Главная Случайная страница


Полезное:

Как сделать разговор полезным и приятным Как сделать объемную звезду своими руками Как сделать то, что делать не хочется? Как сделать погремушку Как сделать так чтобы женщины сами знакомились с вами Как сделать идею коммерческой Как сделать хорошую растяжку ног? Как сделать наш разум здоровым? Как сделать, чтобы люди обманывали меньше Вопрос 4. Как сделать так, чтобы вас уважали и ценили? Как сделать лучше себе и другим людям Как сделать свидание интересным?


Категории:

АрхитектураАстрономияБиологияГеографияГеологияИнформатикаИскусствоИсторияКулинарияКультураМаркетингМатематикаМедицинаМенеджментОхрана трудаПравоПроизводствоПсихологияРелигияСоциологияСпортТехникаФизикаФилософияХимияЭкологияЭкономикаЭлектроника






Мы будзем скусваць быркі





 

Наша хата ходзіць ходырам, тонка звіняць у вокнах шыбы. Па вуліцы бясконца ідуць і ідуць нямецкія вой­скі. Ляскочуць, аж у вушах звініць, танкі, буксуюць у нашым раўчаку тупарылыя машыны, вялізныя з шырачэзнымі, як печ, крупамі біцюгі цягнуць калёсы.

— Ай-я-яй,— дзівіцца мая бабуля.— Як з прорвы. Мяне яна і за парог не пускае, затое сама абышла ўсё сяло. Вярнуўшыся, яна прынесла пад фартухом нямецкую сякеру: з аднаго боку лязо, а з другога абушок з кошкай, каб цвікі з дошак выцягваць. Маці ўбачыла бабульчыну знаходку і рукамі замахала:

— Выкінь, каб яе і паху ў хаце не было. Старая, а глуздоў не хапае. Калі знойдуць, ведаеш, што будзе?

Бабуля не пакрыўдзілася.

— Трасцу яны знойдуць!

I панесла сякеру ў сенцы.

А мне ў хаце не сядзіцца, выбег на вуліцу паглядзець, што робіцца на белым свеце.

Немцы размясціліся па дварах, з коньмі, з машынамі, з кухнямі. Загагаталі гусі, закудахталі куры, а ў Салодкай Пёклы, што жыве ад нас праз два двары, заверашчала свіння.

— Ой, што ж гэта робіцца, людзі добрыя! — загаласіла Пекла.

Каля нямецкага начальніка круціцца цывільны перакладчык, спалохана заглядае яму ў рот, і вочы ў яго быццам у нашага Жука, калі я ем хлеб, а яму не даю.

— Табе, цётка, маркі дадуць,— абяцае ён Пёкле. Свіння вялікая і дужая. Немцы ўчапіліся ў яе, як кляшчы, хто за вушы, хто за ногі, хто за хвост. А свіння хрукнула, крутанулася — і на вуліцу. Двое кінуліся пераймаць, а трэці бяжыць следам, трымае за хвост. На мурагу ён паслізнуўся, наступіўшы на каровін блін, але хваста не выпусціў, павалокся жыватом па траве. I ўсё ж яны падужалі свінню. Наваліліся гуртам, звязалі.

Неўзабаве заглянуў немец і ў нашу хату. Малады, гладкі, у шэрым, ладна падагнаным мундзіры. Бабуля была на агародзе, а маці стаяла ў двары на лаўцы і ўстаўляла замест выбітай шыбы фанерку.

— Матка, яйкі!

— Няма яек! — не вельмі ветліва адказала маці, не пакідаючы ляпаць малатком па цвічку. Тут ён аж збялеў ад злосці, крычыць, кулакамі пагражае. А маці быц­цам і не чуе яго, робіць сваю справу, з лаўкі не злазіць. Я не думаў, што яна такая смелая. Гэта зусім вывела фашыста з раўнавагі. Ён ударыў ботам па лаўцы, і маці паляцела на зямлю. Немец выхапіў з ножнаў цясак і сунуў ёй пад нос.

— Рэж, гад, рэж,— крычыць яна, а сама аж кало­ціцца. Шчокі расчырванеліся, вочы гараць. Я не вытрымаў і з плачам кінуўся да яе. А тут і бабуля падаспела.

— Пан! Паночку! — начала яна прасіць, і ў голасе было столькі лагоднасці, што аж слухаць мутарна.— Дзеткі во, пан. Малыя.— I паказала на нас з Глыжкам.

Ці яго кранула бабульчына лагоднасць, ці падзейнічала наша з Глыжкам прысутнасць, але немец схаваў нож, абышоў распластаную на зямлі маці і шмыгнуў у сенцы. Чуем, лесвіца заскрыпела — палез яйкі шукаць. А потым зазвінела шкло. Там стаяць рамы, якія ўстаўляюцца ў вокны на зіму. Слухае бабуля, што робіцца на гарышчы, і прыгаварвае:

— Бі, бі, каб цябе маланка біла. Шукай, шукай — хваробу ты там знойдзеш пасля мяне.

Фашыст трапіўся настойлівы. Наверсе нічога не знайшоў — палез у хаце на паліцу. Заглянуў у адзін гладыш, у другі, бразнуў іх аб падлогу і пайшоў. Дзверы так і засталіся расчыненыя.

Маці зрабілася дрэнна. Яна лягла ў пасцель. Глыж­ка зашыўся на печ, грызе сухар і спалохана выглядае з-за коміна. А бабуля збірае чарапкі і не супакойваецца.

— Каб ты касцей сваіх не сабраў, сабака шалудзівы. Што немец кідаўся да маці з нажом, што нарабіў нам шкоды — з гэтага я ўжо не дзівіўся. Чаго я ад іх хачу? Немцы! Мяне больш уразіла тое, што бабуля сказала «пан» і нават «паночку». Я чуў, што калісьці і ў нашай ізёсцы быў пан. Я ведаў, што за мяжой іх і зараз як сабак нярэзаных. I ў кніжках пра гэта ёсць, і Антаніна Аляксандраўна ў школе расказвала. А тут на табе — жывы пан!

Мяне разабрала на бабулю злосць, быццам яна ва ўсім гэтым была вінавата.

— Пан! Пан! Распанкалася тут! — накінуўся я на яе.

Бабуля спакойна выпрасталася і, трымаючы ў прыпале чарапкі, са здзіўленнем спытала ў мяне:

— Ты не чамярыцы аб'еўся?

— А ты панкала б паменш,— не сціхаў я. Яна адказала мне ўжо на парозе:

— Дурны ты са сваей маткай разам. Каб разумный былі, не лезлі б дарма на ражон.

I ляпнула дзвярыма.

Але і бабульчынай вытрымкі хапіла ненадоўга. На гэты раз зайшлі ў двор двое. Не сказаўшы ні слова, яны пачалі расчыняць вароты. Пара шырачэзных біцюгоў ледзь праціснулася паміж шуламі, а калёсы зачапіліся за плот. Падгніўшае каля зямлі шула затрашчала і пахілілася.

Немцы не сталі асаджваць коней, каб заехаць у двор па-людску, а пагналі іх наперад. Ад гэтага з трэскам звалілася ўся пераплёціна. Бабуля маўчала. Яна стаяла на ганку і толькі з дакорам ківала галавой: няма ў людзей розуму, свой не ўставіш.

У двары немцам не спадабалася. Відаць, ім тут было цесна. Таму яны развалілі і той плот, які адгароджваў двор ад агарода. Бабуля памкнулася была паказаць, што на агарод ёсць варотцы, але яе адпіхнулі. Потым на градах немцы пачалі забіваць у зямлю калы. I гэта на агурках і памідорах, куды бабуля і курыцы не давала ступіць, куды мяне не падпускала і блізка, каб не пацёр націну! Калі я быў меншы, мяне палохалі русалкай, якая нібыта сядзіць у траве і толькі чакае каго-небудзь з малых, каб заказытаць. А як падрос, мне проста далі зразумець, што будуць бедныя вушы. А тут біцюгі! Ды ў іх капыты, як рэшаты!

Бабуля зноў падбегла да немцаў і запанкала:

— Пан! Паночку! Так не гут...

«Во,— думаю,— па-нямецку бабуля рэжа...»

Яна раіць ім паставіць коней на аўсянішчы. Няхай яго топчуць, шкоды такой не будзе. А «пан» ужо адарваў жардзіну ад паваленага плота, выцягнуў на агарод і прымярае да калоў. Канавязь думае зрабіць. Быццам незнарок, ён павярнуў жардзіну вакол сябе і пляснуў яе канцом бабулі па натыліцы. Старая звалілася ў мяжу, а немец заржаў, як жарабец. Вясёлы, чорт.

У бабулі аж слёзы на вачах выступілі. Яна высмаркалася ў фартух і найшла ў сенцы. Аб чым з нелюдзямі размаўляць?

Гэтыя двое стаяць у нас ужо другі дзень. Нацягалі ў хату саломы, зрабілі з дошак. агародку, каб салома не раскідалася па падлозе, і заслалі ўсё гэта шэрай суконнай коўдрай.

— Гэта яны сабе пасцель такую зрабілі,— растлумачыў я Глыжку, а бабуля са злосцю мяне паправіла:

— Не пасцель, а гайно.

Адзін з фашыстаў такі высокі, што заўсёды б'ецца лбом аб вушак дзвярэй. Ён падоўгу ляжыць у сваім гайне і іграе на губным гармоніку. У маці ад яго музыкі галава расколваецца.

— Скажы ты яму, — просіць яна бабулю кволым голасам, — каб сціх.

Бабуля яму ўжо сто разоў казала: хворая ў хаце, а ён толькі:

— Я-я-я-я!

I зноў рыпае:

—Тылі-тылі, тылі-тылі...

У другога вочы, як у нашай каровы, лупатыя, сумныя, якога колеру — не разбярэш, быццам вадой налітыя. Гэты ўсё ходзіць па дварах ды лазіць па курасаднях. Дзвюх нашых курыц яны ўжо зжэрлі, ды яшчэ бабулю скубці іх прымусілі. Бабуля, вядома, абскубла, хоць увесь час і бурчала:

— Каб вас саміх чэрці абскублі.

А іх біцюгі тым часам трубяць наш авёс на поўны рот, быццам прыйшлі з галоднага краю. Мы яго і абмалаціць нават не паспелі, як бацька загадваў. Паводзяць сябе біцюгі не горш за сваіх гаспадароў: паўснапа ў зу­бы і пачынаюць малоць, нібы дзедава саламарэзка, а паўснапа — пад ногі. На дармаўшчыну яно можна.

3-за гэтага аўса ў мяне з бабуляй непрыемныя размовы.

— Што? Зберагла? — папракаю я яе кожны раз, калі лунаты немец кідае пад ногі біцюгам новы абярэмак.

А яна злуецца:

— Не твайго розуму справа!

Як бы не так. Не майго. Аддала б тады тым чырвонаармейцам, што хацелі купіць для сваіх коней, дык пашкадавала, расплакалася:

— Мне ж, старой бабе, карову пракарміць трэба. Вы ў калгасе накасіце. Тут недалёка.

А цяпер фашысцкія коні трубяць наш авёс за маліну.

Бабуля глядзіць на ўсё гэта і толькі ўздыхае. Яна гаворыць, што калі гэты дудар са сваім лупатым курашчупам хутка ад нас не з'едзе, то мы пойдзем жабраваць. Ды яно ўжо і так хутка будзем скусваць быркі. Авёс коні даядаюць, грады вытанцавалі, як ток, курэй засталося ўсяго тры, двор разбурылі — як бура прайшла.

Пра быркі бабуля заўсёды ўспамінае, калі ў хаце галаднавата. Іх скусваць — усё адно, што пакласці зу­бы на паліцу. Але што гэта за быркі такія, я не ведаю. Мне здаецца, што быркамі бабуля называе біркі, якія прывязваюць у сельмагу да розных тавараў. Мы будзем хадзіць у магазін і скусваць іх. Уяўляю, як гэта зробіць бабуля бяззубым ротам.

 

 

Date: 2016-05-16; view: 433; Нарушение авторских прав; Помощь в написании работы --> СЮДА...



mydocx.ru - 2015-2024 year. (0.006 sec.) Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав - Пожаловаться на публикацию