Главная Случайная страница


Полезное:

Как сделать разговор полезным и приятным Как сделать объемную звезду своими руками Как сделать то, что делать не хочется? Как сделать погремушку Как сделать так чтобы женщины сами знакомились с вами Как сделать идею коммерческой Как сделать хорошую растяжку ног? Как сделать наш разум здоровым? Как сделать, чтобы люди обманывали меньше Вопрос 4. Как сделать так, чтобы вас уважали и ценили? Как сделать лучше себе и другим людям Как сделать свидание интересным?


Категории:

АрхитектураАстрономияБиологияГеографияГеологияИнформатикаИскусствоИсторияКулинарияКультураМаркетингМатематикаМедицинаМенеджментОхрана трудаПравоПроизводствоПсихологияРелигияСоциологияСпортТехникаФизикаФилософияХимияЭкологияЭкономикаЭлектроника






Асноўныя комплексы і лакальныя разнавіднасці





Мелодыя беларускага народнага адзення шматгалосая. Адзінства ў шматграннасці выяўляецца ў ім на ўсёй этнічнай тэрыторыі беларусаў і найбольш рэльефна ў жаночым касцюме.

Паводле таго, з чым насілася кашуля (а ў сярэдзіне XX ст. блуза) у летнім убранні, у ім вылучаюцца чатыры асноўныя комплексы: са спадніцай (андарак, палатнянік) і льняным фартухом; са спадніцай (андарак, палатнянік), ільняным фартухом і гарсэтам (насілі яго і самастойна); са спадніцай (саян, андарак), да якой прышыты ліф-гарсэт, і льняным ці паркалёвым фартухом; з панёвай (тыпу плахты ці фартуха-запаскі), суконным фартухом, гарсэтам і поясам. Першыя два комплексы вядомы на ўсёй Беларусі, два другія - ва ўсходніх і паўднёва-ўсходніх раёнах. Кожны з іх па-свойму адлюстроўвае эвалюцыю касцюма ад старажытных, пазбаўленых крою адзежын з прамавугольных кавалкаў тканіны, да вытанчаных форм з багатай "інкрустацыяй" фальбонамі, складкамі, вытачкамі, швамі. У кожным адбіліся таксама асаблівасці побыту пэўных гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў, такіх, як Заходняе і Усходняе Палессе, Прыдняпроўе, Цэнтральная Беларусь, Панямонне, Наддзвінне.

Комплексы маюць шэраг разнавіднасцей, якія ўвасабляюць стылёвыя прынцыпы народнай творчасці ў тых ці іншых кутках Беларусі. Гэтыя лакальныя разнавіднасці і вылучаюцца як асобныя тэрытарыяльныя строі. Яны адрозніваюцца толькі асобнымі элементамі касцюма, характарам аздаблення (тэхнікай выканання арнаменту, яго сюжэтам, матывамі), каларытам, а таксама спосабамі нашэння частак касцюма. Геаграфічныя межы строяў выражаны не рэзка, бо былі зменлівыя ў розныя часы і залежалі ад сацыяльна-эканамічнага ўзроўню развіцця мясцовасці, прыродна-кліматычных умоў, якія ўплывалі на дыферэнцыяцыю гаспадаркі, адміністрацыйнага, царкоўнага і прыватнаўласніцкага падзелу тэрыторыі, кантактаў з насельніцтвам іншых нацыянальнасцей і г. д.

Заходняе Палессе.

Беларускае Палессе - непаўторны ў прыродных і этнаграфічных адносінах край - край песень і казак, легенд і паданняў, а касцюм яго - жамчужына беларускага народнага мастацтва. Тут зберагліся поўныя хараства і мудрасці народныя ўборы, сама традыцыя апранацца ў самаробнае, маляўніча аздобленае адзенне. Менавіта на Палессі лакалізуюцца мастацкія асаблівасці з'яў, невядомых у іншых мясцінах Беларусі. Так, толькі на Брэстчыне сустракаецца цяжкая, з воўны спадніца - бурка, толькі тут яшчэ ў 30-50-я гг. нашага стагоддзя маладзіцы ўвіваліся акалястымі наміткамі - платамі, а свахі на вяселлі ўбіраліся ў "рожкі" ці "кветкі"-галаўныя ўборы з пукамі фарбаванага пер'я.

Кобрынскі строй вызначаецца манументальнасцю і класічнай завершанасцю форм, віртуознай распрацоўкай арнаменту, велічнасцю і стройнасцю (дзякуючы кужэльнай намітцы) касцюма жанчын.

 

Пінска-Івацэвіцкаму строю ўласцівы прастата форм, чысціня ліній і сілуэта. Мотальскі строй выступае варыянтам Пінска-Івацэвіцкага. Вылучаецца белізной і тонкасцю кужалю, стрыманасцю арнаменту. Дамачоўскі строй цікавы стройнасцю і выразнасцю прыталенага сілуэта, сакавіта-мажорнай напружанасцю каларыту. Маларыцкі строй адметны архаічнымі элементамі адзення і галаўных убораў, маштабнасцю прапорцый, скульптурнай яснасцю ансамбля.

 

Усходняе Палессе.

Багаццем сродкаў мастацкага афармлення касцюма, разнастайнасцю старадаўніх і сучасных форм Усходняе Палессе не ўступае Заходняму. Вобразна-пластычнымі асаблівасцямі адзення яно блізкае да Цэнтральнай Беларусі і Прыдняпроўя. Калінкавіцкі строй - адна з вяршынь мастацтва беларускага народнага касцюма. Ён урачыста-маляўнічы і ў той жа час стрыманы, зачароўвае мяккай паэтычнасцю і вытанчанасцю густу. Брагінскі строй багаты разнастайнасцю форм паяснога адзення і шыйных упрыгожанняў, выкарыстаннем раслінных узораў у арнаменце. Турава-Мазырскі строй характарызуе стан нацыянальнага касцюма сярэдзіны XX ст. У ім шмат сучасных форм з паркалю, саціну; каларыту адзення ўласціва паліхромнасць, вышытыя гладдзю раслінныя ўзоры, якія ствараюць ілюзію аб'ёму. У Давыд-Гарадоцка-Тураўскім строі раскрываюцца архаічныя рысы касцюма тутэйшых местачкоўцаў. Своеасаблівую фантастычнасць і самавітасць надавалі яму арыгінальныя галаўны ўбор галовачка, гарсэт, ахоплены шырокім поясам, доўгая спадніца сукня, ускладнёныя здымныя ўпрыгожанні.

 

Прыдняпроўе.

Вялікі водны шлях па Дняпры, этнаграфічнае сумежжа трох брацкіх народаў - беларусаў, рускіх і ўкраінцаў, узаемнае ўзбагачэнне культур садзейнічалі ўтварэнню ў Прыдняпроўі змешаных тыпаў касцюма. Тут замацаваліся таксама невядомыя ў іншых рэгіёнах тэхнікі ўзорыстага ткацтва (закладная), вышыўкі (гафт, тамбурнае шво), прыём маршчэння (збіранне тканіны ў гафрыраваныя складкі). У арнаменце сустракаюцца матывы дрэва жыцця, пальметы; вышыўка чырвонага або чырвона-чорнага колеру суседзіць з ахраматычнай гамай белага ці чорнага ўзору на серабрыста-белым фоне палатна.

 

Магілёўскі строй, у якім былі два комплексы (кашуля, спадніца і фартух; кашуля, спадніца, фартух і гарсэт), сціплы і просты паводле аздаблення. Маляўніча павіваліся наміткі і саматканыя хусткі. Буда-Кашалёўскі строй адрозніваецца белым ці чорным каларытам вышывак, інтэнсіўным маршчэннем, гафтаваннем. Шырокія рукавы кашулі, неаздоблены чорны гарсэт ствараюць эпічны і выразны сілуэт касцюма. Краснапольскі строй вабіць багаццем кампазіцыйна-арнаментальных вырашэнняў. Кашулі ў ім кроіліся звычайна з гесткай, комплекс са спадніцай і прышыўным ліфам-гарсэтам нагадвае сарафан. Неглюбскаму строю ўласцівы комплекс з панёвай (тыпу платы), агульнае ўражанне ад якога - мажнасць і статнасць. У дзявочы гарнітур уваходзілі паясная адзежына калышка, галаўны ўбор кубак.

 

Цэнтральная Беларусь.

У цэнтральнабеларускіх строях найбольш яскрава выяўляецца стрыманасць і паэтычнасць нацыянальнага касцюма. Народныя майстры цураюцца, пазбягаюць знешняй эфектнасці і імпазантнасці вырабаў, імкнуцца да ўнутранай цэльнасці, гатычнай манументальнасці і тонкай выразнасці ансамбля.

У Пухавіцкім строі адлюстроўваюцца класічна- традыцыйныя прынцыпы мастацкага вырашэння адзення Цэнтральнай Беларусі: стройнасць і некаторая выцягнутасць лініі фігуры, ашчаднае, але змястоўнае аздабленне. Гарманічную ўраўнаважанасць Капыльска-Клецкаму строю прыдавалі чырвоны каптур, зялёны або цёмна-сіні гарсэт, вясёлкавыя пералівы андарака, прастата і яснасць арнаменту. Вобразная сістэма Слуцкага строю - у вялікіх, нібы буслянка, галаўных уборах (адмыслова павітая хустка), доўгіх цёмных гарсэтах, у амаль поўнай адсутнасці натыкання і вышыўкі. Вышыўка не адыгрывае вялікай ролі і ў Вілейскім строі, дзе народныя майстры як мага паўней выкарыстоўвалі прыродныя якасці льну, сукна ці крамных тканін. Прыкметнымі часткамі адзення былі тут аксамітны ці шаўковы каптур і суконны бурнос. Ляхавіцкі строй уражвае арыгінальнасцю і маляўнічасцю жаночых галаўных убораў (падвічка, намітка ці хустка, аздобленая пукамі зеляніны, букетамі кветак), сакавіта-напружанымі колерамі андаракаў і спадніц-выбіванак, разнастайнымі шыйнымі, нагруднымі і наспіннымі ўпрыгожаннямі (пацеркі, стужкі, абразкі).

 

Панямонне.

Касцюм Панямоння мае шмат агульнага з цэнтральнабеларускім. Назіраецца схільнасць, асабліва ў паясным адзенні, да зялёнага і валошкавага колераў. Касцюм гэтага рэгіёна рана зазнаў уплыў гарадской моды, што адбілася ў спецыфіцы верхняй вопраткі.

Ваўкавыска-Камянецкі строй - узор выключнай адпаведнасці крою і аздаблення касцюма постаці чалавека. Дынамічнасць і ўзнёсласць мастацкага вобраза дасягалася каскадам складак андарака, світкі і выбеленага кужалю наміткі. Адметныя часткі Навагрудскага строю - кашуля-гарсоўка, чорны з кляпамі баскі гарсэт, кароткая з белага сукна абціслая курта (жакетка). У аздабленні вытрымліваецца своеасаблівы рытм і маштаб дэталей. Мастоўскі строй спалучае сакавітасць тонаў цёмна-сіняга ці малінавага андарака з адносна беднай распрацоўкай арнаменту. Выразная частка касцюма - кароткая курта (разнавіднасць світы).

 

Наддзвінне.

У параўнанні з іншымі рэгіёнамі Наддзвінне найменш захавала старадаўнія і традыцыйныя формы адзення. З прычыны геаграфічных і сацыяльна-эканамічных фактараў тут у сярэдзіне XX ст. распаўсюдзіўся касцюм накшталт гарадскога, а ў вырабе тканін - ручная набойка. Менавіта набойка істотна паўплывала на вобразна-пластычны і арнаментальна-каларыстычны лад касцюма. У строях наглядаецца ўлюбёнасць у блакітны колер і дробнаклятчасты ўзор у паясным адзенні. Асноўным з'яўляўся комплекс з прышыўным ліфам, у асобных раёнах - сарафан. Абавязковым кампанентам жаночага гарнітура быў фартух.

Дубровенскі строй мае даўні (са спадніцай, ільняным фартухом і куртай - безрукаўка з сукна, пацягненага белым каленкорам) і больш позні (са спадніцай, прышыўным ліфам і поясам) комплексы. Чырвона-бардовы колер вышывак часта дапаўняецца блакітным і жоўтым. Лепельскі строй характарызуецца спалучэннямі белага, блакітнага, вохрыста-жоўтага і чорнага колераў у аднатонных ці пярэстатканых спадніцах, лагічнай кампазіцыяй дэкору і яснай архітэктонікай.

 

 

Выкарастаная літаратура

 

В.К. Бандарчык Беларускае народнае адзенне, 1975 г.

С.Ф. Дубянецкі Народная культура Беларусі. Энцаклапедычны даведнік, 2002 г.

В.Ф. Таланцава Мастацтва бачыць свет, 1998 г.

 

·


Date: 2015-11-14; view: 2289; Нарушение авторских прав; Помощь в написании работы --> СЮДА...



mydocx.ru - 2015-2024 year. (0.005 sec.) Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав - Пожаловаться на публикацию