Главная Случайная страница


Полезное:

Как сделать разговор полезным и приятным Как сделать объемную звезду своими руками Как сделать то, что делать не хочется? Как сделать погремушку Как сделать так чтобы женщины сами знакомились с вами Как сделать идею коммерческой Как сделать хорошую растяжку ног? Как сделать наш разум здоровым? Как сделать, чтобы люди обманывали меньше Вопрос 4. Как сделать так, чтобы вас уважали и ценили? Как сделать лучше себе и другим людям Как сделать свидание интересным?


Категории:

АрхитектураАстрономияБиологияГеографияГеологияИнформатикаИскусствоИсторияКулинарияКультураМаркетингМатематикаМедицинаМенеджментОхрана трудаПравоПроизводствоПсихологияРелигияСоциологияСпортТехникаФизикаФилософияХимияЭкологияЭкономикаЭлектроника






Паняцце «культура маўлення». Правільнасць маўлення і нормы





Мова – гэта адбітак жыцця чалавека, асобнага народа, яго грамадскага і культурнага развіцця. З дапамогай мовы чалавецтва пазнае акаляючы свет, захоўвае свае традыцыі, перадае нашчадкам уменні і вопыт. І менавіта па тым, як людзі валодаюць мовай, як адносяцца да яе, можна меркаваць аб іх культурным узроўні, інтэлекце, унутраным свеце. Саламон Рысінскі адзначаў: «На мой погляд, ніякая рыса так не выдзяляе чалавека, як вялікае і цудоўнае ўменне перадаваць звязным маўленнем успрыняцце розумам і рабіць набыткам слухачоў думкі, выражаныя ўзвышанымі словамі, злучанымі заканамерна, гарманічна ўключанымі ў правілы размера. Такі прыём адлюстроўвае прыроджаную ўласцівасць навакольнага свету. Наколькі, такім чынам, горача люблю тых, хто шануе і паважае годнасць гэтага даравання, настолькі, наадварот, тых, хто альбо не разумее, альбо пагарджае такім цудоўным праяўленнем мастацтва, я адхіляю і ўпэўнены, што яны наўрад ці варты называцца людзьмі» [1].

Культура маўлення прадугледжвае ўсебаковае, поўнае веданне рэальнай сістэмы мовы ў яе гістарычным развіцці, валоданне формамі і стылямі сучаснай літаратурнай мовы ў адпаведнасці з мэтамі і задачамі зносін. Сучасны падыход да праблем маўленчай культуры ўлічвае шырокі спектр пытанняў, звязаных з функцыянаваннем і эвалюцыяй беларускай мовы і яе норм у структуры мовы нацыі, узрастаннем сацыяльнай і літаратурна-эстэтычнай ролі мовы ў сённяшнім жыцці народа. Практычныя і тэарэтычныя задачы маўленчай культуры носьбітаў беларускай мовы сталі зараз актуальнымі задачамі развіцця лінгвістычнай навукі.

Тэрмін «культура маўлення» мае два значэнні: 1) сістэма камунікатыўных якасцей маўлення (правільнасць, дакладнасць, лагічнасць, выразнасць, багацце і разнастайнасць, дарэчнасць, чыстата і лаканічнасць); 2) вучэнне пра сістэму камунікатыўных якасцей маўлення [3].

Працэсы перадачы інфармацыі сродкамі мовы носяць назву «камунікацыі». Задача камунікацыі заключаецца ў тым, каб у свядомасці слухача (чытача) узнікла такая ж інфармацыя, якую перадае той, хто гаворыць (піша). Практычна выходзіць так, што паміж інфармацыяй перададзенай (выражанай) і інфармацыяй, якая ўзнікла ў свядомасці слухача ці чытача, усталёўваецца большае ці меншае падабенства. І чым яно большае, тым лепш ажыццяўляюцца камунікатыўныя задачы, тым большыя дасягненні нават пры элементарным камунікатыўным акце: аўтар (адрасант) – тэкст – адрасат. Пры адсутнасці любога з названых кампанентаў элементарнага акта камунікацыі не адбудзецца. У паляпшэнні камунікатыўнай якасці маўлення актыўную ролю выконваюць камунікатыўныя якасці маўлення – правільнасць, дакладнасць, лагічнасць, дарэчнасць, багацце, выразнасць [1].

Правільнасць маўлення прадугледжвае захаванне носьбітамі мовы літаратурнай нормы, што забяспечвае адзінства моўных сродкаў і ўзаемаразуменне паміж тымі, хто вядзе гаворку. Вось чаму адна з асноўных задач навучання ў школе заключаецца ў тым, каб кожны авалодаў літаратурнымі нормамі беларускай мовы, а ў ВНУ ўдасканальваў бы іх. Гэта прадвызначыла правільную яе галоўную камунікатыўную якасць, пры адсутнасці якой, на думку Б.М.Галавіна, «не могуць «спрацаваць» іншыя камунікатыўныя якасці: дакладнасць, лагічнасць, дарэчнасць і г.д.».

Менавіта правільнасць маўлення забяспечвае яго адзінства, «ахоўвае» адназначнасць, агульназразумеласць інфармацыі, якая перадаецца і ўспрымаецца. Вядома, нормы мовы і маўлення мяняюцца ў адпаведнасці з агульнай дынамікай лексіка-фразеалагічнага і сінтаксічнага ўзроўняў мовы, яе граматычнага ладу. Усебаковае сінхронна-нарматыўнае, дынамічнае апісанне мовы само па сабе дае магчымасць убачыць яе блізкае мінулае і магчымае будучае. Правільнасць маўлення, такім чынам, заключаецца ў адпаведнасці яго матэрыяльнай структуры тым законам і правілам, якія дзейнічаюць у мове [6].

Іншымі словамі кажучы, правільнае маўленне – гэта маўленне з захаваннем норм літаратурнай мовы. Моўныя нормы – гэта замацаваныя ў маўленчай практыцы правілы вымаўлення, словаўжывання, пабудовы сказаў і тэкстаў. Яны адлюстроўваюць грамадска-эстэтычныя погляды на слова і ўнутраныя заканамернасці моўнай сістэмы ў яе развіцці.

У сучаснай беларускай літаратурнай мове існуюць арфаэпічныя, акцэнталагічныя, словаўтваральныя, марфалагічныя, лексічныя, фразеалагічныя, сінтаксічныя і стылістычныя нормы. Правільнасць пісьмовага маўлення рэгулююць таксама арфаграфічныя і пунктуацыйныя нормы [3].

Арфаэпічныя нормы патрабуюць ад усіх носьбітаў мовы адзінага вымаўлення гукаў, гуказлучэнняў у словах і спалучэннях слоў. Правільнае літаратурнае вымаўленне – істотная адзнака культуры маўлення і культуры чалавека ўвогуле. Парушэнне арфаэпічных нормаў тлумачыцца ўплывам дыялектных рысаў роднай гаворкі, зблытаннем асаблівасцей беларускага і рускага літаратурнага маўлення і ўплывам арфаграфіі. Арфаэпічныя нормы прадугледжваюць: правільнае вымаўленне галосных, напрыклад: злучнік і часціца [і] пасля слова на галосны вымаўляюцца як [й]; галосны [у] не пад націскам вымаўляецца выразна; галосныя [о], [э], [а] не пад націскам вымаўляюцца як гук [а] і г.д.; правільнае вымаўленне зычных, напрыклад: [р] у беларускай мове толькі цвёрды; гук [дж] – цвёрдая афрыката, адзін непадзельны гук; гук [дз’] мяккая афрыката, адзін непадзельны гук і г.д.; правільнае вымаўленне спалучэнняў зычных, напрыклад: спалучэнні [дч], [тч] вымаўляюцца як падоўжаны гук [чч] і інш.; правільнае вымаўленне асобных граматычных формаў, напрыклад: літаратурнае вымаўленне канчаткаў – ага, –ога, –яга ў родным склоне адзіночнага ліку мужчынскага і ніякага роду прыметнікаў, парадкавых лічэбнікаў, дзеепрыметнікаў адпавядае напісанню; канчаткі – ы, –і ў назоўным склоне адзіночнага ліку мужчынскага роду прыметнікаў, парадкавых лічэбнікаў, займеннікаў і дзеепрыметнікаў вымаўляюцца выразна пад націскам і не пад націскам.

Акцэнталагічныя нормы рэгулююць месца размяшчэння націску ў словах (напрыклад, трэба кварт'ал, нельга кв'артал). Цяжкасці ў засваенні акцэнталагічных нормаў звязаны з тым, што ў беларускай мове націск свабодны, ці разнамесны (св'етлы – святл'ейшы). Побач з літаратурнай нормай сустракаюцца акцэнтныя варыянты, якія існуюць паралельна з нарматыўнымі (над'алей – надал'ей), і тыя, якія выходзяць за рамкі нормы (ж'ыхар – жых'ар), што звязаны з пранікненнем у літаратурную мову дыялектных слоў. Націск маюць толькі паўназначныя словы, непаўназначныя ж у якасці націскнога склада прымыкаюць да папярэдняга слова (энклітыкі) або да наступнага (праклітыкі).

Словаўтваральныя нормы ахоўваюць найбольш трывалыя, традыцыйныя ў беларускай літаратурнай мове словаўтваральныя тыпы – схемы пабудовы слоў пэўнай часціны мовы, якія супадаюць у словаўтваральных адносінах. Напрыклад, пры ўтварэнні аддзеяслоўных назоўнікаў, што абазначаюць асоб па дзеянні, названым утваральным словам з’ўляецца суфікс – льнік (збіраць, збіральнік), таму намінацыі тыпу збірацель, стварацель – адхіленне ад нормы. Словаўтваральныя нормы рэгулююць выбар марфем, іх размяшчэнне і спалучэнне ў складзе новага слова.

Марфалагічныя нормы замацоўваюць правільнае выкарыстанне моўных сродкаў паводле іх прыналежнасці да пэўных зменных часцін мовы. Цяжкасці ў засваенні марфалагічных нормаў звязаны з наяўнасцю ў мове варыянтных формаў, многія з якіх набылі функцыянальную нагрузку, сталі важным стылістычным рэсурсам мовы. Няўстойлівасць марфалагічных нормаў тлумачыцца ўздзеяннем дыялектаў (напрыклад, выкарыстанне парнага ліку: дзве баразне), асаблівасцю мовы-крыніцы, з якой запазычваюцца словы, сітуацыяй двухмоўя. Адхіленні ад нормы назіраюцца практычна сярод усіх зменных часцін мовы. Сярод назоўнікаў – ва ўжыванні слоў з неўласцівымі формамі роду (няправільна: залатая медаль, свойскі гусь), ліку (праменні, карэнні) і інш.; сярод прыметнікаў – ва ўтварэнні ступеняў параўнання (вышэй мяне, старэй мяне) і інш.; сярод дзеясловаў – ва ўжыванні складанай формы прошлага часу (яна была пайшла).

Сінтаксічныя нормы рэгулююць граматычную сувязь слоў у разнастайных прыназоўнікавых і беспрыназоўнікавых канструкцыях, забяспечваюць правільнасць формы кіравання і дапасавання. У сінтаксісе, як і ў марфалогіі, даволі пашырана варыянтнасць спосабаў выражэння (дапускаецца: водзыў на аўтарэферат і водзыў аб аўтарэфераце). Пры выбары формы кіравання трэба звяртаць увагу не толькі на канкрэтны і граматычны змест канструкцыі, але і на семантыку слоў і іх сінтаксічныя патэнцыі. У многіх выпадках форма кіравання залежыць ад індывідуальных асаблівасцей як граматычна галоўнага слова, так і кіруемага кампанента. Напрыклад, існуе выразная розніца паміж формамі звяртаць (накіроўваць) увагу на каго, на што і засяроджваць увагу на кім, на чым. Норма кіравання тут мяняецца ў залежнасці ад лексічнага значэння дзеяслова. Вельмі часта парушаецца кіравальная сувязь у спалучэннях з дзеясловамі жартаваць, смяяцца, здзекавацца, кпіць, дзівіцца, глуміцца (няправільна смяяцца над чалавекам, жартаваць над хлопчыкам). Гэтыя дзеясловы ў беларускай мове кіруюць родным склонам з прыназоўнікам з. Часта дапускаюцца памылкі і пры выбары граматычнай формы дапасавання (пішуць, гавораць: тры вялікіх дуба, два поўных мяшкі). Паводле нормы пры дзейніку большасць (або меншасць, некалькі і інш.) + назоўнік у родным склоне множнага ліку выказнік выкарыстоўваецца пераважна ў форме адзіночнага ліку, калі: назоўнік абазначае неадушаўлёны прадмет (некалькі станкоў стаяла); пры слове большасць ёсць азначэнне (абсалютная большасць прагаласавала); выказнік выражаны дзеясловам (ці дзеепрыметнікам) залежнага стану (большасць кніг прачытана); выказнік папярэднічае дзейніку (прагаласавала большасць дэлегатаў). У іншых выпадках дапускаецца выкарыстанне выказніка ў множным ліку.

Фразеалагічныя нормы рэгулююць традыцыйнае, замацаванае вуснай і пісьмовай практыкай ужыванне фразеалагізмаў з характэрнымі для іх структурна-граматычнымі, семантычнымі і спалучальнымі асаблівасцямі. Часта сустракаюцца выпадкі нічым не апраўданага парушэння формы або семантыкі фразеалагізма. Параўнаем: Выступаў я з высокіх трыбун. Даказваў, прасіў, пераконваў, дык далі па карку: «На лёгкі хлеб захацеў?»; Мармытаў пад носам дзіцячыя песні. У першым сказе выкарыстаны фразеалагізм біць па карку, аднак яго нарматыўнае значэнне ‘набіць, пакараць; вызваліць ад пасады’з кантэксту не выяўляецца. Выраз ужыты няправільна. У другім сказе фразеалагізм выкарыстаны няправільна і недарэчна. Звычайна выслоўе пад носам ужываецца са значэннем ‘вельмі блізка, побач’; у прыведзеным кантэксце яно выяўляе зусім іншую семантыку – ‘ціха, сам сабе, нягучна’, якая характэрна для падобнага структураю фразеалагізма пад нос.

Лексічныя нормы выводзяць за рамкі ўжывання тыя адзінкі, якіх не прымае літаратурнамоўная практыка. У некаторых публікацыях сцвярджаецца, што лексічныя нормы быццам бы рэгулююць выбар слова, дыктуюць носьбітам мовы «свае ўмовы». Але з гэтым пагадзіцца нельга. Пісьменніцкая праца над словам паказвае, што замена аднаго слова другім, пошукі найбольш дакладнага і дарэчнага слова дыктуюцца не характарам нормы, а прынцыпам мэтазгоднасці. Так, у аповесці Я. Коласа «Адшчапенец» у першым варыянце было: Ён не бачыць плесені заскарузлага ў сваёй архаічнасці вясковага жыцця. Рыхтуючы тэкст да перавыдання, пісьменнік замяніў слова архаічнасць больш натуральным – старадаўнасць: яно ў кантэксце твора найбольш стылістычна апраўданае. Між тым слова архаічнасць не супярэчыла прадпісанням тлумачальнага слоўніка. Гэта яшчэ раз пацвярджае, што выбар слова рэгулюецца не нормай, а мэтазгоднасцю. Лексічныя нормы ў шырокім плане – гэта правільнасць выбару слова і дарэчнасць прымянення яго ў агульнавядомым значэнні і ў агульнапрынятых спалучэннях.

Стылістычныя нормы рэгулююць стылістычную арганізацыю маўлення ў плане выбару не толькі пэўных слоў і сінтаксічных канструкцый, але і марфалагічных формаў. Як вядома, кожны стыль мае свае нормы, свае, адметныя ад іншых стыляў, моўныя сродкі. Стылістычна абмежаваныя словы пазначаюцца ў слоўніках спецыяльнымі паметамі. Напрыклад, у «Тлумачальным слоўніку беларускай мовы» паметай разм. (размоўнае) адзначаны шырокі пласт слоў або іх паасобных значэнняў, ужыванне якіх абмежавана гутарковым маўленнем. Гэта словы гарляк, гарлапан, гарладзёр, гарлапаніць, гарласты, гарлаць і інш. Але пры неабходнасці гэтыя і падобныя словы можна выкарыстоўваць у іншых стылях, калі гэта не будзе пярэчыць дарэчнасці як істотнай камунікатыўнай якасці маўлення.

Развіццё літаратурнай нормы – гэта, па сутнасці, станаўленне, развіццё і ўдасканальванне яе нормаў у адпаведнасці з патрэбамі грамадства і ў сувязі з унутранымі заканамернасцямі моўнага развіцця [6].

Пунктуацыйныя нормы рэгулююць пастаноўку знакаў прыпынку ў пісьмовым тэксце ў адпаведнасці з правіламі пунктуацыі, прызначанымі для абслугоўвання патрэб пісьмовых зносін ў грамадстве. Захаванне пунктуацыйных норм садзейнічае разуменню зместу напісанага, павышае культуру пісьмовага маўлення.

Арфаграфічныя нормы рэгулююць выбар аднаго з магчымых варыянтаў напісання формы слова ці яго часткі, які адпавядае прынцыпам беларускай арфаграфіі, а таксама замацаванай у моўнай практыцы грамадства традыцыі.

 

Date: 2015-09-17; view: 961; Нарушение авторских прав; Помощь в написании работы --> СЮДА...



mydocx.ru - 2015-2024 year. (0.006 sec.) Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав - Пожаловаться на публикацию