Главная Случайная страница


Полезное:

Как сделать разговор полезным и приятным Как сделать объемную звезду своими руками Как сделать то, что делать не хочется? Как сделать погремушку Как сделать так чтобы женщины сами знакомились с вами Как сделать идею коммерческой Как сделать хорошую растяжку ног? Как сделать наш разум здоровым? Как сделать, чтобы люди обманывали меньше Вопрос 4. Как сделать так, чтобы вас уважали и ценили? Как сделать лучше себе и другим людям Как сделать свидание интересным?


Категории:

АрхитектураАстрономияБиологияГеографияГеологияИнформатикаИскусствоИсторияКулинарияКультураМаркетингМатематикаМедицинаМенеджментОхрана трудаПравоПроизводствоПсихологияРелигияСоциологияСпортТехникаФизикаФилософияХимияЭкологияЭкономикаЭлектроника






I. Паветраная лінія





 

Гэта было ў 1926 годзе. Я паступіў тады пілотам на авіялінію кампаніі «Латэкаэр», якая яшчэ да «Аэрапасталі» і «Эр-Франс» наладзіла сувязь паміж Тулузай і Дакарам. Там я асвойваў сваё рамяство. Разам з іншымі таварышамі я праходзіў падрыхтоўчы курс, абавязковы для ўсіх навічкоў, перш чым мець гонар вадзіць паштовы самалёт. Пробныя палёты, перагоны Тулуза — Пэрпіньян, нудлівыя ўрокі навігацыі ў кутку ледзянога ангара. Мы жылі ў боязі прад невядомымі нам гарамі Гішпаніі і ў глыбокай павазе да «старых».

Мы сустракаліся з імі, «старымі», у рэстаране, — засяроджаныя, нейкія недаступныя, яны даволі звысоку давалі нам свае парады. І калі нехта з іх, па вяртанні з Алікантэ ці Касабланкі, у скуранцы, мокрай ад дажджу, са спазненнем далучаўся да нас, а нехта з нас нясмела цікавіўся, як прайшоў палёт, яго скупыя адказы і слота на дварэ стваралі ў нашым ўяўленні цэлы казачны свет, поўны пастак, сілоў, неспадзяваных скал і завіхрэнняў такой сілы, што маглі б вырваць з коранем кедры. Чорныя драконы сцераглі доступ на ўзвышшы, вогненныя кароны ўвенчвалі кратэры. Яны, «старыя», умела падтрымлівалі нашу пашаноту. Але потым нехта з іх не вяртаўся, і жывым заставалася вечна шанаваць іх памяць.

Помню, як вярнуўся Бюры, які пазней разбіўся ў Карб'ерах. Бывалы лётчык сеў паміж нас і моўчкі, усё яшчэ стомлена горбячыся, стаў нетаропка есці. Быў вечар аднаго з тых слотных дзён, калі неба гніе па ўсім маршруце авіялініі і лётчыку мроіцца, што ўсе горы куляюцца ў твані, як гарматы на палубе колішніх паруснікаў, калі лопнуць прымацаванні. Я паглядзеў на Бюры, пракаўтнуў камяк у горле і нарэшце асмеліўся запытацца, ці цяжкі быў палёт. Бюры не азваўся, засяроджаны, схілены над талеркай. На борце адкрытых самалётаў у кепскае надвор'е лётчыкі, каб лепей бачыць, высоўваюцца па-за ветравое шкло, і поўхі ветру яшчэ доўга потым свішчуць у вушах. Але вось, здаецца, Бюры пачуў мяне, падняў галаву, схамянуўся і нечакана хораша засмяяўся. І гэты смех, гэты кароткі смех, які азарыў ягоную стому, прывёў мяне ў захапленне. Ён ні слова не сказаў пра сваю перамогу, апусціў галаву і моўчкі зноў запрацаваў сківіцамі. Але ў прыцемку рэстарана, сярод дробных службоўцаў, якія аднаўлялі тут свае сілы пасля нікчэмных дзённых турбот, гэты таварыш з цяжкімі плячыма падаўся мне дзівосна годным: з-пад тоўстай кары праглянуў анёл, які перамог дракона.

І вось, нарэшце, настаў вечар, калі мяне паклікалі да дырэктара. Ён коратка сказаў:

— Заўтра вы ляціце.

Я стаяў і чакаў, калі ён дазволіць мне выйсці. Але, памаўчаўшы, ён дадаў:

— Інструкцыі добра ведаеце?

У той час маторы былі далёка не такія надзейныя, як цяперашнія. Часта яны знянацку, без усялякага папярэджання аглушалі нас страшэнным грукатам раструшчанага посуду. І тады даеш штурвал ад сябе, каб скіраваць самалёт уніз, да скалістай гары Гішпаніі, якая зусім не абяцае прытулку. «Калі матор сапсуецца ў гэтых мясцінах, — разважалі мы, — то самалёта, як бы ты ні намагаўся, ужо не ўратуеш». Але самалёт можна замяніць. Сама галоўнае было не ўрэзацца ў скалу. І нам пад пагрозай сама суровага пакарання забаранялася ляцець у гарыстых зонах вышэй хмар. У выпадку аварыі лётчык, ныраючы ў бялёсую кудзелю, саслепу можа натаўкнуцца на якую-небудзь горную вяршыню.

Вось чаму ў той вечар нетаропкі голас яшчэ раз нагадаў мне прадпісанне:

— Гэта вельмі шыкоўна — ляцець па компасу ў Гішпаніі па-над суцэльнай воблачнасцю, гэта так элегантна, але...

І яшчэ павольней:

— Але памятайце: пад суцэльнай воблачнасцю — вечнасць...

І раптоўна гэты знітаваны, такі свойскі, спакойны свет, які разгортваецца перад табою, калі вырываешся з хмар, набывае для мяне невядомую раней якасць. Прыязнасць абарочваецца пасткай. Там, унізе, не тлум, не мітусня людзей, не шумны гарадскі транспарт, як можна было меркаваць, а бязмежная ціша, непарушны спакой. Гэтая белая смала стае для мяне мяжой паміж быццём і нябытам, вядомым і неспасіцгальным. І я пачынаю разумець, што любая з'ява выяўляе сваю сутнасць толькі праз веды, праз духоўную культуру, праз рамяство. Горцам таксама знаёмая суцэльная воблачнасць. Аднак яны не бачаць у ёй гэтай фантастычнай заслоны.

Калі я выйшаў з кабінета, мяне ахапіла нейкая дзіцячая гордасць. Нарэшце і я прыму на золку адказнасць за пасажыраў, за афрыканскую пошту. Але адначасна я быў і прыгнечаны. Мне здавалася, што я кепска падрыхтаваны. Гішпанія была небагатая на прытулкі; я баяўся, што, калі мяне спасцігне аварыя, я не знайду выратавальнай пляцоўкі. Я дастаў карту, доўга разглядваў яе, але яна, абыякавая, не давала мне тых парад, у якіх я меў патрэбу; тады я, перапоўнены бояззю і гонарам, вырашыў правесці гэтую ноч напярэдадні бою ў майго таварыша Гіёмэ. Гіёмэ ўжо лятаў па гэтых маршрутах. Гіёмэ ведаў хітрыкі, з дапамогай якіх можна было падабраць ключы да Гішпаніі. Хай Гіёмэ навучыць і мяне.

Убачыўшы мяне, ён усміхнуўся:

— Ведаю, ведаю. Ты задаволены?

Ён дастаў з тумбачкі бутальку віна і шклянкі, падышоў да мяне, не перастаючы ўсміхацца:

— Такую падзею трэба адзначыць. Усё будзе добра, вось пабачыш!

Ён выпраменьваў давер, як лямпа выпраменьвае святло, гэты таварыш, якому пазней выпадзе зрабіць рэкордныя пералёты з поштай над Кардыльерамі і Паўднёвай Атлантыкай. Але гэта адбудзецца праз некалькі гадоў, а ў той вечар, седзячы ў адной кашулі пад лямпай, скрыжаваўшы рукі на грудзях і ўсміхаючыся сама лагоднай сваёй усмешкай, ён проста сказаў мне:

— Навальніцы, туман, снег часам будуць чыніць табе непрыемнасці. Але ты думай тады пра тых, хто ўжо прайшоў праз усё гэта, і проста скажы сабе: «Тое, што ўдалося іншым, удасца і мне».

Аднак я разгарнуў карту і папрасіў яго разам прагледзець мой маршрут. І, схіліўшыся пад лямпай, абапёршыся на плячо старэйшага таварыша, я зноў набыў спакой і ўпэўненасць, як у далёкія школьныя гады.

Але які дзіўны ўрок геаграфіі быў у мяне! Гіёмэ не расказваў мне пра Гішпанію; ён ператвараў Гішпанію ў маю прыяцельку. Ён не гаварыў ні пра водныя басейны, ні пра колькаедь насельніцтва, ні пра пагалоўе статка. Ён апавядаў не пра Гуадыс, а пра тры апельсінавыя дрэвы, якія раслі на ўскрайку поля паблізу Гуадыса: «Асцерагайся іх, адзнач іх на сваёй карце...» І з гэтай хвіліны тры апельсінавыя дрэвы набывалі для мяне большае значэнне, чым Сьера-Невада. Ён казаў не пра Лорку, а пра небагатую ферму паблізу Лоркі. Пра жыццё гэтай фермы. Пра яе гаспадара. Пра яе гаспадыню. І гэтыя муж і жонка, загубленыя ў пространі, за сто пяцьдзесят кіламетраў ад нас, набывалі невераемную важнасць. Прылепленыя да схілу гары, яны, быццам бакеншчыкі, былі гатовы сваімі зоркамі прыйсці на дапамогу людзям.

З недаступнага розуму занябыту мы вывудзілі дэталі, невядомыя ніводнаму географу ў свеце. Бо географаў цікавіць толькі рака Эбра, якая поіць шматлікія гарады. Але не прытоеная ў траве ручаінка заходней Матрыля, карміліца трох дзесяткаў красак: «Асцерагайся ручайка, ён размякчае дол... Пазнач і яго на карце». О, я не забудуся пра змейку каля Матрыля! Такая бяскрыўдная, усяго некалькі жабак цешыць сваім лагодным мармытаннем, але заплюшчана ў яе толькі адно вока. У раі выратавальнага поля, залёгшы ў зеленатраўі, яна цікуе за мной за дзве тысячы кіламетраў адсюль. Пры першым жа зручным выпадку яна аберне мяне ў сноп полымя...

Я ўпэўнена прадбачу там, на адхоне пагорка, і іх, гэтых тры дзесяткі ваявітых, гатовых нашкодзіць авечак: «Табе памроіцца, што ён чысты, гэты луг, — шлёп! І тут пад колы табе рынецца трыццаць авечак...» І я заварожана ўсміхаюся гэтай, такой падступнай, пагрозе.

І спакваля Гішпанія на маёй асветленай лямпай карце ператвараецца ў казачную краіну. Я адзначаю крыжыкам выратавальныя пляцоўкі і пасткі. Я адзначаю і фермера, і тры дзесяткі авечак, і ручаінку. Я дакладна стаўлю на яе належнае месца і пастушку, на якую не звяртаюць аніякай увагі географы.

Развітаўшыся з Гіёмэ, я адчуў патрэбу пахадзіць у самоце, падыхаць золкім паветрам зімовага вечара. Я падняў каўнер паліто і павёў на прагулянку сваю маладую радасць. Я быў горды, што магу несці ў сэрцы таямніцу і штурхаць локцямі гэтых незнаёмцаў. Яны не ведалі мяне, гэтыя варвары, але менавіта мне цяжарам паштовых мяхоў давераць яны на золку свае клопаты, свае парыванні. Менавіта ў мае рукі перададуць яны свае спадзяванні. Уткнуўшы нос у паліто, я з паблажлівасцю заступніка і ахоўніка крочыў паміж іх, але яны нічога не ведалі пра мой клопат.

Тым болей не звярталі яны ўвагі на сігналы ночы, якія лавіў я. Бо гэтая завіруха, якая, відаць, рыхтавалася і магла ўскладніць мой першы палёт, цікавіла саму маю плоць. Зоркі гаслі адна за адной, але якая справа была да іх гэтым мінакам? Аднаму мне давяралася тайна. Напярэдадні бою мне дакладвалі пра пазіцыі ворага...

Між тым гэтае данясенне, якое ўскладвала на мяне такую сур'ёзную адказнасць, я прымаў каля асветленых вітрын, дзе ззялі навагоднія падарункі. Здавалася, там, сярод ночы, былі выстаўлены напаказ усе скарбы зямлі, і я п'янеў ад таго, што выракаюся іх. Мне, ваяру, пагражала небяспека: навошта здаўся мне гэты зіхоткі крышталь, прызначаны для вячэрніх баляванняў, гэтыя люстры, гэтыя кнігі? Я ўжо купаўся ў завоблачных вышынях, я, паштовы лётчык, ужо ўпіваўся зубамі ў гаркавую мякаць начных палётаў.

Было тры гадзіны ночы, калі мяне пабудзілі. Я адным штуршком расчыніў аканіцы, убачыў, што над горадам ішоў дождж, і заклапочана апрануўся.

Праз паўгадзіны я ўжо сядзеў на сваім маленькім чамаданчыку на ходніках, бліскучых ад дажджу, і чакаў омнібус. Колькі таварышаў да мяне ў дзень пасвячэння са шчымлівасцю ў сэрцы перажылі такое ж чаканне! Нарэшце на рагу вуліцы з грукатам жалеззя вынырнула мая дапатопная калымага, і цяпер і я, як таварышы, меў права ўціснуцца на лаўцы паміж паўсонным работнікам таможні і нейкім службоўцам. Омнібус патыхаў цвіллю, прапыленай адміністрацыйнай установай, старой канторкай, дзе прамінае чалавечае жыццё. Праз кожныя пяцьсот метраў ён спыняўся, каб падабраць яшчэ аднаго пісара, яшчэ аднаго таможніка ці інспектара. Тыя, што ўжо зноў паспелі задрамаць, няўцямным мармытаннем адказвалі на прывітанне чарговага пасажыра, які ўладкоўваўся як мог і адразу ж сам упадаў у дрымоту, Усё гэта мела выгляд нейкай сумнай перавозкі на няроўных брукаванках Тулузы; і паштовы лётчык напачатку нічым не вылучакаў омнібус. Колькі таварышаў да мяне ў дзень паплывалі вулічныя ліхтары, але набліжаўся аэрадром, і грымоткі аўтобусік ператвараўся ў шэры кокан, адкуль чалавек выходзіў адменены.

Кожны з маіх таварышаў адчуў аднойчы сходным ранкам, як у ім, уразлівым падначаленым, яшчэ залежным ад настрою інспектара, нараджаецца чалавек, адказны за гішпанскую і афрыканскую пошту, нараджаецца той, хто трыма гадзінамі пазней, жагнаны бліскавіцамі, твар у твар сутыкнецца з драконам Аспіталета... хто, адолеўшы яго, яшчэ праз чатыры гадзіны, па сваёй волі, маючы ўсе правы і магчымасці, прыме рашэнне вяртацца назад альбо цераз мора, альбо пайсці напрасткі на штурм горных масіваў Алькоя, хто будзе весці перагаворы і з бурай, і з гарой, і з акіянам.

Кожны таварыш гэтаксама, як я, змяшаўшыся з безыменным натоўпам пад пахмурым зімнім тулузскім небам, адчуў у такі ранак, як расце ў ім валадар, які праз пяць гадзін, пакінуўшы далёка за сабою дажджы і завірухі поўначы, выракшыся зімы, памяншаючы абароты вінтоў, пачне сваё прызямленне ў асляпляльную сонечнасць лета Алікантэ.

Таго старога омнібуса даўно няма, але ягоная суровасць, ягоная няўтульнасць дагэтуль жывуць у маёй памяці. Ён выдатна сімвалізаваў адпаведную падрыхтоўку да суровых радасцей нашага рамяства. Усё тут набывала ўражлівую стрыманасць. Помню, як тры гады таму, я, хоць не было вымаўлена і дзесятка слоў, даведаўся тут пра гібель лётчыка Лекрывэна, аднаго з сотні таварышаў па авіялініі, якія ўдзень ці туманнай ноччу ўзялі свой водпуск навекі.

Таксама было тры гадзіны ранку, панавала гэткая ж цішыня, калі мы пачулі, як дырэктар, нябачны ў змроку, падаў голас інспектару:

— Лекрывэн не прызямліўся ўначы ў Касабланцы.

— А! — адгукнуўся інспектар. — А?

Нечакана выхаплены з плыні дрымоты, ён устрапянуўся, каб канчаткова ачнуцца, каб паказаць сваю зацікаўленасць, і дадаў:

— А! Праўда? Не ўдалося прайсці? Ён вярнуўся назад?

На што ў глыбіні омнібуса толькі адказалі: «Не». Мы чакалі працягу, але болей не было прамоўлена ні слова. Адна за адной падалі секунды, і з цягам рабілася ўсё відавочней, што да гэтага «не» не дадасца ніводнае слова, што гэтае «не» беззваротнае, што Лекрывэн не проста не прызямліўся ў Касабланцы, а што ён ужо ніколі і нідзе не прызямліцца.

Вось гэтак і я тым ранкам, на зары майго першага паштовага палёту, у сваю чаргу падвяргаўся свяшчэнным рытуалам майго рамяства, і, гледзячы праз акно на бліскучы асфальт, дзе люстраваліся вулічныя ліхтары, я адчуваў, як упэўненасць пакідае мяне. Было відаць, як ад ветру на лужынах трапяталі буйныя пальмавыя лісты. І я думаў: «Як на мой першы палёт... сапраўды, не дужа мне шанцуе...» Я ўзняў вочы на інспектара: «Кепскае надвор'е, праўда?» Інспектар кінуў за акно стомлены позірк. «Гэта яшчэ нічога не азначае», — памаўчаўшы, буркнуў ён. І я стаў прыгадваць, па якіх прыкметах распазнаецца кепскае надвор'е. Напярэдадні вечарам Гіёмэ адной усмешкай сцёр усе нядобрыя веставанні, якімі прыгняталі нас «старыя», а цяпер у маёй памяці зноў усплыло: «Шкада мне таго, хто не вызубрыў трасу да апошняга каменьчыка і трапляе ў буран... Шкада мне яго!..» Ім трэба было падтрымліваць свой аўтарытэт, і яны пахітвалі галовамі, разглядваючы нас з нейкім бянтэжлівым спачуванвем, быццам яны аплаквалі нашу прастачую наіўнасць.

І сапраўды, колькім ужо з нас гэты омнібус паслужыў апошнім прытулкам? Шасцідзесяці? Васьмідзесяці? Каго аднойчы дажджлівым ранкам маўклівы шафёр адвёз назаўжды. Я агледзеўся: наўкол у змроку свяціліся іскрыстыя кроплі, цыгарэты яшчэ больш падкрэслівалі глыбокую засяроджанасць. Мізэрную засяроджанасць старэючых службоўцаў. Колькім з нас гэтыя спадарожнікі паслужылі пахавальным картэжам?

Да мяне даляталі ціхія, упаўголасу, размовы. Гаворкі пра хваробы, грошы, сумныя хатнія турботы. За ўсім гэтым паўставалі сцены змрочнай турмы, у якой былі замкнёны гэтыя людзі. І раптам я ўбачыў воблік лёсу.

Стары службовец, мой сённяшні сусед у омнібусе, ніхто і ніколі ўжо не змусіць цябе вырвацца з твайго палону, і ты зусім не вінаваты ў гэтым. Ты змураваў свой спакой у чатырох сценах, як гэта робяць мурашкі, якія замуроўваюць усе выхады да святла. Ты як у кокане — у сваёй мяшчанскай бяспецы, у сваіх дрымучых прывычках, у душных рытмах свайго правінцыяльнага існавання, ты ўзвёў гэтую вартую жалю крапасную сцяну і схаваўся за ёю ад ветру, марскога прыбою і зор. У цябе няма ніякага жадання турбаваць сябе вечнымі праблемамі, табе і так шмат сіл каштавала забыць пра сваё званне чалавека. Не, ты не жыхар вандроўнай планеты, ты ніколі не ставіш перад сабой пытанняў, на якія не можаш знайсці адказу: ты проста дробненысі тулузскі мешчанін. Ніхто не прымусіў цябе азірнуцца навокал, калі яшчэ можна было зрабіць гэта. Цяпер гліна, у якую ты ператварыўся, высахла і ўкамянела, і цяпер ужо ніхто не зможа абудзіць у табе заснулага музыку, паэта ці астранома, які, магчыма, некалі жыў у табе.

І я ўжо не наракаю на слотны вецер. Чары майго рамяства разнасцежваюць перада мною свет, дзе гадзіны праз дзве я твар у твар сутыкнуся з чорнымі драконамі і вяршынямі ў кароне сініх бліскавіц, дзе з надыходам ночы я вольны буду чытаць свой шлях па зорах.

Гэтак адбывалася наша баявое хрышчэнне, і мы адпраўляліся ў дарогу. Гэтыя падарожжы часцей за ўсё заканчваліся без прыгод. Мы спакойна, як прафесіянальныя плыўцы, ныралі ў глыбіні нашых уладанняў. Сёння яны добра асвоены. Лётчык, механік і радыст ужо не адпраўляюцца наўздагады, самалёт для іх — лабараторыя. Яны падначальваюцца гульні стрэлак прыбораў, а не зменам краявіду. На даляглядзе ў змроку ўзніклі горы, але цяпер яны перасталі ўжо быць гарамі. Цяпер гэта нябачныя сілы, набліжэнне якіх трэба вылічыць. Радыст пры святле лямпачкі засяроджана занатоўвае лічбы, механік робіць значкі на карце, і лётчык выпраўляе курс, калі горы аднесла ўбок, калі вяршыні, якія меркавалася абысці злева, раптам моўчкі, у таемнасці баявых прыгатаванняў развярнуліся проста перад ім.

А на зямлі дзяжурныя радысты, прыслухоўваючыся да голасу таварыша, усе разам засяроджана запісваюць у свае журналы: «Нуль гадзін сорак хвілін. Курс 230. На борце ўсё ў парадку».

Гэтак праводзіць палёт экіпаж сёння. Ён зусім не адчувае, што ён у руху. Ён, як у адкрытым моры ўначы, вельмі далёкі ад люб-якога арыенціра. Але маторы напаўняюць асветленую кабіну трымценнем, і яно зыначвае яе сутнасць. І прамінае час. І за гэтымі цыферблатамі, радыёлямпамі, стрэлкамі творыцца нейкая невідочная алхімія. Секунда па секундзе гэтыя патаемныя рухі, гэтыя прыглушаныя словы, гэтая пільнасць рыхтуюць цуд. І наступае час, калі лётчык можа ўпэўнена прыпасці да ветравога шкла. Вось яно, золата, якое ўзнікла з нічога: зіхаціць у кастрах пасадачнай пляцоўкі.

Але ж усе мы зведалі і такія палёты, калі за дзве гадзіны лёту да пасадачнай пляцоўкі ты, агорнуты нейкай асаблівай задуменнасцю, раптоўна адчуваеш гэткую сваю самотнасць, якую не змог бы адчуць і ў самым сэрцы Індыі і адкуль ужо не спадзяешся знайсці дарогу назад.

Так было з Мермозам, калі ён упершыню адольваў на гідраплане Паўднёвую Атлантыку і на зыходзе дня наблізіўся да Пот-а-Нуара. Некалькі хвілін перад ім звіваліся і спляталіся хвасты трапічнага ўрагану тарнада, быццам узводзілася магутная сцяна, затым апусцілася цемра і паглынула ўсе гэтыя падрыхтаванні. А калі праз гадзіну ён пратачыўся пад хмары, то апынуўся ў нейкім фантастычным царстве.

Марскія смерчы, устойлівыя і з выгляду нерухомыя, цягнуліся ўгору, як чорныя калоны храма. Разбухлыя ўверсе, яны падтрымлівалі нізкі змрочны купал буры, але праз разрывы ў купале падалі шырокія сувоі святла, між калонамі на халодных плітах мора ззяла поўня. І Мермоз, слізгаючы ад аднаго фарватэра святла да другога, абмінаючы гэтыя гіганцкія калоны, дзе, безумоўна, грозна ракатала ўздыбленае мора, чатыры гадзіны прабіраўся па месячных тонях да выхаду з гэтых бязлюдных руінаў храма. І гэтае відовішча было такое ашаламляльнае, што Мермоз, ужо вылецеўшы за межы Пот-а-Нуара, заўважыў, што ён нават не паспеў спалохацца.

Мне таксама помняцца такія моманты, калі апынаешся па-за межамі рэальнага свету: аднойчы радыёпеленгі, падаваныя сахарскімі пасадачнымі пляцоўкамі, былі памылковыя на працягу ўсёй ночы, і мы, мой радыст Неры і я, былі зусім збітыя з тропу. Нечакана ўнізе ў разрыве туману бліснула вада, я рэзка скіраваў да ўяўнага берага, але мы не маглі ведаць, як далёка заляцелі ў адкрытае мора.

Мы ўжо не былі ўпэўнены, што дабяромся да берага, бо магло не хапіць бензіну. Але і дасягнуўшы берага, трэба было яшчэ адшукаць пасадачную пляцоўку. А тут акурат і месяц пачаў заходзіць. Без паказчыкаў адхілення, ужо глухія, мы спакваля і слеплі. Поўня пагасала ў тумане, як бледная галавешка ў гурбе снегу. Неба над намі таксама зацягвалася хмарамі, і мы ляцелі паміж хмарамі і туманам, у нейкім цьмяным, мёртвым свеце.

Аэрадромы, якія адказвалі нам, не маглі паведаміць нам нашы каардынаты: «Не можам запеленгаваць... Не можам запеленгаваць...», — бо голас наш даходзіў да іх адусюль і ніадкуль.

І нечакана, калі нас ужо стала агортваць роспач, на даляглядзе злева ўспыхнула зіхоткая кропка. Бурная радасць ахапіла мяне. Неры падаўся да мяне, і я пачуў, што ён спявае! Гэта магла быць толькі пасадачная пляцоўка, гэта мог быць толькі яе маяк, бо ўначы ўся Сахара гасне і ператвараецца ў вялізны мёртвы абшар. А тым часам агеньчык пагарэў трошкі і пагас. А мы ўзялі на яго курс — на зорку, якая была на даляглядзе і ўсяго на некалькі хвілін выглянула паміж хмарамі і посцілкай туману...

А потым сталі з'яўляцца іншыя агеньчыкі, і мы з глухой надзеяй бралі курс на кожную з гэтых іскрынак. І калі агеньчык не згасаў адразу, мы падвяргалі яго жыццёва неабходнай праверцы: «Бачым агонь, — перадаваў Неры пасадачнай пляцоўцы ў Сіснеросе, — тройчы пагасіце і запаліце маяк». Сіснерос гасіў і зноў запальваў свой маяк, але ўпарты агеньчык, за якім мы назіралі, не міргаў, — непадкупная зорка. Не зважаючы на тое, што гаручае было на зыходзе, мы зноў і зноў пападаліся на залаты кручок, зноў і зноў быў ён для нас сапраўдным святлом маяка, сапраўднай пасадачнай пляцоўкай — і жыццём!.. Але нам зноў і зноў даводзілася мяняць зорку.

Цяпер мы адчувалі сябе блукальцамі ў міжпланетнай прасторы сярод сотні недасягальных планет у пошуках адной сапраўднай планеты, нашай планеты, той адзінай, дзе месціліся нашы звыклыя краявіды, нашы прыязныя дамы, наша пяшчота.

Тая адзіная планета... Я раскажу вам, што прыгадалася мне тады, хоць, мажліва, гэта і падасца вам дзіцячым наівам. Але і ў хвіліну небяспекі застаешся чалавекам з усімі чалавечымі турботамі, і мне хацелася піць, хацелася есці. Калі мы адшукаем Сіснерос, мы напоўнім нашы бакі гаручым і прадоўжым палёт і прахалодным досвіткам прызямлімся ў Касабланцы. Канец працы! Мы, Неры і я, пойдзем у горад. Там можна нагабаць невялічкія бістро, якія адчыняюцца на зары... Неры і я, мы ў поўнай бяспецы, пасмейваючыся з перажытай ночы, сядзем там за столік і закажам цёплыя булачкі і каву з малаком. Мы з Неры прымем гэты ранішні дарунак жыцця. Гэтак старая сялянка дасягае свайго Бога праз маляваны абразок, наіўны медальён, ружанец: нам трэба размаўляць сама звычайнай мовай, калі мы хочам быць пачуты сваімі. Уся радасць жыцця сканцэнтравалася для мяне ў гэтым першым духмяным гарачым глытку, у гэтай сумесі малака, кавы і хлеба, праз якую прычашчаешся да спакойных лугоў, экзатычных плантацый і жніўных палёў, праз якую прычашчаешся да ўсёй зямлі. Сярод гэтай процьмы зорак мелася ж ведзе тая адна-адзіная, якая, каб стаць блізкай нам, прыгатавала б нам на снеданне гэтую духмяную філіжанку.

Але неадольныя вёрсты пралеглі паміж нашай машынай і гэтай населенай планетай. Усе скарбы свету месціліся ў пылінцы, згубленай у сузор'ях. І астролаг Неры, які сіліўся распазнаць яе, усё заклінаў і заклінаў зоры.

Раптам ён пхнуў мяне кулаком у плячо. На паперцы, пра якую папярэдзіў гэты тумак, я прачытаў: «Усё добра, я атрымаў цудоўную вестку». І я з трапятаннем сэрца чакаў, пакуль ён пісаў мне тыя паўдзесятка слоў, што павінны былі стаць нашым паратункам. Нарэшце я атрымаў яго, гэты дар неба.

Ён зыходзіў з Касабланкі, якую мы пакінулі напярэдадні вечарам. Не перададзены своечасова, ён нечакана дагнаў нас, заблуканых у моры паміж туманам і хмарамі, праз дзве тысячы кіламетраў. Пасланне зыходзіла ад дзяржаўнага кантралёра аэрапорта ў Касабланцы. І я прачытаў: «Месье дэ Сент-Экзюперы, я вымушаны прасіць Парыж накласці на вас спагнанне: пры вылеце з Касабланкі вы развярнуліся занадта блізка ад ангараў». Гэта была праўда, я развярнуўся занадта блізка ад ангараў. Праўдай было і тое, што гэты чалавек з раздражненнем выконваў свае абавязкі. У канторы аэрапорта я пакорліва выслухаў бы гэты папрок. Але там, дзе ён дапяў нас, ён быў не да месца. Недарэчна прагучаў ён сярод гэтых адзінокіх зор, над гэтым лежбішчам туману, над морам, якое дыхала пагрозай. Нам былі ўручаны нашы ўласныя лёсы, лёс пошты і лёс нашай машыны, мы ледзь выкручваліся, каб выжыць, а гэты чалавек вывяргаў на нас сваю дробязную злапомнасць. Але замест таго каб абурыцца, мы з Неры адчулі неспадзяваную бязмежную радасць. Тут гаспадарамі былі мы, — ён памог зрабіць нам гэтае адкрыццё. Значыць, ён, гэты капрал, так і не заўважыў на нашых рукавах нашывак, так і не заўважыў, што мы цяпер капітаны? Ён урываўся ў нашу замроенасць, калі мы ўтрапёна карагодзілі недзе ля Вялікай Мядзведзіцы ці ў сузор'і Стральца, і адзіным, што яшчэ здольна было ўсхваляваць нас у нашым становішчы, магла быць хіба толькі гэтая здрада поўні...

Абавязак планеты, з якой падаў голас гэты чалавек, безумоўны і адзіны абавязак яе быў — паведаміць нам дакладныя дадзеныя для вылічэння нашага месцазнаходжання сярод зор. А дадзеныя гэтыя аказаліся памылковымі. А пра ўсё астатняе ёй бы пакуль памаўчаць. І Неры напісаў мне: «Замест таго каб займацца глупствам, лепей прывялі б нас куды-небудзь...» «Яны» азначала для яго ўсе народы зямлі з іхнімі ўрадамі, сенатамі, арміямі і імператарамі. І, перачытваючы паведамленне гэтага недарэкі, які намерваўся расправіцца з намі, мы павярнулі на Меркурый.

Мы ўратаваліся зусім выпадкова і сама дзіўным чынам: страціўшы надзею даляцець да Сіснероса і прастуючы ў кірунку да берага, я вырашыў трымацца гэтага курсу датуль, пакуль хопіць гаручага. Такім чынам я аберагаў нейкі шанц на тое, што не ўпадзём у мора. На няшчасце, мае прывідныя здрадлівыя маякі завялі мяне богведама куды.

І, на няшчасце, густы туман, у які мы былі б змушавы ныраць ў поўнай слепаце, пакідаў нам няшмат шанцаў на шчаслівае прызямленне. Але я не меў выбару.

Сітуацыя была такая ясная, што я абыякава паціснуў плячыма, калі Неры перадаў мне вестку, якая гадзінай раней магла б выратаваць нас: «Сіснерос адважваецца вызначыць, дзе мы. Сіснерос мяркуе: прыблізна 216...» Сіснерос ужо не быў затоены ў цемры, Сіснерос, ужо чулы на дотык, быў недзе там, злева ад нас. Так, але ці далёка да яго? Мы з Неры параіліся. Надта позна. Мы абодва разумелі гэта. Ляцець на Сіснерос азначала б павялічыць нашу рызыку страціць бераг. І Неры адказаў: «Гаручага засталося ўсяго на гадзіну, трымаем курс 93».

А тым часам пасадачныя пляцоўкі адзываліся адна за адной, у нашу размову ўступалі галасы Агадзіра, Касабланкі, Дакара. Радыёстанцыі кожнага горада выклікалі аэрапорты. Начальнікі аэрапортаў выклікалі нашых таварышаў. І спакваля яны сабраліся вакол нас, як ля пасцелі хворага. Бескарысная спагада, але ўсё-ткі спагада, як бы там ні было. Бясплённыя парады, але колькі ў іх пяшчоты!

І нечакана здалёку, за чатыры тысячы кіламетраў ад нас, падала голас Тулуза, галоўны аэрадром. Тулуза з ходу, без ніякага ўступу ўварвалася да нас: «Індэкс вашага самалёта — Ф... (Цяпер ужо не помню нумар.)» — «Так». — «Тады ў вашым распараджэнні гаручага яшчэ на дзве гадзіны. Бак гэтай машыны не стандартны. Курс на Сіснерос».

Так патрабаванні, якія выстаўляе рамяство, пераўтвараюць і ўзбагачаюць свет. Але зусім не абавязкова перажыць падобную ноч, каб пілоту ў звычайных з'явах адкрыўся нейкі новы сэнс. Аднастайны пейзаж за акном стамляе пасажыра, але ён зусім інакшы для экіпажа самалёта. Гэтая воблачная смуга, якая зацягвае далягляд, перастае быць для яго проста малюнкам: яна праявіць цікавасць да яго мускулаў і паставіць перад ім нялёгкія задачы. І ён ужо лічыцца з гэтым, ён вымярае яе, сапраўдны дыялог завязваецца паміж імі. Вось горная вяршыня, да яе яшчэ далёка: чым яна яго сустрэне? Пры святле месяца яна стане ёмкім арыенцірам. Але калі лётчык вядзе машыну ўсляпую, з цяжкасцю выпраўляе адхіленні ад курсу і сумняваецца ў сваім месцазнаходжанні, вяршыня абернецца выбухам, яна запоўніць небяспекай усю бязмежную ноч, як адна плывучая міна, што дрэйфуе па волі плыні, робіць небяспечным цэлае мора.

Гэткі зменлівы і акіян. Для звычайных падарожнікаў бура застаецца нябачнай: з вышыні не відно, як узнімаюцца валы, і залпы вадзяных пырскаў здаюцца нерухомымі. Толькі разбухаюць вялізныя белыя пальмавыя лісты, спярэшчаныя прожылкамі і завусеніцамі, абведзеныя нечым накшталт гелю. Але экіпаж самалёта разумее, што тут на ваду не сядзеш. Гэтыя пальмы для яго — што вялізныя ядавітыя кветкі.

І нават калі палёт праходзіць удала, пілот на сваім адцінку трасы не проста глядач. Гэтыя фарбы зямлі і неба, гэтыя сляды ветру на моры, гэтыя залачавыя аблокі змяркання, — ён зусім не любуецца імі, ён разважае над імі. Падобна селяніну, які абыходзіць свае ўладанні і па тысячах прыкмет прадбачыць прыход вясны, моцныя замаразкі ці дождж, вопытны лётчык таксама прадбачыць па прыкметах блізкую завею, туман ці ясную, пагодную ноч. Напачатку здавалася — самалёт не дае чалавеку расшыфроўваць мову прыроды, але не, яшчэ ўладарней становяцца яе вялікія законы. Навальнічнае неба выклікае пілота на суд стыхій — і, самотны, ён змагаецца за свой груз з трыма прадвечнымі багамі: з гарамі, морам і бурай.

 

Date: 2015-07-17; view: 321; Нарушение авторских прав; Помощь в написании работы --> СЮДА...



mydocx.ru - 2015-2024 year. (0.013 sec.) Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав - Пожаловаться на публикацию