Главная Случайная страница


Полезное:

Как сделать разговор полезным и приятным Как сделать объемную звезду своими руками Как сделать то, что делать не хочется? Как сделать погремушку Как сделать так чтобы женщины сами знакомились с вами Как сделать идею коммерческой Как сделать хорошую растяжку ног? Как сделать наш разум здоровым? Как сделать, чтобы люди обманывали меньше Вопрос 4. Как сделать так, чтобы вас уважали и ценили? Как сделать лучше себе и другим людям Как сделать свидание интересным?


Категории:

АрхитектураАстрономияБиологияГеографияГеологияИнформатикаИскусствоИсторияКулинарияКультураМаркетингМатематикаМедицинаМенеджментОхрана трудаПравоПроизводствоПсихологияРелигияСоциологияСпортТехникаФизикаФилософияХимияЭкологияЭкономикаЭлектроника






Францыск Скарына - першадрукар, асветнік, гуманіст





Зоркай першай велічыні на небасхіле нашай нацыянальнай культуры і сёння з'яўляецца Францыск Скарына (каля 1490 - каля 1551) - найбольш велічная постаць эпохі Адраджэння на Беларусі. Геній Скарыны - заснавальніка усходнеславянскага кнігадрукавання, асветніка-гуманіста, доктара медыцыны, арыгінальнага мысліцеля, пісьменніка-публіцыста, перакладчыка-паліглота, выдаўца - мог зрабіць гонар любой дзяржаве.

Паходзіць Францыск з Полацка з купецкай сям'і. Бацька Лука і старэйшы брат Іван займаліся аптовым гандлем скурай, ад назвы якой (старажытны варыянт "скора"), верагодна, і пайшло іх прозвішча. |

Пачатковую адукацыю хлопчык атрымаў у Полацку ці сталічнай Вільні. У 1504 г. быў прыняты на факультэт свабодных навук Кракаўскага універсітэта - адной са старэйшых і лепшых навучальных устаноў Еўропы - і тут у 1506 г. атрымаў ступень бакалаўра свабодных мастацтваў. У час вучобы ў Кракаве Скарына ўсвядоміў навуковыя і асветніцкія магчымасці друкаванай кнігі, пазнаёміўся з багатай кніжнай прадукцыяй мясцовых і замежных друкарняў, з азамі тэхнікі друку. Вынаходніцтва каля 1440 г. кнігадрукавання - "мастацтва з усіх мастацтваў, навукі з усіх навук", як назваў яго "бацька" кнігадрукарства немец Ёхан Гутэнберг, з'яўляецца адным з найвялікшых дасягненняў чалавечай цывілізацыі. Рэвалюцыйная роля гэтага вынаходніцтва праявілася ў тым, што ўжо ў канцы ХV cт. у Еўропе дзейнічала звыш 200 друкарняў у 69 гарадах. Польшча стала другой пасля Чэхіі краінай, якая ўкараніла вынаходніцтва Гутэнберга. Відаць, менавіта ў Кракаве ў Скарыны выспела высакародная задума - даць і свайму народу друкаваную кнігу, прычым на яго ж роднай мове. Але пакуль набытага інтэлектуальнага досведу было мала, каб распачаць задуманую справу. Ён прагнуў новых ведаў, імкнуўся спасцігнуць новыя навукі.

Адсутнасць крыніц, на жаль, не дае магчымасці ў дэталях аднавіць усе этапы біяграфіі нашага славутага земляка. Дзе ён знаходзіўся і чым займаўся ў 1507-1511 гг., невядома. Аднак не падлягае сумненню, што ён працягваў адукацыю ў адным з еўрапейскіх універсітэтаў (магчыма, у Кракаве, Празе ці Германіі), паглыбляў свае веды па філасофіі, праву, прыродазнаўству, медыцыне. Восенню 1512 г. Францыск прыбыў у Італію, у знакаміты Падуанскі універсітэт, ён ужо меў ступень доктара свабодных навук і быў сакратаром дацкага караля. 9 лістапада ў прысутнасці 24-х буйнейшых вучоных гэтага універсітэта Скарына быў экзаменаваны ў галіне медыцыны і адзінадушна прызнаны ў званні доктара медыцыны.

У нашых ведах аб Скарыне, які ўжо дасягнуў вышынь еўрапейскай адукацыі, за 1513-1516 гг. - зноў прагал. Менавіта ў гэты час ён вырашыў прысвяціць сябе кніга-друкаванню. Заручыўшыся фінансавай падтрымкай землякоў з Вільні і Полацка: багатых віленскіх гараджан Багдана Онкава, Якуба Бабіча, Юрыя Адверніка, свайго брата Івана, ён паехаў у Прагу і там заснаваў друкарню, у якой паклаў пачатак беларускаму і ўсходнеславянскаму кнігадрукаванню, выдаў 6 жніўня 1517 г. сваю першую кнігу - Псалтыр, а потым на працягу 1517-1519 гг. - яшчэ 22 кнігі Бібліі. Скарына выдаў іх з уласнымі прадмовамі і пасляслоўямі пад агульнай назвай "Библия руска". Выбар на карысць Бібліі быў зроблены таму, што ў тыя часы, калі грамадства на яго радзіме яшчэ ў цэлым не ўзнялося да разумення значэння свецкай кнігі, Біблія была самай прыдатнай кнігай для яго асветніцкай мэты. Еўрапейскія гуманісты, якім з'яўляўся і наш зямляк, лічылі Біблію свайго роду універсальным падручнікам, энцыклапедыяй, дзе чытач мог знайсці адказы на многія складаныя пытанні.

Мова Скарынавых выданняў набліжана да беларускай, хоць у аснове сваёй заставалася царкоўнаславянскай. Кнігі выдадзены на высокім для таго часу паліграфічным узроўні, аздоблены гравюрамі, сярод якіх двойчы змешчаны ўласны партрэт першадрукара; сігнетам - друкарскім знакам Скарыны з выявай сонца, прыкрытага месяцам; арнаментаваны застаўкамі і канцоўкамі, што зрабіла іх унікальнымі помнікамі еўрапейскай кніжнай культуры і айчыннага мастацтва.

У канцы 1519 ці пачатку 1520 гг. Скарына перанёс кнігадрукаванне на ўсход Еўропы, на радзіму. У Вільні ў доме свайго апекуна, мецэната, бурмістра Якуба Бабіча ён уладкаваў першую на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага друкарню і на працягу 1522-1525 гг. выпусціў у свет "Малую падарожную кніжку" (каля 1522 г.) і "Апостал" (1525). Першая, невялікая па фармату, кніжка адрасавалася людзям, якія па характару сваіх заняткаў вымушаны былі часта вандраваць (купцы, воіны і інш.) і маглі ў дарозе атрымліваць з яе канфесійную, астранамічную інфармацыю, а пры неабходнасці - прыгадваць словы малітваў ці псалмаў. "Апостал", адна з найбольш папулярных царкоўна-рэлігійных кніг, - першая дакладна датаваная кніга, надрукаваная на тэрыторыі ВКЛ і апошняе па часе скарынаўскае выданне.


Пра далейшае жыццё і дзейнасць Францыска побач з шэрагам дакладных фактаў існуюць гіпотэзы. Да іх адносяцца меркаванні аб знаходжанні Скарыны ў 1525 г., у разгар Сялянскай вайны ў Германіі, у Вітэнбергу і аб яго сустрэчы з М. Лютэрам, а таксама версія аб паездцы пасля 1525 г. разам са сваім мецэнатам Б. Онкавым з мэтай распаўсюджання выдадзеных кніг і арганізацыі кнігадрукавання ў Маскву, дзе, аднак, прывезеныя кнігі былі канфіскаваны і спалены.

Жыццёвых нягод, якія абрынуліся на першадрукара, хапіла, каб рашыцца на змену месца жыхарства. Каля 1535 г. ён цяпер ужо назаўсёды пакідае радзіму і зноў пасяляецца ў Празе. У чэшскай сталіцы ён працаваў вучоным-батанікам і садоўнікам у каралеўскім батанічным садзе Фердынанда I Габсбурга. Відаць, у Чэхіі Скарына правёў апошнія гады свайго жыцця і памёр у канцы 1551 г. ці студзені 1552 г. у далечыні ад радзімы. Месца яго пахавання невядома.

Геніяльнае пачынанне Скарыны, багатыя скарынінскія традыцыі былі падхоплены, працягнуты і развіты яго сучаснікамі і паслядоўнікамі - выдатнымі друкарамі, пісьменнікамі, вучонымі І. Фёдаравым і П. Мсціслаўцам, С. Будным, В. Цяпінскім, братамі Мамонічамі і інш. Кнігі Ф. Скарыны распаўсюджваліся і карысталіся папулярнасцю і аўтарытэтам на тэрыторыі Беларусі, Украіны, Літвы, Расіі і іншых краін. Яны беражліва захоўваліся і перадаваліся з пакалення ў пакаленне, служылі ўзорам для пераймання паслядоўнікамі і здзейснілі вялікую культурную місію ва Усходняй Еўропе. На сённяшні дзень захавалася каля 400 экзэмпляраў кніг Скарыны. Як найкаштоўнейшыя рэліквіі яны зберагаюцца ў музеях і бібліятэках розных краін свету. На Беларусі ж іх, на жаль, не засталося ніводнай.

Скарына разумеў важнасць роднай мовы як фактару, які спрыяе захаванню цэласнасці народа, яго адзінства і нацыянальнай самабытнасці. Таму ён замацаваў родную мову ў высокай літаратуры сусветнага значэння - ў Бібліі - як мову раўнапраўную, "боскую", побач з класічнымі агульнапрызнанымі кананічнымі мовамі (лацінскай, грэчаскай, старажытнаяўрэйскай). Ён даказаў яе права на "свяшчэнства". І ў гэтым яго вялікая заслуга перад сваім народам і перад усім славянскім светам. Скарына стаяў ля вытокаў беларускай нацыянальнай культуры і стаў яе сімвалам.

Рашэннем ЮНЭСКА 1990 год быў абвешчаны годам Францыска Скарыны.







Date: 2016-05-14; view: 4514; Нарушение авторских прав



mydocx.ru - 2015-2024 year. (0.006 sec.) Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав - Пожаловаться на публикацию