Главная Случайная страница



Полезное:

Как сделать разговор полезным и приятным Как сделать объемную звезду своими руками Как сделать то, что делать не хочется? Как сделать погремушку Как сделать неотразимый комплимент Как сделать так чтобы женщины сами знакомились с вами Как сделать идею коммерческой Как сделать хорошую растяжку ног? Как сделать наш разум здоровым? Как сделать, чтобы люди обманывали меньше Вопрос 4. Как сделать так, чтобы вас уважали и ценили? Как сделать лучше себе и другим людям Как сделать свидание интересным?


Категории:

АрхитектураАстрономияБиологияГеографияГеологияИнформатикаИскусствоИсторияКулинарияКультураМаркетингМатематикаМедицинаМенеджментОхрана трудаПравоПроизводствоПсихологияРелигияСоциологияСпортТехникаФизикаФилософияХимияЭкологияЭкономикаЭлектроника







Раздзел трэці





 

Ісціна, што няма нічога тайнага, якое не зрабілася б яўным, была вядома куранёўцам, мусіць, больш за ўсякую іншую. Яшчэ напалоханы Грыбок нікому, акрамя сваёй жонкі, і слова не сказаў, маўчалі ўсхваляваныя кожны па-свойму Ганна і Васіль, а погаласка пра начную падзею плыла па вёсцы ад хаты да хаты, ад калодзежа да калодзежа.

Чутка гэта, пераходзячы ад чалавека да чалавека, абрастала багатай, найбольш жаночай, куранёўскай фантазіяй, і пад вечар здарэнне разраслося так, што сэрцы не толькі малых, але і дарослых таміліся ў трывозе. Казалі, што бандытаў было не менш за сотню, а можа, і болей, і што быў там сам Маслак, і што Маслак казаў: калі яны, куранёўцы, будуць перадзельваць зямлю - не жыць ім, не бачыць дабра. Пасля гэтага звычайна ішлі здагадкі пра тое, што ж могуць зрабіць маслакі. Былі, вядома, сярод куранёўцаў і скептыкі, якія смяяліся з чутак, даводзілі, што ў іх дзевяноста дзевяць працэнтаў выдумкі, - скептыкаў у сяле жыло таксама нямала.

Як бы там ні было, у Куранях панавалі непакой і насцярожанасць...

Яшчэ ў той жа дзень, а можа, на другі ўранку, чутка перабралася цераз гразкую дарогу да цэнтра сельскага Савета, бо назаўтра апоўдні ў нязграбнай, доўгай, як хлеў, хаце куранёўскага грамацея Андрэя Дзятла, ці, як яго ўсе звалі ў сяле, - Рудога, сядзеў міліцыянер Шабета і высвятляў усе акалічнасці прыходу бандытаў.

Шабета быў выдатны, амаль легендарны чалавек. Звычайны міліцыянер, ён меў тут такі аўтарытэт, якога, мабыць, не было ні ў аднаго не толькі валаснога, але і павятовага кіраўніка. Ён здзіўляў людзей у многіх вёсках рэдкай адвагай, адданасцю справе. Не раз і не два гразіліся яму бандыты, білі з абрэзаў, прастрэлілі каля локця левую руку, а Шабета бясстрашна, нястомна гайсаў на цярплівым коніку з сяла ў сяло, высвятляў, супакойваў, наводзіў парадак...

Першым Шабета выклікаў Грыбка. Ахрэм паявіўся ў хаце не адзін, а пад вартай сваёй сёння вельмі рашучай жонкі. Адаслаўшы на двор пасыльнага, плячысты, паўнацелы, здаровы, як асілак, Шабета, які перад гэтым з самым заклапочаным выглядам разбіраў нейкую паперку, халоднымі вачыма зірнуў на Грыбкову Адар'ю і загадаў:



- Грамадзянка, прашу выйсці...

- Чаму ето, выйсці?.. Ці я чужая? - Грыбчыха нават не варухнулася.

- Не паложано. Тут зараз будзе следствіе.

- Ну і няхай!..

- Не паложано, ясно?

- Ці ж ты не ведаеш мяне! - Грыбчыха гатова была абразіцца, але раптам перамяніла тон, відаць, падумаўшы, што так толькі ўзлуе яго. - Ведаеш жа, Антон, а так гаворыш!..

Яна сказала «ведаеш» і мякка, і з націскам, мабыць, напамінаючы пра тое, што некалькі разоў карміла яго абедам і нават закрашанай самагонкай частавала, пакляўшыся, што на кірмашы купіла.

- Не паложано, ясно?

- Я ж хачу памагці табе ў следстве етым, - падступіла з другога боку Адар'я.

- Самі разбяромся.

- Не разберацеся. Бо ён без мяне нічога вам не скажа! - ужо ўпарта, загараючыся, заявіла Грыбчыха. Яна штурхнула мужа. - Што ж ты маўчыш, як язык прыкусіўшы!

- Яна праўду кажа... - кінуў маўклівы, унураны Грыбок.

Шабета памаўчаў, быццам паказваў, што рашэнне гэтае не абы-якое, і дазволіў застацца. Чорт з ёю, з гэтай упартай бабай, можа, і вартае яна кажа.

І праўда, Грыбок, напэўна, нічога не сказаў бы. Ён быў так прыгнечаны прыходам бандытаў і іх пагрозамі, што адразу, як толькі Шабета пачаў допыт, папрасіў:

- Б-братко! Пусці мяне... Я нічога не знаю...

- Як не знаеш? Прыходзілі яны да цябе?

- Прыходзілі...

- Колькі іх?

- Утраіх булі на дварэ... - адказала за Грыбка жонка.

- Былі між іх знаёмыя?.. Апазналі вы каго-небудзь?

- Не! - закруціў галавой Грыбок.

- Не пазнаў ён, - пацвердзіла Адар'я. - Бо цёмно. І два з тых бандзітаў стаялі моўчкі... Толькі я думаю, што без сваіх тут не абышлося. Я так думаю - адкуль яны ўведалі, што ў нас дзяліць землю хочуць? Само яно хіба дайшло да таго Маслака? Данёс нехто ж. Прыйшоў і сказаў! І, скажы ты, нядаўно ж там буў. Бо пра дзяльбу і гаворка пачалася колькі таго часу!..

- І, мусіць, нехта ж з такіх, якім не хочацца землеўпарадкавання, - дадаў Шабета.

- Ну, мусіць жа!..

- На каго вы падазраваеце? - мякка, шчыра падступіўся Шабета.

Вочы Грыбчыхі патухлі.

- Не буду Бога гнявіць, не знаю. А калі не бачыла, то і казаць няма чаго. Не схапіўшы за рукі, не злодзей...

- Хтосьці звязан з імі, факт. А хто? - не адступаў Шабета.

- Не буду казаць, не злавіла нікого... - Кінуўшы спасцярожлівы позірк на дзверы, наблізіўшы да Шабеты твар, ціха прамовіла: - Пра Дзятліка Васіля, каторы каля таго канца, кажуць - бы ён прывёў!.. Ён у той вечар сядзеў з Чарнушкавай Ганнай!.. - Яна адразу ж адсунулася і на ўсякі выпадак голасна заявіла: - Не бачыла нічога, не знаю!..

Даючы знак, што сказала ўсё, яна ўзнялася з услончыка, папрасіла:

- Толькі вы пра тое, што я казала... нікому!..

- Добра... - паабяцаў Шабета.

 

Можа, ніколі не было ў Ганны такой цяжкай, поўнай супярэчлівых пачуццяў размовы, як у гэты дзень з міліцыянерам. Яна не трывожылася за сябе, сумленне ў яе было чыстае, яна ведала, што паклікалі сюды за сведку. За Васіля трывожылася Ганна. І хоць Шабета спачатку і словам не ўспамінаў Васіля, дапытваючыся, якія былі бандыты, іх прыкметы, галасы, паводзіны, яна думала адно: зараз павінен будзе рашацца лёс Васіля. Што яна скажа міліцыянеру?



- Значыцца, у той вечар вы сядзелі з Дзятлам Васілём... - паслухаўшы яе, не запытаўся, а як бы паўтарыў Ганніны словы Шабета.

Ганна кіўнула.

- І вы нічога не чакалі, ні пра якіх бандытаў не думалі?.. А яны раптам падышлі і - проста да вас? Так адразу і падышлі! Як ето яны вас так адразу знайшлі?

- Не знаю... Мы там ужэ многа разоў булі...

- Дапусцім, што вас бачылі там не раз. Дапусцім, што на вас накіраваў хто-небудзь, хто хацеў сам застацца ў ценю...

Ганна з палёгкай адгукнулася:

- Я і сама так думала! Хтосьці паказаў, падвёў!.. Чужымі рукамі хацеў за гарачае ўзяцца!..

- Хто ето мог быць?

- Не знаю...

- Загадка... Туман... - задуменна прамовіў міліцыянер. Ён пільна паглядзеў на Ганну. - Е адна здагадка, і вельмі простая. Што Дзяцел Васіль... сам... чакаў іх!

- Ён? Ето дак выдумалі!..

- Ён, можа буць, сам назначыў сустрэчу ім!

Ганна ўскочыла ўражаная, абураная.

- Ён... Яны яго кеб трохі - прыстрэлілі б!.. Кеб яшчэ трохі, канец буў бы яму!.. А вы кажаце!..

- Але ж ён павёў іх?

- Я... не знаю, як і што патом було...

- Вы даўно ведаеце яго?

- Аладкі з зямлі разам ляпілі!.. Хаты ж - рукой падаць!.. - Ганна горача, парывіста дадала: - Няма ў яго нічога з тымі, з нелюдзямі! Я знаю! Паверце!.. Нічога няма!

Яна з непакоем, з надзеяй зірнула на Шабету, чакала, як прысуду, яго слоў. У грудзях яе не гасла спадзяванне - паверыць ёй, паверыць Васілю, бачыць жа, што не маніць яна...

- Ён нязлы... Добры ён...

- Усе добрыя, - недаверліва, непрыхільна прамовіў у адказ Шабета. - З каго толькі бандыты выходзяць...

Ён устаў, сагнутымі пальцамі цвёрда пастукаў па стале, пагрозна закончыў:

- Нічога, я дакапаюся! Выведу на чыстую воду!

Выходзячы ад Шабеты, поўная вялікай трывогі за Васіля, які зноў зрабіўся самым дарагім у свеце, яна раптам на ганку ўбачыла яго самога. Ён сядзеў, нявесела схіліўшы галаву, мусіць, чакаючы сваёй чаргі да міліцыянера. У парыве пяшчоты, спачування, што ў момант залілі ўсю яе, аддаўшыся гэтаму пачуццю, не помнячы нічога, ні аб чым не думаючы, нібы падхопленая хваляй, кінулася да Васіля.

Яна адразу ж абвяла, так няласкава зірнуў насустрач Васіль. Ён хутчэй адвярнуўся насцярожаным тварам і, як чалавек, гатовы на ўсё, рашуча пайшоў у сенцы.

- Са мной так жа само, - прамовіў пасыльны, Руды Андрэй, што курыў каля плота. - Ішоў, сядзеў, та-скаць, усё маўчком... Думае нешто...

- Перажывае...

Ганна ціха сышла з ганка, падалася на вуліцу.

 

Шабета сустрэў Васіля стоячы за сталом, пільна, хутка аглядваючы. У важкім, як бы непадступным Васілёвым позірку спадылба, з-пад калматых, непаслухмяных пасмаў шорсткіх валасоў, ва ўсёй панурай постаці ў расхрыстанай зрэбнай сарочцы і зрэбных, у рудых плямах твані, штанах Шабета ўлавіў штосьці нядобрае, звераватае.

- Зброя е? - запытаўся Шабета такім тонам, які гаварыў, што жартачкі з ім паганыя.

- Чаго?

- Не дайшло! Зброя - абрэз ці наган - е?

- Няма...

«Твар які, чысто бандыцкі... - мімаволі прайшло ў галаве Шабеты. - Вочы - у такіх нічога не ўбачыш! Як за хмараю... І адно не падобна на другое. Зусім розныя! Як не ў аднаго чалавека. Адно нібы трохі серамяжае, а другое, карае, звераватае, як у воўка...» У яго дзіўна расло недавер'е да гэтага панурага куранёўца.

- А што ў кішэні?

- Асялок...

- Дастань. Пакажы... Стой там!

Шабета пабачыў усяго за сваю службу, усялякіх нечаканасцей, таму стаяў напагатове. Гэта была ўжо прывычка чалавека, які ездзіць адзін і адзін адказвае за ўсё, за ўсе свае ўчынкі ў часам вельмі нечаканых абставінах. Асцярожнасць тут ніколі не лішняя.

У руках у хлопца быў сапраўды звычайны асялок. Шабета загадаў падаць асялок, паклаў яго каля сябе, сеў.

- Нашто прынёс яго?

- Нож вастрыў... Забыўся пакласці...

Шабета знянацку ўдарыў пытаннем:

- Даўно ў лесе буў?

- У якім лесе?

- Не прыдурвайся! У бандзе?

Такая нечаканасць, грубаватасць была яго звычайным прыёмам, калі ён дапытваў падазроных. У такія моманты пільным вачам яго нярэдка многае адкрывалася. Гэты ж куранёвец вокам не міргнуў, толькі яшчэ больш набычыўся.

- Не буў я.

- І не вадзіў іх па начах?

Васіль маўчаў.

- Чаго не адказуваеш?

- Чаго ж... Знаеце ўжэ...

- Знаем. Усё знаем. І я раю не круціць дарэмно. Усё роўна нічога не будзе... Даўно з імі звязан?

- З кім?

- Ну, не паказвай дурня! З маслакоўцамі?

- Не знаю я іх...

- Як жа не знаеш, калі - вадзіў?!

- Табе б прыставілі абрэз...

- Ну-ну, ты мяне не бяры рукамі! Я табе не прыяцель, не твайго дзесятка!.. Знаю я такіх. Кажны, як толькі ў пастку ўшчэміцца, авечкай стаць хоча... Бач! - «наставілі абрэз»!

Васіль не пярэчыў. Чаго казаць попусту.

- Многа було іх?

- Пяць, здаецца...

- Здаецца!.. Хто буў, прозвішчы іх!

- Не нашы. Не знаёмыя...

- Скрыць хочаш? Думаеш на мякіне абвесці! Хто?

- Не нашы, кажу...

- Горай толькі сабе робіш! Круціць хочаш?

Васіль не сказаў нічога. Шабета нездаволена пабарабаніў аб стол.

- Пра што яны гаварылі?

- Нічога...

- Загадалі?.. Наставілі абрэз - і ўсё?

Васіль кіўнуў.

Шабета больш не пытаўся. Узяўшы аловак з нагруднай кішэні выгаралай гімнасцёркі, ён падсунуў да сябе кавалачак жоўтай абгортачнай паперы і, паказваючы Васілю, што, як і раней, сочыць за ім, стаў штосьці пісаць. Грамацей ён, відаць, таксама быў невялікі, бо літары паяўляліся цяжка і крывыя, нязграбныя.

- Вот, падпішы пратакол! - падсунуў Шабета паперку Васілю.

Васіль узяў аловак, паслініў графіт, нахіліўся.

- Тут, пад нізам?

- Чаго ж бярэшся падпісваць, не чытаўшы? - строга зірнуў на яго Шабета.

- Усё адно... Усё адно не разбяру...

- Няграматны?

- Амаль што...

- Як пратакол падпісуваць, дак няграматны, а як бандзітаў весці - навукі хапіла... Пратакол - ето следствія, з ізлажэннем маіх пытанняў і тваіх адказаў. Ясно?

- Ясно...

- Тут усё фактычно. Без круцяльні... Пачытаць мне, можа?

- Не трэба.

- Парадак такі... Ну, ладно - падпісувай!

Падпісаўшы, Васіль з палёгкай устаў. Надакучыла яму гэта гаворка, ды і спяшаўся ён дакончыць перарваную справу, таму і задаволен быў, што, падпісаўшы, нарэшце адбыў усё.

- Куды? - спыніў яго Шабета. Ён таксама ўстаў.

Васіль не адразу зразумеў значэнне Шабетавага пытання, адказаў спакойна:

- Дадому.

- Пачакай.

Тон яго здзівіў Васіля, гэта быў ужо загад. Шабета заступіў яму дарогу, згінам пальцаў цвёрда пастукаў па аконнай раме. На гэты яго стук з двара неўзабаве павольна ўвайшоў Андрэй Руды.

- Давай зараз да яго, - Шабета кіўнуў Андрэю Рудому на Васіля, - і скажы... Хто там у яго дома?

- Дзед е, та-скаць, Дзяніс. Матка...

- Скажы матцы яго, штоб прынесла адзецца... - Шабета зірнуў на босыя, з попельнымі плямамі падсохлай гразі Васілёвы ногі. - Абутак які-небудзь. І харчоў торбу.

- Харчоў? - адгукнуўся Андрэй Руды і падтуліў губы: вунь яно што! Ён нейкім дзіўным позіркам агледзеў Васіля.

- Харчоў. І кеб хутко!

- Як умею... Эх, - Руды нявесела пачухаў патыліцу.

Калі ён выйшаў, Шабета, не адыходзячы ад дзвярэй, загадаў хлопцу сесці. Васіль не паслухаўся, спадылба з ваўкаватай насцярожанасцю зірнуў на Шабету. У вачах яго яшчэ было сумненне - а можа, гэта ўсяго выдумка?

- Ну, чаго ўпяўся? - нядобра прамовіў Шабета. - Бегці, можа, думаеш?!

- Не... - Васіль раптам спалохана, неяк па-дзіцячы запытаў: - Куды ето мяне?

- У Юравічы пойдзеш.

- У... у цюрму?

- Пад стражу.

- А... - Васіль адразу патух, сеў.

Шабета пільна зірнуў на яго, як бы вывучаючы. Але з таго, як Васіль трымаў сябе цяпер, цяжка было вывесці што-небудзь пэўнае, такая скрытная была ў гэты момант душа яго. Ні баязні, ні шкадавання, ні якой-небудзь надзеі ці просьбы аб літасці - нічога не адбівалася на яго, здавалася, безуважным, холадна застылым твары.

«Як скамянеў, - падумаў Шабета. - Вокам не міргне... Ну і тып, мабуць...»

- Уцякаць не спробуй, калі жыць не надакучыло, - на ўсякі выпадак прыгразіўся ён. - Ад мяне яшчэ ніхто не вылузваўся. Не было такіх здарэнняў!..

Васіль не адказаў. З той хвіліны, калі ён даведаўся, што дадому ўжо не вярнуцца, калі развеяліся такія ўпартыя надзеі, што шчасліва ўсё кончыцца, у душы яго, сапраўды, нібы ўсё звяла і скамянела. У гэты цяжкі ў яго жыцці момант, калі яму трэба было б, здавалася, бедаваць аб няшчасці, аб ганьбе, якія так бязлітасна блыталі яго надзеі, ён, дзіўна, ні аб чым не думаў, нічога не шкадаваў, у анямелай душы яго была важкая і жорсткая спусцеласць.

Свет быў для яго цяпер напоўнен толькі чужымі, абыякавымі людзьмі, і ён сярод іх жыў адзінокі, такі ж абыякавы, як і яны, і яму не шкада было нікога з іх, і ніхто з іх не хваляваў яго. Нават тое, што недзе там дома маці, напэўна, у слязах, ніяк не абыходзіла яму. Нішто не выбівала Васіля з цяперашняй жорсткай безуважнасці.

Маці ўбегла задыханая, перапалоханая. Васіль пазнаў яе крокі яшчэ калі яна была ў сенцах, але не варухнуўся, хмурна, унураны ў сябе сядзеў і тады, калі матка, выпусціўшы з рук мяшок і лапці, з жаллівымі прыгаворкамі, з лямантам кінулася да яго, прагна, трывожна прытуліла:

- Васілёчак, каласочак, сынку мой... Куды ж цябе, за што ж цябе, за якія грахі, дзяціначку маю...

Васіль холадна, з ранейшым безуважным выглядам адвёў маці ад сябе.

- За што яго бяром, табе б, маці, лепей ведаць, - цвёрда адгукнуўся Шабета. Ён дзелавіта запытаў: - Усё прынеслі?

- Усё, што загадано, - адказаў Руды, які са світай цераз руку сумна стаяў каля дзвярэй.

- Усё, - кіўнула і маці, стрымліваючы галашэнне.

- Дайце яму.

Яна падняла з падлогі лапці і мяшок. Калі Васіль стаў накручваць парыжэлыя анучы, замотваць аборы, ціха назірала і толькі сутаргава хліпала, выціраючы вочы вялікімі патрэсканымі пальцамі. Калі ён абуўся, пачала гаварыць, што паклала яму ў торбу: булку хлеба, гуркоў, - але Васіль, не даслухаўшы, пайшоў да Андрэя Рудога, узяў світу.

- Можна було б тую, у якой рабіў, - прамовіў Васіль, надзяваючы світу напашкі. - Не ў сваты, кеб у новай...

Гэта было ўсё, што ён сказаў тут.

- Тая ж - як сіто, сыночак. Уся ў дзірках...

Васіль кінуў позірк на міліцыянера, чакаючы каманды. Калі ж Шабета, перакінуўшы сумку цераз плячо, даў загад выходзіць і Васіль спакойна рушыў, маці зноў прыпала да сына, поўная гора, адчаю, забедавала:

- А мой жа ты дубочак, месячык ты мой залаценькі!.. А як жа ты адзін!..

«Ну, от, няможно ёй без етаго!» - нездаволена нахмурыўся Васіль. Маці заўважыла, як бы прачытала гэты яго папрок і крыху прыціхла.

- Раней трэба було плакаць, - адгукнуўся Шабета ўжо на двары. - Як гадавала. Вучыць трэба було, каб жыў чэсно...

Шабета, не выпускаючы з-пад свае ўвагі Васіля, адвязаў ад дручковага плота гнядога коніка, аж да сядла абляпанага гразёю.

- Ну, давай, ідзі! - загадаў Шабета.

Васіль на міг як бы прачнуўся, зірнуў на маці пяшчотна, са шкадаваннем - як яна тут адна са старым ды малым упраўляцца будзе! Адчуваючы, як усярэдзіне нешта чула, квола затрымцела, сказаў ёй:

- Мамо, астаньцеся тут!

Яна, душачыся слязьмі, кіўнула.

Ідучы вуліцаю, Васіль бачыў: людзі стаялі каля варот, ліплі да вокан. Ішоў ён зноў абыякавы да ўсяго, з нерухомым, застылым тварам, нікога нібы не пазнаючы, не даючы нікому ўвагі. На вуліцы было гразка, ногі глыбока ўлазілі ў гушчу. Трэба было брацца бліжэй да плота, сцежачкаю, але ён не бярогся, ступаў напрасткі.

Праходзячы паўз свой дом, заўважыў дзеда Дзяніса без світы, без шапкі, Валодзьку, які глядзеў цікаўна, весела нават, але не падаў знаку. Усё было як у тумане, як выдумка, у якую самому яшчэ быццам не верылася. Несапраўдным быццам было ўсё: і гэта вуліца, і гразь, і ён, арыштант, і Шабета, які следам цярпліва цягнецца, ведучы на повадзе каня, і нават дзед...

Толькі адно жыло, хвалявала Васіля - Ганна. Як ні быў прыгнечаны, абыякавы, здавалася, да ўсяго, яшчэ здалёк заўважыў неспакойную яе постаць. Трымаючыся за слупок адчыненых веснічак, Ганна глядзела на Васіля, нецярпліва чакала. І дзіўнае сталася з Васілём - хоць і сам чакаў яе, нібы назло сабе, прагнуў апошні раз, на развітанне, зірнуць, адчуў, як падступіла да грудзей гаркота, насцярожаная непрыхільнасць. «Стаіць, выйшла паглядзець - знайшла дзіво!.. Мало, што другія глядзяць!» Успомнілася яе непрыязнае: «Адыдзі!» - і бровы нядобра, самалюбна ссунуліся, вочы адарваліся ад яе, утаропіліся ў халодную гразь, што паўзла пад ногі. Так і падыходзіў, не зірнуўшы больш на яе, поўнячыся ўпартай, помслівай непрыхільнасцю.

- Васіль!.. - адарвалася Ганна ад веснічак насустрач.

Ён толькі на момант прыпыніўся, зірнуў на яе і адразу ж схамянуўся, важка пацёгся далей.

- Васіль... не вінавата я!..

Васіль не азірнуўся, не адказаў, быццам не чуў. Ганна прайшла трохі ўслед, адстала. Моўчкі, час ад часу асклізваючыся, мясіў гразь ён, цёгся за сяло, дзе была гіблая дарога цераз балота, невядомасць.

 








Date: 2015-07-17; view: 257; Нарушение авторских прав



mydocx.ru - 2015-2021 year. (0.021 sec.) Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав - Пожаловаться на публикацию