Главная Случайная страница


Полезное:

Как сделать разговор полезным и приятным Как сделать объемную звезду своими руками Как сделать то, что делать не хочется? Как сделать погремушку Как сделать так чтобы женщины сами знакомились с вами Как сделать идею коммерческой Как сделать хорошую растяжку ног? Как сделать наш разум здоровым? Как сделать, чтобы люди обманывали меньше Вопрос 4. Как сделать так, чтобы вас уважали и ценили? Как сделать лучше себе и другим людям Как сделать свидание интересным?


Категории:

АрхитектураАстрономияБиологияГеографияГеологияИнформатикаИскусствоИсторияКулинарияКультураМаркетингМатематикаМедицинаМенеджментОхрана трудаПравоПроизводствоПсихологияРелигияСоциологияСпортТехникаФизикаФилософияХимияЭкологияЭкономикаЭлектроника






Дыярыуш “ Піліпа Казіміра Абуховіча





“Дыярыуш” П.К.Абуховіча па структуры, манеры падачы матэрыялу блізкі да “Успамінаў” Ф.Еўлашоўскага. У апошняга хіба што мацней гучыць суб'ектыўнае аўтарскае “я”, ён больш візуальны за Абуховіча, больш канкрэтны і бачны. Першы быў “каралевятам”, блізкім да двароў Жыгімонта ІІ, Уладзіслава ІV і Яна Казіміра Вазаў. Ф.Еўлашоўскі – шляхціц павятовага маштаба. Таму гісторыя, пададзеная гэтымі людзьмі, у аднаго суадносіцца з найважнейшымі дзяржаўнымі справамі Рэчы Паспалітай, у другога – з мясцовымі. Тэматычна “Дыярыуш” П.К.Абуховіча прысвечаны польска-маскоўскім войнам сярэдзіны XVII ст., вызваленчай барацьбе ўкраінскага народа пад кіраўніцтвам Багдана Хмяльніцкага за нацыянальную незалежнасць. На фоне такіх маштабных гістарычных падзей высвечваюцца ў “Дыярыушы” амбіцыйныя планы каралёў і магнатаў, грамадскае жыццё пададзена як ампліфікацыя шматлікіх сеймаў, сеймікаў і трыбунальскіх судоў, на якіх мемуарыст даволі часта выконваў дэпутацкія абавязкі ад Наваградка.

“Дыярыуш” П.К.Абуховіча бачыцца нам сярэднім звяном у мемуарыстыцы XVII ст. – між класічным, або рэгулярным дыярыушам, і мемуарамі. Прыватныя і публічныя падзеі мемуарыст укладваў урыўкава, дыяхронна, але рэтраспектыўна, галоўнай формай выкладання, як і ў Ф.Еўлашоўскага, стаў пагадавы запіс, часта з развітай нарацыяй. “Otia publica” (грамадскія справы) Рэчы Паспалітай пададзены выбарна, па ступені іх важнасці, праз прызму светабачання як самога П.Абуховіча – вернага слугі Айчыны, так і каранаваных асоб. Уласна пра сябе П.Абуховіч піша нямнога, як бы неахвотна, адсюль аморфнасць яго постаці, невыразнасць суб’ектыўна-індывідуальнага пачатку. Абуховічаўскае “я”, як правіла, рэдкае, часцей пануюць займеннікі “мы”, “нам”. “У год 1631. In Februario. Сейм быў вальны шасцітыднёвы ў Варшаве, дзе ніякіх нам, з ласкі Божай, падаткаў не навязана, а панове каронныя прынялі падвойны падымны. І мір, таксама, якога дай, Божа, нам як у Айчыне, так і ад прыгранічных суседаў надоўга” (7, 155). Абуховіч як дзяржаўны муж імкнуўся рэгістраваць і асэнсоўваць самыя важныя для лёсу Рэчы Паспалітай падзеі, прыватныя ж засталіся ў яго па-за палямі “Дыярыуша”. Калі віцебскі ваявода Я.А.Храпавіцкі штодзённа занатоўваў стан надвор’я, атрыманне і адсылку карэспандэнцыі, а таксама ад’езды гасцей і пасыльных ад самых розных уплывовых людзей, так і паляванне, колькасць забітых на ім зайцаў ці лісаў, то Абуховіч усё гэта ігнараваў. Ён прамаўчаў пра дамашніх, хаця сёння вядома, што ў яго былі найменш два сыны: Міхаіл Гаўрыла і Фёдар Геранім, і абодва яны, ідучы за прыкладам бацькі, пакінулі пасля сябе “Дыярыушы”. Міхал нават два: “Diariusz…Straźnika W.X.Litewskiego, pisany przez czas więźienia w Moskwie od r. 1660”; другі – “Diariusz Wyprawy przeciw Moskwie roku 1664” (12). Ні словам не абмовіўся П.К.Абуховіч пра жонку, суседзяў і сваякоў і тым самым збедніў фактуру сваёй працы. Служыў, а на справе – выслужваўся Рэчы Паспалітай і на паперы, хаця, магчыма, меў рацыю А.Сайкоўскі, калі сказаў, што П.К.Абуховіч напісаў “Дыярыуш” з афекту і што з’яўляецца ён [дыярыуш] “мемуарамі-апалогіяй”. Апалагічнасць уласціва любому мемуарнаму твору, але ж у адным выпадку мемуарысты апраўдваюцца за ўчынкі прыватнага характару, у другім – абараняюць сваю годнасць перад высокімі форумамі, калі на службе ў дзяржавы, калі з ускладзенымі на іх абавязкамі не спраўляліся. У П.К.Абуховіча прычыны апраўдвацца былі. Казацкія хваляванні ва Украіне і Беларусі, пра якія ён так многа пісаў у “Дыярыушы”, зімой 1654 г. закончыліся для Рэчы Паспалітай трагічна: Багдан Хмяльніцкі прыняў маскоўскае падданства, летам гэтага ж года войскі Аляксея Міхайлавіча ўвайшлі ў межы Вялікага княства Літоўскага і восенню, 28 верасня, пасля трохмесячнай асады ўзялі Смаленск. Падзенне ўсходняй крэпасці стала для палякаў найвялікшай ганьбай, за якую трэба было пашукаць вінаватых. І ў хуткім часе дзяржаўны сейм і сатаварышы па зброі, у прыватнасці тагачаны смаленскі харунжы Ян Антоні Храпавіцкі, паспяшаліся ва ўсім абвінаваціць Абуховіча. Гэтаксама паступіў Іван Цыпрыян Камуняка. Менавіта яго словы “Лепей было, пане Филипе, седзець табе у Липе. Увалявся есть в великую славу, як свиня у грась” – назаўсёды ў вачах цэлага свету замацавала за Абуховічам славу здрадніка і нікчэмнага ваеначальніка.

Як і што адбывалася пад мурамі Смаленска ў верасні 1654 г., зараз сказаць складана. Але з гістарычных дакументаў і са сведчанняў самога ваяводы вынікае наступнае: у 1654 годзе маскоўскі цар Аляксей Міхайлавіч парушыў “навечна прысягнёны мір” між Масковіяй і Рэччу Паспалітай. І на ўсходніх рубяжах дзяржавы, гэта значыць у Смаленску, запанавала трывога, бо гарадскія муры былі неўмацаваны, наёмная пяхота неаплочана, недаставала харчу. І ўсё гэта, як плачацца Абуховіч у “Дыярыушы”, “звалілася на мае паслабленыя сілы невыносным цяжарам, які хіба што міласэрнасць Божая, Яго ўсемагутная рука адолець можа і выратаваць мяне ад ліха і далейшых цяжкасцей…” (7, 185). Рацыянальны ад прыроды і па службовых абавязках, Абуховіч, тым не менш, часта становіцца ў “Дыярыушы” эмацыянальным, пачуццёвым і духоўна акрэсленым. Эмоцыі, змешаныя са слязьмі, вычытваюцца ў пасмяротных пахвалах каранаваным асобам, з іх вынікаюць разважанні над сэнсам жыцця і шчасця, сутнасць якіх уклаў ваявода ў вусны жонкі Уладзіслава IV каралевы Рэнаты Цэцыліі, назваўшы марнымі, склізкімі і падманнымі. Менавіта Абуховіч адзіны з беларускіх мемуарыстаў XVII ст., што пакінуў у “Дыярыушы” партрэты ў слове сваіх высокіх апекуноў: Жыгімонта ІІІ, Уладзіслава IV. Партрэт, як істотны элемент мемуарнага жанру, характэрны найперш для мемуараў гістарычнага характару ці тых, дзе дамінуе аўтабіяграфізм. У творах, падобных да абуховічава, маем выразны след гісторыка-біяграфічнай характарыстыкі знакамітых людзей, як напрыклад, Януша і Багуслава Радзівілаў, гетмана Міхала Казіміра Паца у “Хроніцы” Яна Цадроўскага. Такія характарыстыкі прысутнічаюць і ў Абуховіча. Віленскага ваяводу, гетмана Вялікага княства Літоўскага, “прыяцеля па дому” Льва Сапегу ён назваў “дабра паспалітага вялікім міласнікам”, а яго сына, заўчасна памерлага Крыштафа – “дзіцём вялікай надзеі ў Айчыне”. Уладзіславу IV прысвяціў ён невялікую хвалебную прамову “ку чці”, дзе так уславіў дабрачыннасць караля, што не заўсёды кандыдаты на святы алтар удастойваліся такіх слоў: “Караля Ягамосця святога Пана не толькі пяру майму нікчэмнаму і дасціпнасці дробязнай, але і найлепшых гісторыкаў пісьмам ухваліць цяжка… Такой быў Пан мудрасці, храбрасці, шчасця…, што ні войнамі, а ні пакоем мінулых і будучых вякоў цяжка знайсці, цяжка абяцаць падобнага…” (7, 168).

Рытарычна-панегірычны стыль гэтага фрагмента лёгка заўважыць, лёгка зразумець яго вытокі. Моцна прывязаны да каралеўскага двара і яго гаспадароў, Абуховіч верна служыў ім, а ў іх асобах – Рэчы Паспалітай. Не з Божай, а з каралеўскай ласкі даслужыўся ён да найвышэйшай у дзяржаве пасады – Маршалка Кола Рыцарскага. Мажорны тон адразу ж мяняецца на мінорны, як толькі П.К.Абуховіч пачынае размову пра супрацьлеглыя станы: маскавіцянаў, татараў, украінскіх казакоў і самога Багдана Хмяльніцкага. Будучы прадстаўніком заможнай шляхты, негатыўна ставіўся да казацкіх выступленняў, бо неслі яны з сабою смерць і пакуты і былі накіраваны супраць такіх, як ён сам. Таму наіўна чакаць ад Абуховіча станоўчых эмоцый і хвалебных эпітэтаў там, дзе ён піша пра агонь, які, “запушчаны гультаямі Хмяльніцкага на Літве, так далёка заняўся, што паветы Старадуб, Рэчыцу, Мазыр, Брэст і іншых замкаў на Белай Русі знішчыў дашчэнту. Са шляхты адных загубіў, другіх прымусіў туляцца ў выгнанні па чужых кутах…” (7, 169). Цікава, што Абуховіч адзіны з мемуарыстаў XVII ст. сваю этнічную радзіму назваў “Белай Руссю”, але выступленні яе насельнікаў на баку казакоў супраць польскага падданства лічыў “халопскай сваволяй”, а Б.Хмяльніцкага ахрысціў здрайцам, клятваадступнікам і груба аблаяў, назваўшы яго “лярвай”. Будучы суб’ектыўным у адносінах да сваіх ворагаў, ён, аднак, даволі аб’ектыўна і выразна, як гэта можна зрабіць у творы дыярыушавай формы, падаў агульную карціну ваеннага і палітычнага супрацьстаяння Рэчы Паспалітай і Украіны, якое, як ён лічыць, пачалося адразу пасля 20 мая 1648 года, часу смерці Уладзіслава IV, “як толькі астыла каралеўскае цела”. Як нам здаецца, гэтымі словамі Абуховіч хацеў падкрэсліць маштаб здрады былых каралеўскіх падданых, іх не хрысціянскую, а паганскую сутнасць. І да самай апошняй старонкі іншай характарыстыкі віноўнікам няшчасцяў Рэчы Паспалітай і сваіх ён не дае, хаця трагічныя для дзяржавы падзеі выпісваюцца старанна, быццам залежным ад якога-небудзь вяльможы ці сенату рэзідэнтам, у абавязкі якога ўваходзіла дасылаць гаспадару дакладную, вывераную інфармацыю з месца падзей. Менавіта такім рэзідэнтам у нас быў аршанскі стараста Філон Кміта-Чарнабыльскі, які ў перыяд з 1563 па 1564 гг. даслаў сенатарам Вялікага княства Літоўскага 27 лістоў не па душэўнай патрэбе, а па службовым абавязку. П.К.Абуховіч не быў рэзідэнтам, ён не дасылаў інфармацыю якім-небудзь высокапастаўленым апекуеам і не рэдагаваў яе, а тым болей не звяраў, як і што адбывалася, напрыклад, у чэрвені 1648 г. у бітве на рацэ Жоўтыя воды, у якой сам не ўдзельнічаў. У П.К.Абуховіча няма апісання гэтае бітвы, баталістычныя карціны часцей за ўсё маюцца ў дыярыушах на тое запраграмаваных. Урэшце можна сказаць, што ў “Дыярыушы” П.К.Абуховіча ўвесь матэрыял дзеліцца на дзве часткі: першая – з інфармацыяй, пададзенаю з чужых слоў. Яна, адпаведна, ёсць пераказам, мемуарны герой у ёй адсутнічае. Другая – гэта інфармацыя аб тым жа самым, але пададзеная ў аўтапсіі, як бачанае сваімі вачамі або, яшчэ лепш, мемуарыст выступае ў непасрэднай сувязі з канкрэтнай грамадска-палітычнай ці прыватнай сітуацыяй, сведкам якой быў. Запіс можа быць па гарачых слядах, а можа ісці, як позірк назад – рэтраспектыўных абы толькі занатаваць падзеі для гісторыі і для нашчадкаў. Першае абуховічавае “я”, якое ўказвае на яго прысутнасць і ўдзел у дзяржаўных справах Рэчы Паспалітай, вычытваецца з 1632 года, калі мемуарыст пасля смерці караля Жыгімонта ІІ быў на Трыбунальскіх судах, а потым на каптуровых і, нарэшце, на канвакацыі Уладзіслава IV. З гэтага часу, хоць і нерэгулярна, ідзе выява канструкцыі “аўтар-герой-апавядальнік” у асобе аднаго Абуховіча. Несумненна, героямі запісаў станавіліся і іншыя людзі, уведзеныя ў фактуру па самых розных прычынах: заўчаснай смерці, незвычайнасці ўчынку (напрыклад, Пякарскага, які ў 1621 годзе замахнуўся на жыццё караля). Калейдаскапічна мігцяць на старонках “Дыярыуша” прозвішчы князёў, гетманаў, ваяводаў – асоб самага высокага дзяржаўнага стану, што прадвызначалі лёс Рэчы Паспалітай, яе абарону, клопаты за годнасці ў вачах свету і за самога мемуарыста. У гэтым сэнсе “Дыярыуш” смаленскага ваяводы можна назваць элітарным, бо ні аднаго паспалітага імя ён не назваў, не ўдастоіў гонару ўвесці ў аналы гісторыі, як і ніводнай бытавой сітуацыі са свайго прыватнага жыцця не пераказаў, ні разу не пажартаваў, а тым болей не заўсміхаўся. Гэта, у сваю чаргу, дае падставы сцвярджаць, што праца і інтарэсы П.Абуховіча найперш скіраваны на дзяржаўныя справы, і таму яго “Дыярыуш” можна назваць яшчэ і ўвогуле дыярыушам Рэчы Паспалітай 1630 – 1654 гадоў.

 

Date: 2016-02-19; view: 878; Нарушение авторских прав; Помощь в написании работы --> СЮДА...



mydocx.ru - 2015-2024 year. (0.005 sec.) Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав - Пожаловаться на публикацию