся з 7 да 8 гадоў. Рэальныя гімназіі ператвараліся ў рэальныя вучылішчы, дзе тэрмін навучання скарачаўся з 7 да 6 гадоў. Права паступаць у тэхнічныя ВНУ мелі толькі тыя навучэнцы, якія скончылі сёмы, дадатковы клас вучылішча. Дадаткова гэтаму па Палажэнню 1872 г. ствараліся іншыя гарадскія вучылішчы, выпускнікі якіх не маглі паступаць у сярэднія навучальныя ўстановы.


Пасля падаўлення паўстання І86З – І864 гг. за ўдзел у ім выкладчыкаў, студэнтаў і навучэнцаў ўзмацніўся адміністрацыйны прыгляд за навучальнымі ўстановамі. Быў зачынены Гары-Горацкі земляробчы інстытут, Навагрудская гімназія, Свіслацкая і Маладзечанская прагімназіі, ліквідаваны польскія школы, прыватныя вучылішчы. Пачатковыя школы поўнасцю перадаваліся пад кантроль духавенства. У 1869 годзе ўводзілася пасада інспектара, а ў 1874 г. – дырэктара народных вучылішчаў.

Аднак, нягледзячы на жорскі прыгнёт, цяга беларусаў да ведаў была велізарная. Насельніцтва часта на асабістыя сродкі ўтрымлівала школы, стварала інтэрнаты. Адкрывалі і хатнія "школкі".

Большасць настаўнікаў пачатковых народных школ Беларусі складалі асобы, якія мелі 2 – 3 класы адукацыі. Многія сумяшчалі пасады. Толькі ў 1864 г. у Маладзечна была адчынена першая настаўніцкая семінарыя. Пазней яны былі адчынены ў Полацку, Нясвіжы, Свіслачы.

Пад уплывам эканамічнага развіцця колькасць школ павялічвалася. Напрыклад, калі ў 1881 г. на тэрыторыі Беларусі налічвалася 1196 пачатковых народных школ, то ў 1889 г. – 6813. Колькасць вучняў узрасла з 49,2 да 216,1 тысячы.

3 сярэдніх навучальных устаноў на Беларусі працавала ў 1868 г. 6 мужчынскіх і 4 жаночыя гімназіі, 2 прагімназіі, 4 духоўныя семінарыі і Полацкі кадэцкі корпус. Да 1898 г. колькасць іх узрасла да 20 адзінак. Аднак, нягледзячы на пашырэнне сеткі навучальных устаноў, лік пісьменных па перапісу 1897 г. складаў толькі 25,7 % дарослага насельніцтва.

У пачатку ХХ ст. пачалася новая рэформа сістэмы адукацыі. Памяншалася колькасць ЦПШ, замест іх адкрываліся народныя вучылішчы. Гарадскія вучылішчы пераўтвараліся ў 4-х класныя агульнаадукацыйныя школы павышанага тыпу. Адкрываліся настаўніцкія інстытуты. У 1910 г. такі інстытут быў адкрыты ў Віцебску, пазней

у Магілёве і Мінску. Але гэта былі не вышэйшыя навучальныя ўстановы.

Стваралася сістэма сярэдняй медыцынскай, гандлёва-прамысловай падрыхтоўкі. Аднак у цэлым у 1911 годзе сістэмай адукацыі на Беларусі было ахоплена толькі 18,4% дзяцей школьнага ўзросту, ВНУ увогуле не было. Царскія ўлады адхілялі хадайніцтвы аб іх адкрыцці.

 

ІІІ. У другой палове ХVШ ст. ва ўмовах крызісу феадальнага ладу ў архітэктуры Беларусі адзначаецца развіццё новага стылю – класіцызму. Для яго характэрны навуковы падыход – строгая геаметрычнасць (куб, квадрат, трохвугольнік), сіметрычнасць і ўраўнаважанасць аб'ёмаў і ўнутранай прасторы збудаванняў, выкарыстанне манументальных форм антычнага будаўніцтва (каланады і інш.). Класіцызм адлюстраваў ідэі эпохі Асветніцтва, маладой, набіраўшай моц буржуазіі, якая лічыла, што ўсё павінна быць мэтазгодна, рацыянальна і заканамерна.

Класіцызм развіваўся паралельна позняму барока, для якога характэрны велічнасць і ўрачыстасць збудаванняў, вялікая колькасць купалоў і карнізаў, прыгожая лепка, скульптурныя ўпрыгожванні.

Сярод помнікаў пераходнага стылю ад барока да класіцызму на Беларусі трэба адзначыць палацы – ў Ружанах, Свяцку (Гродзенскі р-н), Шчорсах (Навагрудскі р-н), Дзярэчыне (Зельвенскі р-н), сабор Іосіфа ў Магілёве (пабудаваны на месцы сустрэчы Кацярыны ІІ і аўстрыйскага імператара Іосіфа ІІ).

На Беларусі класіцызм развіваўся пад значным уплывам рускай класічнай школы, канструктыўныя прыёмы якой ажыццяўляліся рускімі архітэктарамі М.Львовым, В.Стасавым, А.Мельнікавым і інш.

Выдатнымі помнікамі чыстага класіцызму з'яўляецца палац-рэзідэнцыя графа М.Румянцава (з 30-х гадоў XIX ст.– фельдмаршала І.Паскевіча) у Гомелі, палацавы комплекс у Снове, Крычаўскі і Жыліцкі палацы, губернатара Аляксандра ў Віцебску і віцэ-губернатара Максімовіча у Гродне, сабор Пятра і Паўла ў Гомелі, Прэабражэнская царква ў Чэрыкаве, касцёл у Шчучыне і іншыя.

Пасля далучэння беларускіх зямель да Расіі значныя змены адбыліся і ў беларускім горадабудаўніцтве. Яно стваралася як цэласная рацыянальна – спланаваная сістэма. Новыя планы гарадоў складаліся па прынцыпу класіцызму. Вядома, што сярэдневяковыя гарады развіваліся бессістэмна, мелі крывыя вуліцы з цеснай драўлянай забудовай. У першай палове XIX ст. былі распрацаваны генеральныя планы забудовы больш 40 беларускіх гарадоў, у якіх прадугледжвалася прамавугольная сістэма планіроўкі, кампазіцыйная вось, грамадскі цэнтр, сістэма галоўных магістраляў, напрамкі далейшага росту гарадоў. У выніку чаго мянялася аблічча гарадоў, ствараліся гарадскія ансамблі і плошчы, будаваліся палацы і будынкі.

З сярэдзіны XIX ст. у архітэктуры Беларусі класічны стыль прыходзіць у заняпад. Яго паступова замяняе рамантызм, прадстаўнікі якога спалучалі розныя стылі, выстаўлялі на першы план нацыянальную архітэктуру, выступалі супраць сляпога пераймання антычных традыцый. Характэрнай рысай рамантызму быў эклектызм (ад грэчаскага эклектікос – сумесь, злучэнне у адным розных плыняў і прынцыпаў, разнастылёвасць). Найбольш відавочна рамантызм праявіўся ў пейзажна-паркавым мастацтве. Рамантычныя пейзажныя паркі ствараліся па прынцыпу свабоднай кампазіцыі і аздабляліся штучнымі гротамі, каскадамі, руінамі (Гомельскі, Лагойскі, Жыліцкі, Салавейкаўскі паркі). Мураваныя прыватніцкія будынкі ствараліся ў залежнасці ад густаў заказчыкаў. Таму разнастылёвасць у мастацкім абліччы горада становіцца звычайнай з'явай. Упор робіцца на вонкавую дэкаратыўнасць фасадаў. Архітэктары часта спалучалі ў будынках формы готыкі, рэнесансу, барока і стваралі эклектычныя кангламерацыі архітэктурных формаў, стыль якіх цяжка вызначыць. (Звычайныя банкі і навучальныя ўстановы афармляліся пад рэнесанс (мужчынская гімназія ў Гомелі), тэатры – пад барока (тэатр у Мінску), касцёлы – пад готыку (касцёл святой Варвары ў Віцебску), праваслаўныя цэрквы - у Візантыйскам ці неарускім стылі (псеўдарускім) - царква на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці).

У другой палове XIX ст. наглядаецца таксама росквіт неагатычнага стылю, які стаў як бы афіцыйным напрамкам каталіцкай царквы на Беларусі. Неагатычныя пабудовы складаліся з чырвонай дробнаабпаленай цэглы, прычым фасады не атынкоўваліся. Найбольш багатыя храмы мелі вітражы, падлогу з паліваных керамічных плітак, фрэскавы роспіс (палац у Косаве Івацэвічскага раёна).

Пасля падаўлення паўстання 1863–64 гг. шырокае распаўсюджванне набыў неарускі (псеўдарускі) стыль. Ініцыятарам яго быў Віленскі генерал-губернатар Мураўёў. Цэрквы, пабудаваныя ў гэтым стылі, можна сустрэць у многіх гарадах і пасёлках Беларусі. Найбольш значнымі пабудовамі гэтага напрамку з´яўляюцца: мемарыяльны храм у вёсцы Лясная (І908–І9І2 гг.), створаны ў гонар 200-годдзя перамогі рускіх войскаў над шведамі і капліца князёў Паскевічаў у Гомелі (1870–1889 гг.), архіерэйскі дом у Мінску і інш.

Склаўся і неараманскі стыль. Найбольш вядомым помнікам, які спалучае матавы раманскай і гатычнай архітэктуры, з’яўляецца касцёл св.Сымона і Алены ў Мінску (1910 г.). Храм мае асіметрычную кампазіцыю з трыма вежамі: дзвюма меншымі і адной высокай. Касцёл пабудаваны з чэрвонай дробнаабпаленай цэглы. У яго дэкаратыўным афармленні выкарыстаны элементы неаготыкі (вялікае акно –ружа, арнаментальныя паясы і інш.).

У сярэдзіне ХІХ ст. у архітэктуры Беларусі з´яўляюцца новыя тыпы будынкаў – заводы, фабрыкі, гасцініцы, шматкватэрныя дамы. У будаўніцтве выкарыстоўваецца тэхнічны прагрэс – ужыванне бетону, жалеза, пракату, чыгуну, а таксама шматпралётных канструкцый.

У канцы ХІХ ст. у архітэктуру пранікае яшчэ адзін мастацкі стыль мадэрн. Для яго характэрны пераплеценыя лініі, асіметрычныя кампазіцыі, багаты ляпны дэкор. Мадэрн прынёс новыя тыпы пабудоў – чыгуначныя вакзалы, масты, прамысловыя збудаванні. Прыкладам архітэктуры мадэрна з´яўляецца сялянскі банк у Віцебску, храм у Міры, даходны дом на вуліцы Кірава ў Мінску, будынкі на вуліцы Ленінскай у Магілёве, Студэнцкай – у Гродне, Білецкага – ў Гомелі і іншыя. Мадэрн праіснаваў на тэрыторыі Беларусі да першай сусветнай вайны.

Развіваўся і такі від мастацтва як скульптура. Яна ў канцы ХVIII – пачатку ХІХ ст.ст. вызначаецца складаным і супярэчлівым характарам. З аднаго боку, у скульптуры, асабліва драўлянай, прасочваюцца водгукі позняга барока, а з другога – пануе класіцызм, які праяўляецца літаральна ва ўсіх відах і жанрах мастацтва.

Трэба адзначыць, што ў гэты перыяд у выніку адсутнасці заказаў, маральнага незадавальнення скульптура развівалася слабей, чым іншыя віды мастацтва. Тым не менш, развіваліся такія разнавіднасці скульптуры, як станковая, манументальна – дэкаратыўная, пластыка малых форм.

Найбольш вядомымі скульптарамі, працуючымі ў жанры станковай скульптуры, былі Кароль Ельскі і яго сыны Ян і Казімір (родам з Пухавіч). Кароль Ельскі з’яўляецца першым прафесарам скульптуры на Беларусі, ён быў загадчыкам кафедры скульптуры ў Віленскім універсітэце. К.Ельскі стварыў чатыры фігуры прарокаў для галоўнага алтара касцёла св.Пятра і Паўла ў Вільні; 32 партрэты-бюсты перадавых дзеячаў культуры і вучоных (М.Пачобута, Я.Снядэцкага, Ф.Смуглевіча, Я.Рустэма, І.Храптовіча і інш.). У жанры малых форм Ельскі стварыў медальёны з вобразамі Пятра I, Кацярыны ІІ, Станіслава Аўгуста і інш. У галіне сакральнай і мемарыяльнай пластыкі ім зроблены надмагільны бюст біскупа Страйкоўскага, А. Ромера і іншых.

Прынцыпамі класіцызму кіраваліся і сыны К.Ельскага, а таксама яго вучань Н.Астроўскі. Апошні стварыў галерэю бюстаў-партрэтаў гістарычных асоб ВКЛ – К.Ельскага, У. Сыракомлі, Ю.Коршака, Т.Касцюшкі, Ю.Панятоўскага і іншых.

Выдатнымі скульптарамі былі Р.Слізень, К. Кавалеўскі, В.Смакоўскі і іншыя, якія стварылі шэраг партрэтаў – бюстаў, барэльефаў.

Пасля закрыцця ў 1832 г. Віленскага ўніверсітэта на Беларусі доўгі час не існавала ніякай мастацкай навучальнай установы. Таму многія таленавітыя юнакі вымушаны былі атрымліваць адукацыю ў Пецярбургу, Маскве, Варшаве, Адэсе і заставацца там. Многія з іх унеслі значны ўклад у развіццё мастацкай культуры рускага, польскага і іншых народаў (М.Антакольскі, І.Гінзбург, А.Васюцінскі. І.Шрэдар, М.Мікешын і іншыя).

На Беларусі толькі ў 1866 г. была зноў адчынена мастацкая школа пад кіраўніцтвам І.Трутнева. Яна падрыхтавала некалькі пакаленняў беларускіх і літоўскіх мастакоў і скульптараў. Сярод іх – А.Ромер, які працаваў у галіне пластыкі дробных формаў (медалі) і ў партрэтным жанры.

Пэўны ўклад у развіццё беларускай скульптуры ўнесла Алена Скірмунт, якая стварыла сакральную скульптуру "Распяцце”, партрэты Я.Радзівіла, Товальдсена, бюсты князёў ВКЛ.

Творчая праца многіх беларускіх скульптараў праходзіла па-за межамі Радзімы. Да іх ліку належаць Г.Дмахоўскі, К. Барычэўскі.

Спадчына Г.Дмахоўскага шматгранная і разнастайная. У Парыжы ён стварыў шэраг медалёў з вобразамі Т.Касцюшкі, Г.Саванаролы, помнік паўстанцу В.Пяткевічу, бюст караля Яна ІІІ Сабескага, партрэт бацькі. У 1853–54 гг. для будынка кангрэсу ЗША ён стварыў бюсты А.Джэферсана, М.Лафаета, Т.Касцюшкі. Яго разцу належыць скульптурная група "Гарыбальдзі з воінамі". У ЗША ім выкананы сакральны помнік жонцы і двум сваім дзецям, а таксама помнік палкаводцу К.Пулаўскаму.

Персанажы яго твораў – яркія індывідуальнасці з напружаным духоўным жыццём, што падкрэсліваецца дынамікай фігур, экспрэсіяй натхнёных твараў і імпульсіўных жэстаў, складкамі адзення.

Сярод твораў К.Барычэўскага найбольш вядомы бюсты французскага мастака Э.Дэлакруа, рускага філосафа Р.Вырубава, партрэтныя медальёны.

Напрыканцы XIX і пачатку XX ст. скульптура, як і архітэктура, стала больш дэмакратычнай. У стылі галоўнае месца заняў мадэрн, імпрэсіянізм, сімвалізм.

У стылі імпрэсіянізму (накірунак у мастацтве, які адлюстроўваў рэчаіснасць, як яна ўяўляецца імгненна) працавалі скульптары Я.Багушэўскі, Я.Тышынскі, А.Краснапольскі і іншыя. Няяснасць, неакрэсленасць імпрэсіянісцкай манеры лепкі наглядна бачна ў скульптуры Я.Багушэўскага "Мінулыя часы". Яна ўяўляе сабой вялікую мужчынскую галаву з маленькай фігуркай жанчыны побач, якая тварам прыціснулася да пасмаў валасоў мужчыны. Тут нават цяжка сказаць, які сэнс укладзены скульптарам у гэты вобраз, наколькі ён далёкі ад рэальнага жыцця.

Скульптура А.Краснапольскага "Сум" уяўляе маладую голую жанчыну, якая у задуменні сядзіць на вялікім валуне.

Яркім прадстаўніком сімвалізму(накірунак, які культывіраваў індывідуалізм, паэзію намёкаў, як сімвалічны воблік свету) у беларускай скульптуры быў К.Змігродзкі. Ён стварыў цэлы шэраг скульптур, у якіх паказваецца несправядлівасць, свавольства чыноўнікаў. Напрыклад, яго скульптура "Прабуджэнне" уяўляе сабою ляжачую на зямлі голую дзяўчыну, якую дзяўбе ў плячо каршун, што сядзіць у яе на спіне. Сюжэт яўна сімвалічны. У гэтай манеры выкананы і такія яго скульптуры, як "Думка”, "Голад", Насілле", "Крыўда", "Мара" і іншыя.

У стылі мадэрн працаваў і В.Бубноўскі, які атрымаў вядомасць як майстар вытанчанай салоннай скульптуры, якая ўпрыгожвала асабнякі і палацы.

У пачатку XX стагоддзя на Беларусі ствараюцца помнікі манументальнай скульптуры. Так, каля вёскі Лясной у 1903 г, быў пастаўлены манумент у гонар перамогі рускіх войскаў над шведамі у 1708 г. У гонар воінаў, загінуўшых пад Віцебскам у 1812 г. у барацьбе супраць французаў, у 1912 г. у Віцебску быў створаны абеліск. У Кобрыне быў таксама ўзведзены манумент, прысвечаны салдатам 1812 года.

Жывапіс. У пачатку ХІХ стагоддзя цэнтрам падрыхтоўкі беларускіх мастакоў быў Віленскі ўніверсітэт. Пры ім існавалі кафедры малюнка, жывапісу (з 1797 г.), скульптуры (з 1803 г.), графікі (з 1805 г.) Пасля закрыцця ўніверсітэта (1832 г.) цэнтр падрыхтоўкі перамясціўся ў Пецярбург. Толькі ў 1866 годзе была створана Віленская школа малявання І.Трутнева, а ў канцы 90-х гадоў былі адчынены мастацкія школы В.Мааса ў Мінску і Ю.Пэна ў Віцебску.

На творчасць беларускіх мастакоў значны ўплыў аказалі педагогі Віленскага ўніверсітэта Ф.Смуглевіч і Ян Рустэм, а таксама рускія мастакі К.Савіцкі, І.Шышкін, І.Рэпін, што жылі на Беларусі.

Афіцыйным напрамкам мастацтва канца ХVIІІ – першай паловы XIX ст. быў класіцызм, перавага ў ім рэлігійнай тэматыкі, што не задавальняла асноўную частку мастакоў. Яны шукалі сваю тэму, якая была б больш цесна звязана з людзьмі, з сучаснымі падзеямі. Таму невыпадкова ў першай палове XIX ст. гістарычны, партрэтны і пейзажны жанры становяцца галоўнымі ў беларускім жывапісе. Сцвярджаецца рамантызм, які ламае стэрэатыпы і каноны класіцызму, узаконьвае свабоду думкі і творчасці, ставіць у цэнтр мастацтва асобу, чалавека высакародных пачуццяў.

Вызначальным жанрам жывапісу першай паловы XIX ст. быў партрэт. Найбольш вядомымі прадстаўнікамі гэтай плыні былі І.Аляшкевіч, Я.Рустэм, В.Ваньковіч і іншыя.

І.Аляшкевіч напісаў партрэты беларускіх магнатаў Л.Сапегі, М.Радзівіла, Г.Ржавускага, паэта А.Міцкевіча а таксама карціны “Групавы партрэт", “Мадонна з дзіцем" і інш. Ён вядомы і як майстар гістарычных кампазіцый. За карціну Благодетельное призрение и попечение императрицы Марии Фёдоровны о бедных" ён быў абраны членам Расійскай імператарскай акадэміі мастацтваў. Яго карціны знаходзяцца ў галерэях Масквы, С-Пецярбурга, Варшавы, Кракава, Дрэздэна. У Мінску ёсць толькі “Групавы партрэт" і “Партрэт дзяўчынкі”.

Ян Рустэм, прафесар Віленскага ўніверсітэта напісаў партрэты Томаша Зана, А.і.Я Снядэцкіх, кампазіцыі “Турак з канём”,”Бабуля з унучкай” і іншыя.

Мастак Валенцій Ваньковіч, выхаванец Полацкай акадэміі, які жыў і працаваў ў Мінску, напісаў карціну "А.Міцкевіч на скале Аюдаг”, партрэты К. і А.Тавянскіх. У 1834 г. стварыў карціну “Напалеон каля вогнішча”. Яго карціны “Дзева Марыя Вастрабрамская” упрыгожвае алтар касцёла Севярына ў Парыжы, “Мадонна з дзіцем” знаходзіцца ў Луўры.

Рамантычныя матывы выразна выявіліся не толькі ў партрэтным, але і ў гістарычным і пейзажным жывапісе. Выдатным прадстаўніком гэтага жанру быў мастак, этнограф і кампазітар Напалеон Орда, які абыйшоў і аб´ездзіў амаль усю Беларусь, Польшчу і Літву. Ён зрабіў больш 500 акварэляў і малюнкаў з натуры – помнікаў архітэктуры, замкаў, палацаў, вуліц гарадоў, гістарычных мясцін. Яго акварэлі і малюнкі пераводзіліся ў літаграфіі, выдаваліся альбомамі, графічнымі серыямі. Вялікае грамадскае прызнанне атрымалі яго карціны "Лагойск", "Крыжоўка", "Руіны замка ў Лідзе", "Мір", “Нясвіж”, "Белая Вежа” і інш.

Значнай постаццю ў беларускім пейзажным жывапісе з'яўляецца мастак А.Гараўскі, ураджэнец міншчыны. Ён з залатым медалём скончыў Пецярбурскую акадэмію. Вядомы яго карціны "На Радзіме", "Вечар у Мінскай губерні" і інш. Ён атрымаў званне акадэміка і быў вядомы не толькі ў Расіі. Як сябра мецэната П.Траццякова, А.Гараўскі дапамагаў яму ў збіранні славутай Траццякоўскай галерэі. У ёй жа ёсць і яго работы.

Выдатным пейзажным жывапісцам быў В. Дмахоўскі.Сучаснікі яго называлі Клодам Ларэнам (выдатны французскі жывапісец ХVII ст.) віленскіх ваколіц за паэтызм і велічнасць, эмацыянальную насычанасць, строгасць кампазіцыі. Мастак у асноўным маляваў месцы, звязаныя з жыццём і дзейнасцю А.Міцкевіча, сябрам якога быў ("Радзіма", "Возера Свіцязь", "Захад сонца", "Начлег").

Вядомымі пейзажыстамі былі А.Вараўскі, М.Артыганьеў.

Пейзажы, замалёўкі, эцюды пісаў і такі выдатны беларускі мастак, як М.Кулеш. Патрыятычныя матывы, любоў да роднай зямлі, яе прыроды і гісторыі адлюстраваны ў працах "Царква Барыса і Глеба на Каложы” ў Гродна, "Руіны замка ў Луцку", “Друскенікі” і інш.

Яркім прадстаўніком гістарычнага жанру ў беларускім жывапісе з’яўляўся Ян Дамель. Ён быў адукаваным чалавекам, добра ведаў айчынную і антычную гісторыю. Шырока вядомы яго творы "Вызваленне Т.Касцюшкі з цямніцы”, "Адступленне французаў праз Вільню ў 1812 г.”, "Хрышчэнне славян" і інш. На яго спадчыне выхоўваліся многія пакаленні беларускіх мастакоў.

Адным з найбольш вядомых прадстаўнікоў гістарычнага жанру другой паловы ХІХ ст. быў К.Альхімовіч. Вучыўся ў Вільні, за ўдзел ў паўстанні 1863-64 гг. быў сасланы ў Сібір. Пасля ссылкі жыў за мяжой, але пісаў на беларускія гістарычныя тэмы. Сусветную вядомасць набыла яго карціна “Пахаванне Гедыміна”, якая неаднаразова экспанавалася на выстаўках у Варшаве, Пецярбургу, Львове, Сан-Францыска. Альхімовіч стварыў такія вядомыя гістарычныя палотны, як “Язычніцкія жрацы”, “Смерць Глінскага ў турме” і інш. Беларускі мастак выстаўляў свае творы ў Мюнхене і парыжскім Салоне, дзе яны карысталіся вялікім поспехам.

Прадстаўнікамі бытавога жанру ў выяўленчым мастацтве былі К.Русецкі (“Жняя”, “Вербная нядзеля”, “Спячая дзяўчынка”), Ціт Бычкоўскі (“Касец”, “Дзяўчынка з разбітым збанам” і інш.), Ю.Карчэўскі (“Руская хуткая пошта”, Яўрэйская карчма”, “Яўрэйскае пахаванне” і інш.). Н.Сілівановіч (“Дзеці на двары”, “У школу”, “Дзяўчынка”, “Пастух”.). За мазаічнае пано “Тайная вячэра” і ўдзел у афармленні Ісакіеўскага сабора ў Пецярбургу яму было прысвоена ганаровае званне акадэміка.

На рубяжы ХІХ-ХХ ст.ст. ў беларускім жывапісе з´яўляецца шэраг новых імёнаў. Гэта А.Ромер, Б.Русецкі, Ю.Пэн. У прыватнасці Ю.Пэн стварыў цэлую галерэю тыпавых вобразаў рамеснікаў: “Гадзіншчык”, “Стары кравец” і інш. У арганізаванай ім прыватнай мастацкай школе набылі адукацыю такія мастакі, як М.Шагал, С.Юдовіч.

Разам з адзначанымі жанрамі ў беларускім мастацтве значнае месца займала графіка. Гэта звязана з развіццём паліграфічнай вытворчасці. Працавалі ў гэтым жанры многія ілюстратары, шрыфтавікі, картографы. Сусветную вядомасць набыў уражэнец Мінска Ю.Азямблеўскі. Яго літаграфію “Славянскі нявольнік” на сваіх лекцыях у Парыжы дэманстраваў А.Міцкевіч, пра яе пісаў у памфлеце “Хрышчоная ўласнасць” А.Герцэн.

У канцы ХІХ – пачатку ХХ ст.ст. у творчасці жывапісцаў ўсё часцей гучалі сацыяльныя матывы. Яны знайшлі адлюстраванне ў творчасці і такіх выдатных беларускіх мастакоў, як Г.Вайсенгоф, К.Стаброўскі, Ф.Рушчыц, Я.Кругер, С Жукоўскі. У канцы ХІХ ст. пачынаецца творчая дзейнасць і такога таленавітага беларускага мастака, як В. Бялыніцкі-Біруля. У ранні перыяд ім напісаны пейзажы “З аколіц Пяцігорска”, “Вясна ідзе”. Гэтыя творы атрымалі прэмію і былі набыты для Траццякоўскай галерэі.

У творчасці мастакоў гэтага перыяду сустракаюцца творы з імпрэсіянісцкім падыходам да адлюстравання рэчаіснасці (гэта ў ранняй творчасці В.Бялыніцкага-Бірулі – “Зімовы пейзаж”) і нават мадэрнісцка-фармалістычнай трактоўкі свету (М.Шагал, К.Малевіч і інш.).

 

ІУ. У музычна–тэатральнай культуры ў канцы XVIIІ – першай палове ХІХ ст. адбываюцца змены. Замест прыгонных тэатраў магнатаў з¢яўляюцца тэатры прыватнай антрэпрызы, якія ўвасаблялі новы, камерцыйны падыход да арганізацыі відовішчаў. Па форме дзейнасці тэатры былі “аб¢язнымі”. Яны мелі сталую базу ў губернскім ці буйным павятовым горадзе і час ад часу рабілі турнэ па навакольных гарадах, мястэчках. Высокае майстэрства і вялікую вядомасць набылі ў той час віленская тэатральная трупа Мараўскага, гродзенская – Саламеі Дзешнер, мінская – Кажынскага. У 30-я гады тэатральныя відовішчы адбываюцца ўжо бесперапынна ва ўсіх губернскіх і ў многіх павятовых гарадах. Усталёўваецца тэатральны сезон, з¢яўляюцца пастаянныя гарадскія тэатры.

У сярэдзіне 40-х гадоў для палягчэння прыгляду за тэатральным мастацтвам царскія ўлады правялі тэатральную рэформу. Усе вандроўныя трупы забараняліся, у губернскіх гарадах ствараліся пастаянныя руска - польскія тэатры і тэатральныя дырэкцыі. Гэтыя тэатры мелі манапольнае права на паказ спектакляў. Аднак рэформа не была даведзена да канца. Ужо ў сярэдзіне 50-х гадоў на Беларусі зноў дзейнічаюць аматарскія “аб¢язныя” трупы.

Такія аматарскія трупы былі вельмі папулярны ў шляхецкім, чыноўніцкім і афіцэрскім асяроддзі. На аматарскай сцэне рабіў першыя крокі беларускі нацыянальны тэатр. Ля яго вытокаў стаялі В.Дунін-Марцінкевіч і тыя мінскія акцёры і музыканты-аматары, якія гуртаваліся вакол яго. 23 верасня 1841 г. адбылася прэм¢ера аматарскага спектакля – камічнай оперы “Рэкруцкі яўрэйскі набор”, музыку для якой напісалі С.Манюшка і К.Кржыжаноўскі, а лібрэта – В.Дунін-Марцінкевіч. 9 лютага 1852 г. мінскія аматары паставілі “Ідылію” тых жа аўтараў.

З сярэдзіны ХІХ ст. атрымалі сцэнічнае жыццё народныя танцы (у спектаклях В.Дуніна–Марцінкевіча). Тут трэба адзначыць, што беларускія народныя матывы выкарыстоўвалі М.Глінка (варыянт Лявоніхі ў сімфоніі рэ мінор), А.Глазуноў (у сімфоніі рэ мажор), М.Карловіч (у “Літоўскай рапсодыі” і сімфоніі “Адвечныя песні”), Л.Рагоўскі (у сваіх сімфоніях), М.Мусаргскі (сцэна ў карчме ў оперы “Барыс Гадуноў”), М.Рымскі- Корсакаў (у “Майскай ночы”). Іх апрацоўвалі М.Іпалітаў-Іванаў, А.Грачанінаў, С.Танееў і інш.

З тэатрам было цесна звязана музычнае мастацтва. Музыка гучала не толькі на спектаклях: яе слухалі ў салонах мясцовай шляхты, выкладалі ў навучальных установах, праходзілі сольныя і аркестровыя канцэрты.

На Беларусі добра ведалі музычныя творы заходнееўрапейскіх кампазітараў, папулярнасцю карысталіся кампазіцыі мясцовых аўтараў.

Сусветнай славай карыстаюцца творы нашых землякоў М.К.Агінскага, С.Манюшкі, добра вядомыя імёны А.Абрамовіча, В.Казлоўскага, Г.Глінскага, П.Карафа-Корбута, І.Шадурскага і інш. У арганізацыі канцэртнага жыцця і пашырэнні музычнай асветы значную ролю адыгралі браты Дамінік і Вікенцій Стэфановічы, якія кіравалі мінскім аркестрам.

Міхал Клеафас Агінскі паходзіў з сям¢і беларускай шляхты, добра вядомай на слонімшчыне. Ён быў вядомы не толькі як выдатны кампазітар і выканаўца, але і як палітычны і грамадскі дзеяч, удзельнік паўстання за аднаўленне Вялікага княства Літоўскага. М.Агінскім напісана больш як 60 музыкальных твораў: 4 вальсы, 4 маршы, 3 мазуркі, некалькі мінуэтаў, рамансаў, песень і больш 20 паланэзаў. Найбольш папулярным творам кампазітара з¢яўляецца яго паланэз “Развітанне з Радзімай”. Ён аўтар чатырохтомных мемуараў і трактата “Пісьмы аб музыцы”.

Глыбокі след у беларускай музычнай культуры пакінуў ураджэнец Ігуменскага раёна С.Манюшка. У Мінску ў таленавітага музыканта і выкладчыка Д.Стэфановіча ён атрымаў пачатковую музычную адукацыю. З Мінскам звязана стварэнне і пастаноўка яго першых вадэвіляў, музычных камедый і камічных опер. У садружнасці з В.Дунінам-Марцінкевічам ім напісаны оперы “Спаборніцтва музыкантаў”, “Чарадзейная вада”, “Сялянка”, пастаўленных у Мінску і іншых беларускіх гарадах.

Фларыян Міладоўскі быў вучнем Мендэльсона. Ён напісаў шэраг музычных твораў, добра вядомых ў Еўропе. Восіп Казлоўскі, дзед знакамітага расійскага спевака Івана Казлоўскага, з¢яўляўся збіральнікам твораў беларускага музычнага фальклору. Запрошаны ў Пецярбург, ён стаў там кіраўніком Яго імператарскай вялікасці тэатраў, напісаў расійскі гімн “Гром победы, раздавайся”.

У другой палове ХІХ ст. у Мінску пачынаюць працаваць фартэп¢янная фабрыка, магазін па продажу нот і інструментаў, узнікаюць новыя аматарскія таварыствы: першая беларуская трупа І Буйніцкага, Мінскае музычнае таварыства, Мінскі музычны гурток, Таварыства аматараў прыгонных мастацтваў, прыватныя музычныя школы.

У тэатральна-музычным жыцці значнае месца займалі гастролі С. Рахманінава, Ф. Шаляпіна, Д.Зілоці, М.Батыстыні, Мікалая і Медэі Фігнер, Генадзя і Юліі Веняўскіх і шмат іншых.

Для пачатку ХХ ст. характэрны больш дэмакратычныя формы аматарскага музыцыравання і яго далейшае развіццё. У гарадах і мястэчках ствараліся хоры, музычна-драматычныя гурткі, якія выконвалі і захоўвалі беларускія народныя песні і танцы.

 

У. Адметнай рысай культурнага жыцця Беларусі канца ХVIII – пачатку ХХ ст.ст. з’яўлялася развіццё літаратуры і журналістыкі. Цэлыя галіны культуры становяцца своеасаблівай трыбунай палітычнай думкі, месцам ідэалагічнай барацьбы. Літаратура Беларусі ў гэты час фарміравалася пад уплывам вялікай французкай рэвалюцыі, нацыянальна-вызваленчага руху. Яна ўвабрала ў сябе прагрэсіўныя элементы сусветнай культуры, была шматмоўнай. Друкаваліся кнігі на польскай, лацінскай, нямецкай і іншых мовах. З’яўляліся літаратурныя творы на беларускай мове.

Развіццё беларускай літаратуры ішло ад рамантызму праз сентыменталізм да рэалізму, шляхам паступовага адыходу ад фальклорнага апісальніцтва на пачатку яе развіцця – да развітай літаратуры. Ішоў працэс жанравага ўзбагачэння, удасканальвалася вершаскладанне.

Характэрнай з’явай беларускай літаратуры першай паловы Х1Х ст. было ўзнікненне ананімных твораў “Гутарка Данілы са Сцяпанам”, “Сход”, “ Вясна гола перапала”, “Энеіда навыварат”, “Тарас на Парнасе” і іншых. У іх адлюстраваны рысы сацыяльных адносін таго часу, думкі і настроі беларускіх сялян, сцвярджалася права прыгоннага селяніна звацца чалавекам, вучыла асуджэнню існуючых парадкаў.

Значную ролю ў станаўленні беларускай літаратуры, а разам з ёй і мовы, адыгралі пісьменнікі, збіральнікі народнага фальклора Ян Баршчэўскі, Ян Чачот, Аляксандр Рыпінскі, У.Сыракомля, В. Каратынскі і іншыя. У 20 – 30-я гады развіваецца паэтычны талент Паўлюка Багрыма. У творах гэтых аўтараў гучала народная гаворка, мова тых мясцовасцей, адкуль паходзілі пісьменнікі. Найбольшае распаўсюджванне атрымала цэнтральная беларуская гаворка. Яна стала асновай новай беларускай літаратурнай мовы. Разам са станаўленнем новай беларускай літаратурнай мовы выпрацоўвалася агульнабеларускае вымаўленне, стыль, правапіс.

Выдатным літаратарам Беларусі з’яўляецца Адам Міцкевіч. Яго творы, напісаныя на польскай мове пад значным уплывам мовы беларускага народа, паэтыкі беларускай песні, могуць лічыцца спадчынай не толькі польскага народа. У сваіх творах “Мешка, князь Навагрудка”, “Бульба”, “Дзяды”, “Пан Тадэвуш”, “ Гражына” А.Міцкевіч выкарыстаў тэмы і вобразы беларускага фальклору, сюжэты беларускай гісторыі.

У 40-я гады Х1Х ст. свайго росквіту дасягнула творчасць пісьменніка, драматурга, грамадскага дзеяча В. Дуніна–Марцінкевіча. Яго першыя п’есы “Рэкруцкі яўрэйскі набор”, “Спаборніцтва музыкантаў”, “Чарадзейная вада” былі напісаны на польскай мове і пастаўлены на мінскай сцэне. У 1846 г. убачыла свет выдатная музычная п’еса В.Дуніна-Марцінкевіча “Сялянка”, дзе ўпершыню загучала жывая беларуская гаворка. У 50-я гады ён стварае вершаваныя апавяданні “Вечарніцы”, “Гапон”, “Халімон на каранацыі” і іншыя, а таксама займаецца перакладамі. Адзін з найлепшых і самых вядомых сваіх твораў – фарсвадэвіль “Пінская шляхта” пісьменнік стварыў у пачатку 60-х гадоў.

Вяршыняй развіцця беларускай літаратуры і мовы другой паловы Х1Х ст. стала творчасць Ф.Багушэвіча. Да сваіх зборнікаў “Дудка беларуская”, “ Смык беларускі”

Ф. Багушевіч складаў прадмовы, праз якія імкнуўся абудзіць нацыянальную свядомасць беларускага народа. У іх ён абвясціў існаванне беларускага этнасу і адзначыў самастойнасць беларускай мовы. Галоўнае месца ў творах пісьменніка – паказ жыцця паднявольнага сялянства, пошукі справядлівасці.

Новыя тэмы, матывы і вобразы канца Х1Х – пачатку ХХ ст.ст. прынеслі ў беларускую літаратуру Янка Лучына, Адам Гурыновіч, Цётка, Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч і іншыя. Я. Лучына з’яўляецца аўтарам першага беларускага верша “Роднай старонцы”. У ім, а таксама ў сваіх паэмах “Паляўнічыя акварэлькі”, “Гануся”, “Андрэй”, “Віялета” ён выражае любоў да радзімы, асэнсоўвае беларускую рэчаіснасць.

Кнігі “Скрыпка беларуская”, “Хрэст на свабоду” Цёткі (А.Пашкевіч) сталі першымі арыгінальнымі зборнікамі беларускай паэзіі ХХ ст. Цётка з’явілася адной з пачынальнікаў апавядальнага жанру.

На якасна новы ўзровень узнялі беларускую літаратуру і мову Янка Купала, Якуб Колас. Адзіны паэтычны зборнік “Вянок” належыць Максіму Багдановічу, аднак ён дазволіў паэту заняць пачэснае месца сярод класікаў беларускай літаратуры.

У пачатку ХХ ст. раскрыліся творчыя здольнасці М.Гарэцкага, З.Бядулі, Ц.Гартнага, К. Каганца і інш. Беларуская літаратура пачала знаходзіць прызнанне ў суседніх, перш за ўсё славянскіх народаў, паступова ўключацца ў сусветны гісторыка – літаратурны працэс.

Важным здабыткам беларускай культуры Х1Х – пачатку ХХ ст.ст. стала развіццё перыядычнага і кніжнага друку. Спачатку друк быў прадстаўлены апазіцыйнымі выданнямі, пазней – незалежнымі. Значнай падзеяй культурнага жыцця Беларусі стала стварэнне ў 1906 г. першага беларускамоўнага выдавецтва “ Загляне сонца і ў наша ваконца” у Пецярбургу.

У заключэнне трэба адзначыць, што значнае месца ў беларускай культуры займала развіццё навукі, філасофіі і грамадска - палітычнай думкі. Выдатны ўклад ў матэматыку і астраномію ўнёс Ян Снядэцкі. Дзякуючы яму, у Вільні была адкрыта астранамічная абсерваторыя, яго падручнік па сферычнай трыганаметрыі лічыўся лепшым у Еўропе і быў выдадзены ў Лейпцыгу. Брат Яна Снядэцкага Андрэй, стаў аўтарам працы “Тэорыя арганічных рэчываў”, у якой стварыў упершыню стройную навуковую тэорыю на падставе эмпірычных дадзеных біялогіі.

Знакамітымі вучоным свету былі: вядомы батанік і біёлаг С.Юндзіл, прафесар медыцыны А. Бекю, фізіёлаг М.Гамаліцкі, хімікі К.Шміт, І.Цютчаў; аграбіёлагі – М.Аганоўскі, І.Чарнятаў. Філософія развівалася Я. і А.Снядэцкімі, К. Нарбутам, Д. Доўгірдам, асветніцтва – Л. Бароўскім, Я. Славацкім, Т.Занам. Ідэі матэрыялістычнага светапогляду развівалі Ф. Савіч, М.Лавіцкі, В.Давід, Э.Жылігоўскі, А.Саветаў, І.Сцебут, М.Рыаў і многія іншыя.

Развівалася дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. У канцы Х1Х ст. пачынаецца дэманстрацыя кінафільмаў. У 1907 годзе бяруць пачатак здымкі мясцовых хранікальных сюжэтаў. Зараджаецца спорт.

Культура Беларусі канца Х1Х – пачатку ХХ ст.ст. стала важнай часткай сусветнага гістарычнага працэсу. У многіх галінах – выяўленчым мастацтве, літаратуры, тэатры, навуцы яна дасягнула еўрапейскіх вышынь. У гэты час фарміравалася яе самабытнасць, непаўторныя традыцыі, агульнанацыянальная літаратурная мова.

Беларускі народ, нягледзячы на паланізацыю і русіфікацыю, здолеў захаваць свой этнічны воблік, адстаяў нацыянальную перспектыву.

 







Date: 2015-08-24; view: 436; Нарушение авторских прав



mydocx.ru - 2015-2024 year. (0.039 sec.) Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав - Пожаловаться на публикацию