Главная Случайная страница


Полезное:

Как сделать разговор полезным и приятным Как сделать объемную звезду своими руками Как сделать то, что делать не хочется? Как сделать погремушку Как сделать так чтобы женщины сами знакомились с вами Как сделать идею коммерческой Как сделать хорошую растяжку ног? Как сделать наш разум здоровым? Как сделать, чтобы люди обманывали меньше Вопрос 4. Как сделать так, чтобы вас уважали и ценили? Как сделать лучше себе и другим людям Как сделать свидание интересным?


Категории:

АрхитектураАстрономияБиологияГеографияГеологияИнформатикаИскусствоИсторияКулинарияКультураМаркетингМатематикаМедицинаМенеджментОхрана трудаПравоПроизводствоПсихологияРелигияСоциологияСпортТехникаФизикаФилософияХимияЭкологияЭкономикаЭлектроника






Санька вінаваціць Вераб'ёў





 

Саньку забралі са склепа яшчэ ноччу, кінулі ў машыну і кудысьці павезлі. Куды, ён не ведаў. Думаў, што на расстрэл.

I вось ужо другія суткі Санька сядзіць у цёмным падвале. Ад школьнага склепа ён адрозніваецца толькі тым, што пад самай столлю тут ёсць невялікае акенца. За бруднай шыбай хістаецца ад ветру тоненькая, яшчэ зялёная былінка і раз-пораз праходзяць то ў адзін бок, то ў другі салдацкія боты.

У падвале не так страшна, як у склепе, но так лезуць у галаву чорныя думкі. Тут многа людзей, і гэта супакойвае.

Побач з Санькам сядзіць на цэментаванай падлозе, прыхіліўшыся да цаглянай сцяны, аднарукі дзядзька, зарослы да самых вачэй чорнай шчацінай. Ён звесіў га­лаву на грудзі і, здаецца, спіць. 3 другога боку ляжыць дагары, падклаўшы рукі пад патыліцу, яшчэ зусім малады хлопец. А далей — шапкі, картузы, хусткі, дзіравыя боты, старыя, падвязаныя вяроўкай галёшы і нават лапці. Лапці належаць старому з шырокай, як лапата-хлебніца, барадой. Яна закрывае яму грудзі амаль да пояса. Стары ні на каго не глядзіць. Ён увесь час пазірае на свой дзіравы лапаць і вялізнымі, вузлаватымі пальцамі спрабуе запхнуць у дзірку брудную анучу.

Непадалёку ад яго — дзве дзяўчынкі. Яны прыціснуліся адна да адной і спалохана ўздрыгваюць, як толь­ко што ляпне за дзвярыма. Адна з іх ужо амаль дарос­лая, а другая — зусім горкае дзіця. Тварык дробненькі, абсыпаны вяснушкамі, нібы вераб'інае яечка.

Гэта толькі здаецца, што аднарукі спіць. Калі Сань­ка прымасціўся побач, ён расплюшчыў вочы, пільна глянуў на свайго новага суседа і нібы даўняга знаёмага спытаў:

— А цябе за што?

Спытаў так, быццам Санька і не чалавек, быццам ён не можа нарабіць немцам шкоды. Расказваць не ахвота. Санька толькі ўздыхнуў і адвярнуўся.

— Не хочаш — не гавары, — не пакрыўдзіўся сусед і зноў заплюшчыў вочы.

Паветра ў падвале густое і вільготнае, пахне анучамі, сырой адзежай і потам. Ад усяго гэтага кружыцца галава. Як скрозь сон даносяцца крокі з-за бруднага акенца, бразгае замок на дзвярах, вішчаць, аж мароз ідзе па скуры, іржавыя завесы.

— Кандраценка, выходзь!

3 кутка падняўся дзядзька ў прамасленым, зашмальцаваным летніку і пачаў пераступаць цераз галовы, цераз ногі, цераз клункі. Завішчалі завесы, і дзверы праглынулі няскладную, згорбленую постаць Кандраценкі.

Санька спіць і не спіць. То яму здаецца, што ляжыць ён у Плёсах каля свайго будана, то паўстае перад вачы­ма тоўсты карак фашыста, складзены гармошкам над каўняром.

— Яны знайшлі ў бульбе пісталет, — узнікла ў Санькі здагадка, — і пільнавалі, калі я прыйду...

Аднекуль з-пад столі зноў рыпіць той жа голас:

— Іван Лебяда, выходзь...

На гэты раз падняўся Санькаў аднарукі сусед. Ён не спяшаючыся, па-гаспадарску абцерушыў прыліпшыя да вайсковых пацёртых штаноў саломіны і пайшоў. На парозе павярнуўся і сказаў:

— Бывайце на ўсякі выпадак...

Яму паспеў адказаць толькі шырокабароды дзед:

— Бывай, сынок...

I дзверы праглынулі Лебяду.

Саньку стала страшна. Што ён будзе рабіць, калі паклічуць і яго? Што з ім зробяць? Меншая дзяўчына пачала хліпаць:

— Наташа, мне страшна, — прашаптала яна.

Другі Санькаў сусед, кірпаты хлопец, які да гэтага моўчкі грыз саломіну, з неадабрэннем глянуў на дзяўчат і, звяртаючыся да Санькі, сказаў:

— Абы сырасць разводзіць. Дзеўкі і ёсць дзеўкі. Вочы на мокрым месцы. Мяне не за такое ўзялі і то...

Яны разгаварыліся. Хлопца завуць Міколам. Ён з Чыстых Луж. Затрымалі яго з савецкімі лістоўкамі.

— Пасвіў я ў лесе карову, — шэпча кірпаты, — і вось пайшоў дамоў узяць хлеба, а па дарозе назбіраў лістовак. Іх там цэлымі жмутамі самалёт накідаў.

— А што пішуць?

— Пішуць, што блізка, што пад Курскам сагнулі немцаў у дугу. Ну, ды я ўсяго не памятаю. Словам, з гэтымі лістоўкамі мяне і сцапалі. Партызан, кажуць. А я ім: не, пан, паперу на раскурку ўзяў...

3 гэтым хлопцам спакайней. Ва ўсіх яго словах, рухах, паводзінах ёсць упэўненасць і вера, што ўсё абыдзецца, усё будзе добра.

— Я дык уцяку, — не сумняваецца Мікола. — Дзякуй богу, не першы раз.

— А як? — узняўся на локаць Санька.

— Там будзе відаць...

3 пятага на дзесятае расказаў сваю гісторыю і Сань­ка, як ён украў зброю і сумку, як яго схапілі, як білі і пыталіся — навошта.

— Я сказаў, што вераб'ёў страляць...

Мікола доўга слухаў моўчкі, усё грыз сваю саломіну, а потым заўважыў:

— Ну і дурань ты. Трэба было адразу браць і ў сенцы.

Тут нечакана ўвязаўся ў гаворку дзед. Ён непрыкметна перасеў на месца Лебяды.

— Эге-е, — заківаў дзед барадой, — справа твая, хлопец, неважнецкая. Толькі ты слухай сюды — нікога больш не ўблытвай. Калі ўзяўся вінаваціць вераб'ёў, на тым і стой...

Тут загрымелі цяжкой клямкай дзверы, завішчалі завесы, і на цэментаваную падлогу мяшком зваліўся акрываўлены Лебяда.

— Аляксандр Макавей, выходзь...

Спачатку Санька і не ўцяміў, што гэта маюць на ўвазе яго. Ён нават аглянуўся навокал, хто там яшчэ з такім жа, як у яго, прозвішчам. Але ніхто не варушыўся.

— Макавей!

I Санька пайшоў, пераступіў цераз крывавую лужыну, што расцяклася з-пад аднарукага, і нейкімі чужымі, драўлянымі нагамі стаў падымацца па каменных прыступках.

I вось перад ім сядзіць пажылы, гладка паголены, наадэкалонены афіцэр. Вочы добрыя, спагадлівыя, не такія, як у таго з тоўстым каркам. Ён з ласкавым папрокам ківае галавой, быццам хоча сказаць: хлопец, хло­пец, як мне цябе шкада. Афіцэр хоць і кепска, але га­ворыць па-руску:

— Как тэбя зваць, мальшык?

— Санька.

— Санька іст Александр? Карошы мальшык. У меня свой сін ест дома, такой, какой ты. Зваць Петэр, значыць — Пеця, Пеця.

Паведаміўшы пра свайго сына, немец змоўк, цяжка ўздыхнуў і закурыў цыгарэту. Санька, насупіўшыся, разглядае вышытага на яго мундзіры арла.

«Хітры, — думае ён пра афіцэра. — Кось-кось — і за грыву».

Афіцэр пускае тонкія струменьчыкі дыму і расказвае, як ён вельмі любіць «рускі мальшык», як ёй іх шкадуе. Ім, бедным, вайна перашкодзіла вучыцца, многія з іх сіраты, бо бацькоў сілай пагналі на вайну. Сань­ка — хлопчык разумны, і ён, зразумела, раскажа, хто навучыў яго ўкрасці пісталет і сумку. За гэта яму дадуць многа вельмі смачных цукерак і пакатаюць на машыне.

Саньку прыпамятавалася, як яго везлі сюды пад аўтаматам. Пакаталі ўжо — хопіць з яго, здаволіўся.

Яму падораць самы сапраўдны пісталет, калі ўжо ён гэтага хоча.

— Ты хацел такой пістоль? — спытаў немец і паклаў на стол зброю. — Пістоль будет твой...

Людзі, якія вучаць красці «рускі мальшык» нямецкія сумкі з картамі і пісталеты, — вельмі дрэнныя людзі. Яны самі баяцца гэта рабіць і пасылаюць «бедны мальшык» на смерць. Але Саньку нічога не будзе. Пакараюць толькі таго, хто яго навучыў. Немцам, якія білі яго там, пад вокнамі ў бульбе, таксама здорава пападзе, таму што «некарашо абідзіт бедны мальшык».

— Ты будзеш гаварыт, затшэм брал пістоль?

Санька моўчкі кіўнуў у знак згоды галавой.

— Затшэм?

— Вераб'ёў страляць, — прызнауся Санька.

— А сумку?

— Так. Хацеў у яе што-небудзь класці. Яна прыго­жая.

Не, афіцэр нічым не зможа «памагайт», калі Санька будзе такім неразумным. Яго будуць біць, яго могуць расстраляць. Яны хочуць пакараць толькі тых нядобрых людзей, што вучаць красці. Красці непрыгожа і сорамна.

— Вераб'ёў страляць, - стаіць на сваім Санька.

Моцны ўдар па твары зваліў яго на падлогу. У вачах замітусіліся сінія, ружовыя, жоўтыя агеньчыкі, закружылася столь, лямпа і афіцэр разам са сталом.

— Вераб'ёў? — пытае немец.

— Вераб'ёў, — хныкае Санька.

Яго біў здаравенны салдат, біў цяжкімі валасатымі кулакамі, біў папругай, біў ботамі. Потым, калі страціў прытомнасць, аблілі з вядра вадой. Мокрага, акрываўленага Саньку паднялі пад пахі і зноў пасадзілі на ўслон перад сталом.

Санька баяўся крыві. Ён не мог глядзець, як хлопцы б'юць каменнем жаб, ён уцякаў у белы свет, калі баць­ка рэзаў свінню. А тут чамусьці абыякава зірнуў на свае чырвоныя пальцы і апусціў галаву. Па лбу з галавы пацёк цёплы струменьчык, заліў вочы. Санька працёр іх рукавом і глянуў на афіцэра, як скрозь каляровае шкельца. Афіцэр ружовы, салдат ружовы, лямпа над га­лавой ружовая.

Ён, здаецца, аглух.

У галаве бомкаюць нейкія званы. Быццам дзесьці за сцяной крычыць афіцэр. Што ён крычыць — не чуваць, але і так вядома. Яму хочацца ведаць, навошта ўзяў Санька пісталет.

— Вераб'ёў страляць.

Яго прывалаклі ў падвал ледзь жывога, таксама, як і Лебяду, штурхнулі за дзверы.

— Вераб'ёў страляць,— сказаў Санька шырокабародаму дзеду, які падхапіў яго на рукі, і страціў прытом­насць.

 

 

Date: 2016-05-16; view: 373; Нарушение авторских прав; Помощь в написании работы --> СЮДА...



mydocx.ru - 2015-2024 year. (0.007 sec.) Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав - Пожаловаться на публикацию