Главная Случайная страница


Полезное:

Как сделать разговор полезным и приятным Как сделать объемную звезду своими руками Как сделать то, что делать не хочется? Как сделать погремушку Как сделать так чтобы женщины сами знакомились с вами Как сделать идею коммерческой Как сделать хорошую растяжку ног? Как сделать наш разум здоровым? Как сделать, чтобы люди обманывали меньше Вопрос 4. Как сделать так, чтобы вас уважали и ценили? Как сделать лучше себе и другим людям Как сделать свидание интересным?


Категории:

АрхитектураАстрономияБиологияГеографияГеологияИнформатикаИскусствоИсторияКулинарияКультураМаркетингМатематикаМедицинаМенеджментОхрана трудаПравоПроизводствоПсихологияРелигияСоциологияСпортТехникаФизикаФилософияХимияЭкологияЭкономикаЭлектроника






Уводзіны





В.У. Таранеўскі

 

 

Польскамоўныя мемуары Беларусі ХVІІ стагоддзя

 

 

Вучэбны дапаможнік па гісторыі беларускай

літаратуры

 

УДК 882.6я73

ББК 83.3(4Беи)4я73

Т 19

 

 

Аўтар: старшы выкладчык кафедры беларускай літаратуры УА “Віцебскі дзяржаўны універсітэт імя П.М.Машэрава” Таранеўскі В.У.

 

 

Рэцэнзент: дацэнт кафедры беларускай літаратуры УА “ВДУ імя П.М.Машэрава”, кандыдат філалагічных навук

Падстаўленка В.Ф.

 

 

 

Вучэбны дапаможнік прысвечаны польскамоўным мемуарыстам XVII ст., ураджэнцам Беларусі, і іх творам. Вучэбны дапаможнік адрасаваны студэнтам філалагічных спецыяльнасцей універсітэта і прыхільнікам старажытнай літаратуры.

 

УДК 882.6я73

ББК 83.3(4Беи)4я73

©Таранеўскі В.У., 2005

©УА “ВДУ імя П.М.Машэрава”, 2005.

ЗМЕСТ

 

Уводзіны...................................................................................................................4

1. Крылаты гусар і яго “Дыярыуш”......................................................................5

2. “Дыярыуш” Піліпа Казіміра Абуховіча.........................................................10

3. “Запіскі мае і дыярыуш...” Яна Уладзіслава Пачобута-Адляніцкага..........14

4. “Дыярыуш” Яна Антонія Храпавіцкага.........................................................21

5. Літаратура.........................................................................................................27

Уводзіны

 

Вытокі польскамоўных мемуараў, напісаных ураджэнцамі Беларусі, патрэбна шукаць у той палітычнай і ваеннай сітуацыі, якая склалася на пераломе XVI і XVII стагоддзяў. Гэты час для насельніцтва нашага краю быў складаным і трагічным. Усё пачалося 10 снежня 1569 годы з пастановы польскага караля Жыгімонта Аўгуста, у якой, сярод іншага, было сказана: “...просім і напамінаем, каб тыя, хто з’яўляецца грамадзянамі як Кароны, так і Вялікага Княства Літоўскага, сталі адной непадзельнай Рэччу Паспалітай...” (1, 84), а закончылася непрывабнай для Літвы Люблінскай уніяй, якая была зацверджана 11 верасня таго ж года.

Гісторыя і асобы сведчаць, што унія была заключана з крыўдай для ліцьвінаў, бо яна пазбавіла Літву тэрыторый, паслабіла яе скарб, зменшыла лічбу грамадзянаў, што ў сваю чаргу паўплывала на колькасць паспалітага рушэння і ўнутраных ваенных дружынаў, гэта значыць на абаронадзейнасць гаспадарства. Але самае галоўнае – унія балюча ўдарыла па пачуццях Літвы, для якой вобраз Кароны не заўсёды бачыўся сваім.

З часам Літва прымірылася з уніяй, а шляхта, якая хацела браць удзел у публічным жыцці новай дзяржавы, павінна была прыйсці да знаёмства з польскай культурай і найперш з польскай мовай, бо яна была мовай сеймаў. У дыскусіі, якая папярэднічала уніі, гэтае праблема не была пастаўлена, бо яна як быццам і не існавала. Па-польску размаўлялі ўжо паўсюдна, і найперш у колах высокага палітычнага і ваеннага стану, да якога, безумоўна, мы адносім і нашых мемуарыстаў: Самуіла Маскевіча, Піліпа Абуховіча, Яна Пачобута-Адляніцкага, Яна Храпавіцкага.

Былі, несумненна, і іншыя. Толькі спадар Час не захаваў іх дыярыушы і мемуары, згінулі яны ў яго хуткаплыннасці ды зменлівасці, і вокны ў іх свет засталіся зачыненымі...

1. “Крылаты гусар” і яго “Дыярыуш”

“Дыярыуш…” Самуіла Маскевіча – першае нашае зацікаўленне, хаця дыярыушам яго можна назваць ўмоўна, бо толькі запісы за 1594-1604 гг. па-праўдзе маюць дыярыушавую форму. Меў рацыю Б.Хлябоўскі, калі назваў працу С.Маскевіча “мемуарамі літаратурнага кшталту, якія смела можна паставіць у адзін шэраг са знакамітымі гавендамі Я.Х.Пасека, бо спакрыўнёны яны не толькі пісьменніцкім талентам, але і падобнасцю тэмпераментаў, ладам жыцця, з той толькі розніцай, што дзеліць іх паўвеку часу” (16, 296). Падобнае пісаў і А.Брукнер: “Маскевіч, ліцьвін з польскім гумарам, напамінае Пасека…”, а “мемуары Я.Х.Пасека з’яўляюцца першым польскім гістарычным раманам”, які павінен стаяць побач з “Трыма мушкецёрамі” А.Дзюма і героямі Г.Сянкевіча. Што ж абумовіла такія высокія ацэнкі, дадзеныя “Дыярыушу” С.Маскевіча?

С.Маскевіч быў прадстаўніком паланізаванай беларускай шляхты, якая ў XVII ст. ужо стала фундаментальнай часткай у арганізме Рэчы Паспалітай і вяла актыўнае ваенна-палітычнае і творчае жыццё. Самай знакамітай і каларытнай яе фігурай стаў гусар, зідэалізаваны паэтамі і мастакамі як увасабленне ваеннай славы народа, прыклад мужнасці і патрыятызму. С.Маскевіч, па сцвярджэннях яго сучаснікаў, быў адным з самых вядомых у тагачасным гусарскім коле, даслужыўся да звання палкоўніка, а па заканчэнні службы, прыкладна ў 1625 г., заняўся ўвекавечаннем свайго жыцця на паперы. Яго “Дыярыуш” (1594 – 1621) – гэта дыярыуш жаўнера, які, кажучы словамі А.Сайкоўскага, “працелепаўся на кані па аграмадных прасторах Еўропы ад Дуная да Фінскага заліва, ад Рыгі на Волгу і Дон” (14, 73). Гналі яго на Усход і на Захад жаданне прыгодаў, рабаўніцтва і экзотыка. І тысячы шляхецкіх дзецюкоў, падобных да Маскевіча, здабывалі на тым велізарным палігоне мілітарную навуку. Знайшліся сярод іх і тэарэтыкі, і барды, якія ў рэляцыях, паэмах і мемуарах у пажары саміх падзей або праз некалькі дзесяткаў год пасля іх расказалі пра нечуваную кар’еру Самазванца, пра поспехі польскіх жаўнераў і драматычныя прыгоды палонных на неабдымных прасторах Поўначы і Сібіры, пра захоп пад кіраўніцтвам С.Жулкеўскага Крамля і трагедыйны эпілог таго захопу. Такім чынам, гістарычныя падзеі сталі здатным матэрыялам для мемуаратворчасці, для роздуму над сэнсам палітычных, ваенных, рэгіянальных спраў і ўвогуле для асэнсавання перажытага.

“Sam sobie gędę, sam wesoł będę” (“Сам сабе спяваю, сам вясёлы буду”), - такую цытату, даслоўны выраз з Любчанскага парэміялагічнага зборніка С.Рысінскага змясціў С.Маскевіч на першай старонцы сваёй працы ў якасці эпіграфа. Але ўжо радком ніжэй сам сабе і запярэчыў: “Коmy co się nie zlubi w moim opowiadaniu, niechaj mnie nie wini” (“Каму што не спадабаецца ў маім апавяданні, няхай мяне не вінаваць”). Як бачым, меўся на ўвазе канкрэтны адрасат, спадзяванне на будучага чытача, што пацвярджае і працяг тэксту “Дыярыуша” з яго амаль ідэальнай асобай аўтара-героя, хоць такім, вядома, у жыцці сам С.Маскевіч не быў, але яго ўспаміны напісаны сапраўды быццам не рукою жаўнера, а спрактыкаванага агіёграфа ці паэта-панегірыста.

“Дыярыуш” С.Маскевіча пачынаецца 1594 годам, з часу паўстання С.Налівайкі, удзелу ў падзеях якога мемурыст не мог прымаць, будучы падлеткам. Мяркуем, што ўспаміны аб паўстанні – гэта пераказ слоў старэйшага брата мемуарыста Івана, які быў на полі бітвы пад Лубнам, дзе Налівайка дашчэнту быў разбіты, палонены і адпраўлены да караля. Маскевічаўскае “я” не праглядваецца да 1600 г., да пачатку паходаў войскаў Рэчы Паспалітай у Ліфляндыю. Удзельнікам гэтай выправы С.Маскевіч ужо быў – пры літоўскім падканцлеры С.Войне, пра што сам жа ўдакладніў: на “пары коней”, а не на адным, ці не дай Божа, увогуле без каня. Такім чынам, ужо з першых старонак “Дыярыуша” заўважаецца жаданне С.Маскевіча паўстаць перад нашчадкамі не худародным гусарскім звадыядышам без месца ў рэестры, а чалавекам годным вышэйшых шляхецкіх рангаў, дасканалым у паводзінах і маралі, прычым, як на полі бітвы, так і ў цывільным жыцці. Ліфлянцкая вайна не знайшла ў свядомасці мемуарыста аб’ёмнага баталістычнага адлюстравання. Гэта найхутчэй тлумачыцца тым, што малады ваёўнік быў тады пачаткоўцам у мілітарных справах, жаўнерам неспрактыкаваным і пераважна толькі сведкам таго, што дзеялася. Памяць мінулага бракла ад таго, што не самога мемуарыста было тое мінулае, што дарэчы абумовіла і бегласць падачы рэтраспектыўнага матэрыялу ў форме пагадавых запісаў, якія пакуль што ніяк не выяўлялі асобу аўтара-героя, а тым болей апавядальніка. С.Маскевіча, як і іншых мемуарыстаў, нельга ніякім чынам атаясамліваць з прафесіянальнымі пісьменнікамі і патрабаваць ад яго нейкага архілітаратурнага шэдэўра, тым больш што час на паняцце літаратурнасці тады яшчэ не наступіў. Паэтыка мемуарнага жанру ў другой палове XVI - XVII стст. Ішла пераважна ад летапіснай традыцыі, ад дамовых запісных кніжак тыпу “silva rerum” (лес рэчаў – лац.) і ад таленту самога “homo scriptor” – (чалавека пяра – лац.).

С.Маскевіч прэзентаваў нам у “дыярыушы” свет першых двух дзесяцігоддзяў XVII веку у трох вымярэннях: час (гістарычны, лінейны, а не міфалагічны), абставіны/падзеі і асобы і зноў жа ў гістарычнай перспектыве. Усё гэта ён аб’яднаў сваёй ментальнасцю, сваім аб’ектыўна-суб’ектыўным “я” і выразіў у слове, спакойным і мудрым, эмацыянальна-экспрэсіўным і нават гумарыстычным залежнасці ад факта або падзеі, якія станавіліся ў цэнтры ўвагі мемуарыста. Вызначальнымі, на якіх грунтуецца асноўны тэкст “Дыярыуша”, сталі падзеі Смутнага часу ў Масковіі, Дзімітрыяды – іх ключавыя моманты: бітва пад Клушынам, захоп Масквы з мэтай узвядзення на царскі трон польскага каралевіча Уладзіслава IV, аблога і абарона Крамля. “Галоўным акцёрам” той ваеннай кампаніі А.Сайкоўскі назваў гетмана С.Жулкеўскага, ён жа, на наш погляд, стаў і яе галоўным інфарматарам у сваім выключным па літаратурных традыцыях і манументальнасці “Progrese i początku woјny moskiewskiej” (21). С.Маскевіч у гэтым сэнсе сціплейшы, ён не асэнсоўваў, як С.Жулкеўскі, увесь кантэкст вайны, які быў спаланаваны і вядомы толькі вышэйшым ваенаначальнікам. У С.Маскевіча свая канцэпцыя ваенных кампаній 1609 – 1613 гг. Яна – не статычная, бо падае дынаміку падзей і перыпетыі жыцця жаўнера ва ўсіх яго праявах – ад прычасця капеланаў перад бітвай і да, можна так сказаць, усеагульнага п’янства ў тагачасным польска-літоўскім войску. Пра п’янства неаднаразова пісалі і пазнейшыя за С.Маскевіча мемуарысты (Я.У.Пачобут-Адляніцкі і Я.Х.Пасек). П’яныя звадкі адбываліся паўсюль і на павятовых сейміках і трыбуналах, у час таварыскіх застолляў. Сам жа С.Маскевіч з непрыхаванымі выдумкай і гумарам, па-народнаму дасціпна расказаў пра адну з гісторыяў пана Войцеха Бжэзіцкага, страшэннага гулякі і п’яніцы, які дапіўся да чорцікаў. С.Маскевіч, аднак, пра свае ўласныя адносіны да “малвазіі” нічога не гаворыць, як, нарэшце, і да Бога. Дзесяткі мемуарыстаў з XVII ст. у сваіх працах вельмі часта, вохкаючы і енчачы, звярталіся да Ўсявышняга – Маскевіч жа не надакучаў Богу малітвамі і просьбамі, хоць западозрыць яго ў атэізме нельга. Вядома, Маскевічаў час быў часам панавання касцёла і ні адна больш-менш значная падзея ў жыцці чалавека і дзяржавы не абыходзілася без уздзеяння касцёла. С.Маскевіч не заканчваў духоўных навучальных установаў, ды і жыццё рана кінула яго ў школу мілітарную, жорсткую і небяспечную, і, здавалася б, ужо павінен быў бы сябраваць з малітваю – для сярэдневечнага чалавека пасрэдніцай між Богам і Зямлёй, таемнай і сакральнай. Аднак жа, відаць, С.Маскевіч болей спадзяваўся на свой мушкет, на жаўнерскі спрыт і ўдачу, а не на Бога і малітву. Бо ўвогуле, як гэта відаць з “мемуараў”, па натуры С.Маскевіч быў рабаўніком, валюнтарыстам, такім самым тыпам кандацьера, якім заўсёды быў акружаны. (такім жа на паўстагоддзе пазней стане і яго сын Багуслаў).

“Вайна жывіць жаўнера”, - такім правілам кіраваўся С.Маскевіч і тысячы яму падобных, якія на пачатку XVII ст. накіраваліся на ўсход, прымалі ўдзел у няўдалай аблозе Смаленска (1608 – 1609), бітве каля Клушына (1610), аблозе і абароне Крамля (1611), як і ў дзесятках іншых, больш-менш значных падзеях амаль пятнаццацігадовай авантуры Рэчы Паспалітай на маскоўскіх землях. Агрэсія закончылася ў 1618 годзе ў Дэуліне, дзе вялікія паслы ад абедзвюх дзяржаваў “прыгаварылі між вялікага гасудара нашага вялікімі расійскімі дзяржавамі і між вялікімі дзяржавамі – Каронаю Польскаю і Вялікім княствам Літоўскім перамір’е на 14 гадоў і на шэсць месяцаў”.

Усё пачалося 26 мая 1606 года. Менавіта гэтую дату меў на ўвазе А.Брукнер, калі пісаў, што “польская мемуарыстыка нарадзілася ў гэты дзень і год”. Скажаце, не ўсе з тых, хто ў складзе каронных войскаў перайшоў граніцу рускіх земляў, стаў пазней гісторыкам, летапісцам ці мемуарыстам. С.Маскевіч – стаў, даў прыклад “Дыярыуша”, які пераўзыходзіць усе іншыя панарамнасцю ў разгортванні падзей, у якіх, у мінулым, непасрэдна удзельнічаў сам, іх каларытнасцю, выяваю як уласнай асобы, так і героя-апавядальніка. Толькі Я.У.Пачобут-Адляніцкі можа пасупернічаць з С.Маскевічам, хоць яго “Запіскі…” больш прыватныя, статычныя. Трафарэтнасць Я.У.Пачобута, як нам здаецца, вынікае з нізкага ўзроўню адукаванасці, што ўсведамляючы, мемуарыст пісаў: “У год 1655… мала што пабыўшы ў школах, і мала што вучыўшыся, а адслужыўшы хлапечыя гады, у год 1658, месяца жніўня 3-га дня, выправілі мяне іх міласці паны старэйшыя браты, параіўшыся з дабрадзейкай маткай нашай, на ваенную службу ў паспалітае рушэнне…” (8, 118). Але ў Пачобута ёсць і свае плюсы ў параўнанні са спадчынай Маскевіча, хаця бы тыя, што С.Маскевіч паўстае са старонак свайго “Дыярыуша” толькі ў гусарскай форме, у той час як Я.У.Пачобут – постаць дуальная: у “ваеннай” частцы “Запісак…” ён, адпаведна, вайсковец, жаўнер, забіяка, у “мірнай” – клапатлівы муж, ласкавы бацька, добры сусед і кампаньён. С.Маскевіч сваё прыватнае жыццё па-сутнасці схаваў ад чужога вока, у прыватнасці з юнацкіх гадоў зафіксаваў адзін толькі факт амурных паходжанняў з князёўнай Вішнявецкай (у 1605 годзе, у Брагіне). “Тут мне так было хораша, што хіба толькі ў раі будзе лепей”, – прызнаўся С.Маскевіч пазней і больш пра сувязі з жанчынамі, пра жонку і дамашніх нідзе не абмовіўся і словам. Не засяроджваючы ўвагі на доме, стаў аднак сімвалічнаю фігураю служылага шляхціца, гусара Рэчы Паспалітай пачатку XVII ст.

Асабліва рэдкі і каштоўны С.Маскевіч у апісанні маскоўскага свету. Яго карціны ў “Дыярыушы” – манументальныя і аб’ёмныя. Зразумела, што запатрабаваныя намі пэўныя эпізоды, асобы і каментарыі не змогуць адлюстраваць іх цэласнасці. Патрэбна стаць Маскевічам, каб паўторна перадаць іх мазаіку, злучыць у адно ўсе дэталі, фрагменты, тое, што бачыцца важным, і тое, што, на першы погляд, можа здацца нявартым увагі. Маскевіч рэканструяваў Маскву і яе жыццё з натуры, такімі, якімі іх бачыў. Ён не займаўся выбарам фактаў, а ўзнаўляў на паперы тое, што ў яго свядомасці і памяці адбілася найвыразней. Як талент Рэмбрандта без ніякіх скажэнняў адбіўся ў венецыянскім люстэрку, так у Маскевіча даў знаць аб сабе маскоўскі дух.

“Людзі больш падобныя да свайго часу, чым на бацькоў”, - сцвярджае арабскі афарызм. Яго поўнасцю можна дастасаваць да С.Маскевіча і яго таварышаў па службе. Не духоўныя школы, а пляцы бітваў сталі месцам, дзе фармаваліся іх характары, іх філасофія і мараль. Тут яны пазналі самую непатрэбную навуку – навуку забіваць. І ці не шукаў на зыходзе дзён С.Маскевіч апраўдання за сваё не надта вялебнае жыццё і за ўчынкі людзей, якія многа разоў даводзілі Рэч Паспалітую да няшчасцяў, асабліва ў 1620 г., калі каронныя войскі пад камандаваннем спрактыкаваных ваеначальнікаў С.Жулкеўскага, Карэцкага і Канецпольскага былі нагалаву разбітыя туркамі. Як грамадзянін Рэчы Паспалітай, як жаўнер і проста чалавек, С.Маскевіч перажываў разам з суайчыннікамі тое нечуванае паражэнне, якое ўзрушыла і напалохала палякаў адначасна, прымусіла іх успомніць ганебную бітву Стэфана Патоцкага, якая адбылася васьмю гадамі раней, і ў якой паляглі дзеці, выведзеныя на вайну са школаў і акадэмій. Трагедыі, якія спасціглі польска-літоўскую дзяржаву ў канцы 20-х гадоў XVII ст., прадвызначылі і стыль апошніх старонак “Дыярыуша” С.Маскевіча. Сам ён не ўдзельнічаў у тых падзеях, спісаў іх з пачутага, таму сітуацыі ў яго могуць быць часткова і скажонымі, недакладнымі. Але прагнасць да апавядання, эмацыянальнасць і вера ў лепшае будучае – яны часава праўдзівыя. Толькі ў 1683 годзе Рэч Паспалітая змагла вярнуць сабе годнасць, страчаную пад Цэцораю, і найвыдатнейшую ролю ў гэтым, як сведчаць сучасныя гісторыкі, адыграў Ян ІІІ Сабескі, “венскі трыумфатар”.

Самуіл Маскевіч у гэты час ужо не жыў. Ёсць некалькі меркаванняў наконт яго смерці, і адно з іх – самае верагоднае. У 1621 – 1623 гг. князь Крыштаф Радзівіл сваімі ўласнымі сіламі вёў вайну са шведамі і меў пэўныя поспехі, якія не ішлі ў параўнанне з поспехамі С.Жулкнеўскага пад Клушынам ці Я.Сабескага пад Венай. С.Маскевіч мог апынуцца ў атрадах Радзівіла, бо ў гэты час меў толькі за сорак гадоў і, магчыма, у адной з сутычак ён склаў галаву, знайшоў сваю смерць, якую шукаў з таго моманту, калі, па яго прызнанні, першы раз агаліў шаблю і забраў у чалавека жыццё. Калі так, то яго “Дыярыуш” застаўся незакончаным па гэтай прычыне. Апошні запіс датуецца ў ім 23 жніўнем 1621 г.: у гэты дзень у “Варшаве адкрыўся вальны сейм”, - аднак аб ім у “Дыярыушы” ні слова. Праўда, ёсць яшчэ паведамленне пра рух турэцкага войска пад камандаваннем султана Сулеймана – “лютага непрыяцеля ўсіх хрысціян” – з Канстанцінопаля ў бок Польшчы. Апошнія словы С.Маскевіча ў “Дыярыушы” гучаць аптымістычна: ён раіць насельнікам Рэчы Паспалітай спадзявацца не толькі на Бога, але і на сябе.

Такім чынам, “Дыярыуш” С.Маскевіча – гэта пэўная інфармацыя, якая мае сваю кампазіцыю, свой пачатак і сваё заканчэнне, але яна не абавязкова ставіла мастацкія мэты. Пазіцыя С.Маскевіча – мемуарыста менавіта гэтакая. Вызначыўшы за мэту раскрыць у часе, прасторы і сацыяльным асяроддзі кругаварот свайго жыцця, палітычнай, ваеннай і ў меншай ступені прыватнай сфераў, Маскевіч пачаў яго вербальнае выражэнне ў скупых дыярыушавых нататках, а закончыў сюжэтнымі навеламі, якія маюць не толькі пазнавальна-інфармацыйную каштоўнасць, але і прыносяць эстэтычнае задавальненне. Гэта адзін з найбольш важных момантаў секулярызацыі мемуарнага жанру як феномену культуральнага і яго крышталізацыі з прымітыўных дыярыушавых формаў у разгорнутае эпічнае апавяданне.

 

Date: 2016-02-19; view: 332; Нарушение авторских прав; Помощь в написании работы --> СЮДА...



mydocx.ru - 2015-2024 year. (0.007 sec.) Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав - Пожаловаться на публикацию