Полезное:
Как сделать разговор полезным и приятным
Как сделать объемную звезду своими руками
Как сделать то, что делать не хочется?
Как сделать погремушку
Как сделать так чтобы женщины сами знакомились с вами
Как сделать идею коммерческой
Как сделать хорошую растяжку ног?
Как сделать наш разум здоровым?
Как сделать, чтобы люди обманывали меньше
Вопрос 4. Как сделать так, чтобы вас уважали и ценили?
Как сделать лучше себе и другим людям
Как сделать свидание интересным?
Категории:
АрхитектураАстрономияБиологияГеографияГеологияИнформатикаИскусствоИсторияКулинарияКультураМаркетингМатематикаМедицинаМенеджментОхрана трудаПравоПроизводствоПсихологияРелигияСоциологияСпортТехникаФизикаФилософияХимияЭкологияЭкономикаЭлектроника
|
Стан гаспадаркі Беларусі ў першай палове ХІХ ст
Прамысловы пераварот, што распачаўся ў другой палове XVIII ст. у Англіі, стаў хутка распаўсюджвацца ў пачатку XIX ст. і на кантыненце - перш за ўсё ў Францыі, германскіх і італьянскіх дзяржавах, ЗША, Аўстрыі, Расіі. Ручную працу паўсюль выцясняла машынная тэхніка. Працэс вытворчасці рэзка паскорылі вынаходствы і ўдасканаленні ў тэкстыльнай прамысловасці, у металаапрацоўцы, у канструяванні рухавікоў. Першы універсальны рухавік - паравую машыну, што прыводзіла ў рух розныя рабочыя механізмы - вынайшаў у 1784 г. вучоны і канструктар Джэймс Уат. З цягам часу з'явілася машынабудаўнічая галіна прамысловай вытворчасці. Велізарнае значэнне мела тэхнічная рэвалюцыя ў сродках транспарту. У 1814 г. англійскі інжынер-самавук Стэфенсан пабудаваў першы паравоз, а ў 1829 г. была адкрыта першая 50-кіламетровая чыгунка паміж Манчэстэрам і Ліверпулем. У Расіі ў 1851 г. чыгунка звязала Маскву і Пецярбург. У 1860 г. - да моманту будаўніцтва першай чыгункі праз тэрыторыю Беларусі - сетка рэйкавых дарог ва ўсім свеце складала 110 тыс. км. Амаль адначасова атрымала развіццё і паравое судаходства, пачатак якому паклала пабудова ў 1807 г. першага парахода ў ЗША Фультанам. Усё гэта паскарала індустрыялізацыю шэрагу краін. Хуткае развіццё капіталізму ў XIX ст. прывяло ў Еўропе і ЗША да росту буйных гарадоў перш за ўсё як прамысловых цэнтраў. Тут, на фабрыках і заводах пачалі сканцэнтроўвацца значныя масы рабочых. У Англіі, дзе прамысловы пераварот быў у асноўным завершаны ўжо ў першай палове XIX ст., прамысловая буржуазія і фабрычна-заводскі пралетарыят сталі двума галоўнымі класамі грамадства. Вядучае месца занялі гэтыя класы ў краінах, дзе развіваўся капіталізм, - у Францыі, Германіі, ЗША. Што датычыць Расіі, якая зведвала перадавыя гаспадарчыя павевы з Захаду, то развіццё новых капіталістычных класаў тут стрымлівалася законамі феадальнага грамадства, а панаванне дваран і памешчыкаў грунтавалася на існаванні прыгоннага стану асноўнай масы насельніцтва. На беларускіх землях у першай палове XIX ст. адбываліся агульныя для Расійскай імперыі працэсы, якія вялі да распаду феадальна-прыгонніцкай сістэмы. Узнікалі адносіны новага, капіталістычнага тыпу. Пра гэта сведчылі поспехі прамысловасці: узрасла колькасць мануфактур, на многіх з іх пачала выкарыстоўвацца вольнанаёмная праца. Першыя фабрыкі былі пабудаваны ў 20-я гг. XIX ст. у мястэчках Хомск і Косава Гродзенскай губерні. Яны займаліся вырабам сукна. Найбольш распаўсюджанымі былі прадпрыемствы па перапрацоўцы сельскагаспадарчай сыравіны: вінакурныя, суконныя, палатняныя, цукровыя, мукамольныя. У сярэдзіне XIX ст. на шэрагу фабрык пачалі ўжывацца паравыя рухавікі. У канцы 50-х гг. на Беларусі налічвалася 549 значных вотчынных і капіталістычных прадпрыемстваў з 6,5 тыс. рабочых, вольнанаёмныя сярод якіх складалі 43%. Праводзіліся работы па паляпшэнні шляхоў зносін, што садзейнічала ўключэнню гаспадаркі Беларусі ва ўсерасійскі рынак. Вялікае эканамічнае значэнне мелі каналы, што злучылі рэкі басейна Чорнага і Балтыйскага мораў: Агінскі, Бярэзінскі, Днепра-Бугскі. Па гэтых штучных водных шляхах Брэст, Кобрын, Пінск, Барысаў і іншыя гарады вялі ажыўлены гандаль, дзякуючы чаму павышалася іх прамысловае значэнне. За перыяд з 1825 па 1861 гг. насельніцтва 42 гарадоў Беларусі павялічылася са 151 тыс. да 320 тыс. чалавек. Шырокія дарогі, абсаджаныя бярозамі, так званыя "гасцінцы", звязалі беларускія гарады з іншымі гарадамі імперыі. У вывазе з Беларусі пераважалі лён і льнопрадукты, збожжа, гарэлка, спірт, воўна, сала, лес. На Беларусь прывозілі прамысловыя вырабы. Новыя з'явы ў эканоміцы, выкліканыя фарміраваннем капіталістычных адносін, адзначаліся і ў беларускай вёсцы. Сельская гаспадарка ўсё больш звязвалася з рынкам, павялічвалася плошча ворыўных зямель, пашыраліся пасевы тэхнічных культур (ільну, канапель), значна ўзрасла ўдзельная вага бульбы і цукровых буракоў, узнікла танкарунная авечкагадоўля, у шэрагу памешчыцкіх гаспадарак пачалі выкарыстоўвацца сельскагаспадарчыя машыны. Прапагандай перадавых метадаў земляробства і жывёлагадоўлі займалася Беларускае вольнае эканамічнае таварыства, што існавала з 1826 па 1841 гг. у Віцебску. У 40-я гады ў маёнтку Горы-Горкі Магілёўскай губерні быў адкрыты першы ў Расійскай імперыі земляробчы інстытут. Акрамя сельскагаспадарчай працы сяляне ўсё больш займаліся промысламі, наймаліся на розныя работы. Паглыблялася іх маёмаснае расслаенне: выдзяляліся заможныя сяляне, якія арандавалі млыны, вялі гандаль і інш. Далейшае развіццё прагрэсіўных з'яў у эканоміцы стрымлівалася панаваннем феадальнай сістэмы, існаваннем прыгоннага права. Памешчыкі з мэтай павелічэння прыбытковасці маёнткаў пашыралі ўласныя пасевы за кошт сялянскіх надзелаў. Але занядбаная, няўгноеная, дрэнна апрацаваная зямля радзіла ўсё горш. Ураджай сам-З лічыўся ужо добрым, часам не збіралі і пасеянага. За 30 гадоў (з 1820 па 1850) у Віцебскай і Магілёўскай губернях было дзесяць няўродаў. Сяляне ў сваёй масе ўсё больш разараліся і не маглі, як раней, несці ўзрастаўшыя павіннасці. Так, паншчына ў большасці маёнткаў заходняй і цэнтральнай Беларусі складала 6 чалавека-дзён на тыдзень з сялянскай гаспадаркі. З паглыбленнем крызісу прыгоннай гаспадаркі хутка расла запазычанасць памешчыцкіх маёнткаў прыватным асобам і асабліва казне. К 1859 г. па пяці беларускіх губернях каля 60% прыгонных сялян былі закладзены іх уладальнікамі. У 1840-1857 гг. праводзілася рэформа сярод дзяржаўных сялян, якія тады складалі каля пятай часткі ўсяго сялянства Беларусі. Амаль усе казённыя маёнткі здаваліся ў арэнду прыватным асобам і таму эканамічнае і прававое становішча сялян у іх да канца 30-х гадоў XIX ст. практычна не адрознівалася ад становішча памешчыцкіх прыгонных. Ініцыятарам і асноўным правадніком рэформ стаў міністр дзяржаўных маёмасцяў Расійскай імперыі граф П.Дз. Кісялёў - прыхільнік абмежавання і лібералізацыі феадальна-прыгонніцкіх адносін. Царскі ўрад меў на мэце зняцце сацыяльнай напружанасці ў дзяржаўнай вёсцы заходніх губерняў, павышэнне яе даходнасці і заваяванне сімпатый сялянскіх мас у процівагу дэмакратычнаму руху. 28 снежня 1839 г. былі падпісаны законы аб новай сістэме кіравання і люстрацыі дзяржаўных маёнткаў у заходніх губернях. На губернскім узроўні ствараліся палаты, а яшчэ ніжэй - акруговыя ўпраўленні дзяржаўных маёмасцяў. У ходзе люстрацыі - новага апісання дзяржаўных уладанняў - змяншаліся павіннасці сялян і павялічваліся іх зямельныя надзелы. На аснове ўказаў 1844 і 1845 гг. сяляне казённых маёнткаў пераводзіліся з паншчыны на аброк і адначасова спынялася практыка здачы іх у арэнду. На месцах ствараліся сельскія грамады з выбарным кіраваннем, якім давяралася самастойнае вырашэнне гаспадарчых, адміністрацыйных і судовых спраў. Прызнавалася "грамадзянская свабода" дзяржаўных сялян, што выгадна адрознівала іх ад бяспраўных памешчыцкіх падданых. Ажыццяўлялася малаэфектыўная з-за недахопу сродкаў "папячыцельная палітыка". Аднак мэты рэформы, пры захаванні дзяржавай феадальнай сістэмы, не маглі быць у поўнай ступені дасягнуты. Інвентарная рэформа ў памешчыцкай вёсцы пачала ажыццяўляцца на падставе закона ад 15 красавіка 1844 г. Яе сутнасць зводзілася да рэгулявання памераў надзелаў і павіннасцяў памешчыцкіх сялян і замацавання іх гранічных узроўняў у абавязковых не толькі для сялян, але і для памешчыкаў інвентарах (вопісах феадальных уладанняў). Гэтым практычна займаліся губернскія інвентарныя камітэты, што складаліся з царскіх чыноўнікаў і прадстаўнікоў мясцовага дваранства. Абавязковыя інвентары былі ўведзены ва ўсіх памешчыцкіх маёнтках заходняй і цэнтральнай Беларусі і ў частцы маёнткаў усходняй Беларусі. Фактычна была нададзена сіла закона тым павіннасным адносінам, якія рэальна склаліся. Рэформа выклікала супраціўленне памешчыкаў і нараканні сялян там, дзе павіннасці аказаліся завышанымі. Таму ўрад некалькі разоў мяняў падыходы да яе правядзення. Перагляд і выпраўленне інвентароў цягнуліся да 1857 г., калі пачалася падрыхтоўка да адмены прыгоннага права. Нягледзячы на прыгонніцкую абмежаванасць інвентарнай рэформы, яе непаслядоўнасць і незавершанасць, абавязковыя інвентары афіцыйна ставілі мяжу памешчыцкай уладзе і адкрывалі некаторыя легальныя магчымасці для адстойвання сялянамі сваіх інтарэсаў. У цэлым жа аграрныя рэформы 40 - першай паловы 50-х гг. хоць і стваралі лепшыя ўмовы для развіцця таварна-грашовых адносін і разгортвання гаспадарчай ініцыятывы сялянства (перш за ўсё ў дзяржаўнай вёсцы), але не закраналі асноў феадальных парадкаў, ліквідацыя якіх заставалася жыццёва неабходнай эканамічнай і палітычнай задачай часу. Date: 2016-05-14; view: 872; Нарушение авторских прав |